Папяровыя жураўкі – гэта маленькія, складзеныя ў трохкутнічкі кавалкі каляровай паперы з партрэтамі палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Аляксандра Казуліна. Нанізаўшы на ніткі, іх прычапілі да вялікага папяровага жорава. З такой перадачай праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч прыйшлі сёньня ў міністэрства ўнутраных спраў. Алесь Бяляцкі зьвярнуўся да міліцыянта на ўваходзе:
![](http://gdb.rferl.org/22598DCF-1D13-4EB0-8C11-EE1024C8C7A5_w250_s.jpg )
Міліцыянт: “З гэтым вы можаце прайсьці ў чацьвёрты пад’езд”.
У чацьвёртым пад’езьдзе міністэрства знаходзіцца грамадзкая прыёмная міністра Ўладзімера Навумава. Супрацоўнік, які дзяжурыў, прыняў перадачу, не забыўшы пры гэтым перапісаць пашпартныя дадзеныя праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Журналісты ў гэты час чакалі ў калідоры ля дзьвярэй прыёмнай. Калі нехта з фотарэпарцёраў захацеў зрабіць здымак, сьвятло ў калідоры нечакана згасла. Што сталася з папяровым жоравам, засталося невядома, але міліцыянт запэўніў, што яго перададуць адрасату.
На вуліцы праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў акцыю:
![](http://gdb.rferl.org/91D79FC9-2C39-45DF-8E17-851EA5B76E62_w250_s.jpg )
“Міжнародная амністыя” ня першы год праз сваіх шматлікіх актывістаў падтрымлівае такім чынам беларускіх палітвязьняў. Паводле Валянціна Стэфановіча, папяровыя жураўкі ўжо даходзілі ў Шклоўскую калёнію да Зьмітра Дашкевіча праз пошту. “Турэмная цэнзура перадавала яму жураўлікаў у разгорнутым выглядзе, і палітвязень спачатку ня мог зразумець, што гэта за каляровыя аркушы. Потым удалося даслаць тлумачэньне. Зьміцер быў вельмі ўдзячны ўсім, хто яго падтрымаў”, — сказаў праваабаронца. Гэтым разам палова папяровых жураўкоў адрасавана Аляксандру Казуліну.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтарагадовае зьняволеньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Месяц таму актывіста прыцягнулі да судовай адказнасьці зноў — ужо за адмову сьведчыць супраць сваіх сяброў з “Маладога фронту”. За гэта суд пакараў Дашкевіча вялікім грашовым штрафам.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін пакараны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны палітык не прызнае і лічыць гэта палітычным перасьледам.
“Міжнародная амністыя” прызнала Зьмітра Дашкевіча і Аляксандра Казуліна вязьнямі сумленьня.