АЎТАР І ТВОР
Валянцін Тарас: “Нас загналі ў зону і прапануюць жыць па законах зоны”
Апошнім часам усё часьцей прыходзяць на памяць напісаныя гадоў дваццаць таму радкі Валянціна Тараса: “Мы ня можам здабыць перамогу, але й нас не адолець ніяк!”. Аўтар верша падлеткам “здабываў перамогу” ў партызанах, а ў сёньняшняй Беларусі ягонага ўнука “не адолелі ніяк” на Кастрычніцкай плошчы і ў камэры на Акрэсьціна.
(Міхась Скобла: ) “Спадар Валянцін, калі зірнуць на беларускія рэаліі збоку, то зьяўляецца ўражаньне, што ўлада аб’явіла вайну пісьменьнікам: часопісы праз “Саюздрук” прадаваць нельга, выступаць у школах і ВНУ забаронена, Саюз пісьменьнікаў пад пагрозай закрыцьця… Што адбываецца?”
(Валянцін Тарас: ) “Нас загналі ў зону й прапануюць жыць па законах зоны. Але, калі мы ўжо ў гэтай зоне апынуліся, то павінны прыгадаць адно правіла зоны, вядомае здаўна: “Не вер, ня бойся, не прасі”. Мы ўжо даўно ня верым уладзе. Страх перад ёю мы павінны перамагчы. І прасіць у яе мы нічога не павінны, мы павінны патрабаваць, мы павінны дамагацца, каб паважалі нашыя правы: і пісьменьніцкія, і чалавечыя”.
(Скобла: ) “Калі падзеі будуць разьвівацца ў зададзеным уладай кірунку, то што чакае Беларусь? Ці ня лёс Нямеччыны, адкуль у 1930-я гады эмігравалі сотні пісьменьнікаў?”
(Тарас: ) “Так, у 1930-я гады, у першыя гады станаўленьня гітлераўскага рэжыму, нямецкая літаратура раскалолася. Яе раскалолі паводле знаёмага й нам прынцыпу: нашы й ня нашы. Па розныя бакі барыкадаў апынуліся патрыёты, якія верылі ў свайго фюрэра, і іншадумцы. Урэшце на эміграцыю мусілі падацца такія пісьменьнікі, як Томас Ман, Гэнрых Ман, абодва Цвэйгі, Бэрнгард Кілерман, Бэртольд Брэхт, Эрых Марыя Рэмарк, Леон Фэйхтвангер… Можна пералічваць і пералічваць — усяго іх было 258 чалавек. Сёньня траціна гэтых імёнаў складае клясыку нямецкай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Вось чаго ня хочуць памятаць людзі, якія нішчаць літаратуру. У дадзеным выпадку — літаратуру беларускую.
Усе ведаюць выдатны фільм “Звычайны фашызм” Рома. Асабіста мяне ў гэтым фільме ўразілі не карціны жахаў — канцлягеры, шыбеніцы (многа чаго з гэтага я пабачыў на ўласныя вочы). Мяне ўразілі кадры апошняга маршу нямецкіх антыфашыстаў па Бэрліне ў 1935 годзе. Там ішлі і камуністы, і сацыял-дэмакраты, і католікі, і беспартыйныя людзі. Яны моўчкі ішлі па Under der Linden, а абываталь вакол рагатаў, кпіў зь іх. Яны ішлі, ведаючы, што ідуць у турму, у канцлягер, можа, на расстрэл. Але яны ішлі. А абываталь, які рагатаў, ён не разумеў, што гэта ішла будучыня Нямеччыны. Гэткую ж калёну, але, ня вялікую радасьць, не маўклівую, я сёньня бачу ў Беларусі — гэта наша моладзь”.
(Скобла: ) “Вы згадалі Бэртольда Брэхта. Акурат да ўспомненага вамі пэрыяду адносіцца ягоны верш “Спаленьне кніг” (пераклад А. Зарыцкага):
Калі загадалі нацысты публічна спаліць Кнігі са шкодным зьместам, Калі адусюль цягнулі валы да кастроў Павозкі з кнігамі, Адзін ганімы паэт, адзін з самых лепшых, Прачытаўшы сьпіс спаленых, жахнуўся: Чаму яго кнігі забыты? Акрылены гневам, Ён падбег да пісьмовага стала і напісаў ліст Да тых, у каго ўлада. “Спаліце мяне! — пісаў ён крылатым пяром. — Спаліце мяне! Не зьневажайце мяне! У сьпіс уключыце мяне! Хіба я ў кнігах сваіх не пісаў шчырую праўду? Чаму ж вы ставіцеся да мяне, як да лгуна? Я загадваю вам: “Спаліце мяне!”
У нас увогуле дзіўная сытуацыя: скажам, Рыгор Барадулін ці Ніл Гілевіч для ўлады як бы не існуюць, але ў школах іхную творчасьць вывучаюць. Зразумела, што для ўлады гэткая дваякая сытуацыя непрымальная. Ці не чакае нас тое, пра што пісаў Брэхт?”
(Тарас: ) “Баюся, што чакае. Я думаю, што згаданага вамі раздваеньня ўлада не пацерпіць. Калі, вядома, пасьпее… Згаданы вамі прыклад — гэта тое самае, што “Доктар Жывага” на экране Беларускага тэлебачаньня. Заканчваецца фільм, і мы бачым па тэлевізары тое, супраць чаго скіраваны твор Пастэрнака! Гэта ж шызафрэнія! Сапраўды ідэалягічная шызафрэнія, бо немагчыма трымаць у адной галаве дзьве палярных супрацьлегласьці! Нам трэба жыць сваёй літаратурай, яе інтарэсамі. Яна выжыве, перажыве ўсіх ігнарантаў і дачакаецца свайго чытача”.
(Скобла: ) “Нядаўна наш карэспандэнт прайшоўся па вуліцах Менску з пытаньнем: “Што вы чыталі зь беларускай літаратуры?”. Адказы мінакоў: “Коласа… Быкава… Брыля”. Тое, што вучылі ў школе. І ўсё. Колькі чытачоў трэба літаратуры, каб яна існавала?”
(Тарас: ) “Яшчэ добра, што ведаюць тых пісьменьнікаў, якіх вывучалі ў школе. Я нядаўна глядзеў па адным з маскоўскіх тэлеканалаў перадачу “Апокрыф”, якую вядзе Віктар Ерафееў. Ён апытваў аўдыторыю, дзе сядзелі студэнткі й асьпіранткі Маскоўскага ўнівэрсытэту імя Ламаносава — ці ведаюць яны Стэндаля, Экзюпэры… Клясыку. І ніхто ня ведаў! Сёньня ў Расеі ўжо можна пачуць: “А хто такі Талстой?”. Так што ў нас яшчэ цярпімая сытуацыя. Што да колькасьці чытачоў. Магчыма, пэўны час, нейкую гістарычную адлегласьць беларускай літаратуры прыйдзецца існаваць без чытача”.
(Скобла: ) “Мне ўсё часьцей згадваюцца вашы радкі: “Мы ня можам здабыць перамогу, але й нас не адолець ніяк!” — але ж павінна ўрэшце сьвятло перамагчы цемру, а праўда — хлусьню?”
(Тарас: ) “Я сам люблю гэты свой верш “Маналёг Дон Кіхота”. Можа, мне ў ім удалося выказаць нейкую вечную думку. На, жаль, трэба зьмірыцца з тым, што глябальна, ва ўсім сьвеце праўда перамагчы ня можа. Але невыпадкова ў маім вершы сказана, што праўда й непераможная. І тут я спашлюся на Сьвятое Пісаньне. Сёньняшнія нашы “праваслаўныя атэісты” таксама спасылаюцца на Сьвятое Пісаньне, яны ходзяць у царкву, ставяць сьвечкі. Але я ўпэўнены, што ніводнага маральнага пастулята зь Бібліі яны не зрабілі правілам сваіх уласных паводзінаў. Праўда жыве ў кожным з нас, калі мы прытрымліваемся ейных прынцыпаў, пачынаючы з прынцыпаў Сьвятога Пісаньня. Вось калі мы іх нясем у сабе, значыць, праўда жыве, змагаецца. І як бы яе ні хацелі зьнішчыць, яе зьнішчыць немагчыма. Каб зьнішчыць праўду, трэба зьнішчыць усіх нас”.
(Скобла: ) “Апошняя па часе выданьня вашая кніга — “На высьпе ўспамінаў”, частка якой прагучала па “Свабодзе”. Што сёньня на вашым пісьмовым стале?”
(Тарас: ) “Я працягваю працу над другой кнігай мэмуараў. Часу ў мяне засталося мала, я проста сьпяшаюся дагаварыць тое, што павінен быў, што мушу сказаць”.
Валянцін Тарас. З новай кнігі
* * * У першым за гэты год нумары маскоўскага часопіса “Новый мир” надрукаваны верш Алесі Нікалаевай “Варшава”. Паэтка абураецца Польшчай, тым, што яна “мае нахабства” выстаўляць Расеі нейкія гістарычныя рахункі. І тыцкае палякаў носам у 1612 год, нагадвае ім пра Ілжэдзьмітрыя і Марыну Мнішак, пры якіх у Маскве ганілі і бэсьцілі ўсё расейскае, вешалі праваслаўных сьвятароў. Нікалаева нібы ня ведае, што Самазванец Ілжэдзьмітры быў ніякі не паляк, а расеец — манах Грыгоры Атрэп’еў, што як гістарычная постаць ён быў спароджаны ўнутранай расейскай смутай, якая пачалася яшчэ ў 1605 годзе, спароджаны барацьбой за ўладу паміж рознымі кланамі маскоўскага баярства. Адзін з тых кланаў і пасадзіў Ілжэдзьмітрыя на расейскі трон, а каранаваў Самазванца расейскі патрыярх Ігнаці.
Ня памятае Нікалаева і пра чатыры падзелы Польшчы — з удзелам Расеі! У выніку чаго Польшча на стагодзьдзі зьнікла з мапы сьвету як самастойная дзяржава. Не памятае паэтка і пра 1939 год, калі адроджаная ў 1918-м Польшча была зьнішчаная Сталіным і Гітлерам. Ня памятае пра Варшаўскае паўстаньне 1944-га, якое гітлераўцы патапілі ў крыві, бо савецкая армія не прыйшла на дапамогу, хоць стаяла на супрацьлеглым беразе Віслы. І пра Катынь, дзе перад вайною НКВД расстраляў 40 тысяч польскіх афіцэраў, Нікалаева таксама ня памятае… Ня памятае і кпіць, зьдзекуецца нават з самой польскай мовы, якая, на слых паэткі, — “шыплівая зьмяюка”…
Нікалаева — таленавітая паэтка. Вось і верш “Варшава” напісаны бліскуча. Але ж і пісталет ці аўтамат, любая зброя, — з боку эстэтыкі, хай сабе тэхнічнай, — вельмі прыгожыя рэчы. Згадваю сваю партызанскую зброю — трафэйны карабін бэльгійскай вытворчасьці, такі быў прыгожы, проста цацка! Але тою “цацкай” можна было прастрэліць сэрца… Такая ж сьмяртэльная “цацка” і верш расейскай паэткі. Імпэрская “цацка” з вытанчанай эстэтыкай нянавісьці…
* * * Сапраўдны паэт не выдумляе мастацкія вобразы, не вынаходзіць мэтафары. Здольнасьць іх нараджаць — натуральная ўласьцівасьць ягонай душы, ейная эманацыя. Так радыяактыўнае рэчыва само па сабе выпраменьвае альфа- і бэта-промні. Наколькі мэтафара бывае арганічнай у паэта, сьведчаць часам ня толькі ягоныя вершы, але і ўчынкі. Славамір Адамовіч зашыў сабе суровай ніткай рот на дэманстрацыі ў абарону свабоды слова. І гэты зашыты рот на ўвесь сьвет крычыць грамчэй, чым шматтысячны натоўп.
* * * Рыгор Барадулін пачынае адзін са сваіх вершаў радком: “Як зьнічка, мільгане паненка маладосьць…”. І ў гэтым, здавалася б, зусім простым радку, кінутым нібы мімаходзь, узьнікае, прынамсі для мяне, травеньская ноч, зорнае неба, карацейшая за імгненьне іскарка зьнічкі над берагам рэчкі, і дзявочая постаць, якая гэтак жа імгненна, як тая зьнічка, паявілася і прапала ў тумане золку.
* * * Раненька выйшаў на ганак, гляджу: жонка стаіць у гародчыку і, кланяючыся, хрысьціць узыходзячае сонца — яно толькі-толькі паднялося над лесам. Гэта мяне ўразіла: Рэня не такая ўжо верніца, у царкву ня ходзіць, папоў ня любіць. Праўда, крыжык праваслаўны, які ейны брат прывёз зь Ерусаліму, на шыі носіць. Але я ніколі ня бачыў, каб яна малілася, хрысьцілася, а тут во хрысьціць сонца, жагнае яго, як жагнаюць роднага чалавека.
Я не падаў голасу, не аклікнуў Рэню, адчуў, што нельга, ня трэба парушаць тое, што адбываецца зь ёю ў гэты момант. Падумалася, што гэта ў ёй прачнуліся ўсе далёкія продкі, тыя даўнія часы, калі сонца было яшчэ Ярылам, што гэта пачуцьці прапрашчураў ахапілі ейную душу, і ажыла ў ёй іхняя малітва бяз словаў. Адно пачуцьцё ўдзячнасьці Сонцу, і радасьць, што яно ёсьць, і страх перад ім, бо ад яго ўсё залежыць. Гэта была малітва працягласьцю ў адну хвіліну і разам з тым роўная ўсяму пражытаму жыцьцю, бо ўвабрала ў сябе ўсё, што ў ім было і ёсьць, усе спадзевы і ўвесь трывожны клопат пра блізкіх — клопат маці, бабулі, жонкі. Дзякуй табе, Сонейка, што ўсе жывыя, і каб жа ты жыло і сьвяціла вечна!..
Я ціхенька падаўся ў хату, і потым, калі Рэня прыйшла з гародчыка, нічога ёй не сказаў. Зноў жа адчуў, што нельга, таму што можна разбурыць нешта патаемнае, сьвятое, глыбока ейнае, што яшчэ жыве ў ёй, што ня выказаць словам.
Плошча Каліноўскага
Унуку Антону
Гэта маё партызанства Магутным вярнулася рэхам. Майго жыцьця ланцужок Прырасьціў зь юнакоў зьвяно. Адчуваю сябе старым мехам, У які налілі маладое віно. Адчуваю сябе праніклівым гукам, Які і глухому прарэжа слых. Гэта дзёрзкая кроў майго ўнука Бунтуе ў жылах маіх.
ЛІТПРАЦЭС
Арнольд Макмілін: “Мне сорамна было размаўляць з маладымі беларусамі па-расейску”
Карэнны брытанец Арнольд Макмілін лічыць, што сорамна адказваць па-расейску чалавеку, які зьвярнуўся да цябе па-беларуску. А зь нядаўняга часу доктару славянскай філялёгіі прафэсару Лёнданскага ўнівэрсытэту, які чытае там лекцыі па расейскай літаратуры, стала прафэсійна нецікавае ўсё напісанае па-расейску. І Арнольд Макмілін вырашыў цалкам прысьвяціць сябе вывучэньню маладой беларускай літаратуры.
(Валянціна Аксак: ) “Спадар Макмілін, вы прафэсар расейскай мовы і літаратуры Лёнданскага ўнівэрсітэту, але вы так добра гаворыце па-беларуску. Калі й дзе вы навучыліся беларускай мове?”
(Арнольд Макмілін: ) “Я пачаў ня толькі чытаць па-беларуску, але і трошачкі гаварыць, калі я ў першы раз — гэта напрыканцы мінулага стагодзьдзя — сустракаўся з маладымі людзьмі ў Беларусі, якія гаварылі выключна па-беларуску. І мне было сорамна адказваць па-расейску гэтым маладым людзям. І я вырашыў, што хоць ужо можа мне й позна вучыцца, але трэба навучыцца гаварыць па-беларуску”.
(Аксак: ) “А калі прыйшло да вас, як да даследчыка, зацікаўленьне беларускай мовай і літаратурай?”
(Макмілін: ) “Калі я скончыў Лёнданскі ўнівэрсытэт і стаў асьпірантам вывучаць расейскую літаратуру XVIII стагодзьдзя, да нас раптам прыехаў вельмі цікавы прафэсар-лінгвіст. Я кінуў Ламаносава, Дзяржавіна ды іншых і пайшоў да яго. І хоць я не спэцыялізаваўся як лінгвіст, тым ня менш, ён мяне прыняў. І ён сказаў, што шмат трэба зрабіць у беларускім мовазнаўстве. Я напісаў дысэртацыю з тэмай “Разьвіцьцё беларускай літаратурнай мовы ў XIX стагодзьдзі” . Як толькі я скончыў яе, гэтае дасьледаваньне надрукавалася як кніга, я атрымаў запрашэньне зь Нямеччыны напісаць кароткую гісторыю беларускай літаратуры. Але калі я пачаў пісаць, то даведаўся пра шмат вельмі-вельмі цікавага ў беларускай літаратуры. З тых часоў я трошкі пісаў пра расейскую літаратуру і больш пра беларускую. А пяць гадоў таму я вырашыў займацца толькі беларускай літаратурай”.
(Аксак: ) “Здаецца, у 1991—1992 гадах вы прачыталі ў Лёнданскім унівэрсытэце курс лекцыяў “Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя”. Скажыце, ці вырас з гэтых уводзінаў асобны курс па гісторыі беларускай літаратуры?”
(Макмілін: ) “На жаль, я ніколі не выкладаў такога курсу, таму што не было дастатковай цікавасьці да Беларусі сярод студэнтаў, яны цікавяцца Расеяй. І Беларусь засталася для мяне навукай, а не выкладаньнем ва ўнівэрсытэце”.
(Аксак: ) “Вы напісалі кнігу, якая называецца “Беларуская літаратура дыяспары”, і цяпер, я ведаю, працуеце над новай кнігай. Які пэрыяд, якіх аўтараў вы цяпер дасьледуеце?”
(Макмілін: ) “Назва наступнай кнігі — “Сучасная беларуская літаратура”. Я пачынаю яе ад сямідзясятых гадоў. А да гэтага я займаўся “Тутэйшымі” і сучасьнікамі “Тутэйшых”. Цяпер я буду займацца маладымі і толькі потым, калі сіла будзе, то буду пісаць і пра старэйшых літаратараў”.
(Аксак: ) “Цяпер кіраўніцтва Беларусі праводзіць антыбеларускую ў існасьці палітыку. Скажыце, калі ласка, як, на вашую думку, як спэцыяліста па беларускай літаратуры, ці ёсьць у яе пэрспэктывы ў такой палітычнай сытуацыі?”
(Макмілін: ) “Ёсьць тут шмат сумнага, і ўсё стала яшчэ больш сумна для шматлікіх маіх сяброў пасьля адыходу Васіля Быкава. Вельмі непрыемна, што некаторыя таленавітыя пісьменьнікі не жывуць у Беларусі. Таксама вельмі непрыемна тое, што цяпер два саюзы пісьменьнікаў. Для мяне гэта маразм. Але маладыя пісьменьнікі даюць велізарныя надзеі для будучыні літаратуры. Я маю на ўвазе вельмі маладых, як Віка Трэнас, Вальжына Морт, Янка Лайкоў, Віктар Жыбуль, Джэці…”
(Аксак: ) “А як вы ацэньваеце шанцы намінантаў ад Беларусі на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры? Як вядома, вылучаны паэт Рыгор Барадулін, і нядаўна стала вядома, што таксама вылучаная празаік Сьвятлана Алексіевіч”.
(Макмілін: ) “Ведаеце, гэта вельмі-вельмі цяжка для паэта, калі няма перакладаў. Калі Васіль Быкаў не атрымаў, нягледзячы на падтрымку Мілаша, Гаўла, то я ня вельмі й на гэты раз спадзяюся. Я хацеў бы, канечне, каб Быкаў, самы сьціплы чалавек, атрымаў. Гэта трэба было ня толькі для Быкава, а для Беларусі. Я вельмі высока ацэньваю вершы Барадуліна, але Нобэлеўская прэмія — гэта гульня, і гульня напалову палітычная. І я не разумею, як яны там вырашаюць. Сьвятлана Алексіевіч — добрая публіцыстка, але яна піша па-расейску, а мне больш падабаюцца пісьменьнікі, якія пішуць па-беларуску”.
НОТНЫ СШЫТАК
Фальклёрная спадчына па-ранейшаму прыцягвае да сябе сучасных беларускіх музыкантаў. Разам з калегамі па гурце “Pete Paff” Піт Паўлаў скончыў працу над дэбютным альбомам калектыву.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Як і кожны безумоўна таленавіты творца, Піт Паўлаў чалавек амбіцыйны. Яму цесна ў рамках толькі “N.R.M.”, а таму яго прыцягваюць цалкам іншыя музычныя абшары. Прычым два ягоныя ўласныя калектывы — гурты “Гарадзкія” і “Pete Paff” не падобныя адзін да аднаго. У аснове рэпэртуару апошняга — народныя і стылізаваныя пад народныя песьні, запісаныя цягам двух гадоў на цесьненькай кухні Паўлава з дапамогай часам вельмі нязвыклага інструмэнтарыя. Пры гэтым сам Піт Паўлаў сьмела, як заўсёды, заяўляе, што творчасьць групы “Pete Paff” ня мае аналягаў у цяперашняй музычнай практыцы Беларусі. Ці так гэта насамрэч? І гутарку зь Пітам я пачаў з наступнага пытаньня: як я зразумеў з тваіх заяваў, тое, што прэзэнтуе “Pete Paff” у рэчышчы этнамузыкі, карэнным чынам адрозьніваецца ад усяго, што ёсьць у Беларусі?”
(Піт Паўлаў: ) “Калі я толькі пачынаў гэты падыход да аранжаваньняў, гэта карэнным чынам адрозьнівалася, таму што былі прыўнесеныя новыя інструмэнты: дарбука, вясельны бубен, духавыя. Але я рабіў гэты альбом больш за два гады, і гэтыя мае ідэі ўсё ж такі пралезьлі ва ўсе іншыя праекты. Цяпер дарбука — гэта ўжо тыповы інструмэнт для выкананьня ў нас фольку…”
(Падбярэскі: ) “Тыпова беларускі…”
(Паўлаў: ) “Менавіта! Дзякуючы “Крыві” ў першую чаргу… І казаць, што гэта нібыта рэвалюцыя нейкая, я не магу. Гэтыя ідэі можна адшукаць і ў Брэгавіча, і ў нейкіх усходніх аранжаваньнях, і ў жыдоўскіх. Проста, на мой погляд, менавіта так у нас ня робіць ніхто. У нас традыцыйныя сродкі, але аранжаваньні тыпова рокавыя. І ў гэтым, на мой погляд, максымальнае адрозьненьне ад усіх астатніх. Цымбаламі, дудкамі, лірамі, дудамі… Домра актыўна ў нас гучыць. Канечне, некаторыя аранжаваньні будуць параўноўваць з Брэгавічам, некаторыя, напэўна, з аранжаваньнямі кельцкай музыкі, ірляндзкай, шатляндзкай, з жыдоўскімі аранжаваньнямі. Таму я лічу, што гучаньне “Pete Paff” адрозьніваецца ад усяго таго, што зроблена іншымі, і гэта добра. Трэба як мага больш розных калектываў”.
(Падбярэскі: ) “Ты ўсё ж такі па натуры чалавек рок-музыкі. А чым жа цябе прываблівае менавіта такая стылістыка?”
(Паўлаў: ) “Я стаяў ля вытокаў выкананьня беларускага фальклёру новай хвалі. Прысутнічаў на першых рэпэтыцыях і граў два першыя канцэрты з “Тройцай”, прысутнічаў пры стварэньні жывога калектыву “Крыві” й шмат гадоў працаваў у ім. І амаль зь першых альбомаў “N.R.M.” я прасоўваў туды такую трошачкі фальклёрную плыню. Гітара мая гучала часам у некаторых песьнях як народны інструмэнт. І гэта для мяне такая падставовая рэч, таму што я лічу, што рок-музыка — гэта такая вельмі стандартная рэч, і адрозьненьні наступаюць менавіта там, дзе іншая мова, дзе іншая мэлёдыка, дзе крыху іншы падыход да гармоніі і, самае галоўнае, — гэта, вядома, гучаньне інструмэнтаў. Мне заўсёды было цікава, як гучыць этнічная музыка. Я ня ставіў ніколі сабе такой задачы, каб навучыцца дасканала гэта рабіць, я проста набліжаў сябе да вось гэтай карэннай музыкі, настройваў свой унутраны камэртон па нейкіх старажытных песьнях, аднак сам трактую іх і выконваю вельмі вольна. Для мяне яны ніколі не былі догмай, я заўсёды іх перабудоўваю, перапісваю тэксты, перапісваю мэлёдыі, дапісваю брыджы, прыпевы, таму амаль няма аніводнай песьні, якая б не была моцна зьмененая. Гэта мой такі падыход”.
(Падбярэскі: ) “І “Pete Paff”, і “Гарадзкія” выконваюць народныя песьні. А ў чым розьніца падыходу да народнай спадчыны ў двух тваіх калектывах?”
(Паўлаў: ) “У тым, што “Гарадзкія” — гэта рок, прычым даволі цяжкі, часамі зь элемэнтамі гіп-гопу, сучаснага гард-кору. Фальклёрныя песьні ў выкананьні “Гарадзкіх” — гэта заўсёды цяжкія песьні. А ў “Pete Paff” максымальная цяжкасьць дасягаецца проста бубнам такім вясельным і тубай. Гэта ўжо страшная розьніца, таму што рознае гучаньне інструмэнтаў. А да таго ж — вельмі прынцыпова іншы падыход да аранжаваньняў”.
(Падбярэскі: ) “Тэксты народных песень, як правіла, сэнсава вельмі шматслойныя. А што ты ў іх знаходзіш?”
(Паўлаў: ). “Вось менавіта гэта мяне і вабіць. Што гэта філязафічныя такія тэксты, і для сучаснага чалавека яны звычайна гучаць як такое вось тло, аснова. Гэта архетыпічныя такія тэксты, у якіх няма канкрэтыкі сучаснага дня. Там заўсёды глыбокія вобразы, мастацкія мэтафары. І на гэтых мэтафарах і якраз і будую сваю музыку, таму што, дапісваючы, напрыклад, да гэтых песень сучасны прыпеў ці проста рэпавы камэнтар, адбываецца наступнае: зьяўляецца іншае адчуваньне таго ж самага тэксту. І конік, напрыклад, ператвараецца ўжо ў “Мэрсэдэсік”, і гэтак далей… Тэкст у народных песьнях гучыць для мяне як дадатковы інструмэнт. Таму што ён не вымагае дакладнага трактаваньня. Як рок-тэкст, напрыклад. Народныя тэксты — гэта такая шматгадовая мудрасьць нейкая”.
(Падбярэскі: ) “Песьня пад назвай “Цок-цок-цок” з альбому гурта “Pete Paff” мае безумоўныя шанцы зрабіцца шлягерам, хоць яна й не належыць да народных, а была напісаная самім Пітам Паўлавым. У ёй, як у люстэрку, сканцэнтравана адбіліся творчыя прынцыпы калектыву, пра якія толькі што расказваў сам Піт Паўлаў”.