Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Казулін можа паўтарыць памылкі Ўладзімера Ганчарыка”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і магчымая роля, якую можа адыграць у гэтай кампаніі былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін — тэма многіх лістоў, якія атрымлівае апошнім часам беларуская “Свабода”. Свой погляд на гэтую праблему ў нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Зь ягонага ліста і пачну сёньняшнюю размову:

“У мяне склалася ўражаньне, што Казулін і група вакол яго занадта легкадумна, несур’ёзна ставяцца да таго, якая катастрофа чакае беларускае грамадзтва ў выпадку трэцяга (пажыцьцёвага!?) тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, калі ён зноў даможацца свайго ўвосень 2006 году. Хоць, зрэшты, выбар у апазыцыі зусім невялікі, і лепшай (больш прагматычнай) стаўкі, чым на Казуліна, быць ня можа.

У Казуліна ёсьць два стартавыя мінусы: — улада паўтара году будзе мусоліць так званы “залаты” скандал, які быў фармальнай прычынай адстаўкі Казуліна з пасады рэктара БДУ; — а па-другое, так ці інакш ягоны імідж ня будуць паляпшаць твары старой апазыцыі — Шушкевіча, Лябедзькі, Статкевіча, Багданкевіча, што будуць круціцца вакол яго. Ёсьць рэальная небясьпека стаць, так бы мовіць, “другім выданьнем” Ганчарыка. Асобы беларускіх палітыкаў па харызматыцы малаканкурэнтныя ў барацьбе з Лукашэнкам.

Казулін павінен цяпер усё пралічыць і, калі праз год пабачыць бясслаўнае сваё “апусканьне” па-ганчарыкаўску, то павінен загадзя, за год сысьці з прэзыдэнцкай гонкі. Выкідваць дзівацтвы ды лемантаваць пра сваю “перамогу” і “фальсыфікацыі” трэба ў такім разе маладому змагару Андрэю Клімаву. У гэтым выпадку для нацыі будзе значна больш карысьці ў пэрспэктыве, калі годзе ў 2010-м Лукашэнку вымусяць сысьці, як Чаўшэску ў 1989-м. Праўда, у такім разе ў Менску магчымыя ахвяры. Але гэта толькі ўпэўніць беларускае грамадзтва ў неабходнасьці жыць як свабоднай эўрапейскай нацыі. Беларусы надта доўга заставаліся ў глыбокай дрымоце, а тым часам Лукашэнка аблытаў іх жалезным павуціньнем, парваць якое без крывавых драпінаў ня ўдасца. Але яны будуць добрымі сымбалямі-напамінкамі. У кожным разе, Казулін ня мае права на дзівацтвы, якія рабілі людзі, якія штурхалі наперад Ганчарыка ў 2001 годзе”, — напісаў у сваім лісьце Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Ня думаю, спадар Марціновіч, што так званы “залаты” скандал вакол унівэрсыэцкага прадпрыемства “Унідрагмет” будзе выконваць колькі-небудзь значную ролю ў прэзыдэнцкай кампаніі пасьля таго, як адпаведная крымінальная справа закрыта, а яе фігуранты адпушчаны на волю. Вяртацца да яе адмыслова перад выбарамі ўлада наўрад ці наважыцца, надта празрыстымі ў гэтым выпадку выглядалі б матывы.

Што да асобаў, зь імёнамі якіх атаясамліваецца беларуская апазыцыя… Так, ім можна адрасаваць нямала папрокаў за шматлікія палітычныя паразы апошняга дзесяцігодзьдзя. Але іншых палітыкаў у Беларусі няма. І няма іншых структураў, безь якіх немагчыма абысьціся любому кандыдату ў прэзыдэнты, калі толькі ён сур’ёзна разьлічвае на посьпех. А адносна палітычных пэрспэктываў Андрэя Клімава, то на сёньня няма ніякай пэўнасьці ў тым, што ён падчас прэзыдэнцкіх выбараў будзе заставацца на волі. Прынамсі, самыя апошнія падзеі сьведчаць пра тое, што ўлада не даравала яму вострых палітычныя памфлетаў і арганізацыі акцыі пратэсту 25 сакавіка, якую сам Андрэй Клімаў анансаваў як “рэвалюцыю”.

Наступны кароткі ліст ад школьніка зь Берасьця Андрэя Паска. Ён піша:

“Па-ранейшаму слухаю ваша радыё, хоць і не ва ўсім, на жаль, з вамі згодны. Хачу выказацца з нагоды сьмерці кіраўніка рымска-каталіцкай царквы Яна Паўла ІІ. Хоць я і не каталік, але, як і многія, лічу, што гэта быў вялікі чалавек, чалавек высокай маралі і духоўнасьці. Польшча мае права ганарыцца такім сынам, які імкнуўся прынесьці ў наша жыцьцё згоду і любоў. Шкада, што беларусы ня мелі магчымасьці вітаць яго на сваёй зямлі. Няўжо ён не захацеў ехаць у Беларусь з прычыны нашага палітычнага ладу?”

Ян Павал ІІ больш як за чвэрць стагодзьдзя сваёй высокай місіі наведаў звыш сотні краінаў — у тым ліку тых, дзе палітычныя рэжымы значна больш жорсткія і таталітарныя, чым у Беларусі. Сапраўднай сэнсацыяй стала, напрыклад, ягонае наведваньне Кубы — выспы камунізму і ваяўнічага атэізму. Пантыфік вельмі хацеў наведаць Беларусь, але на тое не было згоды беларускіх уладаў, якія ў гэтай справе азіраліся на Маскву і на пазыцыю Расейскай праваслаўнай царквы.

Наш слухач з Пружанаў, афіцэр у адстаўцы Мікола Канаховіч у сваім новым лісьце разважае пра наступствы для беларусаў чарнобыльскай катастрофы.

“З гэтай нагоды ўжо шмат сказана і напісана, але самае галоўнае, на мой погляд, замоўчваецца нават незалежнымі мэдыямі. А неабходна штодня казаць і паўтараць адно і тое ж пытаньне: “Хто канкрэтна скраў у беларускага народу трыццаць мільярдаў даляраў? (А гэта ж па тры тысячы на кожнага жыхара)? Расея, як пераемніца СССР, павінна была выплаціць Беларусі гэтыя грошы да 1996 году. Але кіраўнікі Беларусі ад Сьлюнькова да Лукашэнкі катэгарычна адмовіліся нават думаць аб гэтым. Гэтак жа паводзілі сябе і Вярхоўны Савет розных скліканьняў, і цяперашняя Палата прадстаўнікоў.

Не маўчыць толькі сапраўдны вялікі патрыёт Беларусі — Зянон Пазьняк. Але да мазгоў крамлёўскіх паслугачоў дастукацца немагчыма. Я па-добраму зайздрошчу нашым суседзям — літоўцам, латышам, эстонцам, якія маюць сапраўды народныя, а не марыянэткавыя ўрады. Яны ня поўзаюць на каленях перад Масквой, а патрабуюць кампэнсацыі за савецкую акупацыю”.

Хто каму павінен плаціць за Чарнобыль — пытаньне не такое відавочнае, як вы, спадар Канаховіч, сьцьвярджаеце ў сваім лісьце. У 1990—1991-я гады былыя савецкія рэспублікі абвесьцілі нацыянальнай уласнасьцю усе прамысловыя аб’екты на сваіх тэрыторыях. Расея стала правапераемніцай СССР, але толькі адносна зьнешніх даўгоў і ўласнасьці за межамі былога Саюзу. Адпаведна, Чарнобыльская станцыя стала цалкам украінскай. Украіна ж пры значнай фінансавай дапамозе заходніх дзяржаў зачыняла станцыю і дагэтуль нясе адказнасьць за бясьпеку гэтага аб’екту ў Чарнобылі.

Хто каму вінаваты за Чарнобыль? На добры лад, на гэта павінен быў бы адказаць міжнародны суд. І магчымасьць такога суду ў пэрспэктыве магчымая, асабліва на тле беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў, якія апошнім часам значна пагоршыліся.

Наш лёзьненскі слухач Раман Зіноўеў гэтым разам даслаў ліст, знаходзячыся ў расейскім горадзе Гагарыне Смаленскай вобласьці. Спадар Зіноўеў піша:

“Да ўзаемадачыненьняў Расеі з краінамі СНД вельмі пасуюць словы расейскага паэта: “О, как убийственно мы любим…”. Там, дзе Расеі кажуць праўду, дзе хочуць сумленнасьці і справядлівасьці (як у Грузіі, Украіне, часткова — у Малдове), там нічога добрага ад расейскай Дзярждумы і адміністрацыі Пуціна ня чуюць і ня маюць. А вось там, дзе аб Расею выціраюць ногі, там поўнае ўхваленьне Расеяй кіроўных рэжымаў. Вось вам прыклады. Прыяжджае чалавек з расейскім пашпартам у Беларусь, хоча ўладкавацца ў гатэль — а зь яго патрабуюць плату, утрая большую, чым з жыхара Беларусі. Тое ж самае і ў Туркмэністане пры Ніязаву, і было ў Кіргізстане пры Акаеву. Думаю, вам на “Свабоду” (у тым ліку на расейскую службу) трэба часьцей запрашаць беларускіх апазыцыянэраў, каб яны сказалі расейцам, што пасьлялукашэнкаўская Беларусь будзе да іх больш прыстойнай і сумленнай, чым цяперашні рэжым”.

Факт, пра які вы, спадар Зіноўеў, пішаце, — прыватны, рабіць на падставе яго глябальныя абагульненьні пра расейскую замежную палітыку, можа, і ня варта. Хоць для любога расейца, які прыяжджае ў Беларусь і адразу, ужо пры засяленьні ў гатэль, сутыкаецца з дыскрымінацыяй, сапраўды, гэтая дэталь сьведчыць пра рэальнае стаўленьне да яго краіны значна больш, чым любыя палітычныя дэклярацыі. Аўтарытарныя рэжымы вакол Расеі развальваюцца. На міжнароднай арэне галоўнай падтрымкай гэтых рэжымаў была менавіта Масква. Ці трэба зьдзіўляцца, што новыя ўлады былых савецкіх рэспублік, пазбавіўшыся ад аўтакратычных лідэраў, адначасова выбіраюць і новыя замежнапалітычныя арыенціры?

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Эдуард Тобін са Смалявічаў, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, Максім Бярэзінскі зь Менску і Вікторыя Воўкава з Горадні. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG