Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт правяла прэсавую канфэрэнцыю адразу па прылёце з Вашынгтону, дзе на мінулым тыдні прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустракаліся з прэзыдэнтам і дзяржсакратаром ЗША. І першая яе заява была рэакцыяй на зьбіцьцё Зьмітра Хведарука, Анатоля Лябедзькі, якія былі ў складзе беларускай дэлегацыі ў ЗША, ды іншых актывістаў.
Намесьнік кіраўніка дыпмісіі ЗША Джонатан Мур і амбасадарка Карэн Ст'юарт
“Я маю рэзка асудзіць дзеяньні ўлады супраць мірных дэманстрантаў. Учора Зьміцер Хведарук быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі міліцыі. Ён знаходзіцца ў шпіталі, і сёньня мы працягнем спробы сустрэцца зь ім. У панядзелак пасьля мірнай дэманстрацыі прадпрымальнікаў людзі ў цывільным затрымалі 9 чалавек – Віктара Івашкевіча, Віктара Гарбачова, Віктара Крываля, Аляксея Кашкарава, Віктара Калея, Аляксандра Цацуру, Барыса Гарэцкага, Аляксандра Макаева і Крысьціну Шацікаву. Яны таксама зьбілі Анатоля Лябедзьку і затрымалі Вольгу Казуліну. Гэтыя жорсткія дзеяньні перакрэсьліваюць дасягнуты раней невялікі прагрэс, калі дэманстрацыі праходзілі мірна. Дзярждэпартамэнт ЗША выказвае занепакоенасьць гэтым, і мы спадзяёмся, што гэтым людзям будзе аказаная мэдычная дапамога”, — заявіла амбасадарка ЗША.
Кіраўніца амэрыканскай дыпляматычнай місіі заявіла, што ЗША па-ранейшаму настойваюць на вызваленьні палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Клімава, Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Мікалая Аўтуховіча і Юр’я Лявонава.
Карэн Ст’юарт паведаміла, што ў выніку пашыраных санкцыяў трыццаці дзяржаўным чыноўнікам і чальцам іхніх сем’яў, якія зьбіраліся ў ЗША зь дзелавымі і турыстычнымі мэтамі, было адмоўлена ў амэрыканскіх візах.
ЗША плянуюць зрабіць захады, аналягічныя тым, якія ўжо зазнаў “Белнафтахім”, у дачыненьні да іншых беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. На пытаньне Радыё Свабода, рахункі якіх прадпрыемстваў могуць замарозіць, амбасадарка сказала: тых, якія кантралююцца “Белнафтахімам” або асобамі, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі, а таксама тых, дзе Аляксандар Лукашэнка асабіста прызначыў кіраўніка прадпрыемства. Каб пазьбегнуць новых санкцыяў, беларускія ўлады павіны зрабіць наступныя крокі, заявіла амбасадарка ЗША ў Беларусі:
Злучаныя Штаты і Эўразьвяз надалей спадзяюцца, што ўлады вызваляць палітвязьняў
Карэн Ст’юарт адзначыла, што для ЗША і надалей прыярытэтам застанецца падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Амбасадарка выказала сумнеў, ці адбудзецца істотны прагрэс у стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ў часе візыту прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў Беларусь.
Супраць створанага нядаўна беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства па здабычы нафты Злучаныя Штаты, праўдападобна, ня будуць уводзіць эканамічныя санкцыі, паколькі “Белнафтахім” — малодшы партнэр у гэтай кампаніі, заявіла Карэн Ст’юарт.