На гэтым тыдні быў вынесены новы прысуд Артуру Фінькевічу. Моладзевага актывіста пакаралі годам і шасьцю месяцамі зьняволеньня. Раней Фінькевіч адбываў два гады “хіміі” за палітычныя графіці, зь якіх яму засталося адбыць ўсяго два тыдні. Цяпер актывіста асудзілі за парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня.
Павал Севярынец, які быў у Магілёве на працэсе, называе вырак суду несправядлівым.
“Гэта спроба перавесьці абсалютна палітычны працэс на крымінальна-бытавыя рэйкі. Чалавек быў адмыслова пастаўлены рэжымам у такія ўмовы, дзе кожная памылка можа каштаваць трох гадоў турмы. 28-га сьнежня адбудзецца аргкамітэт у падтрымку Фінькевіча. Будзем прымаць усе магчымыя крокі, каб вызваліць Артура з турмы”.
Ужо вядома, што абарона Артура Фінькевіча будзе абскарджваць прысуд.
“Нездарма людзі крычалі: “Ганьба!”
Сярод тых, хто ў судзе падтрымліваў Артура Фінькевіча, быў і бацька палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Вось меркаваньне Вячаслава Дашкевіча пра справу Артура:
“Прысуд вельмі жорсткі і несправядлівы. Гэтак думалі ўсе, хто там быў. Нездарма людзі крычалі “Ганьба!”, “Ганьба!”.
Нагадаю, сын Вячаслава Дашкевіча Зьміцер пакараны судом на паўтара года зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Актывіст адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі і мусіць выйсьці на волю ў сярэдзіне сакавіка.
“Там усе вязьні ходзяць як цені”
Андрэя Клімава, якога ўтрымліваюць у Мазырскай калёніі, прызначылі працаваць на ўчастку дрэваапрацоўкі. Спачатку палітвязьня накіравалі на ўчастак апрацоўкі медных дротаў, які лічыцца шкоднай вытворчасьцю. Гэта было двойчы абскарджана, і ў выніку Андрэя Клімава перавялі на дрэваапрацоўку. Добра гэта ці не, жонка палітвязьня Тацяна Клімава ня ведае. Тацяна згадала, як нядаўна наведвала мазырскую калёнію, якая знаходзіцца побач зь вядомым нафтаперапрацоўчым заводам.
“Срэбныя карпусы, вежы. Факелы гараць да нябёсаў. Там усяго паўтара кілямэтра да заводу. Вельмі дрэнная экалягічная абстаноўка. Усе вязьні ходзяць як цені. Затое адміністрацыя калёніі на добрым рахунку. Вось я была ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, дык там партрэт начальніка мазырскай калёніі вісіць сярод лепшых, на дошцы гонару. Ён лічыцца адным зь лепшых у пэнітэнцыярнай сыстэме”.
Нагадаю, Андрэя Клімава пакаралі двума гадамі строгага рэжыму за артыкул у інтэрнэце, у якім паводле суду ён заклікаў скінуць дзейную ўладу. У калёніі ў Андрэя Клімава забралі харчы, якія вярнулі, паводле адміністрацыі, пасьля праверкі празь некалькі дзён.
Да палітвязьня Аляксандра Казуліна ў віцебскую калёнію сёньня выправіўся адвакат Зьміцер Гарачка. “У тым ліку яны абмяркуюць, што трэба далей рабіць дзеля вызваленьня таты”, – сказала Радыё Свабода дачка палітыка Вольга Казуліна. Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін знаходзіцца за кратамі болей за год і 9 месяцаў. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.