Адмыслоўцы пошукавай сыстэмы “Google” заявілі аб стварэньні сваёй “энцыкляпэдыі інтэрнэту”, дзе можна будзе знайсьці апісаньне ключавых інтэрнэт-тэхналёгіяў, абазначэньне скарачэньняў, пераклад замежных словаў і шмат што іншае. Аўтары перакананыя: энцыкляпэдыя дапаможа карыстальнікам істотна пашырыць свае веды. Плянуецца, што кожнае наведваньне карыстальнікам той ці іншай старонкі будзе фіксавацца спэцыяльным лічыльнікам, што дазволіць вызначыць, якія тэмы карыстаюцца найбольшай папулярнасьцю.
Разам з “Google’ам” у дзясятку найпапулярнейшых сайтаў інтэрнэту ўваходзіць энцыкляпэдыя “Wikipedia”. Існуе й беларуская вэрсія “Вікіпэдыі”, прычым адразу ў двух варыянтах – клясычным правапісам і савецкім.
“Google” і “Wikipedia”: ці чакаць бітвы гігантаў?
Андрэй, адміністратар беларускай вэрсіі “Вікіпэдыі” клясычным правапісам, не прагназуе вялікага процістаяньня паміж “Knol” і “Wikipedia” з-за адной істотнай розьніцы. Калі ў “Вікіпэдыі” стаць аўтарам і цэнзарам артыкулу можа любы карыстальнік, то ў выпадку з ідэяй ад “Google” правіць матэрыял зможа толькі адміністратар сэрвісу і сам аўтар артыкулу:
“У “Google” усё ж будзе энцыкляпэдыя, створаная не карыстальнікамі, а нейкай групаю адмыслоўцаў, запрошанай “Google”. І яны ўжо будуць укладаць грошы менавіта ў тое, каб прафэсіяналы займаліся энцыкляпэдыяй. Ня будзе, як вось цяпер у “Вікіпэдыі”: кожны, хто захацеў, зайшоў і штосьці напісаў. А там ужо будзе ўсё кантралявацца, правярацца. Але казаць, што для простага карыстальніка гэта будзе нейкая альтэрнатыва, тут не выпадае”.
Карэспандэнт: “Але калі гэта будуць рабіць спэцыялісты, магчыма, усё ж справа будзе пастаўленая на больш высокім узроўні?”
“Цяжка сказаць: колькі б ні было тых спэцыялістаў, яны ўсё адно не ахопяць усіх магчымых тэмаў. А ў “Вікіпэдыі” ўсё ж шырэйшая аўдыторыя, шырэйшае кола аўтараў. Фактычна з кожнай краіны ёсьць людзі, якія нешта могуць напісаць, дадаць, скарэктаваць. Проста ў некаторых пытаньнях энцыкляпэдыя “Google” можа быць больш аўтарытэтнай, больш шырокія зьвесткі падаваць. Але ня думаю, што яна можа цалкам замяніць “Вікіпэдыю” ці скласьці такую сур’ёзную канкурэнцыю”.
Карэспандэнт: “Лепш казаць пра тое, што адно проста дапаўняе другое”.
“Так, я гляджу на ўсё гэта менавіта з такога боку”.
Жывая кніга і бяздушнае “жалеза”: у чым будучыня?
Практычна ўсе прыхільнікі інфармацыйных тэхналёгіяў прадказваюць хуткі канец яшчэ нядаўна звыклым носьбітам ведаў, перадусім кнігам. Адзін з аргумэнтаў – катастрафічнае непасьпяваньне друкаванай літаратуры за часам: пакуль яна рыхтуецца да выданьня, жыцьцё адрываецца на недасягальную адлегласьць.
Выдавец мастацкай і даведкавай літаратуры Ўладзімер Адамчык з такой пастаноўкаю пытаньня катэгарычна ня згодны. Ён перакананы, што замяніць жывую кнігу “жалезам” (кампутарам) немагчыма:
“Натуральна, што нічога не адамрэ. Таму што электрычнасьць то ёсьць, то няма, а ў некаторых месцах электрычнасьці няма дагэтуль. Тут нават з чыста практычных меркаваньняў. А гэта проста “пантовыя” заявы, нахабныя. Маладая тэхналёгія, маладое мастацтва заўсёды так сябе паводзіць. Як колісь тэлебачаньне абяцала забіць кіно. Тым больш, што інтэрнэту трэба ня з кніжкамі змагацца, а хутчэй з тэлебачаньнем. Вось там яны канкурэнты. А кніжкі? Кніжкі ж – гэта зусім іншае. Вось якраз перада мной сядзіць жанчына, яна чытае кніжку – падручнік па гісторыі. Абсалютна наглядны прыклад...”
У карпарацыі “Google” адзначаюць, што існуюць мільёны карыстальнікаў, якія валодаюць рознымі ведамі і гатовыя падзяліцца імі праз інтэрнэт. Разам з тым ёсьць мільярды людзей, якія палічаць гэтыя веды карыснымі, не прыкладаючы да гэтага вялікіх намаганьняў.