Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь партызанская: ад 13-гадовай вайны 1654 году да Другой сусьветнай і сёньняшніх рэалій


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 8 траўня 2005 году.) Новая перадача сэрыі "Вострая Брама".

У словаў пра Беларусь партызанскую ёсьць тры прачытаньні: гістарычнае, прапагандысцкае і мэнтальнае, зьвязанае з нацыянальным характарам. Сам фэномэн народнага ляснога змаганьня ўзьнік яшчэ ў 13-гадовую вайну, якую ў 1654 годзе расейскі цар Аляксей Міхайлавіч распачаў супраць Вялікага Княства Літоўскага – тагачаснае Беларусі. Летась у “Вострай Браме” сваю ацэнку гэтага фэномэну даў гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Менавіта ў той вайне бярэ пачатак вядомая ва ўсім сьвеце традыцыя гераічнай беларускай партызанкі, партызанскай барацьбы, якая не была інсьпіраваная нейкімі засланымі з усходу аддзеламі, як у часы другой сусьветнай вайны, альбо як у 1812 годзе. Гэты рух пачаўся якраз з глыбіняў народу і даў, па-першае, маштаб, які ўражвае – дзясяткі тысяч беларускіх сялянаў удзельнічалі і большасьць зь іх была праваслаўнымі, таму што рух найбольш разгарнуўся якраз на ўсходзе краіны. І гэты рух даў прыклады сапраўднага гераізму. Скажам, у ліпені 1654 году 15-тысячнае войска маскоўскага ваяводы Трубяцкога было бясстрашна атакаванае беларускім аддзелам з трох тысяч сялянаў на Мсьціслаўшчыне”.

(Дубавец: ) “Такім чынам, гістарычна беларуская партызанка распачалася і была скіраваная супраць расейскае акупацыі. Шмат у чым партызанскі характар мелі і антырасейскія паўстаньні 1831 і 1863 гадоў. Апошняе – пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Але прапагандысцкім брэндам наша партызанка стала толькі ў савецкія часы. Натуральна, гэта была ўжо не антырасейская, а сьпярша антыпольская – у Заходняй Беларусі, а пасьля антынямецкая партызанка другой сусьветнай вайны. І тая і другая кіраваліся з Масквы, адкуль у Беларусь засылаліся дывэрсійныя групы з мэтай арганізацыі партызанскага руху. Таму казаць пра ГЭТЫ рух, як пра беларускі нацыянальны фэномэн, не выпадае. Прынамсі вэтэран партызанскага змаганьня пісьменьнік Валянцін Тарас у адной з нашых ранейшых перадач ацаніў гэты прапагандысцкі брэнд скептычна”.

(Тарас: ) “Ну, наконт таго, што Беларусь была "рэспублікай-партызанкай". Тут, канечне, ёсьць пэўнае перавелічэньне. Партызанскі рух быў даволі шырокім, але самым шырокім ён зрабіўся напрыканцы 1943 – напачатку 1944 году. Калі паступіў загад Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў Маскве. Мабілізаваць усю моладзь. Хочуць яны ці не. І вялікімі гуртамі гналі гэтую моладзь у лес. І я глыбока перакананы, на падставе свайго досьведу, што вось адсюль узяліся гэтыя паўмільёны. Напрыканцы 43-га, напачатку 44-га году. Іх, канечне, да гэтага часу не было столькі. Былі атрады невялічкія, дывэрсійныя групы. Таму, калі кажуць, што гэта была "рэспубліка-партызанка", гэта ў пэўным сэнсе перавелічэньне”.

(Дубавец: ) “Нарэшце, трэцяе значэньне Беларусі партызанскай – мэнтальнае. У адрозьненьне ад двух папярэдніх, яно сядзіць глыбока ў душы і, як вызначальная рыса нацыянальнага характару, фармуе нашу будучыню, незалежна ад нашага жаданьня ці нават усьведамленьня. Мы ня ведаем свайго заўтрашняга дня, бо наша будучыня сама – усё яшчэ партызанка, якая хаваецца ад нас у нашым жа сэрцы. Пра тое, што гэта такое, ці добра гэта ці дрэнна і чаго ад гэтага чакаць, і пойдзе гаворка ў сёньняшняй перадачы.

* * *

Усеагульная падрыхтоўка да сьвята вялікай перамогі ў Рэспубліцы Беларусі выглядае навязьліва, натужна і таму няшчыра. Зусім ня так, як было дваццаць ці трыццаць гадоў таму. Выхапленыя з натоўпу зыркім прамянём прапагандысцкага пражэктару вэтэраны спалохана азіраюцца на шасьцідзясятку, упісаную ў рэклямы блендамэду і новых калекцыяў буцікаў, на папсовы тэлевізійны кардэбалет з матывамі некалі задушэўных ваенных песень, на падарункі ўладаў, зь якімі ня ведаеш што рабіць, як з тым да сьвята праведзеным у хату тэлефонам, у чарзе на які так і прастаяў усе гэтыя шэсьцьдзесят гадоў. Палохае вал гэтага ўсяго – бутафорскі і ў сутнасьці сваёй пусты, бо ніхто ня ведае, што будзе заўтра, і тым мацней трымаецца наш вэтэран за сваю вялікую перамогу, падазраючы ў кожным маладзёне патэнцыйнага рэвізіяніста. Вайна цяпер нібы адзіная цьвёрдая купка пасярод багны невядомасьці і хлусьні. Таму не чапайце вайны, хай усё будзе, як было, бо нічога іншага папросту няма. Гэтак ці прыблізна гэтак пачуваюцца ў нас ня толькі вэтэраны, але таксама дзеці і ўнукі партызанскае славы. І зусім не пра колішнія справы, а пра сёньняшні і заўтрашні стан народа-партызана адмыслова для нашай перадачы гутарыў Зьміцер Бартосік зь Лявонам Вольскім, Артурам Клінавым і Алесем Анціпенкам”.

(Бартосік: ) “Чым гучней грыміць юбілейная прапаганда беларускай партызанскай славы, чым больш напінаецца афіцыёз і чым часьцей гаворыцца пра наш народ-партызан, тым менш ува ўсім гэтым застаецца самой партызаншчыны, той самай лясной таямніцы, падзеленай паміж героямі-тэрарыстамі, што непрыкметна караскаюцца на чыгуначны адхон. Партызан не гарлае бравурных песень, а толькі лірычныя – пра “бярозы ды сосны”. Партызан ня езьдзіць на юбілейных эшалёнах і нават на парадзе перамогі не чаканіць крок. Партызан у сутнасьці сваёй – з другога боку лініі фронту, ён – змагар з акупацыйным афіцыёзам, з бравурнымі парадамі і эшалёнамі. Таму ў сёньняшнім гучнагалосьсі пра вялікую перамогу і партызанскую славу так моцна адчуваецца гэты глыбока закладзены дысананс, гэты канфлікт стэрэатыпаў, што так падобны да самаробнай партызанскай бомбы. Калі браць пад увагу толькі вонкавы бок сёлетніх юбілейных сьвяткаваньняў, дык яны адчувальна АНТЫпартызанскія і партызанская тэма прысутнічае ў іх хутчэй як атавізм, даніна савецкай традыцыі і, можа быць, нацыянальнай мэнтальнасьці. Бо тое, што беларус – партызан, ведае кожны. Але ня кожны спрабаваў расшыфраваць гэты стэрэатып і растлумачыць нашу партызанскую сутнасьць.

Сярод людзей маёй генэрацыі ці ня першы, хто ўзяўся за такое растлумачэньне, – музыка і літаратар Лявон Вольскі, які ў 1996 годзе разам з гуртом НРМ прадставіў публіцы сваю песьню пад назваю “Партызанская”.

(Вольскі: ) “Гэтую партызанскасьць беларускую другі раз адрадзілі да жыцьця мы з NRM, калі зрабілі партызанскую песьню. Мы сьпявалі нібыта пра айчынную вайну. Гэта можна было пракруціць спакойны па радыё. Чалавек недасьведчаны скажа – а што? пра вайну... А там мелася на ўвазе зусім іншае. І тут падхапілі адразу гэты сьцяг партызанскі Клінаў і кампанія, шмат іншых людзей. Насамрэч я ня думаю, што ў нас самая была партызанская такая краіна. Мне падаецца, што ва Ўкраіне і ў Расеі былі гэтыя самыя партызаны.

Калі за партызанку ўспрымаць тое, што скрасьці на прадпрыемстве да хаты нажніцы альбо акумулятар пакрасьці… То гэта проста савецкая зьява. Савецкі чалавек, ён заўсёды ў чымсьці партызан. Таму што ён гавора адно, думае іншае, на кухні пра трэцяе размаўляе. Такая партызанка пасіўная. Ніхто нікога не забівае. Усё ціха. Ніхто ня любіць начальніка. Супраць яго партызанка накіраваная ў курылцы – “казёл!” Так што, безумоўна, у нас, як у такой краіны, найбольш набліжанай зараз да Савецкага Саюзу, гэта партызанскасьць савецкая, калі ты ў адкрытую не ідзеш на мітынг, а дома сядзіш і думаеш – казёл! Гэта такая пасіўная партызанка. Усе пра гэта думаюць, ніхто нічога не гаворыць, на мітынгі зьбіраецца пяцьсот чалавек. Можна сказаць, што партызанка насамрэч прысутнічае ў такой кухоннай савецкай форме. Гэта ёсьць і гэта вельмі кепска”.

(Бартосік: ) “Нічога пазытыўнага ў гэтым няма?”

(Вольскі: ) “Не. Зараз трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Ніхто ня думаў, што да такога абсурду дойдзе. Гэтага не чакаў ніхто, і чым болей яно абсурдуецца, тым болей людзі баяцца і тым болей партызаняць на кухнях. Альбо дзесьці бычок кінуў ня ў сьметніцу, а так проста і плюнуў яшчэ. Тэракт такі беларускі…”

(Бартосік: ) “Лявон Вольскі прыгадаў мастака Артура Клінава, які стварыў цэлы часопіс сучаснага мастацтва пад назваю “Партызан”. Таму Клінаў сёньня – мой наступны суразмоўца.

– Артур. Паспрабуй мяне пераканаць, што сапраўды, Беларусь – нацыя партызанская. У чым гэтае партызанства сёньня?”

(Клінаў: ) “Партызанства беларусаў, у маім разуменьні, нашмат шырэй, чым уяўленьне пра партызана 2-й сусьветнай вайны. Бо партызан – гэта цалкам канкрэтная, вельмі адмысловая мэнтальная мадэль паводзінаў. Калі нацыя перажыла 500 гадоў жорсткіх войнаў, генацыду і гэтак далей, то перад чалавекам паўставала вельмі актуальная задача захаваць сябе. І вось у выніку гэтага эвалюцыйнага адбору і склалася гэтая мэнтальная мадэль паводзінаў – партызан. Ну і што з гэтага вынікае? З гэтага мэнтальнага цела. Па-першае, партызан – гэта не асоба калектыўнага дзеяньня. Бо, у прынцыпе, самазахаваньне – гэта перш за ўсё самазахаваньне асобы. Гэта першасная задача. Усе задачы далейшыя – нацыя, краіна і гэтак далей – гэта ўжо па-за гэтай задачай самазахаваньня. І таму, натуральна, з гэтай тэзы вынікае, што гэтая мадэль вельмі індывідуалістычная.

Канечне, партызан можа гуртавацца ў пэўныя хеўры, але гэта будуць тактычныя групоўкі, калі зручна для самазахваньня аб’яднацца ў тры, чатыры, дзесяць асобаў. Гэта можа быць. Але гэта, напэўна, ніколі ня будзе вялікім калектывам. Бо, калі гэта робіцца калектыўнай зьявай, то гэтая зьява робіцца менш гнуткай, больш даступнай для зьнішчэньня. І з гэтага вынікае, што наша грамадзтва сёньня… Гэта адна з прычынаў, чаму ў нашым грамадзтве пэўныя працэсы тармазяцца, ці іх не адбываецца, бо наша грамадзтва вельмі атамізаванае. Яно разьбіта на… Няма разуменьня “мы”. Ёсьць разуменьне “я”. Я і маё бліжэйшае кола, сям’я, дзеці. Гэта вельмі індывідуалістычная пазыцыя. Але яна адрозьніваецца ад індывідуалізму заходняга чалавека. Дзе гэты індывідуалізм ідзе ад свабоды асобы. У нас гэты індывідуалізм хутчэй ад таго, што вакол ворагі. І ты мусіш выжыць. І шлях выжываньня – гэта шлях індывідуалістычны.

Што гэта дае на пэрспэктыву? Для таго, каб пачаліся нейкія сацыяльныя зьмены і працэсы, мусіць наступіць момант, калі гэтая атамізаванасьць пяройдзе ў працэс кансалідацыі. Гэта цалкам рэальна, цалкам магчыма. Але партызан, ён ніколі ня пойдзе, ня вылезе са свайго сховішча, лесу, балота, сваёй хаты, пакуль ён не адчуе, што гэта не пагражае яму, яго асобе. Мусіць наступіць такі момант, калі ён зразумее, што пара”.

(Бартосік: ) “А што гэта можа быць? Пагроза жыцьцю? Пагроза дабрабыту? Пагроза будучыні дзяцей?”

(Клінаў: ) “Калі будзе відавочна, што для самазахаваньня трэба аб’яднацца. І каб паміж гэтымі асобамі, гэтымі атамамі зьніклі дыстанцыі, бо гэта карысна для самазахаваньня. Бо далейшае існаваньне ў атамарным стане робіцца дэструктыўным нават для мадэлі партызана. Каб зьявілася пачуцьцё “мы”. Зноў жа тут сутыкаемся з тэмай мовы і ўвогуле нацыянальнага пачуцьця. Бо замкнёнасьць на сабе, на сваёй “мая хата з краю”… Гэта таксама пэўны тормаз да таго, каб беларус адчуў сябе нацыяй. Нацыя – гэта “мы”. Мусіць зьявіцца адчуваньне, што далейшае існаваньне ў гэтым стане ізаляванасьці робіцца шкодным.

Можа, гэта прагучыць троху парадаксальна, але хацелася б, каб беларус пачаў зжываць зь сябе партызана. Бо сытуацыя зьмянілася. Гэтая формула самазахаваньня, яна была актуальная, яна была эфэктыўная ў той час, калі не было сваёй нацыянальнай дзяржавы, калі была сытуацыя акупацыі. Сёньня мадэль партызана робіцца тормазам. У тым сэнсе, што ад таго, ці мы здолеем пераадолець гэты атамарны стан, будзе залежыць, ці мы зможам рэалізаваць сябе, як нацыянальная дзяржава. І гэтая атамарнасьць, яна проста шкодзіць. Дзяржава намінальна існуе, але рэальна яна ня можа паўстаць, таму што гэтае мэнтальнае цела і гэтая мадэль паводзінаў робіцца тормазам. Я пажадаў бы і хацеў, каб беларус пачаў выходзіць з гэтага мэнтальнага цела”.

(Бартосік: ) “Калі Артур Клінаў мяркуе, што беларускай нацыі трэба папросту пазбавіцца сваёй партызаншчыны, дык філёзаф Алесь Анціпенка глядзіць на фэномэн беларускага партызанства больш складана.

– Спадар Алесь, ці ў сёньняшнім беларусе Вы бачыце рысы партызана?”

(Анціпенка: ) “Безумоўна, так. Паглядзіце, як у нас адбываюцца мітынгі і маніфэстацыі. Мянты хаваюцца па задворках. Беларусы, якія прыйшлі на маніфэстацыю, робяць выгляд, што яны проста шпацыруюць па праспэкце. Прыйшлі папіць кавы. Насамрэч, як толькі зьяўляецца хтосьці, хто разгортвае бел-чырвона-белы сьцяг, дык адразу з кутоў, з падваротняў пачынаюць вылазіць гэтыя маніфэстанты. І ўжо мянты сядзяць і ацэньваюць сытуацыю – ці варта ім з засады вылазіць, ці ня варта. У нас партызаншчына ёсьць на мэнтальным узроўні, і гэта спрэс. І таму гэта проста тып паводзінаў. І я б не сказаў, што гэта стэрэатып. Гэта тып паводзінаў.

Ёсьць тры біялягічна дэтэрмінаваныя тыпы паводзінаў. Першы тып – гэта агрэсія. Калі на вас нападаюць, вы адказваеце агрэсіяй, узровень адрэналіну падвышаецца, увесь ваш арганізм мабілізуецца, вы ўступаеце ў наўпроставую бойку. Другі тып паводзінаў – гэта так званы эскейпізм. Калі ў вас ёсьць ногі, вы ня можаце здолець суперніка, які супраць вас. Вы проста ўцякаеце. Вас ратуюць ногі. Ёсьць трэці тып, які называецца мімікрыяй у біялёгіі. Тое, што называецца прыкінуцца, што цябе няма. Што ты не існуеш. І вось у гэтую гульню гуляла вялікая колькасьць беларусаў. Іх няма, калі трэба адказаць на нейкае сур’ёзнае пытаньне. Калі трэба зрабіць выбар – іх няма. Яны папросту прыкінуліся… Яны сталіся чымсьці, што не вырозьніваецца з гэтага ляндшафту.

Вазьміце, напрыклад, самаазначэньне беларусаў, як тутэйшыя. Што гэта азначае? Гэта вельмі проста. Прыходзіць вораг, знаходзіць нейкіх дзядзькоў у гэтай краіне. І пытаецца ў гэтых дзядзькоў – вы хто? Ці – ты хто? І той кажа – я тутэйшы. Насамрэч ён адказвае – я тут расту, як трава, як куст, як слуп, што вы да мяне прычапіліся. І гэта таксама праява партызанскай мэнтальнасьці беларуса. Таму, калі гаварыць – адкуль гістарычныя карані гэтай мэнтальнасьці, гэтыя карані пасьля, па-першае, так званай, Невядомай вайны, і пасьля здушэньня некалькіх паўстаньняў у Беларусі. Калі наўпроставае сутыкненьне з ворагам прыводзіла тутэйшых людзей да паразы. Гэта траўматызаваны досьвед гістарычнага існаваньня беларусаў на сваёй уласнай зямлі.

Дык вось, што такое партызанства? Партызанства – гэта мешаніна трох мадэляў паводзін. Агрэсіі, тады, калі яна прыводзіць да посьпеху. Эскейпізму, калі сілы ворага пераўзыходзяць твае. І мімікрыі, калі ты рыхтуесься да нейкай акцыі. І табе трэба схавацца. Партызан – гэта той, хто хаваецца дзеля таго, каб заатакаваць ворага. Гэта проста спосаб выжываньня, які вынайшлі беларусы цягам некалькіх апошніх стагодзьдзяў. Ясна, што сытуацыя мусіць зьмяніцца ў лепшы бок. Калі гэтая тактыка ўжо нам не спатрэбіцца. І ўсё да гэтага ідзе. Таму я думаю, што са стэрэатыпам партызанства мы, відаць, расстанемся ў наступным дзесяцігодзьдзі”.

(Бартосік: ) “Што ж павінна адбыцца ў гэтым наступным дзесяцігодзьдзі?”

(Анціпенка: ) “Партызанства – гэта заўсёды памежная сытуацыя. Мусіць зьнікнуць памежная сытуацыя. А яна зьнікне тады, калі будуць гарантыі калектыўнага існаваньня. А гэтыя гарантыі вядомыя ў цывілізаваным сьвеце. Гэта незалежнасьць, дэмакратыя, вяршэнства законаў і адсутнасьць усялякай бздуры ў выглядзе дыктатураў, аўтарытарных рэжымаў і ўвогуле татальнай безадказнасьці людзей перад тым, што яны робяць і што яны мусяць рабіць”.

(Дубавец: ) “Такім чынам, беларуская партызаншчына – гэта зусім не генэтычная рыса нацыянальнага характару, а толькі форма несвабоды, у якой мы працягваем існаваць як нацыя. Нічога пазытыўнага ў гэтым адчуваньні сябе дывэрсантам пасярод мірнага жыцьця няма. Партызаншчыну трэба зжываць. Яе месца – у падручніках гісторыі, а ня ў рупарах дзяржаўнае прапаганды. Пра тое, што сёньняшняму рэжыму, які стаіць на звароце да савецкіх рэаліяў, выгадна трымаць беларусаў у выглядзе недааформленай, недавершанай нацыянальна і разрозьненай на адзінкі масы насельніцтва, мы таксама гаварылі не аднойчы. Менавіта адсюль такая зацятая барацьба дзяржавы супраць беларускай мовы, беларускай школы і праўдзівай візіі беларускай гісторыі. Бо аб’яднаныя нацыянальным пачуцьцём беларусы, якія б выйшлі з свайго ляснога партызанскага схову, ня сталі б цярпець сучаснай дарэшты спрымітывізаванай сыстэмы ўлады, несвабоды і крочаньня наперад з тварамі, абернутымі назад. А гэта значыць, што аб’яднаньне народу ў сьвядомую, годную нацыю, якая рэальна кіруе сваім уласным лёсам непазьбежна прывядзе да разьвітаньня беларусаў з гэтым недарэчным партызанскім таўром”.

Гл. таксама папярэдні выпуск "Вострай Брамы": • Жывая гісторыя – Вільня пад нямецкай акупацыяй
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG