Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты міліцыяй З.Хведарук ня можа размаўляць


Актывіст "Маладога фронту" Зьміцер Хведарук, моцна зьбіты напярэдадні байцамі спэцнназу, знаходзіцца ў 9-м клінічным шпіталі Менску.

Маці Зьмітра падала заяву ў міліцыю з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці людзей, якія зьбілі яе сына.

Учора падчас разгону акцыі “За незалежную Беларусь” спэцназаўцы выціскалі людзей з Кастрычніцкай плошчы ў Купалаўскі сквэр. Відавочцы зьбіцьця Зьмітра Хведарука паведамілі журналістам, што байцы спэцназу спачатку павалілі хлопца на прыступкі, а потым, наступаючы на яго, прайшлі далей. Калі выклікалі “хуткую”, ніводнага міліцыянта побач не было.
Жахліва! Ён ня можа размаўляць...
Зьмітровай маці патэлефанавалі, калі хлопца прывезьлі ў шпіталь.
“Жахліва! Ён ня можа размаўляць, – гаворыць Ірына Хведарук. – У яго вочы закочваюцца... Руку ён сьціскае, а ступні ног зь цяжкасьцю. Гаварыць наагул ня можа... Можа, выклікалі б каго-небудзь, акрамя дзяжурнага мэдыка, бо лягчэй яму не становіцца”.
Сябры Зьмітра Хведарука арганізавалі дзяжурства каля 9-га клінічнага шпіталю. Каля шпіталю ў групе сяброў былі й супрацоўнікі амбасады ЗША Джонатан Мур і Стывэн Гілан. Яны паведамілі “Свабодзе”, што ў хуткім часе зьявіцца заява Дзярждэпартамэнту ЗША з асуджэньнем зьбіцьця Зьмітра Хведарука і жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі.
У 6-м клінічным шпіталі з траўмай нагі знаходзіцца ўдзельнік акцыі Зьміцер Кавалгін. Яшчэ некалькі чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу. Характар траўмаў сьведчыць аб тым, што людзей білі па нагах.
Гэта помста за тое, што людзі абараняюць незалежнасьць
“Гэта помста за тое, што людзі абараняюць незалежнасьць, – лічыць палітык Павал Севярынец. – За тое, што яны маюць сустрэчы на такім высокім узроўні. Зьміцер быў у Джорджа Буша, а Лукашэнку гэта ня сьвеціць. Гэта помста. Таму, безумоўна, рэжым, які трымаецца на страху і на хлусьні, дзейнічае самымі жорсткімі мэтадамі.У цемры па нагах, зьбіваючы людзей, топчучы людзей... Гэта подла, і за ўсё гэта трэба будзе адказваць”.
Сяброўка Зьмітра Хведарука Кася Галіцкая, якой мэдыкі дазволілі знаходзіцца побач зь ім, уначы паведаміла ”Свабодзе”, што Зьміцер стаў пачувацца лепш:
“Цяпер яму значна лепш. Прынамсі, ён можа шэптам размаўляць. Але ён скардзіцца на галаву, скардзіцца, што баляць ногі, скардзіцца, што не адчувае некалькіх пальцаў на правай руцэ. Але, кажа, што яму лепш, нават спрабуе жартаваць”.
Супрацоўнікі міліцыі маюць апытаць Зьмітра Хведарука і сьведак зьбіцьця, якія пакінулі сваякам хлопца свае прозьвішчы і кантактныя тэлефоны, па якіх зь імі можна будзе зьвязацца падчас сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG