Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вуліца Артура Фінькевіча”


Працягваецца кампанія за вызваленьне аднаго зь лідэраў "Маладога фронту". На шэрагу дамоў на вуліцы Ўбарэвіча ў Менску зьявіліся надпісы "вуліца Артура Фінькевіча".


А на шыльдах з нумарамі дамоў і каля іх прымацаваны ўлёткі з прозьвішчам маладафронтаўца. На гэтай вуліцы да зьняволеньня жыў Артур Фінькевіч.

Адзін з маладафронтаўцаў патлумачыў на сайце гэтай незарэгістраванай арганізацыі, што вуліцы і плошчы “павінны быць названыя імёнамі нацыянальных герояў Беларусі, тых, хто пацярпеў, змагаючыся за свабоду і незалежнасьць нашай дзяржавы, такіх, як Артур Фінькевіч”.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” 22 сьнежня пачалі бестэрміновую кампанію за вызваленьне свайго паплечніка Артура Фінькевіча. Магілёўскі суд асудзіў яго да паўтарагадовага зьняволеньня. Актывісты плянуюць працягваць акцыю пратэсту да часу, пакуль Фінькевіча будуць трымаць за кратамі.

Раней на вуліцы, дзе жыў Артур Фінькевіч, зьявіліся графіці “Свабоду Фінькевічу”. Таксама на тым месцы, дзе калісьці Артур Фінькевіч зрабіў графіці “Дастаў!” і “Мы хочам новага!”, моладзевыя актывісты намалявалі яго партрэт і напісалі “Свабоду”.

Моладзевыя актывісты запэўнілі, што кампанія ўключае флэш-мобы, вывешваньне расьцяжак і іншыя акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG