25 ліпеня, нядзеля
Вызваніў мяне па мабільніку на Лысай гары завадатар многіх імпрэзаў і выставаў Аляксей Марачкін, зь якім маю прыязныя адносіны яшчэ зь ягонага жодзінскага пэрыяду. Вызначыў Аляксей канчаткова, што мастакоўскі пленэр у Бычкох, прысьвечаны 80-годзьдзю Васіля Быкава, распачнецца 5 жніўня. Дамовіліся, што ў дзень ад’езду вазьму ў маю машыну Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, зь якім суседжу па адным гіганцкім – на вялізны квартал – і надзвычай зялёным двары, які прымыкае да Батанічнага саду, а таксама, калі будзе патрэба, кагосьці з мастакоў...
На сходзе садаводчага таварыства “Ўзгор’е-2” пры гармідары выбараў новага праўленьня прагучала ананімная прапанова: “...абраць пяць чалавек і адну жэншчыну!” Гэты міні-сюжэт можна было б падарыць шаноўнаму Нілу Сымонавічу Гілевічу, але ён, на вялікі жаль, раскрыў таямніцу псэўданіму, а тым самым пазбавіў знакаміты “Сказ пра Лысую гару” ня толькі арэолу таямнічасьці, але й закрыў пэрспэктывы стварэньня паэтычных працягаў і адгалінаваньняў... Выбітны, легендарны твор, а шмат страціў, пазбыўшыся ананімнасьці!
Нават не ўяўляў, што такой працаёмкай і маруднай акажацца расшыфроўка аўдыёкасэт, нагавораных мною на дыктафон. Сабралася іх зь дзясятак, а за паўдня не адужаў перавесьці на паперу й аднаго боку – паловы касэты.
26 ліпеня, панядзелак
Хатні факс-мадэм прынёс дзевятнаццаць лістоў, у тым ліку – і ад дачкі Алесі, што паехала ў моладзевы летнік пад Львоў кіраўнічкаю беларускай дэлегацыі на міжнародны сэмінар “Эўрапейская мазаіка”. Піша на беларуска-заходнеўкраінскай трасянцы, з гумарам і самагіроніяй, а я па-добраму зайздрошчу нашым дзецям, якія маюць зусім іншыя стартавыя мажлівасьці.
Месяц таму езьдзіў са сваімі дзяўчатамі ў вандроўку на Браслаўшчыну, а калі праяжджалі па Глыбоччыне, дык згадвалі, што адтуль паходзяць бацькі рэжысэра Ежы Гофмана, які зьняў, а ў тым ліку – і на Глыбоччыне, гістарычны блёкбастэр “Патоп”. Пад такой самай назваю атрымаў па электроннай рассылцы й падборку фатаздымкаў, зробленых у сталіцы ўчора пасьля залевы. Асабліва ўразілі падтапленьні транспартнага тунэлю на вуліцы Няміга, сутарэньняў Петрапаўлаўскага сабору й гандлёвага дому “На Нямізе”. Мімаволі прыгадалася магутная й нечаканая навальніца, якая прагрымела па-над горадам некалькі гадоў таму, пагнала ў падземны пераход станцыі мэтро “Няміга” сотні маладых людзей і прывяла да жудаснай трагедыі на прыступках.
Кажуць, што творцы здольны прадбачыць падзеі – і трагічныя таксама. Дык ці ня тую трагедыю прадбачыў Рыгор Сітніца, калі маляваў прыступкі пераходу яшчэ дзесяць гадоў таму? І ці не папомсьціцца людзям ізноў, ці не пакажа свой нораў згаданая яшчэ ў “Слове пра паход Ігаравы” – як залітая крывёю, а цяпер – забруджаная й закаваная ў жалезабэтонны калектар Няміга-рэчка?!
27 ліпеня, аўторак
Чатырнаццаць гадоў таму быў абвешчаны сувэрэнітэт Беларусі. Дата гэтая зь дзевяноста першага да дзевяноста шостага году нават адзначалася як нацыянальнае сьвята. Праўда, адзначалася досыць дэкляратыўна, каляндарна, будзённа. Можа, праз тое, што незалежнасьць ледзь не сама ўпала ў рукі, а кроў за яе пралілі жмудзіны пры Віленскай тэлевежы й грузіны пад сапёрнымі рыдлёўкамі? А можа, і праз тое, што называўся той дакумэнт надта ж па-савецку: “Дэклярацыя Вярхоўнага Савету Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”? Адшукаў у сваім архіве даўнюю выцінанку – пажоўклы аркуш газэтнай паперы. Але сёньня ані згадкі не знайшоў пра тую Дэклярацыю з дванаццаці артыкулаў – нават у “Народнай волі”.
Рэабілітаваў газэту матэрыял, у якім пададзена сэнсацыйная лічба. Паводле Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, амаль 35 адсоткаў апытаных назвалі першай беларускай дзяржаваю Вялікае княства Літоўскае! І гэта пры тым, што некалькі месяцаў таму па васямнаццаць, сямнаццаць і пятнаццаць адсоткаў мелі, адпаведна, Рэспубліка Беларусь, БССР і БНР. Калі верыць гэтым лічбам, дык вынікае, што ў беларусаў насуперак усім інтэгратарам размываецца постсавецкі кансэрватызм і расьце жаданьне легітымізаваць, абгрунтаваць для саміх сябе беларускую дзяржаўнасьць. Таму сёньня суайчыньнікі мусілі б узьняць флеты, каб сьвята нацыянальнага яднаньня як мага хутчэй вярнулася ў календары.
Павінна будзе паявіцца ў іх і іншае сьвята. Пра Дзень беларускай вайсковай славы нагадаў Мікола Купава. Здавалася б, у засьмяглым мэгаполісе пануе “мёртвы сэзон”, а вось Мікола не стамляецца шчыраваць. У якасьці запрашэньня да ўдзелу ў мастацкай выставе даў ён раздрукоўку тэматычнага пляну “490 гадоў ад часу Вялікай бітвы пад Воршай (8 верасьня 1514 году)”.
28 ліпеня, серада
Кожнага разу, едучы ў Жодзіна, цягну, як той кніганоша, торбы кніжак. Навінкі з выдавецкіх запасаў асядаюць на паліцах гарадзкіх бібліятэк, мастацкай школы, у прыватных зборах сваякоў.
Дырэктарка краязнаўчага музэю Галіна Іванаўна Аніскевіч падрыхтавала да подпісу цэлы стос актаў на перададзеныя раней экспанаты. Правяла й па музэі, а дакладней – па ягоным памяшканьні, бо экспазыцыя яшчэ практычна не разгорнутая. Як заўсёды, не стае на культуру фінансаў, дый сам будынак былога гарсавету, збудаваны ў 1956 годзе, патрабуе дбайнага рамонту й асталяваньня. Але ягоны сталінскі ампір з правінцыйным наівам мне да душы.
У горадзе два помнікі Леніну. Вобраз, што пры былым гарсавеце – больш прагматычны. За брэжнеўскім часам Уладзімір Ільіч паказваў жодзінцам шлях у сталоўку, якая месьцілася на процілеглым баку плошчы, а цяпер будынак той арандуе прадпрыемства па разьліве воцату. У тым самым накірунку едзем з Галінай Іванаўнай на маёй “Аudi”, бо пагадзілася яна пабыць за гіда й у жодзінскага цудатворцы Генадзя Пузанкевіча.
Лясьнік, цясьляр, пчаляр, садоўнік, арнітоляг, фатамайстра авалодаў яшчэ й унікальнай прафэсіяй таксыдэрміста. На ягонай сядзібе – аранжарэя з экзатычнымі расьлінамі, сажалка-копанка, шыхт з хлеўчукоў, клетак і вальераў, у якіх даглядаюцца птушкі й жывёлы – ад фазанаў да... нільскага кракадзіла. У садзе – альпійскія горкі, пасадкі кедрача, грушы, прышчэпленыя на арабіне, яблыня, на якой плады трынаццаці (!) гатункаў... Выклікаюць захапленьне й фаліянты са здымкамі, зробленымі спадаром Генадзем як на Беларусі, у Архангельскім краі, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, так і на выспе Шры Ланка й ня ў менш далёкай Кеніі. Але галоўная “разынка” – гэта, безумоўна, калекцыя пудзілаў птушак і жывёл на 260 (!) адзінак.
Сядзібу Пузанкевічаў пачыналі асталёўваць яшчэ прадзед, дзед і бацька спадара Генадзя. Цяпер будуецца на суседняй дзялянцы ягоны сын. Дый наагул жодзінцы, падобна, спадзяюцца найперш на саміх сябе. Пашырае вэранду мой шурын Мікола, паціху даводзіць да ладу свой катэдж стрыечны брат Ігар. Кажу – “свой”, бо Алесь Аркуш, жодзінец ад нараджэньня, чамусьці дагэтуль упэўнены, што катэдж той належыць мне.
Гадаваліся мы з Алесем на вуліцы з тыпова беларускай назваю Партызанская. Дамы нашыя стаялі ледзь не насупраць, а ўскормлены мы былі, адрозна ад Ромула й Рэма, малаком не ваўчыцы, а “літаратурнай” каровы. Карову тую трымаў Алесеў дзед, а нашая сям’я купляла ў яго малако.
Але й цяпер, калі наяжджаю ў Жодзіна, хораша нажыўляюся ня толькі з крыніцы па-за плацінаю на Плісе й вішнямі з саду дзядзькі Вані, але й жыцьцядайнай энэргетыкай зямлі, якая ўзгадавала. А сярод людзей, якія мяне расьцілі, і баба Вольга. Яна дагэтуль заве мяне Вавусем і шчыра радуецца прывезеным са сталіцы пачастункам. Вось ужо васямнаццаць гадоў як напаўпаралюшная ад інсультаў, яна, як саматужны філёзаф, услых разважае пра рэтраспэктывы і пэрспэктывы жыцьця. Днямі дачакалася праўнука, цяпер чакае свайго васьмідзесяцігодзьдзя.
29 ліпеня, чацьвер
Па электроннай пошце адаслаў віншаваньне з днём народзінаў дачцэ Хрысьціне. Празь сеціва, спадзяюся, атрымае яна яго ў Інтэрнэт-клюбе ў польскім гародку Леба, што на Балтыцы.
Дзень зьнітаваны й з другім нараджэньнем. Сёньня забраў з “радзільні” сваю пляменьніцу й хрэсьніцу Ірыну зь ейным немаўляткам-“ільвёнкам”, бо ягоны бацька, альтыст Хахлоў (ня блытаць з альтыстам Данілавым Уладзіміра Арлова, якога ня блытаць з Уладзімерам Арловым!) толькі ў нядзелю вернецца з гастроляў у Аўстрыі.
А звычайная пошта прынесла з Чыкага пульхныя капэрты ад аднаго з маіх літаратурных настаўнікаў – Ванкарэма Нікіфаровіча. У іх – выцінанкі зь беларускамоўных і расейскамоўных газэт, сярод якіх і пераклад на расейскую мову быкаўскай прыпавесьці “Кошка й мышка” – мая першая заакіянская публікацыя. Гэта нечым сымбалічна, бо на заўтра заплянаваны перамовы з Уладзімірам Ільічом Лапцёнкам пра сумеснае выданьне “Доўгай дарогі дадому” па-расейску.
Апублікаваньне нязнаных твораў, прэзэнтацыі новых выданьняў, навуковыя канфэрэнцыі, літаратурныя вечарыны – увесь год праходзіць пад знакам Васіля Быкава!