Цыганкоў: “Якое ваша стаўленьне да ідэі пабудаваць у Беларусі АЭС? Некалькі гэта дарэчная ідэя зараз – у гэты час і ў гэтым месцы?”
Вайтовіч: “Атамная энэргетыка – гэта адна з такіх галінаў энэргетыкі, якія чалавецтва выкарыстоўвае цяпер і будзе выкарыстоўваць у будучыні. У Францыі, напрыклад, 80 працэнтаў усёй энэргіі выпрацоўваецца на АЭС. Ніякіх здарэньняў не было, ніякай шкоды для здароўя насельніцтва не зафіксавана. Як вы ведаеце, сярэдняя працягласьць жыцьця ў Францыі на 12 гадоў вышэй чым у Беларусі. Няма ніякіх асаблівых падстаў гаварыць пра тое, што АЭС нясе нейкі нэгатыўны ўплыў на здароўе чалавека.
АЭС – гэта высокія тэхналёгіі. Я не хацеў бы, каб Беларусь была нейкім рэзэрватам, дзе не разьвіваюцца высокія тэхналёгіі толькі таму, што калісьці здарылася Чарнобыльская катастрофа. Здарылася таму, што пэрсанал станцыі парушыў усе правілы працы на такім аб’екце”.
Цыганкоў: “А як вы ўспрымаеце аргумэнты тых, хто выступае супраць АЭС? Ці падыходзячы цяпер час для пабудовы станцыі?”
Вайтовіч: “Яны выступаюць больш на эмацыйным узроўні, я думаю. Што тычыцца часу – “сёньня” ці “заўтра” – лічу, што можна ўжо сёньня. Якія патрабаваньні? Каб былі выкананыя ўсе правілы бясьпекі, і каб былі добра зробленыя эканамічныя разьлікі.
У 1998-99, калі я быў прэзыдэнтам Акадэміі Навук, у Акадэміі была створана адмысловая камісія, якая разглядала пытаньне будаўніцтва АЭС. І там ужо было даказана, што Беларусі эканамічна выгадна будаваць АЭС. Але рашэньне было прынята такое: пакуль, з-за стану эканомікі Беларусі, гэтага рабіць ня трэба. Трэба пачакаць прыкладна 7 гадоў. 7 гадоў прайшлі, і вось зноў паўстала гэтае пытаньне.
Вуглевадародныя носьбіты энэргіі даражэюць і будуць даражэць. Так, даражэе і паліва для АЭС. Але асаблівасьць атамнай энэргетыкі ў тым, што паліва ў атамнай энэргетыцы займае нашмат меншую долю ў выдатках, чым паліва ў энэргетыцы газавай альбо нафтавай”.