Уліцёнак: “Хто, акрамя ўладаў, мусіць зьвярнуць увагу на падзеі ў прадпрымальніцкім асяродку?”
Крываль: “Трэба, каб цясьней далучаліся палітычныя сілы. Давайце ўзгадаем хаця б, калі ў апошні раз перакрывалася галоўная магістраль сталіцы? Ужо больш за дзесяць гадоў. Хіба мала пра што тое гаворыць?”
Уліцёнак: “А што вы скажаце пра пэрспэктывы далучэньня да прадпрымальніцкай масы пакупнікоў, тых, хто штодня мае справу з вамі?”
Крываль: “Проста так гэтыя людзі на цэнтральную плошчу сталіцы не паедуць. Аднак калі мы зараз арганізуем у кожным раёне каля мясцовых адміністрацыяў мітынгі й пікеты, на якіх у прадстаўнікоў райвыканкамаў будзем проста запытваць: “Ну, колькі людзей у раёне аказалася бяз працы? Колькі людзей закрылі свой бізнэс? Палепшылася або пагоршылася становішча пакупнікоў? Нічога не зрабілі! То бок, нашыя праблемы вас не цікавяць! Чаму ж вы тады павінны жыць на сплачаныя намі падаткі? Пакідайце ў такім разе свае кабінэты, будзем прапаноўваць тых, каго цікавяць гэтыя праблемы – праблемы ўсіх слаёў насельніцтва, пазбаўленых сацыяльных гарантыяў”.
Уліцёнак: “А што вы скажаце пра такую тэхналёгію: зараз маса пойдзе не бунтаваць, а шукаць нейкія шэрыя схемы, якія даюць магчымасьць ухіліцца ад дубінак і адначасова захаваць справу?”
Крываль: “Даруйце, аднак есьці трэба кожны дзень. Нават калі хтосьці хацеў бы перарэгістравацца, то ўсё роўна два месяцы трэба чакаць і адначасова карміць дзяцей… А колькі працоўных месцаў прапануюць мясцовыя ўлады для тых, хто згубіў працу ад першага студзеня? Што яны рабілі: мо арганізавалі навучаньне-перанавучаньне? Ніхто нават палец аб палец!
Канечне, у такой сытуацыі людзі будуць займацца хто чым – і шэрымі схемамі, і падсобнай гаспадаркай, і іншым…
Аднак, калі так пойдзе разьвівацца сытуацыя ў краіне, дык ня выключана, што як і за Хрушчовым увядуць падаткі на тыя самыя яблыні, пчаліныя сем’і – дзе тут прасьвет? Няма яго…
Да канца мы мусім прайсьці шлях, каб той антынародны ўказ быў адменены”.