Калі мой знаёмы пэнсіянэр Васіль Капітонавіч выпраўляецца на свае соткі пад Менскам, сямейнікам ён паведамляе, што паехаў да сястры ў Віцебск. У электрычцы Васіль Капітонавіч, які ўсё жыцьцё працаваў у ЖЭСе, распавядае выпадковаму спадарожніку, што ён – адстаўны падпалкоўнік, а новаму суседу па сотках прадстаўляецца Васілём Канстанцінавічам. Такая дробная і зусім бясшкодная мана не бянтэжыць майго героя, бо даўно, яшчэ з савецкіх часоў стала арганічнай патрэбай і добрым тонам паводзінаў. Не бянтэжыць яна і ягоных сямейнікаў і выпадковага спадарожніка ў электрычцы, і суседа па сотках. Яны ўсе выдатна разумеюць, што Васіль Капітонавіч маніць, але ўспрымаюць ягоную хлусьню за належнае. Бо яны ўсе жывуць і паводзяць сябе гэтаксама.
Гэтая зьява – хлусьня, як заложны фон усяго нашага жыцьця – цікавіла мяне даўно і даўно хацелася зразумець, навошта яна патрэбная? Гледзячы БТ, гартаючы газэты – што дзяржаўныя, што апазыцыйныя, слухаючы палітыкаў з усіх лягераў, я ўвесь час натыкаўся на цэлыя напластаваньні няпраўды, якая накладалася адна на адну з нумару ў нумар, з прамовы ў прамову. Вось прэзыдэнт паведаміў, што чарговыя манэўры праведзеныя ў поўнай адпаведнасьці з правіламі ваеннага часу, а вось апазыцыйныя палітыкі рапартуюць, што выбралі адзінага кандыдата паводле адзінай, хоць і няўдалай схемы... Пры гэтым усе цудоўна разумеюць, што аніякае пагрозы для краіны няма, гэтаксама як і хоць якіх-кольвек шанцаў у вытусаванага з апазыцыйнай калоды кандыдата. Але ўсе пры гэтым захоўваюць вернасьць заложнаму фону і адпаведным правілам публічных паводзінаў, той гульні, у якую добраахвотна гуляюць.
Прыежджыя замежнікі, асабліва заходнікі, не разумеюць нашага жыцьця, нашага грамадзкага быту і нашай палітыкі. Для іх гэта – нейкі паралельны сьвет, у якім людзі белае называюць чорным, мір – вайной, а Васіль Капітонавіч прадстаўляецца Васілём Канстанцінавічам. Калісьці за савецкім часам у нас было тое самае, але тады мы ўсе былі ўдзельнікамі аднаго вялікага спэктаклю – пабудовы камунізму. А цяпер? Дзеля чаго цяпер мы бясконца хлусім самі сабе і іншым? Толькі па інэрцыі?
Вяртаньне да заложнае хлусьні пачалося разам з рэсаветызацыяй – прыходам да ўлады прэзыдэнта Лукашэнкі і ягонымі рэфэрэндумамі. Галасаваньне за роўны статус для беларускай і расейскай моваў быў самай першай вялікай хлусьнёй, якая аб’яднала прэзыдэнта і ягоны электарат. Гэта была адкрыта цынічная хлусьня, бо насамрэч ні пра які роўны статус гаворкі не было. Калі ў вас засталіся ілюзіі на гэты конт, паспрабуйце ў афіцыйным месцы загаварыць па-беларуску, і вы адчуеце сябе папуасам на навуковым сымпозіюме. З гэтага пачалося вяртаньне заложнага фону. Можна, вядома, сказаць, што Лукашэнка падмануў народ, але нельга сказаць, што народ не гатовы быў падмануцца і неяк асабліва працівіўся хлусьні. Хутчэй наадварот. Гэта было пагадненьне большасьці.
Хачу асабліва падкрэсьліць, што гаворка – не пра брак патрыятычных пачуцьцяў альбо пра нейкія адносіны да роднае мовы. Я кажу пра ману, незалежна ад тэмы і прадмета размовы. Бо кожны чалавек выдатна разумее, што рэфэрэндум адкрыў шлюзы для цунамі расейскае мовы, а беларускай у гэтай хвалі была вызначана роля тапельца, якому яшчэ лішні раз наступалі на галаву, калі ён раптоўна выплываў, хапаючы паветра. Зусім не зь нялюбасьці да мовы электарат зрабіў гэта. Проста ня змог Васіль Капітонавіч не назвацца Васілём Канстанцінавічам. Ад патрэбы, так бы мовіць, душы.
Самая важная асаблівасьць нашай хлусьні ў тым, што для яе няма рацыянальнай матывацыі. Навошта хлусіць Васіль Капітонавіч? А проста так. Для чаго? Вось тут увага, нешта важнае, – каб быў парадак.
За савецкім часам расказвалі пра прыбалтаў. Маўляў, прыехалі мы ў Талін і калі пытаемся ў эстонца, як прайсьці да вакзалу, дык абавязкова пакажа ў іншы бок. Гэта нас абурала, бо мы народ ветлівы, ніколі ў такіх выпадках ня хлусілі.
Значыць, ёсьць хлусьня і хлусьня. Хлусьня эстонца, прынамсі, матываваная, зразумелая, хай сабе і непрымальная. А наша? Прыймальная, але не зразумелая, не матываваная.
Менавіта хлусьня, а ня што іншае ляжыць вызначальным чыньнікам пад усім, што з намі адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца заўтра. Менавіта хлусьня ў вялікім і малым робіць наша жыцьцё такім, якое яно ёсьць. Усе астатнія чыньнікі – указы правіцеля і рухі апазыцыі, свабода і дыктатура, міжнародная ізаляцыя і свой адмысловы шлях – усё гэта потым і ўсё перадвызначана заложным фонам хлусьні. Чаму беларускі пэнсіянэр жыве горш за нямецкага? Таму што ў нас свой шлях. Быццам свой шлях – гэта прысуд для народа жыць горш за іншых.
Іншы раз мне здаецца, што хлусьня ўвогуле ляжыць у аснове ўсяго, што робіцца ў сучасным сьвеце. І Савецкі Саюз разваліўся не з-за таго, што было мала свабоды, а з-за таго, што было шмат хлусьні. Знакавыя творы на гэтую тэму напісалі ў Расеі Аляксандар Салжаніцын – ягонае эсэ “Жыць без ілжы”, у Чэхіі – Вацлаў Гавал – ягоны тэкст “Спроба жыць папраўдзе”. 25 гадоў таму, у застойнай сацыялістычнай Чэхаславаччыне дысыдэнт Гавал распавёў пра сваю, чэскую мадыфікацыю нашага Васіля Капітонавіча:
***
“Дырэктар праскай крамы гародніны зьмясьціў у вітрыне, паміж цыбуляю і морквай, лёзунг “Пралетары ўсіх краін, яднайцеся!”
Гэты лёзунг нашаму дырэктару крамы прывезьлі разам з цыбуляй і морквай з базы, і ён павесіў яго ў вітрыне проста таму, што робіць так ужо шмат гадоў, таму што ўсе так робяць, таму што так мае быць. Калі б ён гэтага не зрабіў, мог бы мець праблемы; хто-небудзь нават можа зьвінаваціў бы яго ў апазыцыйнасьці.
Аднак лёзунг на транспаранце мае таксама функцыю знаку. Як такі ён утрымлівае схаванае, але цалкам пэўнае паведамленьне. Яго можна было б сфармуляваць так: Я, гандляр гароднінай XY, сяджу тут і ведаю, што я павінен рабіць; я паводжу сябе так, як ад мяне чакаюць; на мяне можна пакласьціся і мяне ні ў чым нельга папракнуць; я паслухмяны і таму маю права на спакойнае жыцьцё.
Гэтае паведамленьне, само сабой, мае і свайго адрасата: яно скіраванае наверх, да начальнікаў гандляра гароднінай, і адначасова гэта шчыт, за якім дырэктар крамы хаваецца ад патэнцыйных даносчыкаў.
Цяпер уявім сабе, што аднаго дня дырэктар крамы паўстане і ня будзе больш выстаўляць транспаранты зь лёзунгамі, якія ён выстаўляў адно каб яго не чапалі; ня будзе больш хадзіць на выбары, пра якія ён ведае, што гэта зусім ня выбары; пачне казаць на сходах тое, што ён сапраўды думае, і знойдзе ў сабе досыць моцы, каб салідарызавацца з тымі, з кім яму загадвае салідарызавацца ягонае сумленьне.
Праз такое паўстаньне дырэктар крамы выйдзе з жыцьця ў хлусьні, адкіне рытуал і парушыць правілы гульні. Ён знойдзе сваё прыгнечанае я і сваю годнасьць, ён вызваліць сябе. Ягонае паўстаньне будзе спробай жыцьця ў праўдзе.
Рахунак яму выставяць хутка: ён страціць сваю пасаду і вымушаны будзе працаваць шафёрам, развозіць тавары. Ягоны заробак будзе зьменшаны. Яму давядзецца адмовіцца ад надзеі зьезьдзіць на адпачынак у Баўгарыю. Далейшая адукацыя яго дзяцей апынецца пад пагрозай. Начальства будзе да яго чапляцца, калегі будуць глядзець на яго як на дзівака.
Насамрэч дырэктар крамы зьдзейсьніў ня толькі нейкае індывідуальнае, завершанае ў сваёй аднаразовасьці парушэньне, ён зрабіў нешта непараўнальна важчэйшае: парушыўшы правілы гульні, ён скасаваў гульню як такую. Ён пашкодзіў структуру ўлады, перарваўшы яе сувязі; ён паказаў, што жыцьцё ў хлусьні гэта жыцьцё ў хлусьні.
Але з прычыны таго, што ўсе сапраўдныя праблемы і крызісныя зьявы схаваныя пад тоўстым слоем хлусьні, да канца ніколі ня ясна, калі ўпадзе, як той казаў, апошняя кропля, якая перапоўніць бочку, і што за кропля гэта будзе. Таму ўлада прэвэнтыўна і амаль аўтаматычна перасьледуе кожную спробу жыцьця ў праўдзе”.
***
Вацлаў Гавал піша пра непрадказальнасьць усенароднага ўздыму. Ніхто ня ведае, калі і якая кропля перапоўніць бочку. Ніхто, нават ініцыятары аранжавай рэвалюцыі не чакалі, што на майдан выйдзе столькі народу.
Аксамітныя і сьпеўныя рэвалюцыі па сутнасьці сваёй зусім не рэвалюцыі, а выхад з заложнага фону хлусьні ў бязьмежную эўфарыю праўды. Гэта як бы хворы пасьля папраўкі выходзіць зь лякарні ў прахалоднае вясновае паветра і ўдыхае грудзямі ўсю паўнату жыцьця. Гэта сапраўдны цуд. Вось што перажыла нядаўна Ўкраіна – эўфарыю праўды. Затурканыя сваёй будзённай хлусьнёй Васілі Капітонавічы, можа быць, упершыню адчулі, што такое ёсьць насамрэч іхнае жыцьцё.
Гэтае адчуваньне – вось што адрозьнівае нашу сытуацыю ад сытуацыі тых, хто выйшаў. Не дэмакратыя і свабода ці там адкрытасьць усяму сьвету. Гэта ўжо наступствы. Галоўнае – праўда. Калі Лукашэнка кажа, што пераварот у Кіргізіі быў непазьбежны, бо як можна жыць чалавеку за 7 даляраў, ён зноў хлусіць. Бо гаворка не пра суму. Гаворка пра праўдзівую рэальнасьць. Пра тое, як важна ведаць, што сьвет вакол цябе – насамрэч такі, якім ты яго бачыш. Ніхто нічога не прыдумаў, так і ёсьць. Калі ў Францыі зноў страйкуюць фэрмэры, дык гэта зусім ня значыць, што яны жывуць горш за нас, а нават калі і горш, іхная калясальная перавага – гэта рэальнасьць, адэкватнасьць іхнага жыцьця і яны ніколі не прамяняюць яго на наша.
Той, хто жыў у праўдзе, ніколі не пагодзіцца жыць у хлусьні, няхай сабе і больш забясьпечана, сытна і камфортна.
Калісьці “Пінк Флойд” сьпявалі, што самае страшнае для чалавека – гэта быць кімсьці выкарыстаным. Ты жывеш сабе і жывеш, а нехта за тваёй сьпінаю распараджаецца тваімі думкамі, учынкамі, тваім лёсам. У фільме Алана Паркера “Сьцяна”, зьнятым паводле аднайменнага альбому “Пінк Флойд” людзі паступова ператвараюцца ў статак сьвіней. Жахлівае відовішча. Між тым, быць выкарыстаным – зусім нармальны стан для жыхароў патэрналісцкай дзяржавы. Мы жывем харашо, у нас мірнае неба над галавой і чыстыя вуліцы пад нагамі, мы не галадаем, а што яшчэ трэба? Слухаючы соты раз гэтую вулічную філязофію, я раптам уразіўся тым, што калі б у сьвіней на калгаснай фэрме можна было ўзяць інтэрвію, дык адказы былі б такія самыя. Плюс яшчэ два пункты: нашто нам тая свабода, мы ня ведаем, што гэта такое, ад каго свабода? І другое: чаму мы павінны жыць так, як яны, мы ж не такія. Прычым гаворка ідзе ня толькі пра вуліцу. Адзін Лукашэнкаў міністар сказаў неяк журналістам, што ён “человек государев”, а колькі такіх, што засталіся на сваіх пасадах пасьля публічных абразаў і аплявух... Гатовасьць быць выкарыстаным стала найвышэйшай доблесьцю беларускага чыноўніка і жыцьцёвай філязофіяй электарату. Тое, што ў “Pink Floyd” – самае страшнае, што толькі можа з табой адбыцца, у нас – ледзьве не сынонім шчасьця.
Можа быць, гэта “Pink Floyd” тут схібілі. Не. Яны толькі ўдала выказалі сучасную формулу рабаўладальніцтва і апратэставалі яе. Раб – гэта зусім ня той, хто ходзіць у рызманах па арэне Рымскага цырку. Раб можа і ў андатравай шапцы расьсякаць паветра менскага праспэкту Скарыны на патрыманым мэрсэдэсе. Бо раб – гэта тое, што ўсярэдзіне, а ня звонку. Гэта той, хто гатовы да выкарыстаньня.
Найвялікшая хлусьня ў сёньняшняй Беларусі заключаецца ў тым, што нашы эканамічная адсталасьць, прымітыўная мадэль улады, адсутнасьць свабодаў – усё гэта выдаецца за нацыянальную спэцыфіку беларускага мэнталітэту. У гэтым сутнасьць цяперашняе дзяржаўнае ідэалёгіі. Мы жывем горш за іншых, бо мы не такія. Але чаму б нам, не такім, ня жыць лепей за іншых? Насамрэч, тое, як мы жывем, ня мае ніякага дачыненьня да мэнталітэту. Дакладней, мэнталітэт не падключаны да грамадзкіх працэсаў. Наш правіцель ня кажа нам, што мы – эўрапейцы, якія былі адным зь перадавых народаў кантынэнту ў эпоху Рэнэсансу, калі будавалі найпрыгажэйшыя ў сьвеце помнікі архітэктуры, стваралі шэдэўр тагачаснае юрыспрудэнцыі – Статут 1588 году і першымі ва ўсходняй Эўропе надрукавалі кнігу на сваёй роднай мове. Наш правіцель ня кажа, што мы спрадвеку былі народам шляхецкім, адукаваным і спраўным што на зямлі, што на будоўлі, што ў бітвах. І што ўсё гэта напоўніцу адлюстравана ў нашым багатым фальклёры. Калі б ён казаў пра такія рэчы, гэта і было б падключэньнем магчымасьцяў беларускага мэнталітэту да нашае стваральнае працы. І гэта было б праўдай. Але наш правіцель хлусіць. Ён кажа, што мы ніякія не беларусы, а расейцы, ён кажа – наша Масква і наш Пецярбург, хоць яны такія ж нашы, як Лёндан і Парыж. Ён кажа, што нас не было ў гісторыі да бальшавіцкага перавароту, бо да 1917 году ўсё, што мы ведалі – гэта галеча, лапці ды каўтун. І мы згаджаемся, бо прывыклі да гэтай хлусьні за 70 гадоў бээсэсэраўскай прапаганды.
Наша аксамітная ці сьпеўная ці аранжавая рэвалюцыя, якую цяпер нам так актыўна прарочаць, адбудзецца не тады, калі прыйдуць гранты або дастане рэжым правіцеля. Грантаў ніколі ня будзе дастаткова, а рэжым мы вытрымаем любы, сёньняшні з тых, якія бачылі, бадай, яшчэ самы лібэральны. Наша рэвалюцыя пачнецца тады, калі нам самім абрыдне наша дробная і бясшкодная бытавая хлусьня.
Калі ж нам расхочацца хлусьні і захочацца праўды? Адказ на гэтае пытаньне зусім ня просты і наўрад ці ляжыць у плоскасьці тыпалёгіяў. Усё ж такі ў тым, што мы ў часы перастройкі паўтаралі шлях іншых – стваралі народны фронт, абвяшчалі дзяржаўнай родную мову, дэкляравалі сувэрэнітэт і незалежнасьць, забаранялі кампартыю – ва ўсім гэтым было болей, так бы мовіць, статкавага інстынкту “куды ўсе, туды і мы”, чым высьпелай унутранай неабходнасьці. Бо паралельна з гэтым народ масава галасаваў за захаваньне СССР, а пасьля гэтаксама масава – за Лукашэнкаву рэсаветызацыю. Таму адказ трэба шукаць у глыбіннай прыродзе беларускай нацыі, так непадобнай да ўсіх сваіх суседзяў.
Рэч у тым, што з часоў раньняга сярэднявечча панятак маны або хлусьні адсутнічае ў беларускай літаратуры і юрыдычнай практыцы. Антытэзай праўды ў нас спрадвеку была не мана, а крыўда. Менавіта крыўда, а не хлусьня выступае адным з галоўных юрыдычных паняткаў у знакамітым Статуце 1588 году. І менавіта крыўда супрацьстаіць праўдзе ва ўсёй адраджэнскай літаратуры 19-20 стагодзьдзяў. Паводле Янкі Купалы, беларусы нясуць сваю крыўду на сьвет цэлы. Комплекс пакрыўджанага ўвогуле дзіцячы, а малыя дзеці ня ведаюць, прынамсі не ўсьведамляюць адказнасьці за ману.
За сто гадоў пасьля таго, як быў напісаны Купалаў верш, сьвет зьмяніўся. Прайшоўшы праз мноства паралельных рэальнасьцяў, праз ружовыя і брунатныя туманы камунізму ды фашызму, праз не адно масавае ачмурэньне, сьвет зразумеў, што адзінае ягонае выратаваньне – у рэальнасьці, у адэкватным разуменьні таго, што адбываецца з табой і з тваёй краінай. Гэта як пацыент просіць у лекара: доктар, скажыце праўду, якой бы горкай яна ні была. А для чаго? Для таго, каб можна было распарадзіцца сваім лёсам. Праўда важней за ўсе астатнія матывацыі. А цяпер параўнайце гэта з тым, як беларусы адказалі на пытаньне другога Лукашэнкавага рэфэрэндуму ў 1996 годзе. Пытаньне гучала так: Ці хочаце вы ведаць, зь якіх крыніц фінансуецца дзяржаўная ўлада? Ні ў якім разе, – запярэчылі мы. Гэта як бы доктар спытаўся ў нас: ці хочаце ведаць ваш праўдзівы дыягназ, а мы б адказалі: не, толькі, крый Бог, не кажыце.
Так і жывем.
Для “рэвалюцыі” ў сёньняшняй Беларусі трэба, каб народ, прынамсі лідэры грамадзкае думкі перасталі хлусіць. Напрыклад, пра тое, што лёс Беларусі будзе вырашацца ў самой Беларусі – пры тым, што асноўны спадзеў ускладаецца на вонкавыя фактары, а “ў самой Беларусі” нішто не абяцае якіх-кольвек перамен. Усе лідэры апазыцыі гавораць прыблізна тое самае, і словы іх зьліваюцца ў той самы заложны фон.
... Аднойчы ўначы да Васіля Капітонавіча зьявіўся анёл і сувора забараніў яму маніць. Напалоханы пэнсіянэр тры дні ўвогуле маўчаў, пасьля пачаў казаць адну праўду. Вельмі хутка ён зразумеў, што і сямейнікі, і выпадковы спадарожнік у электрычцы, і сусед па сотках пазіраюць на яго як на дзівака. Жыць стала страшэнна няўтульна і нават пакутна. Кожнае слова, пачутае з тэлевізара або прачытанае ў газэце, выклікала алергію, бо літаральна кожнае было хлусьнёю. І ўсё астатняе, што атачала, раптам стала зьдзіўляць сваёй падманлівасьцю. Незразумелай раптам стала пэнсія – не таму што малая, а таму, што невядома чаму менавіта такая. І камунальныя рахункі былі такія таемныя, быццам іх выпісвалі ў КГБ. А кошты ў крамах браліся яўна “зь лямпачкі”. Моцна засумаваў Васіль Капітонавіч. Прысеў на сваіх сотках і першы раз у жыцьці ўсім сэрцам пашкадаваў, што мы не такія, як іншыя, і што ў нас свой гістарычны шлях.