Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай бы Лябедзька й Вячорка стварылі ўласную збожжазборавую брыгаду...”


Валянцін Жданко, Менск Эфір 30 ліпеня 2006 году

Кантрактная сыстэма найму і выкарыстаньне яе ўладай дзеля перасьледу палітычна неляяльных альбо папросту нязручных работнікаў – гэта тэма хвалюе сёньня многіх у Беларусі. Нягледзячы на тое, што афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі вагаецца ў межах аднаго працэнту, у сапраўднасьці праблема працаўладкаваньня востра стаіць перад многімі людзьмі. Лёгка можна ўладкавацца хіба што на нізкааплатную працу, дзе ўзровень заробкаў значна ніжэйшы за мяжу беднасьці.

Наш слухач Васіль Валошка зь мястэчка Радашкавічы Маладэчанскага раёну лічыць, што кантрактная сыстэма ў Беларусі ператварылася ў сродак барацьбы з іншадумствам і палітычнай неляяльнасьцю. У лісьце на “Свабоду” спадар Валошка піша:

“Многія кіраўнікі заключаюць са сваімі работнікамі кантракт на мінімальна магчымы тэрмін – адзін год. Не пасьпееш апрытомнець ад аднаго кантракту – думай, што будзе праз год. І так – увесь час. Гэта – пастаянны стрэс. Маліся, каб начальніку, ня дай Бог, не прыйшло ў галаву пазбавіцца ад цябе. І так на працягу году згінаесься ўсё ніжэй і ніжэй, рызыкуючы аднойчы не разагнуцца зусім. Але ў такім выглядзе ў цябе болей шанцаў атрымаць жаданы подпіс. Зразумела, што ўсё гэта вядзе да страты здароўя.

Ну, а ня дай Бог, здарыцца інваліднасьць – чакай пэнсіі 150 даляраў (гэта пры першай групе інваліднасьці) і рэдкага наведаньня супрацоўніцы сабесу. Няўжо гэта й называецца клопатам пра чалавека, якім так любіць хваліцца Лукашэнка?”

Далей наш аўтар параўноўвае ўзровень сацыяльнай абароненасьці людзей у Беларусі і ў іншых краінах.

“Ня так даўно масавыя маніфэстацыі ў Францыі паказалі, як людзі там ставяцца да кантрактнай сыстэмы. Праўда, беларускія мэдыі тыя падзеі асьвятлялі аднабакова – не называлі прычын пратэстаў (напэўна, каб беларусы не праводзілі непажаданых паралеляў). Яшчэ адна дэталь. Нашы чыноўнікі ў якасьці ўзору любяць называць Швэцыю: там, маўляў, таксама збудавалі сацыялізм. Але ў таго сацыялізму зусім іншае аблічча. Швэдзкі інвалід, акрамя саліднай пэнсіі й даступных лекаў, забясьпечаны яшчэ за кошт дзяржавы й пастаянным даглядам сацыяльных работнікаў.

Але ўсяго гэтага большасьць нашых людзей ня ведае. А тыя, хто ведае й павінен пераймаць вопыт, не адважваюцца й роту разявіць, каб сказаць: ёсьць, маўляў, краіны, дзе клопат пра чалавека – на справе, а ня гэткі, як у Беларусі, – толькі на словах”.

Кантрактная сыстэма, спадар Валошка, шырока ўжываецца і ў дэмакратычных краінах. Яна мае шэраг перавагаў: стымулюе й дысцыплінуе наёмных работнікаў, робіць працу больш прадуктыўнай. Але каб гэта сыстэма ня стала інструмэнтам самавольства й ціску ў руках адміністрацыі, мусяць працаваць дзейсныя супрацьвагі – дзеля абароны наёмных работнікаў. Найперш – незалежныя прафсаюзы й незалежная судовая сыстэма. Нічога гэтага ў Беларусі няма. Таму й склалася такая сытуацыя, калі рабочыя пачуваюццца безабароннымі й запалоханымі.

Дарэчы, незалежных судоў і прафсаюзаў не было і ў Савецкім Саюзе, зь якога цяперашняе беларускае кіраўніцтва ў многім бярэ прыклад. Але ў СССР і кантрактнай сыстэмы не адважваліся ўводзіць: хутчэй за ўсё, прадчуваючы, у якім становішчы ў выніку можа аказацца, так бы мовіць, “самы перадавы рабочы клас, гегемон рэвалюцыйнага руху”.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Цадко з Маладэчна абураны, што апошнім часам з розных бакоў гучаць прапановы перамоў беларускай апазыцыі і ўладаў.

“Нядаўна такія прапановы прагучалі ад некаторых кіраўнікоў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы – пэўна, што не без уплыву маскоўскіх адвакатаў беларускага рэжыму. Тым часам аналітык і былы супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Фядута прапанаваў апазыцыйным лідэрам у імя выратаваньня незалежнасьці ўвогуле сесьці за адзін стол зь нелегітымным прэзыдэнтам. Можа, спадар Фядута разьлічвае, што Лукашэнка выпусьціць на волю Казуліна, Статкевіча ды іншых палітвязьняў?

І гэта пры тым, што ні адны апошнія выбары на Беларусі не былі прызнаны ні апазыцыяй, ні большасьцю цывілізаваных краінаў сьвету. Гэта ж датычыць і рэфэрэндуму, празь які Лукашэнка адкрыў перад сабой магчымасьць заставацца пажыцьцёвым прэзыдэнтам. Зрэшты, для выкараненьня нашай палітычнай экзотыкі разьвітыя краіны Захаду, акрамя скалананьня паветра сваімі заявамі, нічога практычнага ня робяць. Іхная лёгіка зразумелая: навошта чапаць і раздражняць Расею – апякунку гэтага рэжыму, калі Захад апынуўся ў энергазалежнасьці ад яе. Дэмакратыя – дэмакратыяй, а ўласны дабрабыт усім куды даражэйшы”.

У тых, хто прапануе перамовы з уладай, свая лёгіка, спадар Цадко. Можна прымаць ды абвяшчаць выбары й рэфэрэндумы нелегітымнымі й недэмакратычнымі, але не лічыцца з гэтай уладай немагчыма. Яна рэальна кіруе краінай, і ад яе цяперашніх рашэньняў залежыць лёс беларускага народу. Апошнія палітычныя кампаніі паказалі, што ў дэмакратычнай апазыцыі недастаткова магчымасьцяў і грамадзкай падтрымкі, каб уласнымі сіламі дамагчыся неадкладных палітычных зьменаў у дзяржаве.

З іншага боку, беларуская ўлада, ідучы сваім спэцыфічным курсам, завяла краіну ў такі вонкавапалітычны тупік, зь якога рана ці позна давядзецца шукаць выйсьця. І тэарэтычна гэта магло б стаць тэмай для перамоў улады й апазыцыі. Дарэчы, зьмена аўтарытарных рэжымаў ва Ўсходняй Эўропе адбывалася ня толькі з дапамогай так званых аксамітовых, ці каляровых, рэвалюцый. Напрыклад, адхіленьне камуністаў ад улады ў Польшчы адбылося напрыканцы 80-х гадоў якраз пасьля перамоў апазыцыі і ўлады за “круглым сталом”.

Новы ліст ад былога вайскоўца з Пружанаў Міколы Канаховіча.

“Прабачце, паважаныя супрацоўнікі “Свабоды”, што стаміў вас сваімі прапановамі, але сэрца баліць за будучыню ўнукаў. Таму я імкнуся рабіць усё магчымае, каб наблізіць час волі, – наколькі дазваляюць мой ужо сталы ўзрост і стан здароўя”.

У сваім допісе спадар Канаховіч, сярод іншага, выказваецца пра пачутае па “Свабодзе”, у тым ліку пра лісты й тэлефанаваньні слухачоў.

“Вельмі добра, што вы даяцё слова нават лютым ворагам беларушчыны, розным артадоксам. Але пры гэтым трэба нагадваць усім гэтым ненавісьнікам “Свабоды” й ворагам Захаду шэраг рэчаў. Ці не таму сталі магчымымі перамогі ў Другой усясьветнай вайне, што савецкія салдаты былі апрануты ў ангельскія шынялі й чаравікі, што ваявалі амэрыканскай зброяй, езьдзілі на амэрыканскіх аўтамабілях, харчаваліся амэрыканскай тушонкай? Нагадваць трэба гэтым “лукашыстам”, на чые сродкі збудаваны Цэнтар пераліваньня крыві ў Гомелі, шпіталі ў Тураве ды іншых мясьцінах Беларусі. І факты такой дапамогі можна пералічваць бясконца – яна бескарысьлівая й вялізная. Трэба быць апошнім ідыётам, каб на шчырае дабро адказваць нянавісьцю”.

Сапраўды, спадар Канаховіч, Беларусь атрымлівае немалую гуманітарную дапамогу з краінаў Захаду. І гэтая падтрымка магла быць значна большай, каб не шматлікія бюракратычныя перашкоды з боку беларускай улады. Мне даводзілася сустракацца са многімі актывістамі заходніх дабрачынных гуманітарных арганізацый, якія ня могуць зразумець, навошта беларускія чыноўнікі ўводзяць усё новыя абмежаваньні й праверкі дастаўленых грузаў. Бываючы ў Беларусі, яны бачаць, наколькі патрэбна іхная дапамога тутэйшым сіроцкім дамам, школам, шпіталям. А ў іхных краінах ёсьць тысячы добрых, спагадлівых людзей, якія гатовы дапамагчы няшчасным людзям на Ўсходзе.

Адказаць на гэтыя пытаньні складана. Паспрабуйце патлумачыць паводзіны чалавека, які ў Вашым сяброўскім бескарысьлівым жэсьце бачыць нейкі таемны правакацыйны сэнс і падазрае хітры падрыўны плян.

На заканчэньне – кароткі ліст ад Сяргея Легнастаева зь Менску.

“Ужо месяц слухаю вашу “Свабоду” – і ўсё адно й тое ж. Не падабаецца апазыцыі ўлада ў Беларусі, не падабаецца Лукашэнка, не падабаюцца законы. А ў полі тым часам трэба ратаваць ураджай. Вось куды трэба накіроўваць сваю энэргію. Няхай бы Лябедзька й Вячорка стварылі ўласную збожжазборавую брыгаду й накіраваліся ў адсталыя калгасы. Тады іх і ўлада падтрымала б. Магчыма, нават Казуліна датэрмінова выпусьцілі б і дазволілі працаваць на зернетаку. Вось такую апазыцыю нашы людзі падтрымалі б”.

Такія ці падобныя заклікі, спадар Легнастаеў, гучаць з боку ўлады з таго самага моманту, як на пачатку 90-х гадоў у Беларусі зьявілася апазыцыя. І чамусьці найчасьцей яе прапануюць накіроўваць на ўздым адсталых калгасаў. Хоць куды больш лягічна было б заклікаць ехаць туды якраз тых чыноўнікаў, што ўсяляк трымаюцца за калгасную сыстэму, а не апазыцыянэраў, якія лічаць калгасы формай прыгону й патрабуюць іх рэфармаваньня.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG