Пасьля акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, калі больш за дзьве тысячы чалавек выйшлі пратэставаць супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу, міліцыянты затрымлівалі актывістаў моладзевых арганізацый, якія нават ня ўдзельнічалі ў дэманстрацыі. Большасьць арыштаваных – студэнты вышэйшых навучальных установаў.
Сярод арыштаваных – старшыня грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, Алесь Таўстыка, прадпрымальнік з Салігорску Ўладзімер Шыла, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, актывісты моладзевага руху Людміла Атакулава, Зьміцер Хведарук, Франак Вячорка, Кася Краснова, Кася Галіцкая, Максім Вінярскі ды іншыя.
Некалькі чалавек трымаюць галадоўку пратэсту супраць судовых прысудаў. Студэнтку Тацяну Цішкевіч, якую зьбілі спэцназаўцы ў часе затрыманьня, учора з тэмпэратурай 39 градусаў адвезла машына "хуткай дапамогі". Пра гэта ўчора паведаміў "Свабодзе" адвакат Аляксандар Галіеў, які наведаў сваіх падабаронных, каб скласьці скаргі. Ён апавёў “Свабодзе”, што ў камэрах цесна, і таму інфэкцыя распаўсюджваецца хуткімі тэмпамі. Але на ўмовы ніхто не скардзіцца.
Актывістаў затрымліваюць штодня ў розных месцах гораду. Іх чакаюць каля пад’ездаў дамоў, хапаюць у судовых калідорах, а потым абвінавачваюць у дробным хуліганстве.
Гаворыць актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка:
“Шмат нашых сяброў і так ужо знаходзяцца ў турме, але працягваецца нейкае паляваньне. Людзей хапаюць нават тады, калі яны прыходзяць на суд, каб выказаць сваю салідарнасьць са сваімі сябрамі. Напэўна, ужо можна казаць, што скончылі перамовы з Эўропай, скончылася гэтая гульня, і ўлада паказвае свой характар, паказвае засьцярогу нам: “Глядзіце, што мы можам”.
Павал Севярынец дадае:
“Тое, што адбываецца цяпер у судах – гэта беззаконьне. І адбываецца гэта ўсё на роўным месцы – не вясна, ня выбары, чакаецца толькі чарговая акцыя прадпрымальнікаў. І перад ёй дзясяткі маладых перш за ўсё людзей садзяць у турму, прычым асабліва не зважаючы на нагоду. Уся гэтая бязглузьдзіца, якая абсалютна відавочная і для судзьдзяў, і для саміх міліцыянтаў, робіцца нормай. Абсалютна ясна – рэжым ідзе да маральнага правалу. Хлусьня робіцца відавочнай усім”.
Арыштаваным сваякі перадалі цёплыя рэчы і туалетныя прыналежнасьці. Супрацоўнікі турмы адмовіліся прыняць ежу і спальнікі. У судах затрыманыя казалі сябрам, што ў камэрах вельмі холадна.
Інтэрнаваньне найбольш актыўных удзельнікаў прадпрымальніцкага руху працягваецца. У рэгіёнах міліцыянты затрымалі некалькі актывістаў. Адных арыштавалі напрыканцы працоўнага дня 18 студзеня, іншых, у тым ліку Анатоля Зьмітровіча са Сьветлагорску, – будуць трымаць за кратамі да суду, які пачнецца 21 студзеня.