Апошнім часам многія апазыцыйныя лідэры зноў загаварылі пра пагрозу беларускай незалежнасьці, якая зыходзіць ад расейскай вонкавай палітыкі. Найперш маюцца на ўвазе жорсткія ўмовы Крамля ў справе коштаў на газ для Беларусі і зьвязаныя з гэтым розныя сцэнары і праекты будучай так званай саюзнай дзяржавы, у якой патэнцыйна могуць узьнікнуць новыя цэнтры палітычнай сілы з новымі высокімі дзяржаўнымі пасадамі.
Зь ліста на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Віктар Мазго зь Нясьвіскага раёну:
“Не разумею, чаму апазыцыя ўзьняла такі вэрхал вакол гэтага пытаньня. Ніхто ж ніякага замаху на беларускую незалежнасьць ня робіць. Пуцін ня раз заяўляў, што пасьля 2008 году сыдзе і ня будзе шукаць ніякіх хітрыкаў, каб застацца пры ўладзе. А Лукашэнка апошнім часам мо зь дзясятак разоў казаў, што дзяржаўны сувэрэнітэт і незалежнасьць для яго — сьвятое, і ён ніколі ня пойдзе на тое, каб прадаваць ці мяняць гэту каштоўнасьць. Дзесяць год таму ён, праўда, гаварыў зусім іншае, але з таго часу шмат вады сплыло і многае памянялася”.
Палітыкі павінны прадбачыць розныя сцэнары разьвіцьця падзеяў, спадар Мазго. Тое, што ні Пуцін, ні Лукашэнка адкрыта не гавораць пра магчымасьць такога варыянту Канстытуцыйнага акту так званай саюзнай дзяржавы, пры якім ад беларускай дзяржаўнасьці й незалежнасьці нічога не застанецца, зусім не азначае, што такога варыянту няма. І пра гэтую небясьпеку апазыцыйныя лідэры лічаць патрэбным гаварыць ужо цяпер, загадзя, каб грамадзтва ведала пра патэнцыйную небясьпеку і было гатовае да яе.
Наш слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну ў сваім лісьце разважае пра тое, як сучасная моладзь бавіць вольны час:
“Улетку і ў вялікіх, і ў малых гарадах — падобная заганная зьява. Настае ноч — і ў дварах зьбіраюцца натоўпы моладзі. Часта пачынаецца са сьпіртнога, а бывае і безь сьпіртнога да самай раніцы — гучная гамана, крыкі, песьні, лямант. Словам, усё тое, што ў сьветлы час сутак людзі сабе не дазваляюць. На заўвагі й просьбы ніхто не зьвяртае ўвагі. Міліцыі да гэтага таксама няма ніякай справы. У цывілізаваных краінах, наколькі я ведаю, усё падобнае пасьля 22 гадзінаў забаронена. А ў нас? Чаму парлямэнт не прымае такога закону?
З гэтым зьвязаная і іншая праблема — парадак і чысьціня на вуліцах і ў дварах. Пасьля начных гульбішчаў паўсюль застаюцца горы сьмецьця. Раніцай усё гэта пачынае шкрабаць армія дворнікаў і мноства тэхнікі. Дарэчы, робяць гэта дворнікі за жабрацкую зарплату. Дадайце да гэтага, што ў навядзеньні парадку на вуліцах адзін-два разы на год удзельнічае практычна ўся краіна падчас суботнікаў. Абавязаныя таксама прыбіраць сьмецьце гандляры ля сваіх шапікаў і крамаў, мэдыкі — ля шпіталяў, і г.д. У цывілізаваных краінах за адзін плявок на тратуар можна зарабіць штраф да 20 эўра. А ў нас? І ці варта ў такім разе хваліцца, што ў нас чысьціня і парадак? Ці падобныя мы на нармальных людзей? Парадак найперш павінен быць у душах, у галовах, а не на веніку дворніка”.
Вядома, спадар Валошка, вы маеце рацыю: парадак павінен быць у галовах — тады і на вуліцах будзе чыста, і ў дварах ціха. Але ўзровень побытавай культуры нацыі ў адно імгненьне не паднімеш. І справа тут не ў недахопе нейкіх законаў. Законаў якраз хапае: і тых, хто парушае цішыню ў начны час, і хто раскідвае сьмецьце, можна паводле дзейнага заканадаўства прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці — штрафаваць і нават арыштоўваць на невялікі тэрмін. Праблема, аднак, у тым, што міліцыянта да кожнай лаўкі і ў кожны двор не прыставіш. Дый прыярытэтныя задачы ў беларускіх міліцыянтаў і судоў зусім іншыя: як на сьмех, сотні апазыцыйных актывістаў у часе нядаўняй выбарчай кампаніі затрымлівалі й арыштоўвалі якраз паводле абвінавачаньняў у раскідваньні сьмецьця і нецэнзурнай лаянцы.
Яшчэ адзін аспэкт праблемы шумных моладзевых кампаніяў у гарадзкіх дварах. Вядома, мясцовыя жыхары, якія хочуць спакойна паспаць, не жадаюць чуць начнога ляманту пад вокнамі. Але куды падзецца моладзі? Натуральна, для саміх хлопцаў і дзяўчат куды зручней і камфортней было б бавіць вечаровы й начны час у кавярнях, дыскатэках і моладзевых клюбах (так, як гэта робіць моладзь на Захадзе). Але адкуль на тое грошы ў старшаклясьніка ці студэнта?
Наш слухач Міхаіл Лысевіч зь Ліды працягвае дыскусію на тэму, якая гучыць у нашай пошце ў лістах многіх слухачоў. Лёс беларускай мовы, прычыны яе заняпаду магчымасьць альбо немагчымасьць адраджэньня… Вось як разважае пра гэтыя праблемы Міхаіл Лысевіч:
“Чаго чакаць ад народу, які кожнае імгненьне чуе пра недасканаласьць, непаўнавартасьць і непатрэбнасьць сваёй мовы? Які мусіў карыстацца то польскай, то расейскай мовамі, калі жадаў хоць нешта мець? Мы згубілі ня толькі мову, але, галоўнае — права карыстацца ёй на побытавым узроўні. Ксёндз Фарнага касьцёлу Ліды кажа адкрыта, што яму зручней правесьці дадатковую імшу ў нязручны час па-беларуску, чым ісьці супраць “хрысьціянскіх вернікаў” невядомага паходжаньня і касаваць польска-расейскую імшу.
Школы па-беларуску — гэта цуд, альбо музэй, альбо ўвогуле для дзяцей з пэўнымі псыхічнымі і моўнымі адхіленьнямі — вось як! Паспрабуйце на сваёй працы ўжываць мову, афармляць дакумэнты і чарцяжы па-беларуску — вы адразу ператворыцеся ў ізгоя, у аб’ект штодзённых кпінаў.
Нам кажуць — у нас дзьвюхмоўе. Але будзем шчырымі: гэтае дзьвюхмоўе патрэбна тым, хто ўвогуле не жадае, каб існавала беларуская мова, каб была сама Беларусь. Ці не таму нават на сьвяце беларускага пісьменства мы ўжо ня чуем беларускай мовы? Дайшлі да таго, што той, хто хоць калі размаўляе па-беларуску, зьедліва і бессаромна залічваецца да апазыцыі. Да апазыцыі каму і чаму? Адкажыце, стваральнікі віртуальнай Беларусі. Калі раптам скажаш нешта па-беларуску гандляру ў краме, на вакзале замовіш квіток на роднай мове — то будзь гатовы пачуць тое, што неаднойчы чуў я: “Говорите по-человечески!”.
Мова ў Беларусі даўно стала віртуальнай і выключнай зьявай. Яна стала сродкам не штодзённых зносінаў, а — пратэсту і барацьбы. Далейшыя развагі пра моўнае пытаньне і спробы даказаць самім сабе, што мова — гэта добра, падобныя да збою кампутарнай праграмы й яе зацыкліваньня”.
Тыповыя назіраньні, звыклыя сытуацыі, стандартныя высновы, якія гучаць ужо ня першы год, і нават не адно дзесяцігодзьдзе. Наўрад ці можна сьцьвярджаць, спадар Лысевіч, што з агрэсіўным непрыманьнем беларускай мовы можна сустрэцца на кожным кроку і што гэта стала характэрнай асаблівасьцю большай часткі грамадзтва. Хутчэй, стаўленьне большасьці людзей да гэтай праблемы можна назваць абыякавым і не да канца сфармаваным. Прыняў камуністычны Вярхоўны Савет у 1989 годзе праграму адраджэньня беларускай мовы, пачалі адкрывацца беларускія школы і пераводзіцца справаводзтва на дзяржаўную мову — людзі безь пярэчаньняў успрынялі гэта і пачалі выконваць. Ніводнай масавай акцыі супраць беларусізацыі на пачатку бурных мітынговых 1990-х гадоў у Менску не было. А настаў іншы час, ініцыявала ўлада моўны рэфэрэндум, абвясьціла так званае дзьвюхмоўе, якое ў рэальнасьці азначала дыскрымінацыю і заняпад мовы беларусаў — і беларускае грамадзтва гэтак жа паслухмяна ўспрыняло рэзкую зьмену палітычнага курсу.
На заканчэньне — кароткі ліст ад Паўла Ісачэнкі зь Менску, таксама на тэму, блізкую да лёсу беларускай мовы:
“Зьдзіўляюся, чаму столькі шуму вакол расколу Саюзу пісьменьнікаў. Гэта ж звычайная справа ў былым СССР. Тое ж адбылося зь пісьменьніцкімі арганізацыямі і ў Расеі, і ва Ўкраіне. Навошта ж зьдзіўляцца, што раскол нарэшце стаў фактам і ў нас. Дзіўна, што ён не адбыўся раней. Пісьменьнікі даўно падзяліліся паводле свайго стаўленьня да таго, што адбываецца ў краіне. Пісьменьнікам-дэмакратам трэба ня плакаць і скардзіцца, а хутчэй ствараць сваю газэту, свой Дом літаратара, сваё выдавецтва. І працаваць закасаўшы рукавы. А чытач сам разьбярэцца, дзе “правільны” саюз пісьменьнікаў, а дзе — “няправільны”. Людзі прагаласуюць за гэта падпіскай, набыцьцём кніг, квіткамі на літаратурныя вечарыны”.
Напэўна, спадар Ісачэнка, і праўда, ня варта было б зьдзіўляцца, калі б пісьменьнікам дазволілі адкрыць уласныя газэту і выдавецтва, каб паміж імі справядліва падзялілі ўласнасьць, набытую ў папярэднія гады за агульныя пісьменьніцкія грошы (у тым ліку і Дом літаратара). Каб, урэшце, яны проста мелі роўныя правы на доступ да дзяржаўных выдавецтваў і дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісаў. Але ж у тым і рэч, што пісьменьнікам, якія адважваюцца мець уласны (адрозны ад афіцыйнага) погляд на падзеі ў Беларусі да ўсяго гэтага дарога закрытая.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by