Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін – кандыдат на прэмію Сахарава?


Навіны з жыцьця беларускіх палітзьняволеных.


18-га студзеня Менскі гарадзкі суд прысудзіў былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова да трох гадоў зьняволеньня за распальваньне рэлігійнай варожасьці.

Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч заўважыў, што судзілі Аляксандра Зьдзьвіжкова ў закрытым паседжаньні, а дзеяньне, якое яму інкрымінуюць, ня мела нэгатыўных наступстваў. Паводле праваабаронцы, у гэтай крымінальнай справы яўны палітычны матыў.

“Можна казаць, што ў нас зьявіўся яшчэ адзін палітзьняволены. Зьдзьвіжкоў цалкам уваходзіць у гэты шэраг. І канешне, Аляксандар Казулін будзе вельмі абураны фактам такога жорсткага асуджэньня журналіста”.

Тым часам працягваецца міжнародная кампанія салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Ігар Рынкевіч паведаміў: паводле ягоных зьвестак дэпутаты Эўрапарлямэнту мяркуюць вылучыць Аляксандра Казуліна на прэмію Андрэя Сахарава ў галіне правоў чалавека.

“На захадзе ёсьць шэраг дэпутатаў, якія лічаць, што Казулін варты таго, каб яго вылучылі на гэтую прэмію. Гэта зараз адзін з накірункаў міжнароднай кампаніі салідарнасьці”.

Тым часам сваякі былога кандыдата на прэзыдэнта рыхтуюцца да кароткатэрміновага зь ім спатканьня ў Віцебскай калёніі. Спатканьне мае адбыцца 25-га студзеня.

“Пераканана: ён ня меў за мэту пазьбегнуць адказнасьці”

Маладафронтавец Артур Фінькевіч вывучыў пратакол свайго працэсу і абскардзіў яго як недакладны. Пра гэта паведаміла адвакат Ганна Бахціна, якая сустрэлася з палітвязьнем ў Магілёўскай турме.

“Недзе ў аўторак-сераду я ўжо пляную падаць асноўную касацыйную скаргу і даказваць, што гэтыя парушэньні, якія на ім лічацца, былі зроблены паводле паважнай прычыны. Я пераканана, што ў яго не было мэты парушаць парадак адбыцьця пакараньня і пазьбегнуць адказнасьці”.

Нагадаю, Артура Фінькевіча, які фактычна адбыў першы тэрмін на “хіміі”, далі яшчэ паўтара году зьняволеньня за парушэньні рэжыму, якія праваабаронцы называюць “нязначнымі”.

На мінулыя выходныя бацькі Зьмітра Дашкевіча сустракаліся з сынам у Шклоўскай калёніі. Вячаслаў Дашкевіч згадвае спатканьне:

“Што там казаць? Здаровы, ні на што не скардзіцца. Кажа, што зь ім усё добра”.

Бацькі прывезьлі болей за 50 кіляграм лістоў і карэспандэнцыі Зьмітра, але пакуль у ніводны ліст не зазірнулі. “Без сына мы глядзець тыя лісты ня маем права. Пачакаем яго”, – кажа бацька палітвязьня. Нагадаю, тэрмін зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча заканчваецца праз два месяцы.

А вось Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік з Ваўкавыску, якога трымалі ў менскай турме паводле абвінавачаньня ў няўплаце падаткаў, ужо выйшаў на волю. Гэта адбылося ўчора, 18-га студзеня. Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што Мікалая Аўтуховіча пакаралі паводле палітычных прычын – за тое, што пратэставаў супроць карупцыі ў раённай ўладзе.

“Нічога новага няма “, – сказалі мне ў сям’і былога дэпутата Андрэя Клімава, які адбывае пакараньне ў Мазырскай калёніі за артыкул у інтэрнэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG