Як чалавек зь дзяцінства не ўцаркоўлены і не катэхізаваны, гэтае слова я ўпершыню сустрэў на ўроку расейскай літаратуры ў 10-м разьдзеле “Яўгенія Анегіна”, дзе А. С. Пушкін з пэўным жалем разважае пра асаблівасьці расейскай псыхеі:
Авось, о Шиболет народный!
Тебе б я оду посвятил,
Но стихоплет великородный
Меня уже предупредил…
Пазьней, у студэнцкія гады, здаецца, у Лотмана я прачытаў, што гэта, магчыма, – іранічная рэмінісцэнцыя з байранаўскага “Дон Жуана”:
Juan, who did not understand a word of English,
Save their shibboleth ‘god damn!’…
Гадоў сорак таму я ўпершыню прачытаў у Кнізе Судзьдзяў (12: 5-6): “І сабраў Еўтах усіх мужчын гілеадзкіх і біўся з эфраімцамі. І перамаглі гілеадцы эфраімцаў, кажучы са зьдзекам: вы ўцекачы з Эфраіму, а Гілеад сярод Эфраіму і сярод Манасіі. Перахапілі гілеадцы ўсе брады на Ярдане, што вялі ў зямлю эфраімцаў. Калі які ўцякач з Эфраіму казаў “Я хачу перайсьці на той бок”, гілеадцы пыталіся: “Ты эфраімец?”. Калі той казаў “Не”, яны гаварылі яму: ”Ну дык вымаві тады слова шыбалет1” . Калі ён казаў “сібалет”, бо па-іншаму ня мог яго вымавіць, яго хапалі і забівалі каля броду Ярданавага. Тады загінула 42 тысячы эфраімцаў…” (Беларуская вэрсія мая з увагай на эўрапейскую традыцыю. Зрэшты, вагаюся зь перадачай імёнаў: можна было б пісаць зусім па-беларуску – Еўтух, ахрамейцы і г. д.).
Тады мяне захапіў не крымінальна-лінгвістычны сюжэт2 старазапаветнай гісторыі, а ягоны сымбалічны зьмест з маім уласным гермэнэўтычным пашырэньнем: за ваду, хлеб і мову народ мае аднойчы рабіць ахвяры, бо іншага ня дадзена. Маё эмацыйнае адчуваньне падмацавалася знаёмствам з культурна-антрапалягічнай філязофіяй нямецкага літаратара і тэарэтыка відэамастацтва Аляксандра Клюгэ зь ягонай максімай cogito quia natus sum (“я думаю так і не інакш, таму што я нарадзіўся тут”).
Пра гэта я спрабую разважаць у сваіх аўтабіяграфічных успамінах, якія, магчыма, выйдуць з друку ў 2008 годзе. Там я без какецтва і прыдумкі ўзгадваю, як у 1953 годзе пасьля вясковай беларускай школы я ня мог у рускамоўнай Сувораўскай вучэльні зразумець сэнс прыкладу на тэму “Шипящие согласные”: Тёма нарвал щавеля на щи. Я не разумеў слова “щи”, але галоўнае, што мяне бянтэжыла: як гэта можна шчаўе рваць?! Яго ж зьбіраюць, каліва да каліва, толькі дзе-нідзе з травінкай, не псуючы суседнія расьліны і каб потым было лягчэй перабіраць. Мяне дзівіла, што беларускае “дзіўны чалавек” і расейскае “странный человек” абазначае адно і тое ж. Тут жа такія розныя асацыяцыі!
Падобным чынам станоўчая лінгвістычная канатацыя да расейскага “лихой парень” (як і паблажлівыя адносіны да пітушчых) усплыла ў маёй сьвядомасьці, калі я чытаў развагі Лява Сапегі з нагоды выхаду Статуту ВКЛ: Ім (правам – П. С.) пан Бог пажадаў адарыць чалавечую натуру дзеля таго, каб людзі маглі ўнікнуць ліхасьці і трымацца прыстойнага жыцьця…” Герой расійскага сэрыялу, сымпатычны “ліхой парень” Саша Белый, ужо адмыўшы свой першы бандыцкі мільён, балятуецца ў парлямэнт ды спавядаецца на тэлебачаньні: Да, я нарушал закон. Но я держу слово. У меня своя правда. Я построил два храма от фундамента до купола. Падобнае ж гаворыць герой фільму “Брат-2”, які ліха “мочыць у сарціры” амэрыканцаў і рэзюмуе: Перамагае той, за кім праўда! У ліхога хлопца свая праўда без аглядкі на права, пісанае і звычаёвае. Якая розьніца паміж “преступником” і “злачынцам”? Першы пераступае закон, другі чыніць зло. Розны падыход ацэнкі.
Які ён – у падзеях і моўным адлюстраваньні – наш беларускі “шыбалет”, што маніфэстуе нашую самаідэнтычнасьць? На апошнім зьезьдзе БНФ, членам якога я зьяўляюся, мне давялося чуць на адкрыцьці пасяджэньня сьпеў “Магутны Божа” і назіраць узаемныя дачыненьні спрэчнікаў, не раўнуючы супрацьстаяньне эфраімітаў і гілеадытаў на старазапаветным Ярдане. Ці не апустошваем мы нашыя моўныя скарбы, забываючыся на сваю нацыянальную сэмантыку? Непазьбежнасьць ісьціны схаваная перш за ўсё ў дарэчна ўжытым матываваным слове. А праўда хаваецца ў дэталях, калі за дэталямі стаіць думка.
На заключэньне загадка для магчымых чытачоў майго першага блогавага запісу з “шыбалетным” падтэкстам. Ёсьць у ангельскай мове назоўнік “jamboree”, які азначае прыблізна “вялікая шумная бяседа”. Гэта можа быць скаўцкі збор, карпаратыўная вечарына і г. д. Усе слоўнікі, якія я паглядзеў, адзначаюць, што паходжаньне слова няяснае. Я валодаю ангельскай мовай ня надта добра, але мне здаецца, што я разгадаў этымалёгію гэтага слова, абапіраючыся на свае веды эўрапейскай гісторыі і “шыбалеты” некаторых эўрапейскіх народаў. Раптам нехта думае так, як я? Тады пашлем сваю знаходку “запатэнтаваць” хаця б у першы бліжэйшы British Council.
___________
1 Паводле розных крыніцаў гэтае слова значыць “галінка садовага дрэва”, “колас” і “бруістая крыніца, прыток ракі”.
2 Дыферэнцыйна-лінгвістычныя паролі – звычайная практыка суперных бакоў у баёвых аперацыях. Клясычны прыклад: італьянскае cicera (“турэцкі гарох”), якое італьянцы прапаноўвалі вымавіць падазроным асобам (у французаў няма гуку /ч/) падчас забойчых закалотаў у 1282 годзе, што ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “Сіцылійская вячэрня”.