Артур Фінькевіч і яго новая адвакатка Ганна Бахціна вывучылі пратакол судовага працэсу, на якім актывісту ў канцы мінулага году далі паўтара года зьняволеньня за парушэньне рэжыму адбыцьця папярэдняга пакараньня. Паводле Ганны Бахцінай, Артур Фінькевіч знайшоў шэраг недакладнасьцяў, якія мае разгледзець суд.
“Ён не пагадзіўся са шмат якімі трактоўкамі ягонай пазыцыі, ягоных аргумэнтаў. І таму мы прынесьлі заўвагі на пратакол, якія сёньня я перадала суду. Далей паводле закону суд цягам 10 дзён мусіць іх разгледзець і прыняць рашэньне пра тое, ці задаволіць іх, ці адмовіць, ці задаволіць часткова”.
Ганна Бахціна сказала, што ўжо на наступным тыдні разьлічвае накіраваць канчатковую скаргу на вынесены Артуру Фінькевічу прысуд. Калі скарга будзе разгледжаная ў Магілёўскім абласным судзе, яна ня ведае. Адвакатка мяркуе, што Артур Фінькевіч наўмысна не парушаў рэжыму адбыцьця “хіміі” і не заслугоўвае другога пакараньня.
Як пачуваецца Артур Фінькевіч, да якога падчас суду выклікалі хуткую дапамогу?
“У новай камэры, куды яго перавялі, пяць чалавек. Усе паляць, толькі ён ня паліць”, — паведаміла Ганна Бахціна. Паводле яе словаў, пасьля прысуду Артур Фінькевіч тройчы зьвяртаўся да турэмных лекараў і прымаў таблеткі ад сэрца.
“А трымаецца ён вельмі мужна. Усім перадаваў прывітаньні, усім сябрам і знаёмым. Ён высокага маральнага духу чалавек”.