Канцэрт адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай фільгармоніі. “Летува” — гэта прафэсійны зводны ансамбаль мастацтваў, які ўключае ў сябе харэаграфічную групу, аркестар народных інструмэнтаў і хор. Ансамбаль створаны 67 гадоў таму вядомым дасьледчыкам літоўскага народнага мастацтва, таленавітым кампазытарам, прафэсарам Ёнасам Швядасам. “Летува” правяла больш за восем тысяч канцэртаў ня толькі ў Літве, але і ў 34 краінах сьвету.
Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас лічыць “Летуву” нацыянальным скарбам Літвы.
“Я рады, што ў нас ёсьць такая магчымасьць прадставіць самае прыгожае і лепшае, што мы маем. І я вельмі рады, што беларускія гледачы могуць бачыць культуру Літвы. Літоўцы кантактуюць зь беларусамі, і гэта вельмі важна — пазнаюць адзін аднаго праз культуру, каб збліжацца, а не адасабляцца. Мы такую задачу ўвесь час і ставім — як мага лепш ведаць адны адных”.
Соўсь: “У рамках адзначэньня 15-годзьдзя дыпляматычных дачыненьняў паміж нашымі краінамі літоўская амбасада прадставіла для беларусаў вельмі шырокі спэктар літоўскай культуры — і жывапіс, і тэатар, і джаз, і клясычная музыка, і народныя танцы і сьпевы...”
Багдонас: “Усё тое, што ў нас ёсьць, чым мы можам ганарыцца, мы і паказалі. Апошнім быў вельмі папулярны дзяржаўны ансамбаль песьні і танца “Летува”, яму ўжо 67 гадоў. 7 сьнежня яны выступаюць у Горадні. Сьвяткаваньне — сьвяткаваньнем. Я буду і надалей як мага болей знаёміць беларускіх гледачоў зь літоўскай культурай — жывапісам, тым жа джазам. Самыя розныя праекты ў нас абмяркоўваюцца”.
Соўсь: А Вам асабіста якая імпрэза была найбліжэйшая?”
Багдонас: “Асабіста я вельмі люблю клясычную музыку. У Менску выступаў квартэт Чурлёніса, наш драматычны тэатар цудоўную п’есу паказаў. Што мне падабаецца, гэта іншая справа. Для мяне галоўнае, каб увесь спэктар прадставіць...” — кажа літоўскі амбасадар.
Мерапрыемствы з нагоды 15-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў паміж Літвой і Беларусьсю распачаліся ў чэрвені шэрагам канцэртам знакамітых выканаўцаў джазу — Алега Малакаедава, Леаніда Шынкарэнкі, Вітаўтаса Лабуціса, Вітаўтаса Грыбляўскаса ды іншых. У кастрычніку ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва зрабілі ўнікальную выставу “Экспрэсія Ніды”, у фільгармоніі выступіў знакаміты квартэт імя Чурлёніса. У лістападзе ў тэатры Янкі Купалы п’есу “Эліта” прадставіў Літоўскі нацыянальны драматычны тэатар. У Нацыянальным мастацкім музэі адкрылася выстава Мсьціслава Дабужынскага “Старая Літва”, а ў сьнежні ў каледжы мастацтваў прайшла выстава нацыянальнай мастацкай школы імя Чурлёніса.