Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ААН вярнулася да беларускага пытаньня?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў і палітоляг Алесь Лагвінец.

Трэці камітэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прыняў рэзалюцыю, якая асуджае Беларусь за парушэньне правоў чалавека. Чаму зьявіўся такі дакумэнт? Якія наступствы будзе мець згаданая рэзалюцыя?

Чаму зьявілася рэзалюцыя?

Валер Карбалевіч: “Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў чарговы раз зьвярнула ўвагу на сытуацыю з правамі чалавека й дэмакратыяй у Беларусі. Трэці камітэт ААН прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой скрытыкаваў палітыку беларускіх уладаў у гэтай сфэры. Дакумэнты былі прынятыя з ініцыятывы 32 заходніх дзяржаваў.

Чаму ААН зноў зьвярнулася да беларускага пытаньня? Як сьцьвярджаюць беларускія дзяржаўныя мэдыі, ва ўсім сьвеце шмат значна больш драматычных праблемаў, а ў Беларусі стабільнасьць. А вось жа прымаецца рэзалюцыя па Беларусі”.

Уладзімер Шчэрбаў: “Краіны-чальцы ААН вольныя ў ходзе працы Генэральнай Асамблеі абмяркоўваць любыя пытаньні. Трэці камітэт, прыняўшы рэзалюцыю, якая асуджае Беларусь за парушэньне правоў чалавека, разглядае сацыяльныя й гуманітарныя пытаньні.

У рамках ААН сытуацыя з правамі чалавека абмяркоўваецца ня першы год. Камісія правоў чалавека прымала рэзалюцыю па Беларусі ў 2003, 2004, 2005 гадах. У 2006 годзе была прынятая рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН.

Гэта ў пэўным сэнсе кансалідаванае рашэньне міжнароднай супольнасьці — хоць палова краінаў альбо ўстрымалася пры галасаваньні, альбо ўвогуле ня ўдзельнічала ў галасаваньні.

Генэральная Асамблея — адзін з галоўных органаў ААН. І ягонае рашэньне вышэйшае за рашэньне Рады ААН у правах чалавека. Гэты апошні орган — новы для ААН. Ён пачаў працаваць інакш, чым раней дзейнічала Камісія правоў чалавека.

Бо раней калі прымалася рэзалюцыя па сытуацыі з правамі чалавека ў якой-небудзь краіне, то апошняя казала пра двайныя стандарты, задавала пытаньне, чаму па іншых краінах не прымаюць падобных рэзалюцыяў.

Таму гэтым годам Рада ААН у правах чалавека прыняла рашэньне, што будзе праводзіцца ўнівэрсальны пэрыядычны агляд усіх краінаў наконт выкананьня абавязкаў у правах чалавека. Пытаньне па Беларусі плянуецца разгледзець у 2010 годзе”.

Алесь Лагвінец: “Тое, што Беларусь, як удзельніца міжнародных пагадненьняў аб правах чалавека, застаецца ў фокусе ўвагі міжнароднай супольнасьці, ёсьць вельмі пазытыўным фактарам. Рэгулярнае прыняцьце рэзалюцыяў па Беларусі паказвае інтарэс сябраў ААН да сытуацыі ў нашай краіне.

Цяперашні праект рэзалюцыі адрозьніваецца ад таго, які прынялі летась, больш трапнымі і пашыранымі фармулёўкамі. У прыватнасьці, кажацца пра тое, што ў Беларусі ідзе далейшая эрозія дэмакратычнага працэсу. Ёсьць патрабаваньне вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць рэпрэсіі. У тэксьце рэзалюцыі ідзе размова пра рэкамэндацыі камісіі Міжнароднай арганізацыі працы аб прафсаюзных правах.

Таксама гаворыцца пра неабходнасьць рэалізоўваць права на свабоду рэлігіі альбо перакананьняў, што зьяўляецца сёньня вельмі актуальным пытаньнем”.

Якія наступствы будзе мець гэтая рэзалюцыя?

Карбалевіч: “Структуры ААН не ўпершыню прымаюць рэзалюцыю ў пытаньні дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі. Але сытуацыя амаль не мяняецца. І вось новая рэзалюцыя. Ці эфэктыўныя падобныя дакумэнты? Якія наступствы будзе мець гэтая рэзалюцыя?”

Шчэрбаў: “Толькі адзін орган ААН — Рада бясьпекі — упаўнаважаны прымаць рашэньні, якія зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня ўсімі краінамі.

А рашэньні Генэральнай Асамблеі маюць рэкамэндацыйны характар. Але акцэнт робіцца на тым, каб краіны супрацоўнічалі з ААН. Ніякіх непасрэдных наступстваў ня можа быць. Зразумела, галоўнае — жаданьне самой краіны выконваць рэкамэндацыі”.

Карбалевіч: “Апошнім часам беларускія афіцыйныя асобы й дзяржаўныя мэдыі шмат увагі надаюць працы Беларусі ў Руху недалучэньня, называюць Беларусь амаль што адным зь лідэраў гэтага Руху, сьцьвярджаюць, што гэта самая ўплывовая арганізацыя ў сьвеце.

І вось жа вынікі галасаваньня па гэтай рэзалюцыі: за — 68 дзяржаваў, супраць — 32, устрымаліся 76 дзяржаваў. Дык чаму сябры Руху недалучэньня, якіх налічваецца амаль сто дваццаць, не падтрымалі Беларусь?”

Лагвінец: “Таму што гэта вельмі стракатая арганізацыя, якая яднае краіны з рознымі інтарэсамі. Галасаваньне па беларускай рэзалюцыі паказвае, што дэклярацыі беларускіх чыноўнікаў пра велізарныя посьпехі ў супрацоўніцтве Беларусі з краінамі Руху недалучэньня не адпавядаюць рэальнасьці”.

Шчэрбаў: “192 краіны-сябры ААН у шасьці камітэтах распрацоўваюць рэзалюцыі, якія ў сьнежні будуць вынесеныя на пленарнае паседжаньне Генэральнай Асамблеі ААН. А яна можа прыняць рэзалюцыю як з дапамогай галасаваньня, так і безь яго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG