Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Басовішча-2005. Дасягненьні й пэрспэктывы (частка другая)


Зьміцер Падбярэскі, Беласточчына-Менск (Эфір 13 жніўня 2005 г.) Чарговае выданьне праграмы “Па-за тактам”.

(Падбярэскі: ). “Сёньня мы зноў пагаворым пра апошні фэстываль маладой музыкі Беларусі “Басовішча”. Але гэтым разам гаворка пойдзе пра набыткі фэстывалю й ягоныя пэрспэктывы.

А нагодаў для гэтага дастаткова. Па-першае, “Басовішча” — найстарэйшы фэстываль беларускай маладзёжнай музыкі. Па-другое, адбываецца ён па-за межамі Беларусі. Па-трэцяе, ён застаецца практычна адзіным месцам, дзе маладыя калектывы могуць выказацца свабодна. Па-чацьвёртае, фэстываль заўважна мяняецца. І гэта найбольш істотна на фоне пастаяннага пашырэньня стылёвых рамак беларускай музыкі, бо маецца ўжо шэраг калектываў, якія па стылёвых прыкметах зрабіліся для “Басовішча”, як тут пачалі казаць, “нефарматнымі”.

Карацей, спрэчак вакол гэтае зьявы пад назвай “Басовішча” робіцца ўсё больш і больш. Дык што ж такое “Басовішча” — з гледзішча культурнага, музычнага, сацыяльнага, нарэшце? Якім яно ёсьць сёньня й якім мусіць быць у будучыні? Ніжэй сваімі думкамі дзеляцца ўдзельнікі й госьці “Басовішча-2005”.

Першым, з кім я гутарыў, быў адзін з заснавальнікаў фэстывалю — Мікола Ваўранюк, які распавядае, з чаго й як пачыналася “Басовішча”.

(Ваўранюк: ) “Цяпер польскія сродкі масавай інфармацыі часта выцягваюць вось такі аспэкт пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі. Я хачу сказаць, што гэты фэстываль мы зарганізавалі, калі Лукашэнкі яшчэ не было. І зарганізавалі ня супраць чаго-небудзь, а найперш дзеля сябе, дзеля таго, каб паказаць сучасную беларускую музычную культуру. Выступалі тут і барды, і рок-гурты. Нам не ўяўлялася, што яно здабудзе працяг на кожны год. А вось пад гэтым дахам, што адсюль відаць, дзе цяпер прадаюць піва, мы зрабілі ўвесь рок-канцэрт. Энтузіязму было многа, а вось з прафэсіяналізмам… Вядома, першы фэстываль ня меў нічога супольнага, затое ідэя, дух былі вялікія”.

(Падбярэскі: ) “Калі параўноўваць тыя часы з днём сёньняшнім, у прыватнасьці, з конкурсам маладых беларускіх гуртоў… Трошкі звужаецца сфэра, якая вызначана як сфэра прадстаўленьня маладой беларускай музыкі”.

(Ваўранюк: ) “Але ж не абавязкова ўсё тут павінна быць. Напрыклад, з гэтага фэстывалю нарадзіўся яшчэ адзін — “Бардаўская восень”. І наагул ніхто нікому не забараняе зарганізаваць фэстываль папсовай музыкі й яшчэ іншыя, іншыя, іншыя. Я за тое, каб было найболей фэстываляў. Затое сюды людзі прыяжджаюць дзеля канкрэтнай музыкі”.

(Падбярэскі: ) “А што для вас асабіста значыць “Басовішча”?”

(Ваўранюк: ) “Па-першае, гэта кавалак жыцьця. Па-другое, гэта ўжо нават не мерапрыемства, а зьява на Беласточчыне, зь якой узгадавалася, прынамсі, ужо адно пакаленьне моладзі. Моладзі, якая іначай глядзіць на Беларусь, на беларускую культуру. Ня можна недаацэньваць ролі, якую “Басовішча” адыграла ў нейкім паразуменьні, кантактах польскай і беларускай моладзі”.

(Падбярэскі: ) “Віктар Дзятліковіч прэзэнтаваў сёлета на “Басовішчы” кнігу аб гісторыі груп “Мроя” й “N.R.M.”, у якой фэстывалю адведзена таксама шмат месца”.

(Дзятліковіч: ) “Як я напісаў у сваёй кнізе, “Басовішча” — гэта і ня маці, і ня тата беларускага року, а гэта — мэцэнат беларускага року, таму што беларускі рок паўстаў сам па сабе, без “Басовішча”. Але “Басовішча” зьявілася ў той менавіта момант, калі гэтаму року патрэбна была падтрымка. “Басовішча” зрабілася ці не найлепшай зьявай беларускага музычнага жыцьця за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў. Што мяне найбольш уражвае, дык тое, што кожны год ёсьць шмат гуртоў, якія імкнуцца на “Басовішча”. Вось калі б гэтага імкненьня не было, то можна было б “Басовішча” прыкрываць”.

(Падбярэскі: ) “Ігар Знык — адзін з тых польскіх прадусараў, які выявіў значную цікавасьць да творчасьці некаторых беларускіх калектываў. Для яго “Басовішча”, апрача іншага, — гэта яшчэ тое месца, дзе ён мае мажлівасьць пабачыць, хто чаго варты”.

(Знык: ) “Басовішча” — гэта самы вялікі беларускі фэстываль. Ён нават адзін з самых вялікіх, якія ёсьць у Польшчы. Ён важны й для беларусаў, якія ня могуць граць такой музыкі на такіх фэстах на Беларусі. Але ён важны таксама й для палякаў, якія ня маюць зь Беларусьсю нічога супольнага, але прыяжджаюць сюды зь цікавасьці паглядзець на другую культуру й могуць пачуць тут Беларусь. Ня толькі беларускую музыку — пачуць мову, пабачыць беларускія сьцягі. Тут праз гэтыя два дні вольная Беларусь!”

(Падбярэскі: ) “Юрась Ляўкоў, бас-гітарыст “N.R.M.”, — адзін з тых нешматлікіх музыкаў, якія не прапусьцілі, здаецца, аніводнага “Басовішча”. Вось як ён асэнсоўвае фэстываль”.

(Ляўкоў: ) “Перш за ўсё, гэта пляцоўка, на якой ёсьць магчымасьць маладым гуртом выступаць, лавіць новыя тэндэнцыі, але самае асноўнае — тая кропка, на якой можна і сябе паказаць, і на іншых паглядзець”.

(Падбярэскі: ) “Як ты лічыш, “Басовішча” — гэта эўрапейскі фэстываль?”

(Ляўкоў: ) “Гледзячы з чым параўноўваць! Паколькі ён адбываецца на тэрыторыі Эўропы, дык “Басовішча” — фэстываль, безумоўна, эўрапейскі. А ўжо калі браць пад увагу антураж… Гэта ўжо справа густу! Камусьці больш падабаюцца такія вось “хатнія” фэстывалі, камусьці падабаюцца фэстывалі кшталту Вудстаку, Роскілду — велічэзныя паляны. У кожнага фэстывалю ёсьць нейкая ўласная спэцыфіка. У “Басовішча” — менавіта такая. І гэта файна!”

(Падбярэскі: ) “Вы пачулі думкі Юрася Ляўкова. Мастак Лёнік Тарасэвіч, які добра ведае “Басовішча” як звонку, так і знутры, заўсёды вызначаўся незалежнымі поглядамі. Думаю, на гэтыя ягоныя словы адносна пэрспэктыў варта зважыць”.

(Тарасэвіч: ) “Студэнты мусяць перастаць зарганізоўваць гэта самі. Яны мусяць паклікаць на мерапрыемства тых, хто зможа прафэсійна працаваць. Фэстывалі студэнцкія не зарганізуюць самі студэнты — яны яшчэ ня маюць такога досьведу. Трэба людзей прафэсійных, фірмы, якая зарганізуюць, якія будуць над гэтым працаваць, каторыя зоймуцца электронным распаўсюджаньнем гэтай імпрэзы, рэклямай і так далей, і так далей. А гэта мы ўсё яшчэ робім так трошкі па-партызанску”.

(Падбярэскі: ) “Нефарматны” для “Басовішча” Зьміцер Вайцюшкевіч адзначае наступныя здабыткі фэстывалю”.

(Вайцюшкевіч: ) “Дзесяць гадоў таму беларускамоўныя гурты можна было пералічыць па пальцах адной рукі. А цяпер ёсьць, як любіць казаць Пеця Паўлаў, — “эшалёны”. І гэта супэр! Я вельмі хацеў бы, каб такі фэстываль быў на Беларусі. Ёсьць такая вельмі прыемная ступень раздалбайства ў “Басовішчы”. Прытым, усе, па праўдзе, не агрэсіўныя”.

(Падбярэскі: ) “На працягу трох апошніх гадоў Слава Корань зьяўляўся сябрам журы конкурсу маладых груп. Вось што ён кажа адносна тэндэнцый фэстывалю”.

(Корань: ) “Гітара вызначальна была лідэрам у рок-музыцы. Яна й сфармавала гэтую рок-музыку. Цяпер тэндэнцыя абярнулася назад — вярнуцца да гітары. Таму назіраецца такая тэндэнцыя да пацяжэньня музыкі, ува ўсім сьвеце. А ў нас у Беларусі больш прагрэсіўная й больш сучасная музыка, чым у нашага ўсходняга суседа. І таму я спрабую ўсё ж такі прапускаць сюды тую музыку, якую можна называць беларускім напрамкам у рок-музыцы. На жаль, у нас няма беларускага напрамку ў поп-музыцы. І яшчэ другі момант, чаму мы возім сюды рок-музыку: яна на Беларусі афіцыйна не існуе. А тыя ўсе вясельныя поп-выканаўцы — яны й так маюць канцэрты. Я лічу, што музыка маладой Беларусі — гэта музыка, якая не падобна ні да расейскай, ні да польскай”.

(Падбярэскі: ) “Я не вазьмуся сьцьвярджаць, што “Басовішча” вымагае нейкіх неадкладных, карэнных зьмен. Папросту фэстываль ня мусіць стаяць на месцы, павінен улічваць усё тое новае, што прыносіць музычная рэчаіснасьць, і, адпаведна, быць як мага бліжэй да заяўленага некалі прынцыпу — паказу маладой беларускай музыкі ва ўсёй ейнай разнастайнасьці. Інакш ён можа лёгка й хутка зрабіцца нейкім сэктантам, адштурхваючы заяўленым фарматам многіх з тых, хто крочыць поруч з фэстывалем. І яшчэ: цалкам згодзен зь Лёнікам Тарасэвічам, што “Басовішча” вымагае прафэсійнага, з пазыцый шоў-бізнэсу, кіраўніцтва, калі ён насамрэч мае амбіцыі зрабіцца сапраўды вядомым у Эўропе.

Зрэшты, якія зьмены напаткаюць “Басовішча”, стане вядома ўсяго толькі празь нейкіх адзінаццаць месяцаў, калі фэстываль адзначыць 17-ю гадавіну існаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG