Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Восемдзесят працэнтаў апазыцыйнага актыву – гэта “стукачы” КДБ…”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 9 жніўня 2006 году.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста колішняга майго прыхільніка й аднадумцы, што стаўся цяпер апанэнтам і крытыкам. Наш даўні сябар і аўтар Мікалай Волін зь Менску цягам доўгіх гадоў вельмі прыхільна ставіўся да перадачы “Паштовая скрынка 111”. А вось у апошнім сваім допісе прызнаецца, што расчараваўся ў ёй.

“Спадар Жданко! Я ставіўся да Вас з сымпатыяй, цаніў Вашы разумныя камэнтары да лістоў на “Свабоду”. Але сёлетняя выбарчая кампанія рэзка зьмяніла маё стаўленьне да Вас. Так званыя “аналітыкі” “Свабоды” – Карбалевіч, Дракахруст і Вы – выявілі свае нэгатыўныя адносіны да апазыцыі, да свайго народу, і, па сутнасьці, падтрымалі цьверджаньні Лукашэнкі, што ягоная ўлада, нібыта, грунтуецца на падтрымцы большасьці народу.

Вы часта паўтараеце нэгатыўныя выказваньні пра апазыцыю, ейную слабасьць і беспасьпяховасьць, публікуеце лісты з нападкамі на яе – бэз камэнтароў альбо, па сутнасьці, пагаджаецеся з гэтымі нападкамі. Чаму? Апазыцыя ж – гэта самая адважная й сьвядомая (а значыць – лепшая) частка народу. А вы ўтрох, папраўдзе, самі выключылі сябе зь яе.

Вашы спасылкі на апытаньні – сьмехатворныя. Ува ўмовах страху перад дыктатурай апытаньні не даюць уяўленьня пра палітычныя погляды людзей. А пастаянныя фальшаваньні выбараў паказваюць: Лукашэнка ведае, што большасьць народу яго не падтрымлівае. Суд над сябрамі арганізацыі “Партнэрства” – відавочны доказ таго. Апамятайцеся! Вы мусіце спыніцца, перастаць шкодзіць барацьбе за свабоду. Не адзін я так думаю. Шкада, што вы псуеце імідж “Свабоды” – найважнейшай крыніцы інфармацыі пра падзеі ў Беларусі”.

Радыё Свабода, спадар Волін, не абслугоўвае інтарэсаў апазыцыі, а журналісты нашага радыё не зьяўляюцца й не парываюцца стаць апазыцыйнымі актывістамі. Людзі ў Беларусі пазбаўлены магчымасьці атрымліваць своечасовую, поўную й дакладную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне й вакол яе. І Радыё Свабода імкнецца стаць якраз такім люстэркам, якое дакладна адлюстроўвала б факты й падзеі, давала разнастайныя меркаваньні й камэнтары, аналізавала супярэчлівую рэчаіснасьць усебакова й поўна. Толькі пры гэтай умове людзі будуць давяраць сродку масавай інфармацыі й журналістам, якія ў ім працуюць.

Ваша асабістая справа, спадар Волін, як ставіцца да нашай працы. Але калі незалежныя сацыёлягі сьведчаць пра тое, што ўлада мае зусім не такі рэйтынг, як хацелася б апазыцыі, а лідэр апазыцыі набраў на выбарах зусім не такую колькасьць галасоў, як яму хацелася б, – мы будзем інфармаваць слухачоў пра гэта. Хоць і ведаем, што рызыкуем у выніку выклікаць вялікае незадавальненьне – Ваша й Вашых аднадумцаў, якія хваравіта рэагуюць на любыя зьвесткі, што сьведчаць пра супярэчлівае стаўленьне да апазыцыі з боку беларускага грамадзтва.

Наш слухач Фёдар Купрынавец з Рагачова ў лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, якім чынам ува ўмовах Беларусі людзі могуць атрымліваць незалежную інфармацыю.

“Апазыцыя друкуе сотні тысяч асобнікаў сваіх газэт. І што з таго? У апазыцыйным асяродзьдзі ў Беларусі 80 працэнтаў людзей – “стукачы” КДБ. Не пасьпее рэдакцыя загрузіць чарговы нумар дзе-небудзь у расейскай друкарні, як машыну ўжо чакаюць на мяжы. І ўвесь наклад ідзе ў макулятуру. А колькі выпадкаў, калі людзі дастаюць з паштовых скрынак бясплатныя апазыцыйныя газэты – і тут жа выкідаюць у сьмецьце. “Распаўсюджваюць розную няпраўду”, – кажуць.

А вось калі б незалежны спадарожнікавы тэлеканал існаваў, – зусім іншая справа была б. Тады людзі ўсё бачылі б уласнымі вачыма. Паглядзіце, колькі спадарожнікавых “талерак” зьявілася на дамах. Толькі тэлебачаньне здольнае ўвайсьці ў кожны дом. Апазыцыя любымі спосабамі павінна дамагчыся стварэньня спадарожнікавага тэлеканалу для Беларусі”.

Праект незалежнага спадарожнікавага тэлеканалу для Беларусі існуе, спадар Купрынавец. Яго распрацаваў і спрабуе ажыцьцявіць Эўразьвяз – са спрыяньнем некаторых суседніх зь Беларусьсю дзяржаў. Тэлебачаньне насамрэч мае шэраг пераваг перад іншымі сродкамі масавай інфармацыі. Вось толькі ці змогуць незалежныя тэлежурналісты свабодна працаваць у Беларусі, здымаць тут сюжэты для сваёй тэлекампаніі? І ці стане гэты канал сапраўды масавым ува ўмовах, калі спадарожнікавыя антэны маюць толькі некалькі працэнтаў тэлегледачоў?

Відавочна, дзеля таго, каб мець аб’ектыўнае ўяўленьне пра падзеі ў сваёй краіне й сьвеце, чалавек павінен атрымліваць інфармацыю з розных крыніцаў, супастаўляць яе, параўноўваць, рабіць уласныя высновы. Тым людзям, якія, не чытаючы, выкідаюць са сваіх скрынак апазыцыйныя газэты, думаю, спадар Купрынавец, ніякі спадарожнікавы тэлеканал не дапаможа. Яны папросту ня будуць яго глядзець – гэтак жа, як не чытаюць газэт.

Наш слухач Генадзь Зотаў зь вёскі Загародзьдзе Талачынскага раёну разважае, як у Беларусі зьмянілася жыцьцё за апошнія 12 гадоў – за ўладай Аляксандра Лукашэнкі.

“Асабіста ў мяне жыцьцё зьмянілася катастрафічна. І галоўная прычына ў тым, што я страціў павагу да сваёй дзяржавы, гордасьць за яе. Мне балюча глядзець і слухаць, што цяпер у нас адбываецца. Гэта жахліва, але зьдзек з простага чалавека стаў звыклай справай.

Выяўляецца гэта часта ў самых простых будзённых рэчах. Вось купіў я ў вёсцы Загародзьдзе старую хатку. Пакрысе перавожу туды розныя рэчы. 21-га чэрвеня на сваім старэнькім “Масквічы” вёз вулей. Перасёк Крупскі раён. На ўезьдзе ў Талачынскі мяне спынілі й прымусілі заплаціць “Белаўтастрадзе” за карыстаньне дарогі 11 тысяч рублёў. Для мяне, пэнсіянэра, гэта – вялізныя грошы. А я ж у маладосьці гэту дарогу ўласнымі рукамі рыдлёўкай адсыпаў. Гэта мая ўласная дарога. За што ж я плачу такія грошы? Вось вам і параўнаньне – як было раней і як стала цяпер”.

Уводзячы плату за карыстаньне дарог, улады зазвычай спасылаюцца на досьвед заходніх дзяржаў: там такая плата – даўняя практыка. Ёсьць, аднак, некалькі істотных момантаў, якія пры гэтым ня ўлічваюцца. Адна справа – заплаціць пяць даляраў за дарогу французу, у якога пэнсія – тры тысячы эўра, і зусім іншая – беларускаму пэнсіянэру аддаць тыя ж пяць даляраў, маючы 100 даляраў пэнсіі. У Беларусі, уводзячы дарожныя зборы, чамусьці вырашылі арыентавацца на заходнія кошты, а не на рэальныя прыбыткі ўласных грамадзянаў. Пры гэтым якасьць платных дарог у Беларусі вельмі адрозьніваецца ад заходняй.

Пра тое, наколькі зьмянілася жыцьцё ў Беларусі за апошнія дванаццаць гадоў, піша ў сваім новым лісьце на “Свабоду” й яшчэ адзін наш даўні слухач – Мікола Канаховіч з Пружанаў.

“На гэта пытаньне я адказваю з болем у сэрцы й са сьлязьмі на вачах. Памятаю той цёплы сонечны дзень, калі ўпершыню ў нашым мястэчку над будынкам райвыканкаму ўзьнімалі бел-чырвона-белы сьцяг. На плошчы сабралася шмат людзей. Хто радаваўся, хто лаяўся, хто – пазяхаў. Асабіста ж для мяне гэта быў самы шчасьлівы дзень пасьля нараджэньня першага майго дзіцяці. Я, не саромеючыся, стаў тады на калені перад сьцягам і дзячыў Богу, што мая радзіма нарэшце стала па-сапраўднаму незалежнай і вольнай…"

Далей наш аўтар піша пра няспраўджаныя спадзяваньні й пра сёньняшнія беларускія рэаліі.

“Страх быць звольненым з працы, страх за беларускасьць, страх за палітычныя й рэлігійныя перакананьні, за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў… Страхам у нас прасякнута ўсё. І гэта прыводзіць да розных хвароб, да алькагалізму, наркотыкаў, распаду сем''яў.

Калі вам тэлефануюць і пішуць, што за апошнія 12 гадоў стала лепей і весялей жыць, – ня верце. Бо такое можа сказаць альбо правакатар, альбо люты вораг Беларусі…

За 12 год беларускі народ ня стаў паўнавартаснай нацыяй (як, напрыклад, нашы суседзі), а ператварыўся ў духоўнага нябожчыка. Што тычыцца мяне асабіста, дык я ад гэтага рэжыму пакутую штодзённа. Бо ж не апускаюся да ўзроўню чарвяка, а змагаюся за сваю чалавечую годнасьць. Аднаго разу, едучы ў цягніку Брэст– Менск, я меў неасьцярожнасьць пацікавіцца ў двух дужых дзядзькоў-кантралёраў, чаму на чыгунцы ігнаруецца дзяржаўная беларуская мова. Ад такога пытаньня яны папросту прывар’яцелі – ня выпусьцілі мяне на патрэбнай станцыі Аранчыцы, а выкінулі з вагону на перагоне Аранчыцы–Бяроза Картуская. Тое пытаньне каштавала мне страчанага здароўя.

…Пра адно шкадую – што мне ўжо цяпер пад семдзесят. Але радуюся, што падрастаюць унукі. Упэўнены: яны адпомсьцяць за ўсіх пакутнікаў”.

Сапраўды, спадар Канаховіч, сёньняшняя Беларусь – вельмі не падобная да тае, пра якую марылі, да якой імкнуліся многія з тых, хто, як і Вы, у 1991 годзе з энтузіязмам назіраў нараджэньне незалежнай беларускай дзяржавы. Прычынаў таго можна назваць шмат. І не для Вас аднаго мінулыя гады сталі часам пакутнага разьвітаньня з многімі, раптам састарэлымі, ілюзіямі й спадзяваньнямі. Але й лічыць беларускі народ нябожчыкам толькі на той падставе, што ён аказаўся іншым, чым калісьці малявала Вам уяўленьне, – наўрад ці варта.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG