Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Фінькевіч сустрэлася з сынам


Маці палітвязьня Артура Фінькевіча мела спатканьне з сынам у Магілёўскім сьледчым ізалятары.


Яна непакоіцца аб стане ягонага здароўя, але перакананая, што ў яе сына хопіць моцы духу, каб вытрымаць турэмнае зьняволеньне.
У параўнаньні з тым, якім ён быў на судзе, ён няблага й выглядае

Марыя Фінькевіч кажа, што Артур цяпер выглядае лепей, чым на судзе.

“У яго цяпер такі нармальны настрой. Ён трымаецца ўпэўнена. Не затузаны. У параўнаньні з тым, якім ён быў на судзе, ён няблага й выглядае. Я да яго схадзіла. А як толькі выйшла ад Артура, да яго пайшла адвакатка”.

Толькі цяпер Марыя Фінькевіч даведалася, што падчас суду мэдыкі “хуткай” зрабілі Артуру не адзін, а два ўколы. Артур казаў маці, што ад іх у яго кружылася галава і вельмі цягнула на сон.

19 сьнежня Кастрычніцкі суд Магілёва пакараў Артура Фінькевіча зьняволеньнем на паўтара году за дробныя парушэньні правілаў унутранага распарадку ў інтэрнаце спэцкамэндатуры. Гэта здарылася незадоўга да сканчэньня тэрміну пакараньня за палітычныя графіці, зробленыя Артурам падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году.

Пасьля суду, які пакараў Артура Фінькевіча абмежаваньнем свабоды, у дэпартамэнце выкананьня пакараньняў доўга вырашалі, у якім горадзе маладафронтаўцу адбываць пакараньне. Гэты час яму прапаноўвалі скарыстаць, каб зьехаць вучыцца або папросту ўцячы з краіны, але ён адмовіўся.

“Ён тады доўга думаў і сказаў: “Я ўсё абдумаў і не хачу быць адзін. Я не хачу быць на такой свабодзе. Я хачу дзейнічаць, хачу займацца сваёй справай”. То бок ён у гэтым бачыць сваё жыцьцё”, – гаворыць Марыя Фінькевіч.
У яго быў стан кшталту каматознага, калі ён слаба арыентаваўся і ў яго ўсё расплывалася перад вачыма


Адвакатка Артура Фінькевіча падала папярэднюю скаргу ў Магілёўскі гарадзкі суд. Сярод іншага яна адзначыла той факт, што яе падабароннаму было кепска яшчэ напярэдадні суду і што ён прасіў прызначыць іншую дату паседжаньня. Два ўколы маглі нэгатыўна паўплываць на псыхіку Артура.

“Ён ня ведае, што за ўколы. Адвакатка расьпісвалася за тыя ўколы. У яго быў стан кшталту каматознага, калі ён слаба арыентаваўся і ў яго ўсё расплывалася перад вачыма. Яму ўвечары давалі валідол. Раніцай таксама валідол і карвалол, а ўжо там у судзе — уколы. Якія ўколы, ён ня ведае”.

Цягам тыдня актывісты з розных незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў і рухаў ладзяць акцыі салідарнасьці з Артурам Фінькевічам. Сябры “Ініцыятывы” сабралі каля паўтары тысячы лістоў падтрымкі з каляднымі і навагоднімі віншаваньнямі Артуру і даслалі іх у сьледчы ізалятар.

Актывісты руху “Джынс за Свабоду” правялі пікет з патрабаваньнем вызваліць Артура Фінькевіча каля будынку Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Сябры “Маладога фронту” стаялі з расьцяжкай і бел-чырвона-белым сьцягам насупраць будынку КДБ у цэнтры сталіцы. На прыпынках і ў падземных пераходах час ад часу зьяўляюцца партрэты Артура Фінькевіча з надпісам: “Свабоду!”

Заўтра, 28 сьнежня, зьбярэцца Камітэт у справе вызваленьня Артура Фінькевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG