Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні момант Рэчы Паспалітай


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава Эфір 19 красавіка 2007 году

Слухаць:

Гарачыня спала, за Нёманам паступова гаснуць агні, у расчыненыя вокны ўрываюцца роўныя крокі чужаземных салдат. Яны нібыта ўбіваюць цьвікі ў распалены мозг караля. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ніяк ня можа заснуць. У галаву лезуць трывожныя думкі. Ён ведае, што на заўтрашнім Сойме будзе ўхвалены трактат з Расеяй, а значыць, вялікая краіна двух вялікіх народаў фактычна спыніць сваё існаваньне. Напярэдадні расейскі пасол Сіверс расклаў перад ім своеасаблівы пасьянс, хто з дэпутатаў і за што будзе галасаваць. Ведае ён і колькі каму заплацілі альбо паабяцалі заплаціць за згоду. Вунь, яны, вышэйшыя магнаты Кароны і Літвы балююць, аж сюды даносіцца п’яны рогат. Тыя, хто будуць галасаваць супраць, хто яшчэ думае пра радзіму, – у меншасьці.

А можа ўскочыць на каня, паімчацца да афіцэраў і салдат, якія яшчэ могуць супраціўляцца, і паспрабаваць узьняць войска і народ?! Яшчэ адзін варыянт. Устаць заўтра на Сойме і заклікаць усіх дэпутатаў, каб яны сказалі “НЕ!” Патлумачыць ім, што подла здаваць сваю краіну. Няўжо ў большасьці зь іх не здрыганецца сэрца?

Але… кароль кладзецца спаць. Былая каханка, усемагутная імпэратрыца, што ставіла яго на трон, перамагла і цяпер. Ён – слабы, бездапаможны.


Вячаслаў Ракіцкі: І ў менскай студыі без бар’ераў мы гутарым з пісьменьніцай Вольгай Іпатавай. Вы зараз самі працуеце над творам з часоў Гарадзенскага сойму 1793 году, калі былі ратыфікаваны падзельныя трактаты з Расеяй і Прусіяй і адбылося тое, што называюць другім падзелам Рэчы Паспалітай. Чаму Вас зацікавіў менавіта другі падзел?

Вольга Іпатава: “Найперш таму, што гэта, на мой погляд, быў самы драматычны і трагічны момант апошніх часоў Рэчы Паспалітай, куды, як вядома, уваходзіла і наша Беларусь, што называлася тады Літвой. Рашэньне аб самазабойстве (а іначай гэта не назавеш) прыняў заканадаўчы орган – Сойм. Як маглі парлямэнтары, палітычная эліта дзяржавы, згадзіцца на тое, каб іх дзяржава перастала існаваць? Што прывяло да гэтага? У польскай літаратуры ўсе гэтыя падзеі ня раз апісаныя. Найбольшае ж уражаньне зрабіў на мяне раман нобэлеўскага ляўрэата Ўладзіслава Рэйманта “Апошні сэйм Рэчы Паспалітай”. Мы ж, беларусы, ведаем пра гэта зусім мала, хаця гэта вялікая і значная частка нашай палітычнай гісторыі. Тады Расея атрымала ўсю тэрыторыю былой гістарычнай Літвы (Беларусі), а Сойм, дзе былі і дэпутаты ад Вялікага Княства Літоўскага і нават сам каронны гетман Забэла, практычна аддаў Расейскай імпэрыі гэту, ужо анэксаваную тэрыторыю, “на вечныя часы ”. Вось чаму водгульле 1793 году цягнецца, можна сказаць, і дасюль. Гэты падзел адгукаецца сёньня, прыкладам, на ўкраінскім Майдане: з кім застанецца Украіна ў рэшце рэшт, куды яна пойдзе? Істотна гэта і для Беларусі...”

Ракіцкі: “Але чаму ўсё ж дэпутаты пагадзіліся на, як Вы кажаце, самазабойства?”

Іпатава: “Да гэтага прывялі многія прычыны, і ня толькі разбэшчанасьць і самавольства магнатаў, або маніпуляцыі са шляхтай (зь сялянамі, вядома, ніхто не лічыўся). Тут была і незадаволенасьць палітыкай паступовага паглынаньня Вялікага Княства Каронай, і рэлігійнае супрацьстаяньне народаў, і асабістыя інтарэсы магнатаў і шляхты, якіх падтрымлівалі і Расея, і Саксонія. Канешне, найбольшы ўплыў атрымала Расея, асабліва пасьля таго, як Кацярыне Другой у 1763 годзе ўдалося пасадзіць на каралеўскі трон пры падтрымцы Чартарыйскіх свайго былога каханка, былога пасла Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Расеі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. За падтрымку яна патрабавала перадаць Расеі тэрыторыі ўсходняй Беларусі, усходняй Латвіі і выдаць “тысячы сялян”, якія ўцяклі ў Беларусь з прычыны цяжкага прыгоньніцтва у Расеі. Яна дасягнула свайго толькі праз дзесяць гадоў, калі адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай.За гэтыя гады ў краіне была створана “пятая калёна” з уплывовых магнатаў і шляхты, якая была падкупленая пасадамі і грашыма і дбала толькі пра свае асабістыя інтарэсы”.

Ракіцкі: “Але ня будзем забываць на тое, што Гарадзенскі сойм праходзіў ва ўмовах надзвычайных: на замак, дзе адбываліся паседжаньні, былі нацэленыя гарматы. Артылерыя магла б разьнесьці гэты замак на друз. Горад быў у аблозе войскам, нават у залі стаялі ўзброеныя грэнадэры...”

Іпатава: “А расейскі пасол Сіверс дырыгаваў усім гэтым, седзячы за кулісамі... Страх, натуральна, ня трэба скідваць з рахункаў. Тады няўгодныя ці бунтары маглі зьнікнуць бязь сьледу ў Сыбіры – кібіткі, дзе сядзелі арыштанты, па начах раз за разам выяжджалі з Гародні. І вынік галасаваньня быў адпаведны: шэсьцьдзесят шэсьць галасоў – за, і толькі адзінаццаць – супраць. Пасьля гэтай падзеі Кацярына цынічна загадала выбіць мэдаль “отторженное возвратих”, як быццам бы гэтыя землі хаця калі належалі да Расеі і як быццам бы нават у дзяржаўных актах там-сям ня значылася, што гэта “новообретённые земли.” За згодай Сойму стаялі подкуп і шантаж дэпутатаў, сіла расейскага (і прускага) войскаў, інтрыгі шляхты і магнатаў, няўменьне вышэйшых клясаў Рэчы Паспалітай паразумецца паміж сабою дзеля Айчыны і шмат іншае. Тут, у Гарадзенскім каралеўскім замку, была па сутнасьці скасаваная вялізная дзяржава. Тут адбывалася яе агонія, і на гэтым фоне ў рамане Рэйманта дробнымі матылькамі стракацяць людзі зь іхнімі жахам, пратэстам, згодай, здрадай. Ён апісвае, як у замку ўлетку 1793 году “панавалі хаос, бязладзьдзе і ледзь ня бойка. Клубок жарсьцяў, распаленых супраціўленьнем, бушаваў у зале. На сцэну выступалі асабістыя рахункі, праносілася навальніца узаемнай непрыязнасьці і сварак, нейкае вар’яцтва ахапіла большасьць, -- так нястрымна яны імкнуліся да пагібелі”.

Ракіцкі: “Але ж Кацярына, будучы яшчэ вялікай княгіняй, кахала Станіслава Аўгуста, у іх нават была дачка. Чаму гэтае каханьне не дапамагло каралю ўтрымацца на троне?”

Іпатава: “Таму што у вялікай палітыцы каханьне адно, а дзяржаўныя інтарэсы – нешта зусім іншае. З таго раману прайшло амаль трыццаць гадоў, у Кацярыны былі ўжо ня проста каханкі, а фаварыты, якія цалкам залежалі ад яе капрызаў. А польскі кароль усё ж спрабаваў весьці незалежную палітыку, ён нават зьвяртаўся да іншых дзяржаваў па дапамогу (калі адбыліся першыя захопы земляў Рэчы Паспалітай), але ніводная дзяржава яму не дапамагла. У Францыі насьпявала рэвалюцыя, іншыя краіны таксама мелі свае праблемы. Дарэчы, праект падзелу тэрыторыяў саслабелай Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй узьнік яшчэ ў 1763 годзе. Аўстрыя ж, не дачакаўшыся вырашэньня гэтага пытаньня, ў 1770 годзе першаю захапіла два староствы і саляныя капальні ў Польшчы. А незадаволеная тым Кацярына ўказам загадала стварыць Пскоўскую і Магілёўскую губэрні, куды ўвайшлі дзесяткі гарадоў Беларусі. Пазьней гэта было нібыта ўзаконена канвэнцыяй паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй 5 жніўня 1772 году ў Пецярбурзе. Аднак Кацярына “гуляла” ў велікадушнасьць: яна гарантавала Рэчы Паспалітай захаваньне кардынальных правоў, такіх, як непадзельнасьць дзяржавы (што пасьля, зразумела, аказалася ашуканствам). Не магла дадаць паразуменьня паміж расейскай імпэратрыцай і польскім каралём, адначасна і вялікім князем ВКЛ Станіславам Аўгустам і прынятая ў дзяржаве 3 траўня 1791 году Канстытуцыя. У ёй, у прыватнасьці, была абяцаная свабода “кожнаму, хто толькі адной нагой ступіць на польскую зямлю.” Рэфарматары разьлічвалі, што гэта прыцягне з Расеі сялян, якія змогуць пасьля скласьці заплянаванае Соймам 100-тысячнае войска, здольнае абараніць краіну.

Ракіцкі: “Але вольнасьць, абяцаная іншым саслоўям, падняла супраць Канстытуцыі і рэфарматараў кансэрватыўную частку шляхты, што таксама паспрыяла гібелі краіны...”

Іпатава: “Так, гэта была лёсавызначальная памылка тых, хто ня быў прадажнікам, не належаў да прускай ці расейскай партыі, а лічыў сябе патрыётам краіны і быў ім. Апроч таго, частка беларускай шляхты падтрымлівала Кацярыну ў магчымым адасабленьні ВКЛ ад Польшчы шляхам дынастычнай уніі Княства з Расейскай імпэрыяй. Так што гэта была шматхадовая, шматварыянтная гульня, мэтай якой было адно – захапіць Рэч Паспалітую і выкарыстаць яе рэсурсы ў сваіх уласных інтарэсах. Часткай уплывовых магнатаў, не згодных з рэформамі, была створана так званая Таргавіцкая канфэдэрацыя, якая фактычна садзейнічала акупацыі краіны. Кароль пазьней далучыўся да яе, і на Сойме, канчаткова зломлены, ўгаворваў дэпутатаў, што “супраціўленьне бессэнсоўнае”, што далучыўся ён да Таргавіцкай канфэдэрацыі толькі дзеля гарантыі неразьдзельнасьці Рэчы Паспалітай і на аснове заявы імпэратрыцы, што краіна ня будзе разьдзеленая на часткі. Таму на ім і ляжыць немалая частка адказнасьці за ўсё, што адбылося.

Ракіцкі: “ Як склаўся лёс караля пасьля гэтых падзеяў?

Іпатава: “У Гародні ён правёў і апошнія дні свайго ўладарства, а потым, у 1794 годзе, пасьля паразы паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, ужо нікому не патрэбны, на загад імпэратрыцы, жыў тут адзін і падпісаў акт адрачэньня ад кароны на карысьць Кацярыны Другой. Пасьля яе сьмерці, ужо на выклік Паўла першага, ён выехаў у Пецярбург, дзе і памёр 12 лютага 1798 году”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б кароль усё ж рашыўся на супраціўленьне? Калі б ён вырашыў яшчэ раз сабраць усе сілы, што супраціўляліся няволі? Калі б, згадзіўшыся на рэформы, прытрымліваўся свайго рашэньня да канца?”

Іпатава: “Магчыма, ён усё роўна страціў бы трон. Але – застаўся б у гісторыі інакшай постацьцю. І, магчыма, гараджане, атрымаўшы вольнасьці, а сяляне, атрымаўшы зямлю, паўсталі б супраць чужаземнай краіны, якая нясе ім прыгоннае права? А Беларусь, атрымаўшы права самавызначэньня, магла б паўстаць ужо тады, у канцы васемнаццатага стагодзьдзя, вольнай краінай, а не часткай тэрыторыі, якой распараджаюцца іншыя”.

“На развалінах Рэчы Паспалітай стаяў ягоны трон...Самога ж Станіслава Аўгуста Панятоўскага глыбока хвалявала толькі адно пытаньне: ці аплацяць, як узнагароду за ягоную пакорлівасьць, дзяржавы, што разабралі па кавалках ягоную краіну, ягоныя даўгі і ці забясьпечаць яму магчымасьць спакойна пражыць рэшту гадоў?”

Уладзіслаў Рэймант, Нобэлеўскі ляўрэат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG