Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятрусь Броўка – незаўважаныя 100-я ўгодкі


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 10 ліпеня 2005 году.) Новая перадача сэрыі "Вострая Брама".

“Стогадовы юбілей Петруся Броўкі прамінуў у Беларусі падкрэсьлена незаўважна. Ані табе юбілейнага перавыданьня, ані якога помніка ці хоць бы прынагоднай мастацкай выставы, ані ўрачыстага адкрыцьця рэканструяванага музэя. Публіка такую няўвагу праглынула, бо ставіцца да юбіляра, мякка кажучы, неадназначна. Хтосьці, можа быць, зьдзівіўся, што ўлада ігнаруе таго, хто ўсё сваё жыцьцё быў верны гэтай самай уладзе і напоўніцу карыстаўся ейнаю ласкай. Мабыць справа ў тым, што ўлада – ня тая самая. Маштаб іншы. Як ні круці, а зямляк і прыяцель Петруся Усьцінавіча Броўкі Пятрусь Міронавіч Машэраў кіраваў усё ж такі рэспублікай, хай сабе не самастойнай, але краінай, і нацыяй, хай сабе і асуджанай на зьнікненьне. Што да цяперашняга правіцеля, дык ён, кіраўнік саўгаснага маштабу, які разумее адно – у саўгасе мусіць быць толькі адзін камандзір, бо прысутнасьць іншых надзвычай ускладняе працэс навядзеньня парадку, а ўспаміны пра папярэднікаў будзяць у падначаленым кантынгенце ўсялякія лішнія думкі.

Таму беларусам не патрэбныя постаці нацыянальнага маштабу, ані савецкія, ані антысавецкія, ані старажытныя, ані сучасныя. Так выглядае прымітыўная лёгіка дэпэрсаніфікацыі. Спачатку выгнятаецца з краіны Пазьняк, потым зьнікаюць Захаранка і Ганчар, ліквідуецца ордэн Кастуся Каліноўскага, закрываецца газэта “Імя”, якая ставіла сабе процілеглую мэту – убачыць Беларусь населенай яркімі пэрсонамі, у дзяржаўным выдавецтве раскідаюць набор кніг Быкава, даюць абразьлівую пэнсію Шушкевічу, з назваў цэнтральных праспэктаў зьнікаюць імёны Скарыны і Машэрава, усіх астатніх – жывых і мёртвых – адсоўваюць на пэрыфэрыю грамадзкае думкі, па цёмных закутках прыватных кватэр. Аналітыкі ламаюць галовы над сутнасьцю гэтых працэсаў, хоць сутнасьць лёгка зводзіцца да прымітыўнай савецкай формулы: ты начальнік – я дурак, я начальнік – ты дурак.

Напэўна, тонкі знаўца намэнклятурнага прымітывізму Пятрусь Броўка зразумеў бы гэта сходу. Але, дазволю сабе такое дапушчэньне, ён, уганараваны найвышэйшымі дзяржаўнымі званьнямі, прэміямі ды ардэнамі, наўрад ці зьмірыўся б з такой сытуацыяй. Бо з антыбеларускімі захадамі Машэрава ён мірыўся толькі таму, што да яго Машэраў ставіўся з павагай і, самае галоўнае, даваў яму магчымасьць займацца сваім праектам нацыянальнага маштабу. Менавіта ў часы Машэрава пры бадай што поўным спрыяньні дзяржавы Броўка стварае галоўны здабытак свайго жыцьця – Беларускую Энцыкляпэдыю. Прычым ня толькі тыя 12 тамоў, але і ўнікальнае ў сваім родзе прафэсійнае выдавецтва, з разьлікам на ўсю пэрспэктыву нацыянальнага існаваньня. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць зь сёньняшняй гутаркі зь яшчэ адным стваральнікам Энцыкляпэдыі драматургам Алесем Петрашкевічам.

Энцыкляпэдыі звычайна – кнігі тоўстыя і вялікія, але, тым ня менш, паспалітаму воку ня надта заўважныя. Імі карыстаюцца ўсе, але сапраўдную вартасьць гэтых даведнікаў разумеюць нямногія. Для іх стварэньня патрабуецца зладжаная праца вялікага калектыву прафэсіяналаў. Са словаў Алеся Петрашкевіча, такія прынцыпы і дачыненьні былі закладзеныя ў падмурак Энцыкляпэдыі яе стваральнікам Петрусём Броўкам”.

(Петрашкевіч: ) “Я Броўку ведаў гадоў 20. А больш за восем гадоў я яго быў намесьнік і адказны сакратар па Энцыкляпэдыі. Кожны дзень сустракаліся... А сустракаліся сапраўды кожны дзень. Гэта не Шамякін, які заступіў пасьля Броўкі, якога мы бачылі адзін раз на тыдзень у чацьвер пасьля чатырох”.

(Дубавец: ) “Іван Шамякін зьмяніў Петруся Броўку на ягонай пасадзе пасьля ягонае сьмерці ў 1980-м годзе. З гэтага моманту выдавецтвам фактычна кіравалі ягоныя намесьнікі Хаўратовіч і Петрашкевіч”.

(Петрашкевіч: ) “Пры Броўку мы склалі на 10 гадоў пэрспэктыўны плян выданьняў. І вось што туды ўвайшло, і што пасьля Броўкі было зьдзейсьнена абсалютна акуратна і поўнасьцю. Гэта была аднатомная пэрсанальная энцыкляпэдыя “Янка Купала”, пэрсанальная энцыкляпэдыя “Скарына і яго час”... Гэтай кніжкі Шамякін перапалохаўся і сказаў: хлопцы, я адчуваю, што вы хочаце падсьвяціць залаты век Беларусі. Я кажу: падсьвецім і добра. Ён кажа: не. Я кажу: будзем рабіць. І гэта было першае наша разыходжаньне з Шамякіным. Шамякін баяўся, ён вельмі перастрахоўшчык быў вялікі. Я кажу: Іван Пятровіч, і біблію Скарыны выдадзім, мы яе заплянавалі пры Броўку. Ні ў якім разе! Чаму? Ён кажа: акадэміка Лёсіка за адну прапанову выдаць біблію Скарыны расстралялі. Я кажу: Іван Пятровіч, такіх, як вы не расстрэльваюць, а я ўжо рызыкну...”

(Дубавец: ) “Аднак вернемся да Петруся Броўкі. Алесь Петрашкевіч характарызуе яго наступным чынам”.

(Петрашкевіч: ) “Броўка чалавек быў вельмі адказны. Гэта ў першую чаргу. У сваім асяродзьдзі вылучаўся непахісным аптымізмам. Прынамсі, у адносінах да Энцыкляпэдыі, якую яму трэба было выдаць. Гэта быў чалавек імгненнай, нярэдка бурнай рэакцыі на раздражняльнік. Гэта чалавек быў з уменьнем даць адлуп дурню альбо нахабніку. Пры ўсім пры гэтым ён валодаў высокім пачуцьцём гумару і здольнасьцю на імгненны жарт, параўнаньне, экспромт. Да гэтага я дадаў бы, што гэта быў чалавек глыбокі”.

(Дубавец: ) “Вобраз Петруся Броўкі сапраўды неадназначны таму, што гэты чалавек праз усё жыцьцё ішоў поплеч з уладай, ніколі ёй не пярэчыў і – што самае галоўнае – дбаў пра свой імідж у кіраўніцтва і зусім ня думаў пра тое, як яго патрактуюць “у нізах”. Вось адкуль неадназначнасьць. Да таго ж існуе пашыранае меркаваньне, што посьпехі народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі ў паэзіі моцна перабольшаныя. Абаронцы ў такіх выпадках прыводзяць аргумэнт – а згадайце песьні на ягоныя словы – “Пахне чабор” ці славутую “Александрыну”.

Ня станем сёньня аналізаваць паэтычны даробак Петруся Броўкі, бо гэта тэма асобнай гаворкі. Зьвернемся да ягонага неаспрэчнага дасягненьня і да ягонай асобы”.

(Петрашкевіч: ) “Броўка, як і ўсе людзі, мяняўся. 40-х гадоў Броўка – гэта ўжо ня Броўка 30-х. Гэта ўжо іншы Броўка. Гэта Броўка, які трапіць у надзвычай складаную сытуацыю – быць ці ня быць. У Броўкі бацька хоць быў фурманам, але вазіў людзей дзяржаўных. І быў у намэнклятуры. Гэта жандармэрыя ці паліцыя. І гэта было вядома савецкай уладзе. Вы ўяўляеце, што бацька ў паэта вось такі, калі сто паэтаў і пісьменьнікаў ужо сядзяць ці расстраляныя. Калі ўлічыць, што ўжо арыштаваная цешча, арыштаваны цесьць, дык я ўяўляю сабе паводзіны чалавека, які ўжо думае толькі пра тое, будзе ён жыць ці ня будзе. І такая дэталь. У гэты час, ну, да арышту, ён моцна сябруе зь Янам Скрыганам. Значыць, Броўка піша адно, а думае другое. Гэта надзвычай цяжкі стан чалавечай душы. Гэта не прастачок, гэта адукаваны чалавек, спрактыкаваны паэт. І паэт набліжаны, можа, як ніхто іншы, да Купалы. І Броўка бачыць, што творыцца з Купалам...

А Броўка пасьляваенны – гэта ўжо ня Броўка 40-х гадоў, 39-га, 37-га. Гэта ўжо іншы Броўка. Вось такога іншага я й назіраў, які стаў яшчэ й мудрым. І нават па-добраму хітрым. Калі трэба было зрабіць нейкае дабро. Ну, якое дабро? У Энцыкляпэдыю цэнзура забараняе даваць пісьменьнікаў, нават рэабілітаваных, а калі нерэабілітаваных, дык тым больш. Забараняе нашу кіраўнічую вялікакняскую шляхту, самых высокіх слаёў. Забараняе паказваць Княства Літоўскае такім, якім яно было. Забараняе ўпамінаць тэрмін “Залаты век Беларусі”. Гэта, маўляў, расейская гісторыя, так яе і паказвайце ў сваёй Энцыкляпэдыі. Што Броўка робіць? Ён кажа: хлопцы, не панікуйце. Я прыдумаў. Я папрашу Машэрава даручыць тром загадчыкам ідэалягічных аддзелаў чытаць нашы макеты. Адзін том – гэта восем макетаў. І каб візавалі. Я ажно ў крэсла ўціснуўся: Пётра Усьцінавіч, што вы гаворыце, гэта загуба ўсяму. Ён кажа: пачакай, начальства ніколі кніжак не чытала, не чытае і чытаць ня будзе. Тым больш, нашы макеты. Яны будуць візаваць, ня гледзячы. А ты іх падпірай. 8 макетаў на месяц – калі ім чытаць? І гэта ўсё апраўдалася. У ЦК візавалі макеты, ня гледзячы, а Броўка казаў – цяпер вы з гэтым макетам ідзіце ў глаўліт і паказвайце – ЦК нам дазваляе. Так мы праскочылі з магнатамі, з пісьменьнікамі і з залатым векам. І многа-многа можна пералічваць таго, што нам забаранялася. Вось вам Броўка”.

(Дубавец: ) “У гісторыі зь Беларускай Энцыкляпэдыяй па-за рамкамі застаецца самы пачатак, сама ідэя стварэньня такога праекту. З чаго б гэта раптам у сярэдзіне 60-х Петрусю Броўку заманулася стаць энцыкляпэдыстам і распачаць такую грандыёзную справу?”

(Петрашкевіч: ) “Броўка пачуў у ААН, калі там засядаў, што толькі тая дзяржава лічыцца цывілізаванай, якая мае герб, сьцяг і энцыкляпэдыю. І ён сказаў – мы будзем рабіць нацыянальную энцыкляпэдыю. А Яна Скрыгана я запрасіў на работу, таму што мы ня маем энцыкляпэдычнага стылю. Яначка, я цябе прашу, бяры мову на сябе. Чалавек, які прыйшоў з заключэньня і якога Броўка не баіцца браць на працу ды яшчэ даручае стварыць стыль... І Скрыган памаленечку вяртаў энцыкляпэдычную беларускую мову да тарашкевіцы. І мы пачалі гаварыць “партызанаў”, -аў, -яў, мы ўжо суфікс -учы, -ючы выключылі наогул, мы казалі праз “як”, а не праз -учы, -ючы.

Броўка хадайнічаў, каб стварыць Беларускую Энцыкляпэдыю, і гэта было зьвязана зь яго моцным сяброўствам зь Міколам Бажанам, украінскім акадэмікам і галоўным рэдактарам. Ён нават такую фразу сказаў, калі зайшоў да мяне агітаваць, каб я перайшоў да яго на работу: ну можа ж акадэмік Бажан узначальваць такую справу ва Ўкраіне, а што, акадэмік Броўка ня можа? Можа. Здолеем”.

(Дубавец: ) “Алесь Петрашкевіч пачынае працаваць адказным сакратаром Энцыкляпэдыі ў 1969 годзе”.

(Петрашкевіч: ) “Кажа так: умова такая: я буду як ледакол лёд праломваць, а ты ззаду будзеш крыгі разводзіць, каб не замярзала...

Броўка адразу зразумеў, што не адну энцыкляпэдыю, ён сказаў, хлопцы, гэта пачатак. Гэта пачатак вельмі важны для культуры, для нацыянальнага станаўленьня”.

(Дубавец: ) “Пасярод акадэмічных інстытутаў у Менску з ініцыятывы Броўкі для выдавецтва Энцыкляпэдыі быў пастаўлены асобны будынак”.

(Петрашкевіч: ) “Трэба было ехаць да аднаго высокага начальніка, яго прозьвішча было Мадалінскі, візу атрымаць у яго. Ён прызначыў Броўку час, і мы прасядзелі паўтары гадзіны, ён быў заняты і не прымаў, хоць ведаў, што Броўка сядзіць. Броўка ня вытрымаў, падышоў да сакратаркі, нахіліўся і ўпаўголасу кажа: скажыце свайму Мудалінскаму, што я яго прыму адразу, як ён да мяне прыйдзе як да дэпутата. Будзьце здаровы. І мы пайшлі. У ім усё клакатала. Ён маўчаў амаль усю дарогу. І тады кажа: я такую пароду ведаю. Перапалохаецца і ўсё зробіць найлепшым чынам. Заўтра да яго паедзеш адзін. Я назаўтра прыехаў, ён мяне прыняў тут жа”.

(Дубавец: ) “Пятрусь Броўка са сваім энцыкляпэдычным праектам, падтрыманым уладамі, выглядаў абсалютна парадаксальна на фоне палітыкі гэтых уладаў, якія ў тым самым часе разбуралі найстарэйшую менскую вуліцу Нямігу і помнікі старадаўняй архітэктуры па ўсёй Беларусі, праводзілі палітыку русіфікацыі і ў масавым парадку зачынялі беларускія школы...”

(Петрашкевіч: ) “Вы бачыце, якая дзіўная рэч. Згортваюцца беларускія школы, Машэраў дае каманду ўсе газэты беларускія абласныя і многія раённыя перавесьці на расейскую мову. І ў той жа час ідуць насустрач групе вучоных і пачынаюць энцыкляпэдычную справу, а энцыкляпэдычная справа – гэта ж справа абсалютна нацыянальная, калі рабіць яе так, як трэба. Калі трымацца праўды і навукі, і не губляць сумленьня.

Ён не ўспрыняў, ён не паверыў у хрушчоўшчыну, у адлігу. Ён, відаць, асабіста Хрушчову не паверыў. Ён і гаварыў пра гэтую фразу – хлопцы, гэта жахліва! – калі Хрушчоў з прыступак унівэрсытэту сказаў, што Беларусь першая ўступіць у камунізм, калі адмовіцца ад сваёй мовы.

Броўка быў надзвычай занепакоены гэтай сытуацыяй. Ён разумеў, што інакш – канец і літаратуры і культуры і самой нацыі”.

(Дубавец: ) “Яшчэ адзін парадокс тычыцца ранейшае біяграфіі Броўкі, пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў. Як такі добры арганізатар і патрыёт выжыў ў той мясарубцы, дзе многія, асабліва такія вось відныя пэрсанажы, выжывалі цаною іншых”.

(Петрашкевіч: ) “Вы гэтаму не зьдзіўляйцеся. Тут трэба ўнікнуць ва ўсе гэтыя сытуацыі. Ну, не хацеў ён некаму нейкую брыдкасьць зрабіць ці непрыемнасьць. У яго не было такой патрэбы і паводле характару. Я пералапаціў той-сёй матэрыял у музэі Янкі Купалы – хто пісаў на каго. Я ня ведаю такіх зьвестак, што Броўка на некага нават у тыя часы даносіў. Вядома, ён хацеў ацалець. Пісьмо таварышу Сталіну... А ў каго няма такіх вершаў з савецкіх выдатных паэтаў? Складаная штука жыцьцё ды яшчэ такое наша, савецкае. А што, цяпер прасьцей?..”

(Дубавец: ) “Нарэшце, трэці парадокс – гэта вобраз Броўкі, як такога абласканага ўладамі савецкага барына, бясконца далёкага ад паспалітых чалавечых клопатаў”.

(Петрашкевіч: ) “Дэталь, над якой пасьмейваліся пісьменьнікі. Броўка хадзіў у пераніцаваным пінжаку. І кішэньчык левы аказаўся на правым баку. А матэрыял дужа добры, ён яго шкадаваў... Гэта быў інтэлігентны чалавек. Ён любіў славу, любіў, калі яго хваліць начальства ці пра яго добра напісалі ці далі прэмію. Ну, хто ня любіць. А вось што тычыцца быту... Я быў у яго дома не адзін раз, сядзелі на кухні, бралі чарку. І кухня простая і частаваньне простае.

Ён верыў у добрае начальства. Вось да яго Машэраў добра ставіўся, дык ён думаў, а можа і паправіцца, а можа што зьменіцца”.

(Дубавец: ) “З гледзішча сёньняшняга дня, сапраўды ўсё зьмянілася. Савецкая антынацыянальная ўлада гуляла калі не ў прэфэранс, дык прынамсі ў тысячу, і адносная разнастайнасьць правілаў гульні давала шанец таму, хто меў розум альбо чуцьцё. Сёньняшні рэжым адкрыта гуляе ў падкіднога дурака, і далёка ня кожны інтэлектуал гатовы паступіцца сваёй годнасьцю, каб сесьці за такую гульню. Высокапрафэсійная энцыкляпэдыя, створаная Броўкам, на сёньняшнім этапе перажывае пэўны заняпад. Ня толькі дзякуючы варожай да навукі ідэалёгіі. Ідэалёгіі хапала і за савецкім часам. Але найперш дзякуючы страце таго самага высокага прафэсіяналізму, павагі да чалавечага розуму”.

(Петрашкевіч: ) “Ну вось цяпер 18-томная энцыкляпэдыя выйшла, але ў ёй няма нават Курапат... Замест таго, каб узяць тое, што ўжо назапашана і ўзбагаціць новым, дык атрымалася так, што ў гэтай энцыкляпэдыі менш інфармацыі, чым у тым, што даўно ўжо выйшла”.

* * *

(Дубавец: ) “У бітком набітым менскім аўтобусе праз мікрафон прагучала манэрнае, падкрэсьлена неахайнае паведамленьне кіроўцы (паспрабую яго перадаць): “Сещаястанофкатрысяброфкі”. Тры сяброўкі, – пераглянуліся дзьве вясёлыя гімназісткі, – нам пара. Тры сяброўкі, – уздыхнуў на сядушцы пэнсіянэр. Тры сяброўкі – прыгожая назва для прыпынку, – падумалася мне. Пэўне ж, з такім найменьнем зьвязаная якая-небудзь гісторыя, а калі й не зьвязаная, усё адно прыгожа. Ёсьць гарэлка “Два буслы”, чаму б ня быць і прыпынку “Тры сяброўкі”...

Увогуле з імем беларускага савецкага парнасьніка Петруся Броўкі зьвязаныя ня толькі вуліца ў Менску і аўтобусны прыпынак на ёй, і ня толькі гэтая вясёлая гісторыя, але й шмат усялякіх анэкдотаў і вершаваных эпіграм. Пятрусь Броўка, паводле пашыранага ўяўленьня, ня быў асабліва геніяльным літаратарам. Між тым сьлед у беларускай культуры пакінуў больш чым выразны.

Празь пяць гадоў пасьля сьмерці Броўкі, у 1985-м Васіль Быкаў характарызаваў яго наступнымі словамі:

“Будучы істотай цэласнай, прамой і мэтанакіраванай, жыў ён па законах свайго часу. Без разьліку і аглядкі на ранейшыя ісьціны, акадэмічныя густы, магчымыя перасуды нашчадкаў. Яму было дастаткова суровага рэвалюцыйнага суда яго сучасьнікаў. Ён пакінуў свой вялікі сьлед у літаратуры”.

У часы Машэрава дзяржава купляла ляяльнасьць нацыянальнае інтэлігенцыі да сябе за пэўныя выгоды і, як ні круці, магчымасьць легальна працаваць. Сёньня дзяржава адабрала ў пісьменьнікаў і іхны Дом літаратара і тыя згаданыя выгоды, але самае галоўнае, адабрала магчымасьць працаваць на сваю ўласную краіну. Вось чаму Броўка адміністратар і гаспадарнік у цяперашніх умовах не ўяўляецца аніяк. Натуральна, ён бы ня зьехаў за мяжу, як Быкаў, і не стаіўся б у сваіх пісьменьніцкіх справах, як Брыль. Не ўяўляецца ён і ў апазыцыі. Але і ў колішні Машэраўскі кабінэт яго б сёньня не пусьцілі, і на пасадзе кіраўніка Энцыкляпэдыі не пакінулі б – занадта яркі ён пэрсанаж. Вось і атрымліваецца, што няма Петрусю Броўку месца ў тым дзяржаўным раскладзе, што ўсталяваны ў сёньняшняй Беларусі. Няма ані для жывога, ані для мёртвага. Што лішні раз пацьвердзіў ягоны стогадовы юбілей, які прамінуў безь ягоных кніг, без выставаў, безь якіх-кольвек знакаў памяці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG