Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенская зона – ужо за Ашмянамі


Сёньня амбасада Літвы ў Беларусі правяла прэзэнтацыю свайго консульскага аддзелу з нагоды далучэньня краіны да Шэнгенскай прасторы.


Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас правёў журналістаў тым маршрутам, па якім пройдзе кожны, хто захоча атрымаць Шэнгенскую візу. У новай прыбудове да амбасады — сем вакенцаў, дзе наведнік спачатку атрымае поўную інфармацыю. Затым трэба перайсьці ў наступны пакой, каб запоўніць дакумэнты.

Шэнгенская віза будзе каштаваць грамадзяніну Беларусі — незалежна ад таго, шматразовая яна ці аднаразовая — 60 эўра. Пры гэтым ставіцца адна абавязковая ўмова: атрымаўшы гэтую візу ў літоўскай амбасадзе, першы раз уяжджаць у Шэнгенскую прастору трэба толькі празь Літву.

Зразумела, што пасьля 5 эўра, якія раней плаціліся за аднаразовую літоўскую візу, сума 60 эўра выглядае вялікай. Таму журналісты найперш пыталіся, ці магчыма зрабіць візы для беларусаў таньнейшымі. На гэта амбасадар Багдонас адказвае так:
Кошты могуць быць зьмененыя толькі на падставе дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем.


“Я ўвесь час казаў і сёньня мушу паўтарыць, што кошты могуць быць зьмененыя не праз двухбаковае пагадненьне, а толькі на падставе дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем. То бок, мы ня можам прымаць рашэньне на ўзроўні Літвы і Беларусі”.

Праўда, учора міністэрствы замежных справаў Літвы і Беларусі дамовіліся пра некаторыя льготы для вузкага кола насельніцтва. Аднак камэнтаваць падрабязнасьці гэтай дамовы амбасадар Літвы адмовіўся. У кулюарах прагучала толькі, што быццам уезд у Літву будзе бясплатным для беларускіх дзяцей ва ўзросьце да шасьці гадоў.

Нацыянальныя візы захаваюцца – для выключных выпадкаў

А што рабіць, калі грамадзянін Беларусі ўжо мае літоўскую візу, тэрмін дзеяньня якой скончыцца, прыкладам, у 2008 годзе? На гэтае пытаньне нашага радыё спадар Багдонас даў наступны адказ:

“Тыя грамадзяне Беларусі, якія атрымалі літоўскую візу да 21 сьнежня 2007 году, будуць карыстацца ёй толькі як нацыянальнай візай. І змогуць паводле яе ўяжджаць толькі ў Літву. Яна не спыняе сваю дзейнасьць. І няма патрэбы для паездкі ў Літву атрымліваць яшчэ і Шэнгенскую візу”.

Нацыянальныя літоўскія візы для беларусаў захаваюцца і надалей, — паведаміў амбасадар Багдонас. Але, — падкрэсьліў ён, — выдавацца такія візы будуць толькі ў выключных выпадках. На ягоную думку, такія візы складуць ня больш за 0,5% ад усёй колькасьці.

Дарадца амбасады ў консульскіх пытаньнях Люда Кляймёнава сказала журналістам, што ахвотных наведаць Літву на новых умовах наўрад ці паменее. Да гэтай думкі яе прыводзіць такі факт – амаль усе, хто хацеў атрымаць Шэнгенскую візу праз літоўскую амбасаду, калі ім казалі, што цяпер гэтая паслуга будзе каштаваць 60 эўра, пагаджаліся і запісваліся ў чаргу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG