Сёньня раніцай на зьезьдзе былі агучаны вынікі другога туру галасаваньня па выбарах старшыні Партыі БНФ. Абодва кандыдаты Вінцук Вячорка і Алесь Міхалевіч па рэглямэнту не набралі патрэбнай колькасьці галасоў. У зьвязку з гэтым Уладзімер Лабковіч прапанаваў унесьці зьмены ў рэглямэнт і правесьці паўторнае галасаваньне.
Алесь Міхалевіч: “Я запрапанаваў бы адным з варыянтаў знаходжаньне кампраміснай фігуры, якая б задаволіла і Вінцука Вячорку, і мяне, якога б вы запрапанавалі супольным кандыдатам на пасаду старшыні дзеля таго, каб захаваць адзінства партыі”.
Юры Хадыка назваў такую прапанову неканструктыўнай.
Юрась Губарэвіч сказаў, што трэба прызначыць выканаўцу абавязкаў старшыні партыі і праз месяц правесьці другую сэсію зьезда. Спадар Лабковіч заявіў, што такі варыянт непрыймальны, тым больш, што правядзеньне зьезду каштавала каля 12 тысяч даляраў.
Падчас дыскусіі Лявон Баршчэўскі прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні.
Вінцук Вячорка заявіў, што трэба правесьці паўторныя выбары:
“Я ні ў якім разе не чапляюся за крэслы і пасады. Мной і маімі сябрамі, якія стваралі фронт, кіруе адказнасьць за тое, каб захаваўся фронтаўскі дух, каб наша ідэйная партыя не ператваралася ў прагматычную карпарацыю. Я гатовы быць гарантам ідэйнасьці фронту, але калі я сёньня пачуў ад Лявона Баршчэўскага гатоўнасьць вылучацца на старшыню, я з задавальненьнем яго падтрымаю. І чакаў бы адказу спадара Міхалевіча на гэтую прапанову”.
Алесь Міхалевіч: “Я здымаюся на карысьць Лявона Баршчэўскага. І заклікаю усіх людзей, якія галасавалі за мяне падтрымаць яго кандыдатуру”.
Такія заявы спадароў Вячоркі і Міхалевіча былі сустрэтыя аплядысмэнтамі.
Спадар Баршчэўскі папрасіў перапынак для кансультацый з атачэньнем, бо ніхто ня ведаў пра ягонае рашэньне балятавацца. Урэшце пачалі складаць бюлетэнь для галасаваньня.
Галіна Сямдзянава, якую таксама прапанавалі ў якасьці кандыдата, узяла самаадвод.
Лявон Баршчэўскі быў абраны на безальтэрнатыўнай аснове бальшынёй дэлегатаў – 211 з 236.
У сваёй праграмнай прамове спадар Баршчэўскі заявіў, што даў згоду ўзначаліць партыю толькі на два гады.
“Наша задача усяго фронту перадаць фронт у цэлым, аб’яднаным стане ў рукі, каго б там ні было, наступнага старшыні. У лепшым стане, чым ён ёсьць сёньня. І ў часе гэтых закулісных перамоў было цьвёрда засьведчана, што я, як антыкрызысны чалавек прыходжу, каб не было адчуваньня паразы, і адчуваньня нейкай глябальнай перамогі ў адных, і ў другіх. Гэта вельмі важны псыхалягічны клімат”.
Спадар Баршчэўскі сказаў, што захавае пераемнасьць у кіраўніцтве. Ён заявіў, што “нельга здраджваць брэнду БНФ” і паабяцаў разабрацца з тымі, хто ў парушэньне партыйнай дысцыпліны на кангрэсе дэмсылаў перайшоў у фракцыю “За свабоду”.
Спадар Баршчэўскі будзе весьці перамовы з Аляксандрам Мілінкевічам.
“Аднак больш быць нагамі проста ў людзей, якія потым ня маюць перад намі ніякіх абавязкаў, фронт не павінен”.
Лявон Баршчэўскі прапанаваў увесьці пасаду намесьніка, які будзе займацца міжнароднымі кантактамі і пры патрэбе выконваць абавязкі першага намесьніка старшыні. На яе на безальтэрнатыўнай аснове быў абраны Вінцук Вячорка.
Таксама безальтэрнатыўна абраны намесьнікам па арганізацыі палітычных кампаній Віктар Івашкевіч. Алесь Міхалевіч будзе адказваць за партыйнае будаўніцтва і выбарчыя кампаніі, сувязь зь іншымі суб’ектамі Беларусі. Рэгіянальны накірунак узначаліў Юрась Губарэвіч. Інфармацыйна-ідэалягічны кірунак – Аляксей Янукевіч.