Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі хочуць ахоўваць інфармацыю


Сёньня Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і ахове інфармацыі”.

На гэты дакумэнт зьвярнулі асаблівую ўвагу – шмат хто лічыць, што ён можа сур’ёзна абмежаваць правы спажыўцоў інфармацыі.
Анатоль Паўловіч – старшыня профільнай камісіі, якая рыхтуе праект закону для разгляду, у інтэрвію нашаму радыё прызнае, што дакумэнт прадугледжвае пэўныя абмежаваньні:
“Там прапісана даступнасьць інфармацыі, абмежаванасьць доступу да яе. Трэба ж у законе прапісаць, у якіх выпадках доступ абмежаваны”.
Спадар Паўловіч гаворыць, што законапраект знаходзіцца ў камісіі другі год:
“Адносна яго яшчэ летась паступіла шмат заўваг, больш за 200. І ад міжнародных арганізацыяў таксама. Таму мы, каб акуратна зь імі папрацаваць, вырашылі не сьпяшацца. І з нашай прапановы Міністэрства сувязі перанесла яго на разгляд у парлямэнце на 2007 год. Мы яго разглядалі з усіх пунктаў гледжаньня. Гэта не такі просты закон”.
Ствараецца сыстэма дзяржаўных органаў, якія будуць кантраляваць усю інфармацыйную дзейнасьць
Да абмеркаваньня дакумэнту ў камісіі сярод іншых экспэртаў запрасілі і доктара юрыдычных навук, кіраўніка Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіла Пастухова. У размове са мной Анатоль Паўловіч сказаў, што некаторыя заўвагі спадара Пастухова ўвайшлі ў апошні варыянт законапраекту.

Міхаіл Пастухоў гаворыць, што ў камісіі ўлічылі толькі дробныя, лякальныя праўкі. А праект, на думку спадара Пастухова, трэба перапрацоўваць прынцыпова:
“Ад імя БАЖу мы выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да прыняцьця гэтага законапраекту. На васьмі старонках шчыльнага тэксту мы выклалі свае заўвагі і прапановы. На васьмі старонках!”
Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ заклапочаны:
“Спатрэбілася кантраляваць усе патокі інфармацыі. Ствараецца сыстэма дзяржаўных органаў, якія будуць кантраляваць усю інфармацыйную дзейнасьць, пачынаючы ад яе пошуку і канчаючы яе распаўсюджваньнем і абаронай інфармацыйных рэсурсаў.
На чале гэтай піраміды будуць знаходзіцца прэзыдэнт, Савет Міністраў. Вялікія паўнамоцтвы атрымлівае Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнту краіны, які зьяўляецца адным з ініцыятараў і распрацоўнікам гэтага закону. Гэта наагул незразумела які орган – нідзе не прапісаны і не абазначаны”.
Законапраектам устанаўляюцца прававыя, арганізацыйныя і тэхнічныя меры абароны зьвестак, зьмешчаных у дзяржаўных інфармацыйных сыстэмах. Прадугледжваецца спэцыяльны рэжым допуску на тэрыторыі, дзе знаходзяцца матэрыяльныя носьбіты інфармацыі. За парушэньне патрабаваньняў заканадаўства вінаватыя будуць прыцягвацца да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG