Цыганкоў: “5 сьнежня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі, якое знаходзіцца ў Кіеве, Ён Боўг парафіравалі праект пагадненьня аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ў Менску. 6 сьнежня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сустрэўся з дэлегацыяй беларускай апазыцыі. Гэта апошнія падзеі ў адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам у гэтым годзе.
Давайце пачнём наш аналіз з таго, што ўзгадаем галоўныя вехі ў дачыненьнях паміж Захадам і Беларусьсю, нагадаем нашым слухачам, што галоўнага адбылося ў іх сёлета? Якія прылівы і адлівы можна было назіраць у гэтых дачыненьнях сёлета?”
“Агульнай замежнай палітыкі Эўразьвязу на сёньня няма”
Фёдараў: “Пачаўся год з таго, што прэзыдэнт ЗША Джордж Буш працягнуў дзейнасьць знакамітага “Акту аб свабодзе ў Беларусі” яшчэ на год. Потым Эўразьвяз працягнуў забарону на ўезд на сваю тэрыторыю беларускім чыноўнікам на чале з першай асобай. Тым ня менш істотнага пагаршэньня адносінаў не адбылося, і намесьнік міністра замежных справаў Валер Варанецкі з’езьдзіў у Брусэль, дзе сустрэўся з Хельгай Шміт, старшынёй аналітычнага камітэту у офісе Хаўера Саляны.
У чэрвені Эўразьвяз увёў эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, адмяніўшы яе ўдзел у генэральнай сыстэме прэфэрэнцыяў у гандлі -- за парушэньне правоў вольных прафсаюзаў. Гэта, аднак, не перашкодзіла Менску зноў паспрабаваць нейкім чынам дамагчыся падтрымкі Эўразьвязу – той самы Варанецкі ў верасьні зьезьдзіў у Брусэль, дзе прыняў удзел у першай канфэрэнцыі па эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва, хаця Беларусь фармальна да яе нават не далучылася.
І нарэшце, у лістападзе ЗША ўвялі санкцыі супраць “Белнафтахіму”, а Эўразьвяз, як вы ўжо ўзгадалі, парафіраваў праект пагадненьня аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ў Менску”.
Цыганкоў: “У папярэднія гады экспэрты часам асуджалі Эўразьвяз, што той ня мае вызначанай стратэгіі ў адносінах да Беларусі. Аднак у лістападзе 2006 году якраз стратэгія Брусэлю на найбліжэйшы час была прэзэнтаваная, і яна стала вядомай як 12 прапановаў Эўразьвязу. Ці можна зараз гаварыць пра тое, што розныя краіны Эўрапейскай супольнасьці сапраўды праводзяць адзіную палітыку ў дачыненьні да Беларусі? Як тут можна ацаніць шэраг ініцыятываў беларускіх суседзяў -- Польшчы, Літвы -- ці адпавядаюць яны агульнай стратэгіі, ці ўсё ж погляд суседзяў усё ж адрозьніваецца?”
Лялькоў: “Калі казаць пра “агульную вонкавую палітыку” Эўразьвязу, то яе, на жаль, на сёньня няма, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі. Яна фармуецца, але казаць, што яна ёсьць – нельга. Калі казаць пра дакумэнт, прадстаўлены ў лістападзе 2006 году і вядомы як “12 прапановаў Эўразьвязу” (гэта заўважце, не “ўмовы”) – то гэта не афіцыйны дакумэнт. Ня трэба забываць пра тое, што гэта ня ёсьць афіцыйнай стратэгіяй Эўразьвязу, гэта так званы “non-paper”, які абазначае нейкую канву адносінаў, але ніяк не абавязвае ані Эўразьвяз цалкам, ані паасобныя краіны да нейкіх пэўных дзеяньняў і да таго, каб кожная краіна прытрымлівалася палажэньняў гэтага дакумэнту.
Менавіта таму і былі такія адрозьненьні ў пазыцыі паасобных краінаў. Вы ўжо ўзгадалі асаблівую пазыцыю Польшчы і Літвы. Таксама можна ўзгадаць галасаваньне па пазбаўленьню Беларусі генэральных прэфэнцыяў, калі Польшча і Чэхія галасавалі супраць.
З майго пункту гледжаньня, галоўны ўплыў на гэта аказваюць інтарэсы бізнэс-колаў тых краінаў, якія дастаткова шчыльна зьвязаныя з Беларусьсю. І менавіта там, дзе ціск гэтых колаў на ўрады мацнейшы, там ёсьць “своеасаблівасьці” палітыкі да Беларусі. А там, дзе гэтых структураў менш, як у Францыі, то Францыя дзейнічае ў рамках гэтага дакумэнту “non-paper”.
Цыганкоў: “Давайце ўдакладнім. Вы лічыце, што асаблівае пазыцыя Польшчы і Літвы – гэта кепска для беларускай пэрспэктывы і будучыні? Па-вашаму, лепш была б агульная пазыцыя усіх краінаў Эўразьвязу без усялякіх адрозьненьняў?”
Лялькоў: “Я лічу, што паляпшаць адносіны трэба, але на падставе крокаў у адказ. Ёсьць нейкія агульныя эўрапейскія нормы, якія тычацца правоў чалавека, свабоды СМІ, прафсаюзаў, дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў. У многіх агульнаэўрапейскіх дакумэнтах зафіксавана, што адносіны Эўразьвязу з іншымі краінамі будуюцца ў залежнасьці ад таго, як тыя ці іншыя краіны гэтыя свабоды рэалізуюць. З іншага боку, ёсьць пазыцыя афіцыйнага Менску, які кажа – “давайце супрацоўнічаць у эканамічнай і энэргетычнай сфэры, а пытаньні правоў чалавека і дэмакратычных свабодай – гэта наша ўнутраная, у іх не мяшайцеся”. Дык вось пазыцыя тых краінаў, якія гатовыя гэтым умовам афіцыйнага Менску падпарадкавацца, мне здаецца даволі хібнай”.
ЗША штурхаюць Беларусь у абдымкі Эўразьвязу?
Цыганкоў: “Дасягненьнем апошніх гадоў было тое, што Эўразьвяз і ЗША сталі праводзіць ўзгодненую палітыку да беларускага рэжыму. Ці захавалася гэтая еднасьць сёлета? З аднаго боку, Эўразьвяз увёў санкцыі за парушэньні правоў прафсаюзаў, ЗША увялі санкцыі супраць Белнафтахіму”. Апошняе рашэньне ЗША -- ці не дазваляе гаварыць, што Вашынгтон усё ж мае намер паводзіць сябе больш жорстка і пасьлядоўна?”
Фёдараў: “У цэлым, на мой погляд, пазыцыя абодвух бакоў узгодненая. Мы ня бачым прынцыповых разыходжаньняў паміж імі. Але ў тактыцы безумоўна, адрозьненьні маюць месца, і вы іх вельмі слушна заўважылі.
Эўразьвяз моцна залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў і транзыту іх праз Беларусь -- ЗША зусім не залежаць ад гэтага
З іншага боку, мы бачым, што санкцыі ўводзяцца ці працягваюцца з абодвух бакоў. І гэта відавочнае сьведчаньне ў прынцыпе аднолькавага стаўленьня да беларускіх праблемаў. Казаў ужо аднойчы, што я не выключае, што паміж ЗША і Эўразьвязам, магчыма, ёсьць пэўная дамоўленасьць. ЗША паводзяць сабе больш жорстка і тым самым падштурхоўваюць беларускае кіраўніцтва да больш цесных адносінаў з Брусэлем, каб той меў больш прасторы для манэўру”.
Каштоўнасьці альбо інтарэсы?
Цыганкоў: “Як мянялася стаўленьне бакоў адзін да аднаго? Афіцыйны Менск ўжо стандартна абвінавачвае менавіта Эўразьвяз у адсутнасьці разуменьня і крокаў насустрач Беларусі, апошні раз гэта зноў зрабіў зноў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію іспанскай газэце. Яму адказаў сярод іншых нямецкі амбасадар Беларусі. Пакуль бакі абвінавачваюць адзін аднаго, ці ёсьць увогуле нейкія падставы для рэальнага паляпшэньня адносінаў? Ці прынцыповыя разыходжаньні ў поглядах на сьвет, на палітычныя сыстэмы настолькі моцныя, што рэальна неяк зблізіцца пакуль немагчыма? ЗША падтрымлівалі і недэмакратычныя рэжымы – Пакістан, Саудаўская Арабія, Егіпет? Як гэтая дылема – каштоўнасьці альбо “рэал палітык” – будзе вырашацца далей?”
Менску прыйдзецца пайсьці на пэўныя саступкі. Цяжка ўявіць, што Эўразьвяз апынецца ў сытуацыі, што яму прыйдзецца саступаць
Лялькоў: “Я пагаджуся з Андрэем і вамі, што ёсьць сур’ёзны глыбокі канфлікт каштоўнасьцяў. Але няма канфлікту інтарэсаў. Беларусь не замінае Эўропе, захоўвае пэўную стабільнасьць, гарантуе транзыт, ахову межаў і гэтак далей.
Эўразьвяз па вялікім рахунку не замінае сёньняшняму кіраўніцтва Беларусі.
Мяркую, што далейшыя стасункі паміж Беларусьсю і Захадам шмат у чым будуць залежыць, на жаль, ад зьнешніх чыньнікаў, а менавіта ад расейска-беларускіх дачыненьняў.
Калі адносіны з Расеяй будуць пагаджацца, калі ня будзе дасягнуты кансэнсус у эканамічных пытаньнях, то Беларусь будзе вымушаная дрэйфаваць у бок Захаду.
Калі адносіны з Расеяй будуць пагаршацца, адносіны з Эўразьвязам і не выключаю, з ЗША, будуць паляпшацца...
Я думаю, яна будзе падыходзіць да гэтых стасункаў не з ідэалягічнага, а з прагматычнага пункту гледжаньня.
Таму калі адносіны з Расеяй будуць пагаршацца, адносіны з Эўразьвязам і не выключаю, з ЗША, будуць паляпшацца.Такі мой прагноз”.