Палітычныя ўзрушэньні сакавіка па-ранейшаму застаюцца галоўнай тэмай пошты “Свабоды”. Аўтары некаторых лістоў самі былі на Кастрычніцкай плошчы ў дні й ночы, калі там існаваў намётавы лягер. Іншыя ўдзельнічалі ў шматлікіх мітынгах альбо чулі расповеды відавочцаў. Многія ўпэўненыя, што ў грамадзкіх настроях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адбыліся істотныя зьмены. Адным з тых, хто шмат часу правёў на Кастрычніцкай плошчы пасьля 19 сакавіка, быў наш слухач Ільля Копыл зь Менску. У сваім лісьце ён піша:
“Ніякага гераічнага ўчынку на плошчы я ня зьдзейсьніў. Нават не правёў там ніводнай ночы, хоць і мог (дома мяне ніхто не чакаў). Заставацца нанач не дазволіў стан здароўя. Ля намётаў я бываў прыблізна з 11-й да 23-й гадзіны з 19 да 23 сакавіка. Пратрымацца пяць начэй на плошчы (на марозе, пад наглядам спэцназу) — гэта, лічу, перамога. Акцыю ўбачыў увесь сьвет. Адны людзі на плошчу прыходзілі — іншыя сыходзілі. За суткі акцыя прапускала празь сябе, можа, сто тысяч чалавек, а можа, і больш. А колькі праехала машынаў! І амаль усе яны сыгналілі на знак прывітаньня. У кожнага, хто прыйшоў на плошчу ў тыя дні, у галаве адбыліся нейкія зьмены”.
Ну, зьмены ў галовах, спадар Копыл, адбыліся, напэўна, не ўва ўсіх. Вы, вядома, бачылі, што на плошчу да насельнікаў намётаў у тыя дні прыходзілі вельмі розныя людзі, у тым ліку і тыя, што ставіліся да акцыі моладзі надзвычай агрэсіўна. Плошча ўдзень часта ператваралася ў вялізны дыскусійны клюб. Часам даходзіла ледзь не да бойкі. Зьяўляліся там і людзі, якія ў спрэчках не выбіралі словаў, лаяліся. Некаторыя нават лічылі, што яны знарок правакуюць насельнікаў намётавага лягеру. Наўрад ці іх у чымсьці здолелі пераканаць тыя хлопцы і дзяўчаты.
Наступны ліст ад Уладзімера Башкірава з Магілёва. Слухач піша:
“Днямі дзяржаўнае тэлебачаньне паказала параненых, пакалечаных, выпацканых зялёнкай спэцназаўцаў. Расказалі, што іх зьбівалі і калечылі п’яныя, адурманеныя наркотыкамі, да зубоў узброеныя сьцягамі ды транспарантамі 15-гадовыя найміты, якія адпрацоўвалі свае 20 тысяч рублёў. Ну, якія тут павінен зрабіць высновы глядач? Выказаць абурэньне і зганьбіць двурушных наёмнікаў-экстрэмістаў. А вы, таварышы Навумаў, Падабед, Паўлічэнка, надавайце больш увагі ідэалягічнаму ды фізычнаму выхаваньню сваіх падначаленых. Нельга ж дазваляць, каб іх зьбівалі. І яшчэ — на іншую тэму. У свой час вядомы астроляг Павал Глоба прадказаў, што югаслаўскі дыктатар Мілошавіч да суду не дажыве, а Лукашэнка будзе кіраваць 12 гадоў. Першае прадказаньне збылося”.
Адметна, спадар Башкіраў, што гісторыя з так званым “зьбіцьцём” спэцназаўцаў, маляўніча паказаная тэлебачаньнем, спакваля сьціхла безь якога-небудзь працягу. Ні крымінальнай справы з гэтай нагоды, ні вінаватых у зьбіцьці, ні рэпартажаў са шпіталю пра тое, як папраўляюць здароўе “пакалечаныя”. Такая ж гісторыя, дарэчы, надарылася і са здымачнай групай БТ, якую абураныя дэманстранты закідалі сьнежкамі і прагналі зь мітынгу 25 сакавіка. Па тэлебачаньні ў той жа дзень расказалі пра жорсткае зьбіцьцё сваіх супрацоўнікаў. Але вось саміх гэтых нібыта зьбітых журналісты потым ня здолелі знайсьці ні ў адным шпіталі.
Нам піша слухачка Алена са Смаргоні (прозьвішча свайго яна ў лісьце не называе):
“Пасьля 19 сакавіка я для сябе зрабіла адну выснову: у нашай краіне шляхам выбараў зьмяніць уладу немагчыма. Што б ні рабіла апазыцыя — усё марна. У нас шмат людзей, якія зусім не цікавяцца палітыкай. Ім усё адно — што Лукашэнка, што Мілінкевіч. Яны нават навінаў не глядзяць. А на выступы Лукашэнкі трапляюць выпадкова — калі ўключаюць тэлевізар, каб паглядзець Петрасяна альбо тэлесэрыял. Хачу выказацца ў падтрымку таго, што Захад зьбіраецца забараніць уезд на сваю тэрыторыю вінаватым у фальшаваньні вынікаў выбараў. Можа, больш людзей пасьля гэтага задумаюцца і зразумеюць, што ў нас нешта ня так.
Людзей, якія выходзяць на вуліцы ў Менску, мне вельмі шкада — у тым сэнсе, што іх моцна зьбіваюць і звальняюць з працы. На мой погляд, гэта марныя пратэсты, бо яны нічога ня зьменяць. Але хачу сказаць вялікі дзякуй тым, хто быў на плошчы пасьля 20 сакавіка, і тым, хто выйшаў 25-га. Яны — сапраўдныя героі цяперашняй Беларусі”.
Не пагаджуся з вамі, Алена: толькі шляхам выбараў і павінна мяняцца ўлада ў дзяржаве. Але пры ўмове, што выбары гэтыя будуць справядлівымі, дэмакратычнымі, сумленнымі. Пытаньне ў тым, як грамадзтва можа прымусіць уладу правесьці менавіта такія выбары? Тая моладзь, якая здолела пераадолець страх і выйшла на плошчу, якраз і пратэставала супраць няпраўды і несправядлівасьці. І іх учынак ня быў бескарысным і бясплённым. Мільёны людзей ува ўсім сьвеце ўбачылі, што нават ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму ёсьць сілы, здольныя адстойваць дэмакратычныя прынцыпы. Але галоўнае, што гэта ўбачылі людзі ў самой Беларусі. Вось жа і вы, Алена, хоць і лічыце, што сваім выхадам на плошчу моладзь паўплываць на становішча ў дзяржаве ня можа, але ж адначасова захапляецеся яе ўчынкам.
Аўтар наступнага ліста — Ніна Гулевіч зь Менску. Яна піша:
“25 сакавіка я была па справах у цэнтры Менску — і нікуды не магла патрапіць. Нават вярнуцца дамоў. Горад быў перакрыты. І я задумалася: хто ім даў права гэтак рабіць? Гэта мой горад, у якім я нарадзілася; мая вуліца. Напэўна, калі б я трымала ў руках партрэт Лукашэнкі, мяне дамоў прапусьцілі б. Але ў мяне не было яго партрэта. І пасьля таго, што адбылося, напэўна, ніколі ўжо ня будзе. Я вось пастаяла на мітынгу ў натоўпе цудоўных свабодных людзей. Паглядзела ў іх разумныя сьмелыя вочы. Паслухала. І зразумела: міністры, генэралы, высокія начальнікі ўсё робяць супраць Лукашэнкі, бо сваімі дзеяньнямі толькі павялічваюць шэрагі апанэнтаў рэжыму ў геамэтрычнай прагрэсіі”.
Сапраўды, кіраваць грамадзкімі настроямі і памкненьнямі толькі з дапамогай сілы, гвалту і забаронаў — рызыкоўны занятак. Здараецца, чым з большай сілай прыціскаюць зьверху кацёл з варам, тым большая небясьпека выбуху. Праўда, гэта датычыць толькі тых выпадкаў, калі ціск у катле сапраўды высокі. А наколькі высокая сёньня ступень незадаволенасьці ў беларускім грамадзтве? На гэты конт існуюць розныя меркаваньні і ацэнкі.
Ліст ад Міхаіла Лысевіча зь Ліды. Слухач піша:
“У свой час Украіна здолела перамагчы на выбарах Кучму зь Януковічам толькі таму, што там была еднасьць руху за перамены зь вялікай колькасьцю грамадзянаў, гатовых рызыкаваць сабой ды ісьці наперад. У нас таго няма і блізка. Як можна было ствараць у цэнтры Менску нейкі намётавы лягер, калі няма масавай падтрымкі гэтай ідэі з боку прадпрымальнікаў, грамадзянаў, якія баяцца страціць тое, што на сёньня маюць. І гэта слушна. Хіба мог спадар Мілінкевіч пахваліцца тым, што яго падтрымліваюць ня толькі Ангела Мэркель, Жак Шырак, але і ўмоўна ўзятыя прадпрымальнікі Менску, Бабруйску, Полацку, Ліды… Што, гэтыя прадпрымальнікі гатовы ўзяць на працу тых грамадзянаў, якія могуць быць звольнены (а многія і звольнены) за ўдзел у перадвыбарчай агітацыі, у мітынгах? Не, ня можа. А тых, хто супраць сёньняшняга рэжыму, вельмі шмат. Вось дзе поле для працы, для пошуку, для стварэньня усебеларускай кааліцыі пратэсту”.
Намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы ствараў зусім не Мілінкевіч. І ўвогуле, ніхто зь вядомых апазыцыйных палітыкаў ня меў дачыненьня да гэтай акцыі моладзі, і тым больш не рыхтаваў яе загадзя. Хто ведае, калі б моладзевыя актывісты чакалі таго моманту, пакуль ідэя набудзе масавую падтрымку, пакуль яе ўхваляць прадпрымальнікі, то ці ажыцьцявілася б яна ўвогуле хоць калі-небудзь.
На заканчэньне фрагмэнт ліста ад Юр’я Навіцкага зь Менску. Слухач піша:
“Не падабаюцца мне паводзіны Казуліна, дый годзе. Ня могучы сабраць уласную аўдыторыю, прыходзіў на сустрэчы, якія ладзіў Мілінкевіч. Ад тэлевыступу яго патыхала танным папулізмам. На мітынгу 25 сакавіка яму захацелася перайменаваць плошчу Каліноўскага. Не сабраўшы мітынгу на Акрэсьціна, ён пацягнуў пратэставае насельніцтва пад кулі. Ну, сапраўдны поп Гапон! — сказалі мы самі сабе яшчэ падчас мітынгу — і разышліся. Пры гэтым нас добра патузалі яшчэ на падыходах да плошчы Каліноўскага — нават жонцы амонавец ударыў у твар. Адсьвяткавалі Дзень Волі — трэба працаваць далей. А Казуліну хочам сказаць: “Ня сеяўшы, не араўшы — ня лезь жаць!”
Аляксандра Казуліна, спадар Навіцкі, падтрымлівае немалая частка дэмакратычна арыентаванага грамадзтва. І шматлюдных сустрэчаў з выбарцамі ў яго было нямала (і ня толькі з удзелам Мілінкевіча) — тут вашыя абвінавачаньні несправядлівыя. Напэўна, можна спрачацца са стылем ягоных публічных выступаў, з тым, ці слушным быў ягоны заклік пасьля мітынгу ісьці да турмы на Акрэсьціна. Але гэты палітык таксама адстойвае дэмакратычныя каштоўнасьці і прыкладае нямала асабістых намаганьняў дзеля дасягненьня гэтай мэты. Прынамсі, ён усьведамляў, якая небясьпека пагражае яму пасьля 19 сакавіка. І асэнсавана выбраў не ўтульную палітычную эміграцыю і не бясьпечны адыход ад палітыкі, як гэта зрабілі многія яго папяэднікі.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.