Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Відаць, няма той сілы, якая здольная абудзіць нас ад сну й вылечыць ад страху…”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 2 жніўня 2006 году.

Наша пошта апошніх дзён – адлюстраваньне найбольш значных грамадзкіх праблем, якія цікавяць слухачоў і змушаюць браць у рукі пяро й паперу, нягледзячы на шматлікія летнія клопаты. Адна з галоўных тэмаў лістоў апошняга часу – прысуд былому кандыдату на пасаду прэзыдэнта Аляксандру Казуліну й судовы працэс над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якіх арыштавалі перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Сёньняшнюю размову пачну з допісу на гэты конт, які даслаў нам Віктар Паўленка зь Дзятлаўскага раёну.

“Кінулі ў турму Казуліна, цяпер хочуць кінуць моладзь з арганізацыі “Партнэрства”. А грамадзтва маўчыць, нібы так і трэба. Дзе мітынгі, дзе шматттысячныя дэманстрацыі? Няма. Людзі занятыя сваімі гародамі, адпачынкамі, вакацыямі… Гэта – якраз тое, што й патрэбна ўладзе. Пасадзяць гэтых – наступныя пабаяцца высоўвацца. І ўсё будзе гэтак жа, як і раней. Відаць, няма той сілы, якая здольная абудзіць нас ад сну й вылечыць ад страху”.

На гэтую ж тэму выказаўся ў сваім лісьце на “Свабоду” наш даўні слухач і аўтар Мікалай Шуміла з Кобрыні. “Уважліва сачыў за тым, як журналісты “Свабоды” асьвятлялі суд над Аляксандрам Казуліным. Абуральна й сорамна. І вельмі шкада Казуліна. Ён – сапраўдны беларускі патрыёт, выступае за самастойную дэмакратычную Беларусь. А пацярпеў за тое, што не пабаяўся сказаць праўду ў вочы.

Улада хваліцца, што дала нам хлеба. Але хлеба дала не яна, а беларуская зямля. І што будзе зь беларускай вёскай, калі нічога ня зьменіцца? Зразумела ж: калгасная сыстэма нясе нам, нашым дзецям і ўнукам толькі жабрацтва. Але ўлада пра гэта стараецца не гаварыць. Пра гэта гавораць такія, як Казулін. Дык знайшлі спосаб, як заткнуць ім рот”.

Людзей, якія нават у цяперашніх беларускіх умовах адважваюцца гаварыць тое, што думаюць, і адкрыта выказваць сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай, усё ж нямала, спадар Шуміла. Праўда, іх і ня так шмат, каб адгукнуцца на палітычныя судовыя працэсы шматтысячнымі маніфэстацыямі (і тут даводзіцца пагадзіцца зь Віктарам Паўленкам). Да таго ж, трэба мець на ўвазе й тое, што значная частка грамадзтва пазбаўлена магчымасьці ведаць пра гэтыя ды іншыя такога кшталту падзеі. Галоўнай прычынай таму – манапалізацыя дзяржавай найбольш масавых сродкаў інфармацыі.

Наша слухачка Галіна Яўменава з Магілёву ў лісьце на “Свабоду” пераказала размову зь незнаёмымі дзяўчатамі ў двары свайго дому. Дзяўчаты сядзелі на лаўцы, курылі. Спадарыня Яўменава паспрабавала пацікавіцца іхнымі палітычнымі прыхільнасьцямі, стаўленьнем да грамадзкіх праблем. Што з гэтага атрымалася?

“Вельмі цяжкое ўражаньне засталося ад размовы з гэтымі дзьвюма маладымі дзяўчынамі. Я ў іх спытала, ці маюць радыёпрыймачы.

– “Маем”, – адказваюць.

– “А ці слухаеце Радыё Свабода?”

– “А навошта? Нам яно не патрэбна – мы тэлевізар глядзім: усё бачым і пра ўсё ведаем”.

Яшчэ я спытала ў іх пра Аляксандра Казуліна.

– “А што Казулін? Набраў малалетак па 14–15 год, даў ім сьпіртовага, наркотыкаў, пасадзіў у намёты… Вось за гэта яго й пасадзілі на пяць год”.

“Хто вам такое сказаў?– пытаюся.

– “Ды па тэлевізары бачылі”.

Пераконвала я іх усё ж злавіць хвалю “Свабоды” й паслухаць. Але вельмі сумняюся, што яны так зробяць. Мне вельмі цяжка ад гэтай размовы. Ня ведаю нават, як яе пракамэнтаваць” .

Сярод моладзі, як і сярод людзей сярэдняга ці сталага веку, – ёсьць асобы розных палітычных схільнасьцяў. Кожны па-свойму, залежна ад адукацыі, выхаваньня, абставінаў уласнага жыцьця, ацэньвае грамадзкія праблемы, умее ці ня ўмее (а часам і ня хоча) супастаўляць падзеі й факты, аналізаваць пачутае і ўбачанае… Тое, што ў двары свайго дому Вы, спадарыня Яўменава, сутыкнуліся з маладымі асобамі, у якіх менавіта такія погляды на жыцьцё й на палітыку, – выпадковасьць. Нейкія значныя абагульненьні на падставе гэтай размовы рабіць наўрад ці варта. Наступны раз убачыцеся з прыхільнікамі Маладога фронту, ці з тымі, хто ўвогуле не цікавіцца палітыкай, не глядзіць тэлебачаньня й ня слухае радыё.

Аўтар наступнага ліста – Аляксандар Макараў зь Ліды.

“Калі чую па дзяржаўным тэлебачаньні й радыё казкі пра “ўздым эканомікі” і “рост заробкаў”, – мне робіцца сьмешна. Ведаю, што на большасьці прадпрыемстваў Лідчыны, акрамя рэдкіх выключэньняў, заробкі ад ста да трохсот тысяч рублёў. Калі ў прымусовым парадку людзі працуюць па дванаццаць гадзін у дзень і па сьвятах, тады заробак можа даходзіць да трохсот-пяцісот тысяч, але гэта – ня праца, а зьдзекі. Такая зьява ёсьць на некаторых прадпрыемствах. А на некаторых, наадварот, працуюць па тры-чатыры дні на тыдзень. Вось такая ў нас “заможная й квітнеючая Беларусь”.

У ліпені я аб’езьдзіў шмат беларускіх вёсак. Быў і ў вас на Лідчыне, спадар Макараў. Калі вясковыя людзі чуюць, што сярэдні заробак у Беларусі, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, набліжаецца да шасьцісот тысяч рублёў, дык абураюцца й лаюцца. У большасьці калгасаў зарабіць хоць бы дзьвесьце тысяч – вялікая ўдача. Таму шмат хто ў працаздольным узросьце зайздросьціць пэнсіянэрам і чакае, каб хутчэй выйсьці на пэнсію.

У пераліку на замежную валюту заробкі й пэнсіі за апошнія гады сапраўды вырасьлі. Але ці вырас з гэтай прычыны ўзровень жыцьця? Адметны факт: раней у памежнай зоне некаторыя мелі неблагі прыбытак з таго, што вазілі танныя беларускія тавары ў суседнія раёны Літвы й Польшчы. Цяпер такі бізнэс зусім заняпаў, бо практычна ўсё ў Беларусі даражэйшае, чым у суседзяў. А беларуская мытня цяпер сочыць, каб ужо з-за мяжы людзі ня ўвозілі значна таньнейшых харчовых і прамысловых тавараў.

Ліст ад Зьмітра Марчука зь Менску – на тэму побытавай культуры жыхароў беларускай сталіцы. “Вельмі часта можна ўбачыць у менскіх дварах кампаніі, якія адкрыта расьпіваюць спіртовыя напоі – з крыкамі, лаянкай, а часам і з бойкамі, нават з нажамі. Пасьля іх застаюцца ня толькі сьмецьце й пляшкі, але, здараецца, і крывавыя плямы – на зямлі й на душы. Страшна выпускаць дзяцей на вуліцу. Масавае п’янства ў дварах становіцца звычайнай зьявай, ад якой адно гора! Зь п’янства губляюць працу, хварэюць і рана паміраюць. Распадаюцца сем’і. Дзеці жывуць у сораме за сваіх п’яных бацькоў, якія ня могуць іх пракарміць і апрануць. Як жа хутка падае духоўнасьць грамадзтва! Суседзі дому №22 (корпус 1) па вуліцы Адзінцова ўжо больш за 5 гадоў змагаюцца з раённай уладай і кампаніямі алькаголікаў за законнае права адпачываць і жыць у ціхім і чыстым горадзе. Навошта тады плаціць падаткі, калі ўлада не выконвае сваіх функцый? У нашым доме цягам толькі аднаго тыдня ў п’янках паранілі двох чалавек. Адзін ад ран памёр! А мы якраз за дзень перад забойствам, 12 ліпеня, накіравалі заказнымі лістамі чарговую калектыўную заяву з 45-цю подпісамі ў раённы аддзел міліцыі й адміністрацыю Фрунзэнскага раёну – каб забясьпечылі парадак. Адразу прыгадваюцца словы клясыка савецкай паэзіі, што лепш за савецкую міліцыю нас сьцеражэ наша інтуіцыя. Адказу ўсё яшчэ няма, хоць мінула ўжо амаль 3 тыдні.

Участковы нашага раёну сказаў, што няма грошай на патруляваньне гэтай тэрыторыі. Затое ёсьць плойма міліцыянтаў у змаганьні супраць апазыцыі. Зразумела, уладзе больш выгодна мець п’яную нацыю, чым такую, што пратэстуе за свае законныя правы”.

Амаль у кожным менскім (дый ці толькі менскім?) двары можна назіраць падобную ж карціну, спадар Марчук. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі цяпер больш за 170 тысяч зарэгістраваных алькаголікаў. Але гэта толькі тыя, хто стаіць на ўліку ў нарколягаў. У сапраўднасьці залежных ад алькаголю людзей у некалькі разоў болей – гэта прызнаюць усе мэдыкі. Прычым, толькі за адзін год колькасьць хворых на алькагалізм, паводле афіцыйных зьвестак, павялічылася на сем працэнтаў.

Мэдыкі спрабуюць прыцягнуць да гэткага становішча ўвагу ўлады. Але пакуль без асаблівага плёну – пакуль ня здолелі дамагчыся нават поўнай забароны рэклямы алькаголю. Вядома, што распрацаваны праект прэзыдэнцкага дэкрэту, паводле якога плянуецца ўвесьці больш жорсткае пакараньне ў выпадках, падобных да таго, што расказалі ў сваім лісьце Вы, спадар Марчук. Але гэты праект усё яшчэ ўзгадняюць між сабой чыноўнікі. Першачарговым ён, відаць, ня лічыцца.

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Віктар Кеда зь вёскі Навасёлкі Ашмянскага раёну, Алесь Шустоўскі з Барысава, Мікола Канаховіч з Пружанаў, Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну, Ільля Копыл і Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG