Тэмы: Павал Севярынец – аўтар лепшай кнігі 2007 году паводле НН; Ці ўдаўся Валянціне Коўтун раман пра Эўфрасіньню Полацкую? Як партызаны зьнішчалі мірных жыхароў у Дражне – фрагмэнт з новай кнігі Кастуся Цьвіркі.
Кнігай году-2007 паводле экспэртаў тыднёвіка «Наша Ніва» стаў зборнік эсэ Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Ён напісаў іх на Полаччыне, у вёсцы Малое Сітна, куды быў высланы на прымусовыя працы за актыўную палітычную дзейнасьць. Першае эсэ ў кнізе датаванае 16 верасьня 2005 году, апошняе – 1 чэрвеня 2007 году. Паміж гэтымі датамі ў аўтара амаль два гады цяжкае фізычнае працы на лесанарыхтоўках і свабоднае духоўнае жыцьцё – у стасунках з тамтэйшымі людзьмі. З чаго і нараджаліся эсэ, якія штотыдзень друкавала газэта “Наша Ніва”. “Лісты зь лесу” – пятая кніга Паўла Севярынца. У нашай менскай студыі зь ім гутарыць Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Перад Каталіцкімі калядамі газэта “Наша Ніва” правяла традыцыйны рэйтынг кнігаў году. Скажыце, калі ласка, ці чакалі вы, што кніга “Лісты зь лесу” патрапіць у нашаніўскі сьпіс?”
Павал Севярынец: “Спадзяваўся, што кніга будзе заўважаная экспэртамі”.
Аксак: “А як успрынялі той факт, што экспэрты ня толькі заўважылі, але, нягледзячы на той факт, што сьпісе фігуравалі кнігі вельмі і вельмі знаных беларускіх літаратараў, ваша кніга зь вялікім адрывам ад іншых апынулася на першым месцы і была названая кнігай году?”
Севярынец: “Скажу шчыра, я быў прыемна шакаваны. Дзякуй Богу, што Андрэю Дыньку прыйшла такая ідэя, і ён прапанаваў мне пісаць гэтыя лісты, дзякуй Богу, што даў мне магчымасьць пісаць амаль два гады”.
Аксак: “У прадмове да кнігі вы напісалі, што яна ёсьць спробаю знайсьці беларуса ў гушчары ягонай душы. І запрашаеце чытачоў дзеля гэтых пошукаў у дрымотны беларускі лес, які паўстае са старонак вашай кнігі на канкрэтным лапіку краіны з рэальнымі яго насельнікамі на поўначы Полацкага раёну. А самі вы можаце ўжо сказаць, што, прымусова працуючы, прымусова жывучы там, знайшлі беларуса ў той лясной гушчэчы?”
Севярынец: “Пэўна, знайшоў. Магу сказаць, што гэта ня проста лес, гэта Полаччына, дзе адчуваецца тысячагадовая глыбіня беларускай гісторыі з самых пачаткаў, з хрышчэньня, з часоў Усяслава і Эўфрасіньні. Руіны тае Беларусі адгадваюцца і дагэтуль. Сёньняшні беларус там вельмі і вельмі моцна разбураны. Гэта той першапачатковы вобраз, які паўстаў з палачанаў, крывічоў, і цяпер зьнішчаны стагодзьдзямі акупацыі, алькаголем, бязьвер’ем, крыміналам. Гэткага беларуса я пабачыў, але пабачыў і таго беларуса, якога ўсе мы спадзяёмся ўбачыць – веруючага, які любіць сваю краіну”.
Аксак: “Ваша кніга не прадаецца ў кнігарнях, зь яе аўтарам чытачам немагчыма наладзіць сустрэчу, за спробу прэзэнтацыі вас нават зьнявольвалі. А ці дайшла ваша кніга ў тыя мясьціны, дзе яна была напісана, і як успрынялі жыхары вёскі Малое Сітна ўслаўленьне іх радзімы ў вашай кнізе?”
Севярынец: “Кніга дайшла, гэта я ведаю пэўна, я яе туды перадаваў. Там чыталі, і чыталі зь вялізнай цікавасьцю. Многія дзякавалі. Ня думаю, што ўсе героі кнігі будуць дужа задаволеныя, бо задача, якая стаяла пры напісаньні гэтых нарысаў, – пісаць праўду. Але, зрэшты, вельмі шмат станоўчых водгукаў было яшчэ тады, калі эсэ публікаваліся ў газэце “Наша Ніва”.
Аксак: “А бібліятэка, школа ў тых мясьцінах зацікавіліся вашай кнігай?”
Севярынец: “Ці дайшла кніга да бібліятэкі і школы, пакуль што яшчэ ня ведаю. Мы перазвоньваемся даволі рэгулярна з тымі людзьмі, якія там засталіся, – з майстрыцай, з дэпутаткай тамтэйшага сельскага савету. Запытаюся ў іх пра гэта абавязкова”.
Аксак: “Вашы героі – жывыя людзі, якія сталі літаратурнымі пэрсанажамі. Наколькі праўдзіва вы імкнуліся паказаць іх, ці ўсё-ткі вы рабілі літаратурную тыпізацыю характараў?”
Севярынец: “Стараўся пісаць праўдзіва, але ж бачыце, у рамкі аднаго эсэ немагчыма ўціснуць характар, таму ў главах пра канкрэтнага чалавека мне давялося пісаць толькі пра зьнешняе адлюстраваньне, адзін-два кадры рабіць. Таму ў той ступені, у якой даваў магчымасьць жанр эсэ, пісаў праўду”.
Аксак: “Вы назвалі кнігу вашых допісаў зь месца прымусовай працы на поўначы Беларусі “Лісты зь лесу”. У гэтай назьве чытаецца выразная алюзія на “Лісты з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага. Ці ўсьведамляеце вы сябе сёньня аўтарам такой жа ролі і адказнасьці, якую адчуваў кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1863-64 гадоў?”
Севярынец: “Каліноўскі і ягоныя паплечнікі жылі і пісалі ў непараўнальна больш жорсткіх умовах, чым цяпер, таму героі мінулых стагодзьдзяў стаяць вышэй. Але пэўная роля і пэўнае пакліканьне ёсьць – Бог даў нам тут нарадзіцца нездарма”.
Аксак: “А ці адчуваеце вы сябе беларускім літаратарам?”
Севярынец: “Пісьменьнікам сябе адчуваю, нават у большай ступені, чым палітыкам, гэта дакладна магу сказаць. Да літаратуры адчуваю пакліканьне беспасярэдняе”.
Аксак: “І што на пісьмовым стале літаратара Паўла Севярынца сёньня?”
Севярынец: “Раман пра Беларусь. Апроч яго – вэрсія маёй ранейшай кнігі “Нацыянальная ідэя”, якая будзе, пэўна, называцца “Люблю Беларусь”, спадзяюся, яна будзе выдадзеная з фотаздымкамі і ў цьвёрдай вокладцы”.
Аксак: “Жадаем, каб вашы новыя кнігі станавіліся бэстсэлерамі”.
КРЫТЫКА
ІГАР ЗАПРУДЗКІ
РАМАН ПРА ЭЎФРАСІНЬНЮ ПОЛАЦКУЮ
В. Коўтун. Пакліканыя: раман-жыціе. Мастацкая літаратура, 2007
Хэмінгуэй пісаў: “Зь пісьменьнікамі адбываецца рознае. У пэўным узросьце пісьменьнікі-мужчыны ператвараюцца ў бурклівых бабулек. Пісьменьніцы становяцца Жанамі Д’Арк, але не вызначаюцца яе баявым духам. І адны і другія ўяўляюць сябе духоўнымі правадырамі... Ёсьць і такія, хто спрабуе выратаваць душу сваімі пісаньнямі”.
Кожныя 18 гадоў у беларускай жаночай прозе паўстае буйны твор, прысьвечаны Эўфрасіньні Полацкай. Яна – абраная. А пішуць пра яе – пакліканыя. Так і называецца раман-жыціе Валянціны Коўтун, шыкоўна выдадзены сёлета ў “Мастацкай літаратуры”. Мне падабаецца рызыкоўнасьць пісьменьніцы. Яна чарговым разам зьвярнулася да няновай тэмы. Згадаю аповесьць Вольгі Іпатавай “Прадыслава” (1971) і раман Таісы Бондар “Спакуса” (1989). Тры аўтаркі-равесьніцы ў розны час бяруцца паказаць слаўную постаць нашага Сярэднявечча. У чым сакрэт? Коўтун прызнаецца: “Распачаць стварэньне рамана-жыція падзьвігла мяне праца ў Міжнародным жаночым фондзе сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Аднак узяцца за пісьменьніцкае пяро насьмелілася я толькі пасьля неардынарнай падзеі – начнога аб’яўленьня мне самой Эўфрасіньні”. Ня стаўлю пад сумнеў такое тлумачэньне. Але ў літаратуры ёсьць і магутныя аб’ектыўныя фактары.
Ці не заканамернасьць, што з зайздроснай цыклічнасьцю пісьменьніцы адчуваюць патрэбу асэнсаваньня зробленага асьветніцай, зноў і зноў падкрэсьліваюць яе значэньне для нацыянальнай культуры. Пры гэтым кожны раз ёсьць зьмена эстэтычных ракурсаў. Але чэрпаць зьвесткі можна толькі з адной крыніцы – невялікага “Жыція Эўфрасіньні Полацкай”. У такой сытуацыі цяжка пазьбегчы схематызму і наўпроставага дыдактызму.
Напісаная з маладым імпэтам аповесьць “Прадыслава” Вольгі Іпатавай сталася знакавай для пачатку 70-х. Гэта быў ўдалы “замах” на караткевічаўскую манаполію ў гістарычнай прозе. І сёньня аповесьць не ўспрымаецца як твор дэвальваваны. З раманам Таісы Бондар “Спакуса”, на мой погляд, сытуацыя іншая. Вяласюжэтны 400-старонкавы раман (такія сёньня называюць паралельнымі) прысьвечаны ня толькі полацкай асьветніцы, але і розным праявам жыцьця 70–80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Калі верыць аўтарцы, “савецкіх беларусаў” можна было падзяліць на тры катэгорыі: палкіх маралізатараў, прыстасаванцаў і іх падманутых ахвяраў. Бондар нядрэнна ведала інтрыгі ў творчым бамондзе. Але менш утульна адчувала сябе ў рэаліях ХІІ стагодзьдзя. Героі па-клясыцысцку падзеленыя на станоўчых і адмоўных, што разам з дыдактыкай апусьціла мастацкі ўзровень рамана.
Істотна, што Валянціна Коўтун, як тагачасная супрацоўніца выдавецтва, відаць, мела дачыненьне да выхаду “Спакусы”. І яе “Пакліканыя” – як творчая спрэчка з папярэдніцай.
Кажуць, што жаночы гістарычны раман абавязкова намалюе эпізоды з бульбай у дакалюмбаўскі пэрыяд... Аднак ня нон-дакумэнталізм у ім асноўнае, а абавязковая драматызацыя каханьня і імкненьне стварыць сваю ўнікальную мову. У ім галоўную ролю іграюць эмансыпаваныя жанчыны. Але, мабыць, рэдка ў экспэрымэнтальнага гістарычнага жаночага рамана можа быць шматлікі чытач.
Быў час, калі пісьменьнікі імкнуліся да прастаты. Потым простае абвясьцілі прымітыўным. У 90-я празаікі дружна ўзяліся пісаць складана, цьмяна, містычна і з намерам адлюстроўваць сюррэалістычнае ў натуралістычных карцінах. Той час вызначыўся і нейкай эпідэміяй хрысьціянскага нэафіцтва. Тысячы несьвядомых атэістаў пабеглі ў царкву. У дадатак нечакана адкрылася малавядомая раней міталёгія. Усё гэта паўплывала на зьмест твораў і іх форму. Вось тая плазма, зь якой нарадзіўся раман “Пакліканыя”. Аўтарка адлюстравала ўласнае бачаньне ХІІ стагодзьдзя і пастаралася адмовіцца ад традыцый “старамоднай” прозы.
На старонках “Пакліканых” у галоўнай гераіні многа паклоньнікаў, заступнікаў, апекуноў. Яны штораз выратоўваюць яе ад бедаў і няшчасьцяў. Але, жывучы сярод літаратурных пэрсанажаў, асьветніца пазбаўлена ўласнага асяродзьдзя. У яе шмат крэўных і сяброў, але яна самотная. У рамане дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы. Але не яны робяць белетрыстычнае надвор’е, а героі выдуманыя. Аўтарка прапануе сынтэз кананічнага жыція з прыгодніцкай прозай, замешанай на элемэнтах дэтэктыву. Яна спрабуе вывесьці чытача з абыякавага стану. Для гэтага выкарыстоўвае і розныя кампазыцыйныя штучкі, напрыклад, “пульсар устаўкі”.
Эўфрасіньня – амаль ідэальная асоба. Праўда, пісьменьніца прымушае гераіню зьведаць каханне, і плоцевае ў тым ліку, зь юнаком ніжэйшага сацыяльнага паходжаньня. Іх пачуцьцё намалявана шчырым і ўзаемным. Але яго фізыялягічная “рэалізацыя” хутчэй сьведчыць не пра праўду жыцьця, а пра погляды аўтаркі. Яна імкнецца да жарсьцевай драматызацыі падзей. У творы шмат унутраных маналёгаў гераіні як сродкаў псыхалягічнага раскрыцьця. Але спэцыфіка аповеду надзелена ня столькі рысамі раманнасьці, колькі навэлістычнасьці: ёсьць ланцуг больш-менш кароткіх сцэнаў і эпізодаў, якія маюць свае кульмінацыі. Але ў сукупнасьці застаецца ўражаньне статычнасьці.
Раман пісаўся на працягу амаль дзесяці гадоў. На мой погляд, заключныя часткі можна прызнаць больш удалымі. І прычына ня толькі ва ўсходняй экзотыцы, ясравых апісаньнях паломніцтва, але і ў большай дынаміцы. Няма патрэбы пераказваць зьмест, нават пералічваць аўтарскія вобразныя, кампазыцыйныя і стылёвыя занаходкі. У тым, што іх нямала, можа пераканацца кожны.
Няхай “Пакліканыя” зацікавяць паспалітых чытачоў. Знаёмцеся з партрэтам асьветніцы, народжаным на мяжы тысячагодзьдзяў. Гэта варта зрабіць яшчэ і таму, што, можа, Валянціна Коўтун, калі вярнуцца да Хэмінгуэя, “Пакліканымі” імкнулася выратаваць сваю душу…
АЎТАР І ТВОР
КАСТУСЬ ЦЬВІРКА: “У МІРНАЙ ВЁСЦЫ ПАРТЫЗАНЫ ЎЧЫНІЛІ САПРАЎДНАЕ ПАБОІШЧА”
Кнігу “Будзіла вёску берасьцянка” можна назваць своеасаблівым летапісам вёскі Зялёная Дуброва, што ў Старадароскім раёне. Яе аўтар – нараджэнец тых мясьцінаў, пісьменьнік і выджавец Кастусь Цьвірка. За сваю стагадовую гісторыю вёска перажыла нямала драматычных падзеяў. Прыкладам, за адзін 1937 год загінула й прапала бязь сьледу больш зялёнадуброўцаў, чым за наступныя чатыры гады вайны. З аўтарам кнігі сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадар Кастусь, нават ня кожны беларускі горад мае сваю напісаную гісторыю, а тут цэлы фаліянт на 300 старонак – пра невялікую лясную вёску. Як у вас узьнікла ідэя напісаць кнігу пра сваю Зялёную Дуброву?”
Кастусь Цьвірка: “Па-мойму, ідэя даволі натуральная – распавесьці пра сваё родавае гняздо. У Зялёнай Дуброве я нарадзіўся, тут жылі мае бацькі, дзяды, жывуць блізкія мне людзі. Хацелася расказаць пра тое, што яны перажылі за сваё жыцьцё, што перажыла вёска на сваім вяку. Зялёная Дуброва – адносна маладое паселішча, яно ўзьнікла на самым пачатку ХХ стагодзьдзя на расьцяробах. Людзі расьцерабілі лес, урабілі зямлю, і частку яе купілі мае продкі”.
Скобла: “Практычна пра кожную зялёнадуброўскую сям’ю ў кнізе невялікі сюжэт. Як успрынялі вашы аднавяскоўцы той факт, што яны – героі кнігі?”
Цьвірка: “Успрынялі вельмі прыхільна, пачалі цікавіцца гісторыяй Зялёнай Дубровы. Кожнаму аднавяскоўцу я падараваў кнігу, усе чытаюць, часта мне тэлефануюць, просяць яшчэ асобнік – сваім дзецям, унукам. І мне гэта прыемна”.
Скобла: “За сто гадоў Зялёная Дуброва перажыла безьліч самых розных падзеяў. Дзе вы адшуквалі факты з гісторыі вёскі?”
Цьвірка: “Гэтыя факты я знаходзіў насамперш у расказах людзей. Многае я і сам бачыў. Але, паўтаруся, у аснове кнігі – жывыя гісторыі людзей, іх успаміны.Скажам, пра 1930-я гады, асабліва пра страшны 1937-ы, я напісаў па ўспамінах аднавяскоўцаў. Я ж сябраваў зь дзецьмі “ворагаў народу”. А іх у Зялёнай Дуброве “выявілі” вельмі шмат. І тады загінула людзей, мабыць, больш, чым пазьней за гады Другой усясьветнай вайны. А ладная частка гісторыі Зялёнай Дубровы прайшла ў мяне перад вачыма.Тут я ўжо пакладаўся на ўласную памяць”.
Скобла: “Мяне, як чытача, асабліва ўразілі тыя старонкі вашай кнігі, дзе апісваюцца налёты партызанаў на мірных жыхароў. Чым вы патлумачыце стаўленьне партызанаў да сваіх людзей, як да ворагаў?”
Цьвірка: “На самую Зялёную Дуброву партызанскага налёту не было. Але там у першыя дні вайны партызаны расстралялі чатырох акружэнцаў. Людзі прабіраліся дахаты, на Ўкраіну, а тут наскочылі партызаны: “Ага! Акружэнцы? Дэзерціры?! Да сьценкі!” І пастралялі людзей... А тое пабоішча, якое партызаны ўчынілі ў блізкай да Зялёнай Дубровы Дражне, ніякаму нармальнаму тлумачэньню не паддаецца. Проста азьвярэньне нейкае засьціла людзям вочы.”
Скобла: “Не магу не задаць вам пытаньня адносна дзейнасьці выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, дзе вы – галоўны рэдактар. Падвядзіце вынікі 2007 году, якія кнігі пабачылі сьвет?”
Цьвірка: “У 2007 годзе ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” выйшлі наступныя тамы: “Старажытная беларуская літаратура” (складальнік Іван Саверчанка), дзе паказана беларускае прыгожае пісьменства ад 9 да 17 стагодзьдзя; “Выбраныя творы” Якуба Коласа (складальнік Міхась Тычына), “Выбранае” піянэра славяназнаўства Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага (складальніца Леаніла Малаш). І зусім нядаўна ў “зялёнай сэрыі” пабачыў сьвет том нашага сучасьніка, слыннага навукоўца Адама Мальдзіса”.
КАСТУСЬ ЦЬВІРКА. ПАБОІШЧА Ў ДРАЖНЕ (ФРАГМЭНТ З КНІГІ “БУДЗІЛА ВЁСКУ БЕРАСЬЦЯНКА”)
Здарылася гэта раніцай 14 красавіка 1943 году акурат перад Вялікаднем, у Чысты чацьвер. Людзі толькі прачыналіся, калі кругом усчалася страляніна. Асабліва моцна і часта стралялі ў Засьценку – на адной з дражанскіх вуліцаў. Засьценкаўцы спачатку хаваліся ад куляў у хатах, кладучыся на падлогу. Але тут угледзелі, што пачалі гарэць хаты, хлявы, сьвірны. Таму кінуліся хавацца ў агародах, у ямінах, у разорах. Тых жа, хто не пасьпеў схавацца і мітусіўся ў разгубленасьці і сполаху ў дварах, расстрэльвалі ва ўпор нечаканыя налётнікі, не разьбіраючы, жанчыны гэта, старыя дзяды ці дзеці. Параненых дабівалі прыкладамі вінтовак і аўтаматаў, бязьлітасна даразалі штыкамі і нажамі.
Той, хто гэта чытае, пэўне ж, думае, што я апісваю тут карную апэрацыю эсэсаўцаў, налёт нямецкіх фашыстаў на адну зь беларускіх вёсак, пра што мы нямала наслухаліся, нагледзеліся па тэлевізары і начыталіся ў газэтах і кнігах. Не, гэтае пабоішча мірнага насельніцтва вёскі Дражні майго Старадароскага раёна ўчынілі ня немцы, ня іх прыслужнікі паліцаі, а савецкія партызаны, гэтак званыя «народныя мсьціўцы».
Ня верыце? Тады едзьце ў Дражню, там, у Засьценку, раскажуць вам пра тую партызанскую разьню ва ўсёй «аголенай» праўдзе.
Я сяджу на лавачцы пры плоце з Флёрыкам (па пашпарце – Фёдарам) Матусэвічам, ужо даўно пэнсіянэрам, якому тады было ўсяго сем гадоў. Калі пачалася страляніна, у хаце зь ім былі маці, пяцігадовая сястрычка і бабуля, мацерына маці. Што ж да бацькі, то ён быў на фронце, ваяваў зь нямецка-фашысцкімі захопнікамі – потым на яго прыйшла «пахаронка», дзе гаварылася, што Аляксандар Матусэвіч, абараняючы Радзіму, па-геройску загінуў на Ленінградзкім фронце.
Хавацца ад куляў сям’я франтавіка кінулася ў загадзя выкапаную – на ўсякі выпадак – маленькую зямлянку за хатай. Раптам на двары запахла дымам, палыхнула полымем – гэта загарэліся хлявы і хата.
Убачыўшы людзей з чырвонымі зорачкамі на шапках і зразумеўшы, што гэта свае, партызаны, бабуля выбегла зь зямлянкі, каб выпусьціць з хлява скаціну, ня даць ёй згарэць.
— Сыночкі, я толькі адчыню хлеў!..
«Сыночкі» (іх было на падворку двое ці трое) далі ёй уратаваць ад агню карову і сьвіней, але самую не пашкадавалі: тут жа, не задумваючыся, у нейкім дзікім азьвярэньні паласнулі па бабулі са сваіх «дзесяцізарадак», і яна адразу ж абмякла, павалілася ў дзьвярах хлява, які займаўся агнём.
Партызаны падскочылі да зямлянкі:— Ану, вылазьте, или бросим гранату!
На грозны вокрык Флёрыкава маці, падхапіўшы дачку Зою і прытуліўшы яе адной рукой да грудзей, а другой узяўшы за ручку сына, вывела дзяцей з той зямлянкі-ямы. Ледзьве яны вылезьлі, як партызаны пачалі ва ўпор страляць па мацеры зь дзецьмі. Першыя кулі трапілі ў галоўку пяцігадовай дачкі, яна, заліваючыся крывёю, вывалілася з мацерыных рук. У тую ж хвіліну, прастрэленая кулямі, пахіснулася і ўпала вобзем і матка. Флёрыку ўдалося адскочыць убок і адпаўзьці ў гарод. Усё ж маці, якой навылет прастрэліла рот і павыбівала кулямі зубы, і маленькая Зося засталіся жывыя. Назаўтра іх адвезьлі ў Старыя Дарогі ў больніцу, дзе і адратавалі. На вялікі жаль, сястрычка Зоя праз пяць гадоў, калі ёй не было і дзесяці, памерла ад ранаў. Бабуля ж згарэла тады ў хлеве, пасьля налёту знайшлі толькі яе абгарэлыя костачкі.
Пазьней у дакладных свайму камандаваньню партызанскія камандзіры напісалі, што цалкам разграмілі паліцэйскі гарнізон у Дражні. Насамрэч, дражанскі гарнізон ня быў разгромлены ні «цалкам», ні часткова. Не было зьнішчана ці нават пашкоджана ніводнага доту. З 78 паліцаяў, зь якіх складаўся гарнізон, у тым «баі» быў забіты толькі адзін. Ён, выйшаўшы з доту, глядзеў у бінокль, як партызаны «зачышчаюць» Засьценак. Забіла яго, як мне казалі, зусім выпадковай куляй, пушчанай у мірных засьценкаўцаў.
Я гутарыў з многімі дражанцамі, якім пашанцавала ўратавацца ад таго пабоішча. Звычайна, старыя людзі Засьценку сьвяточнымі днямі выходзяць пасядзець на лавачках каля сваіх хатаў. Да іх я і падсаджваўся. Зь некаторымі сустракаўсяў Менску, дзе яны абжыліся. Іхнія ўспаміны пра тую страшную перадвелікодную раніцу 1943 году немагчыма было слухаць без вялікага душэўнага болю.