Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры сюжэты пад заслону году


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 12 сьнежня 2004 г.) Новая перадача сэрыі “Вострая брама” прысьвечаная тром тэмам: фільм пра В.Быкава. Рэфэрэндум. Новы сайт Martyraloh.org.

Сёлета, як і заўсёды перад Калядамі, у “Вострай Браме” – інтэлектуальныя здабыткі мінулага году. Пагаворым пра зьмены, што адбыліся і адбываюцца ў нашай сьвядамасьці. Да прыкладу, пра тое, як зьмяніўся погляд на месца дэмакратычных сілаў у грамадзкім жыцьці краіны. Альбо пра новы дакумэнтальны фільм “Васіль Быкаў. Вяртаньне”, які атрымаўся ня роспачным і саркастычным у адносінах да рэчаіснасьці, як гэтага можна было чакаць, а сьцьвярджальным і сьветлым. Нарэшце, згадаем новую старонку ў сеціве Martyraloh.org, на якой прадстаўленыя тысячы драматычных лёсаў людзей – можа быць, вашых сваякоў ці знаёмцаў. Словам, вось тры тэмы і тры сюжэты сёньняшняе перадачы, блізка зьвязаныя міжсобку. Але пра ўсё па чарзе.

Новы фільм пра Васіля Быкава зьявіўся ўлетку. Паводле зьместу яго не назавеш ані афіцыйным, ані апазыцыйным. Ён пра пісьменьніка і пра свабоду. У фільме скарыстанае адмыслова зьнятае інтэрвію Быкава, у якім ён гаворыць тое, што зь цікавасьцю было б пачутае ў кожнай беларускай сям’і. Тым ня менш, гэты фільм немагчыма ўявіць сабе на беларускім тэлебачаньні або ў кінатэатры. Бо фільм ставіць перад гледачом дылему: ці тое, што кажа Быкаў – ненармальнае, непраўдзівае, тэндэнцыйнае, ці гэта лад, у якім мы жывем, такі – ненармальны, непраўдзівы, тэндэнцыйны? Прапаганда цяперашняга рэжыму не аднойчы спрабавала абылгаць Быкава, бо аспрэчыць яго па сутнасьці яна ня можа.

Рэжысэр фільма Віктар Корзун кажа, што падчас працы адчуў дзіўны магнэтызм асобы Быкава і нейкую фантастычную апеку над сабою.

(Корзун: ) “Фільм рабіўся нібыта сам. Як гэта ні містычна гучыць, гэта працяг нейкага апякунства над Быкавым. Паглядзі на жыцьцё Быкава: цудам выжыў, цудам не пасадзілі, цудам не расстралялі, цудам пры ўсіх перашкодах выходзілі кнігі. І, мне думаецца, што фільм стаўся нібы працягам лёсу Быкава. Чаму назва такая – “Васіль Быкаў. Вяртаньне”? Фармальнае вяртаньне Быкава на радзіму сталася вяртаньнем да яго творчасьці ўсёй Беларусі. І нездарма вось гэтая стыхія, якая падчас пахаваньня была на вуліцах Менску, паказала, што ўлады з гэтым не маглі справіцца і нават пабаяліся туды блізка падыходзіць. Калі адчулі надчалавечую прыроду гэтага ўсяго...”

(Голас В.Быкава зь фільма)

(Дубавец: ) Фільм “Васіль Быкаў. Вяртаньне” – невялікая, на дваццаць зь нечым хвілін стужка – вартая прагляду. Яе можна адшукаць у традыцыйных месцах продажу беларускай культурнай прадукцыі.

* * *

Сындром Лукашэнкі вядомы ў гісторыі і расчытваецца дастаткова проста. Лукашэнка кажа тое, што думае народ. Праўда, гэта як правіла самая прымітыўная частка народных думак. Пра тое, што ўлада мусіць быць у жалезных руках, што без Расеі нам не пражыць, што Захад заўсёды нясе пагрозу, хоча нас зьнішчыць... Лукашэнка ніколі не прыдумляе нічога свайго, ён толькі агучвае тыя помыслы, якія прыходзяць у галаву любому чалавеку, але чалавек выхаваны і адукаваны сказаць такое не наважыцца. Напрыклад, пра гітлераўскую Нямеччыну як узор прэзыдэнцкай рэспублікі для сучаснай Беларусі. Або пра чарнобыльскую радыяцыю, якая не кусаецца, дык чаму б не зьбіраць у лесе пад Хойнікамі грыбы-ягады. Нашто гэтыя ўсе перасяленьні? Будзем жыць, як жылі, а там як Бог дасьць. Лукашэнка ніколі ня скажа ня толькі сваёй думкі, але й не прыдумае нічога новага для краіны. Усё, што робіцца пад ягоным кіраўніцтвам, было задумана яшчэ ў савецкай Беларусі. Ён ні на крок не адступаецца ад гэтых плянаў, таму так і ўчапіўся ў нерэнтабэльныя заводы, калгасы, сымболіку і нават русыфікацыю. Ягоны лёзунг – хай усё будзе, як ёсьць. І гэты лёзунг адпавядае самым простым і масавым пажаданьням народа: табе што, больш за ўсіх трэба?

Сындром Лукашэнкі сьведчыць, што альтэрнатывы яму быць ня можа. Па-першае, таму, што ён ужо заняў нішу прымітыўных думак, а яна, бадай самая масавая, бо кожны чалавек дапускае слабасьць у думках сваіх. Адваротная пазыцыя – з падзелам улады, свабодай і г.д. – таксама прымаецца народам, але гэта ўжо якбы намаганьне над сабою. Трэба ўспомніць, чаму цябе вучылі і як выхоўвалі. І таму другая прычына безальтэрнатыўнасьці – у тым, што інтэлектуал і дэмакрат у любым грамадзтве будзе мець зусім невялікую падтрымку. Ён бы можа і меў шанцы ў часы эканамічнага краху. Але ў тым і заключаецца трэцяя прычына, што такога краху няма і ў бліжэйшы час не прадбачыцца.

Інакш кажучы, зусім аб’ектыўна пошук пэрсанальнае альтэрнатывы Лукашэнку ня мае сэнсу.

Досьвед ці ня ўсіх краінаў, што выйшлі з дыктатуры, паказвае, што альтэрнатывай дыктатару можа быць не пэрсона ў прапанаванай сыстэме, а іншая сыстэма са сваімі пэрсанажамі. І апазыцыя мусіла б не шукаць антылукашэнку, а ўвасабляць сабою іншую сыстэму каштоўнасьцяў, іншы лад жыцьця, іншую філязофію. Змаганьне на ўзроўні камунальных плацяжоў ці цэнавай палітыкі – заведама прайгранае. Бо апазыцыя ніколі не апусьціцца да таго, каб казаць народу, колькі масла трэба намазваць на хлеб. А Лукашэнка скажа, ён гэтую нішу ўжо заняў.

Лягічнае пытаньне: якую такую альтэрнатыўную філязофію мусіла б прапанаваць апазыцыя? Нічога звышарыгінальнага не скажу. Ёсьць досьвед нашых суседзяў, якія гэты шлях ужо прайшлі, і які ў нас пакінуты недзе ў бестэрміновым запасе. Першае – гэта камунізм, зь якога расьце ўся папулісцкая рыторыка дыктатара. Беларусь – ці не адзіная краіна ў сваім рэгіёне Эўропы, дзе па-ранейшаму стаяць Леніны зь Дзяржынскімі і адзначаюцца савецкія сьвяты. Дзе па-ранейшаму КГБ хавае тайну пра 600 тысяч “ворагаў народу”. Вы скажаце, што асуджэньне камунізму неактуальнае. Для Лукашэнкі – так, бо ён на гэтай самай “неактуальнасьці” і трымаецца. Для апазыцыі – гэта менавіта яе занядбаная дзялка. Пэрманэнтны грамадзкі працэс над злачынствамі камунізму, меў бы шмат большы эфэкт, чым пратэсты супраць дыктытуры, бо гэта была б дзейнасьць на сваёй тэрыторыі. Часткай гэтага працэсу быў бы грамадзкі суд над злачынствамі ўладаў пасьля Чарнобыля. Калісьці нешта такое ладзілі, але яно не прагучала і на тым забыліся.

Суд над камунізмам – гэта разьвітальны працэс, які ў завяршэньні мусіў бы ператварыцца ва ўсенароднае пакаяньне. Так ці інакш у камунізьме браў удзел народ. А пакаяньне – гэта сьветлая і надзвычай энэргетычная працэдура. Якой бракуе нам, каб сказаць, што працэс фармаваньня беларускай нацыі адбыўся. Лукашэнка пра гэта не гаворыць, бо ягоная ўлада трымаецца на недааформленасьці беларусаў як нацыі. Такой публікай лягчэй маніпуляваць. А сьледам за ім не адсочвае гэтага працэсу і апазыцыя. Хоць гэта яе сфэра, задача і філязофія. У адрозьненьне ад некаторых іншых нацыяў, беларуская запачаткаваная на мове. Але справа пашырэньня беларушчыны ня стала лейтматывам дзейнасьці апазыцыі. Хоць здавалася б – гаварыце па-беларуску і ўжо толькі адно гэта на самым знакавым узроўні пакажа народу, што вы – альтэрнатыва.

Каб дамагацца перамогі свабоды і дэмакратыі, трэба найперш, каб насельніцтва адчула сябе народам, гэта значыць сьвядомаю сілаю, адным арганізмам. А для гэтага ў беларусаў няма іншага інструмэнту, апроч мовы. Калі палякі могуць яднацца касьцёлам, а літоўцы – памяцьцю пра 20 гадоў сваёй даваеннай незалежнасьці, дык у беларусаў ёсьць іхная мова. Вядома, патрэбная асьветніцкая праца і наогул – дзяржаўная палітыка. Але калі гэтага няма, гэта ня значыць, што гэта трэба адкладаць на заўтра. Часта найбольш эфэктыўны спосаб – гэта асабісты прыклад. Лукашэнка па-беларуску не загаворыць ніколі, бо адразу перастане быць Лукашэнкам. Гэта не ягоная тэрыторыя. Ён агучвае прымітыўныя думкі пра грубасьць беларускага языка і цынічна прызначае сваім прэс-сакратаром кабету бязь веданьня дзяржаўнае мовы. Здавалася б самая простая лёгіка мусіла б падказаць апазыцыі, што гэта яе знак, яе тэрыторыя.

І вось тут адбываюцца зусім дзіўныя рэчы. Ня ведаю, адкуль гэта пайшло, але ўсе гавораць пра патрэбу аб’яднаньня апазыцыі. Кажуць палітолягі, кажуць слухачы Радыё Свабода, кажа і сама апазыцыя. Але досьвед мінулага году, калі апазыцыя ўчыніла такое мэханічнае аб’яднаньне, ніякага толку ня даў. Чаму? Таму, менавіта, што аб’яднаньне чыста мэханічнае. Скажам, калі кансэрватары аб’ядноўваюцца ў кааліцыю з камуністамі, а пры гэтым самі бясконца дзеляцца ў сваіх ідэйных расплодзішчах. У нас тры ці нават болей франтоў, дзьве, здаецца, кампартыі і незьлічоная колькасьць сацыял-дэмакратаў. Ідэйныя ядры працягваюць дзяліцца, а аб’ядноўваюцца зь іншымі на цалкам безыдэйнай аснове. У выніку партыі ня толькі страчваюць свае адметныя рысы, але й паралізаваныя ў сваіх прынцыпах і дзейнасьці. Дапусьцім калі б БНФ і надумаўся праводзіць лінію антыкамунізму, як яму рабіць гэта ў кааліцыі з камуністамі? Або як пашыраць беларускую мову, калі партнэры ня лічаць гэтую праблему за праблему? У выніку ўся дзейнасьць зводзіцца да хаатычных пошукаў новага Ганчарыка і хаджэньня ад дзьвярэй да дзьвярэй, гэта значыць – да залажаньня на тэрыторыю дыктатара-папуліста, дзе апазыцыі ад пачатку і паводле вызначэньня месца няма. У той час як на тэрыторыях апазыцыі калі не пустата, дык працуюць некалькі энтузіястаў. Пра адну такую працу я распавяду сёньня. Але спачатку зраблю высновы.

Антыбеларускі дыктатар-папуліст трымаецца на рудымэнтах камуністычнага мінулага і шчыра цешыцца, калі дэмакратычныя сілы краіны спрабуюць гуляць паводле ягоных правілаў і на ягонай тэрыторыі, дзе ён непераможны. Тым часам іншыя ідэйныя тэрыторыі, на якіх толькі і можа паўстаць новая сучасная дэмакратычная Беларусь, застаюцца незаселенымі і незапатрабаванымі. У выніку апазыцыя не ўяўляе зь сябе альтэрнатыўнай сыстэмы. З чаго складаецца такая сыстэма? Па-першае, з праўды. Нельга казаць пра блізкія крахі рэжыму, калі ўсе бачаць, што гэта – хлусьня. Нельга сьледам за элегантнымі і сакрушальнымі перамогамі ў вуснах Лукашэнкі заяўляць пра свае перамогі маральныя, калі для ўсіх відавочны правал. Нельга паўтараць, што беларуская праблема вырашыцца ў самой Беларусі, пры гэтым ня маючы ніякіх відаў на такое вырашэньне і шчыра ды таемна спадзеючыся на такое вырашэньне звонку. Перастаць хлусіць самім сабе. Гэта першае. Другое – падняць з пылу і друзу сьцяг антыкамунізму і лёзунг суду над камунізмам. Заявіць пра гэта як пра прынцып сваёй дзейнасьці і пэрманэнтны працэс. Гэта ілюзія, што камунізм у Беларусі неактуальны. Уся рыторыка Лукашэнкі зь яе апэляцыямі да прымітыўных жаданьняў пралетарскай душы – уся яна трымаецца менавіта на спадчыне камунізму. Трэцяе – узяць на сябе адказнасьць за фармаваньне нацыі. Мы народ і галасуючы за Беларусь, мы павінны разумець, за што галасуем. За сваю нацыянальную годнасьць, за родную мову, за сваю багатую гісторыю і эўрапейскі выбар краіны. Гэта якраз бязьдзейнасьць апазыцыі ў гэтым накірунку прывяла да поўнага абсурду, калі “за Беларусь” у сьвядомасьці людзей значыла “за Лукашэнку”, па-сутнасьці “супраць Беларусі”. Калі б ужо толькі беларуская мова ў сьвядомасьці народу асацыявалася з дэмакратычнымі сіламі, а так яно і мусіць быць, Лукашэнка ніколі б ня выставіў лёзунг “за Беларусь”, маючы на ўвазе сябе.

Апазыцыя губляе Беларусь, губляе шырокія масы насельніцтва, тады як дыктатар замацоўвае за гэтымі масамі становішча неданацыі, натоўпу, якім лягчэй маніпуляваць. Зразумела, што нічым добрым такое становішча ня скончыцца. Але на ягоны век хопіць. І яму гэтага дастаткова.

* * *

Чалавек – сьмяротны. І адзінае, што суцяшае яго – гэта недарэмнасьць пражытага жыцьця. Інакш кажучы, памяць, увасобленая ў дзецях і ўнуках, у тых ягоных справах, плёнам якіх будуць з удзячнасьцю карыстацца нашчадкі, і ў тых ягоных думках, якія камусьці дапамогуць ці засьцерагуць ад бяды праз шмат гадоў пасьля ягонага зыходу. Тое самае тычыцца і цэлых пакаленьняў. Адзіная суцеха ім – гэта недарэмнасьць пражытых дзён. Калі ў краіне застой або краіна вяртаецца да колішніх больш прымітыўных формаў жыцьця, тады чалавеку і пакаленьню выпадае адганяць ад сябе навязьлівае адчуваньне дарэмнасьці таго, што адбываецца навокал і ў табе самім, адганяць думкі пра гістарычную пэрспэктыву, якая нам не належыць, бо нічога не залежыць ад нас. У гэтым сэнсе нашы суседзі, якія цяпер уступілі ў аб’яднаную Эўропу, выбралі сабе больш прадказальны шлях. Яны ў прынцыпе могуць уявіць сабе тое грамадзтва, у якім будуць жыць іхныя дзеці і ўнукі. Яны бачаць на тэлеэкране маладых палітыкаў і разважаюць пра тое, хто зь іх праз дваццаць гадоў зможа заняць кіроўныя пасады. Для сучаснага беларуса такое ўяўленьне выключана. Сёньня ў нас усё вырашае адзін канкрэтны чалавек, якому няма і ня можа быць адэкватнай замены. Але і гэты чалавек ня вечны. Выбіраючы яго зноў і зноў, многія беларусы тым самым забясьпечваюць сябе адноснай стабільнасьцю і нязьменнасьцю існаваньня паводле прынцыпу: на мой век хопіць. Што будзе пасьля яго – абвал, паніка, хаос – невядома. Мы пакідаем гэтую сытуацыю нашым дзецям, пры тым ніяк не забясьпечваючы іх ад самых благіх прагнозаў. І ў гэтым сэнсе мы дарэмна пражываем наша цяперашняе жыцьцё, думаючы адно пра сёньняшні дзень.

Між тым, наша будучыня, варта нам толькі перастаць пра яе думаць, аўтаматычна аказваецца на нашым шляху ззаду – у тым часе, які мы нібыта ўжо прайшлі. А гэта ж праўда, што прайшлі мы ўжо і сталінскі таталітарызм і застой савецкай Беларусі. Прайшлі, але забылі, страцілі гістарычную пэрспэктыву. І цяпер тое пройдзенае аўтаматычна перамясьцілася наперад і чакае нас ужо ў заўтрашнім дні. Урокі гісторыі не заўсёды прыемныя і займальныя. Але іншы раз трэба завучваць і паўтараць іх сіламоц, абуджаць у сабе цікавасьць да іх, каб засьцерагчыся ад паўтарэньня памылак у будучыні.

Менавіта з такой думкай сёлета быў створаны новы беларускі інтэрнэт-рэсурс , прысьвечаны ахвярам і катам камунізму ў Беларусі. Ідэя і слёган гэтага сайту просты – знайдзі сваіх. Сваякоў, знаёмых. Нават не заходзячы на гэты сайт адмыслова, чалавек мае ўсе шанцы сутыкнуцца з гісторыяй лоб у лоб. Да прыкладу, ёсьць такое простае дзеяньне ў інтэрнэце – напісаць у пошукавай сыстэме сваё прозьвішча і паглядзець, дзе ў сьвеце ёсьць твае сваякі ці ўвогуле людзі з такім самым прозьвішчам. І цяпер усё часьцей інтэрнэтная шукалка будзе выводзіць вас на Мартыралёг. Калі ўлічыць, што ўсяго ў Беларусі паводле самых сьціплых афіцыйных зьвестак былі рэпрэсаваныя 600 тысяч чалавек, а цяпер на сайце – каля 5 тысяч ахвяраў, дык можна сабе ўявіць, як многа працы чакае стваральнікаў сайту наперадзе. І гэта пры тым, што ўжо сёньня сапраўды рэдкае беларускае прозьвішча не адгукнецца з новага сайту трагічным лёсам сваяка, земляка ці знаёмага.

Апроч сьпісу бязьвінных ахвяраў камунізму на сайце Martyraloh.org ствараецца і сьпіс карнікаў – супрацоўнікаў НКВД, якія спрычыніліся да незаконных рэпрэсіяў. Яшчэ адзін важны разьдзел сайту – бібліятэка. Кнігі і публікацыі пра камуністычны генацыд у Беларусі. Тэма сталінскіх рэпрэсіяў на афіцыйным узроўні фактычна закрытая ў часы цяперашняга аўтарытарызму і інтэрнэт – ці не адзінае публічнае месца, дзе такія выданьні можна сабраць разам.

Стваральнікі сайту Martyraloh.org зьвяртаюцца да ўсіх, хто ведае і памятае пра пацярпелых ад камуністычнага рэжыму людзей і хто можа паведаміць пра іх, з просьбай зрабіць гэта на адрас сайту або звычайнай поштай на адрас Радыё Свабода з пазнакай “Мартыралёг Беларусі”. Памятайма, што для нашых забытых продкаў такое паведамленьне будзе сьведчаньнем недарэмна пражытага жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG