Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбныя беларускаму грамадзтву суботнікі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 20 краcавіка). Удзельнікі: былы міністар працы, сацыёляг Аляксандар Сасноў і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Слухаць:



Навошта ў Беларусі праводзяцца суботнікі?

Валер Карбалевіч: “Беларусь – адзіная краіна постсавецкай прасторы, дзе так пасьлядоўна захоўваюцца і шануюцца савецкія традыцыі. Адна з такіх традыцыяў – суботнікі. У тыя савецкія часы яны называліся камуністычнымі.

Цяпер у Беларусі кожны год улады праводзяць суботнікі. Праўда яны ўжо не называюцца камуністычнымі, але мэханізм іх правядзеньня застаўся той жа. Але цяпер нават не маскіруецца, што суботнік праводзіцца уладамі, як правіла, прымаецца адмысловае рашэньне ураду. Ініцыятыва працоўных, як у савецкія часы, амаль не ўзгадваецца. Як вы лічыце, у чым сэнс гэтага мерапрыемства. Суботнікі выконваюць эканамічную, палітычную, ці якую іншую функцыю?”
А.Сасноў: “Суботнік ня мае іншага сэнсу, акрамя ідэалягічнага. Ён патрэбен, каб пацьвердзіць пераемнасьць цяперашняга рэжыму зь мінулым часам”.
Аляксандар Сасноў: “Ужо 12 гадоў улады сядзяць на двух крэслах – капіталістычным і камуністычным – імкнуцца іх спалучыць. Суботнік, як камуністычны атавізм у новых капіталістычных умовах, ня мае іншага сэнсу, акрамя ідэалягічнага. Ён патрэбен, каб пацьвердзіць пераемнасьць цяперашняга рэжыму зь мінулым часам”.

Карбалевіч: “Мусіць, акрамя ідэалёгіі, дзяржава атрымае дадатковыя дармавыя грошы ў бюджэт?”
А.Сасноў: “Можна было б проста адняць гэтыя грошы ў прадпрыемстваў і арганізацый і не прымушаць людзей працаваць”.
Сасноў: “Так, прадпрыемствы і арганізацыі прымушаюць пералічваць грошы незалежна ад таго, зароблены яны ці не. Людзі ставяцца да працы на суботніках абыякава, бо няма стымулу. Можна было б проста адняць гэтыя грошы ў прадпрыемстваў і арганізацый і не прымушаць людзей працаваць”.

Аляксандар Ярашук: “Я пагаджуся, што першачарговай функцыяй суботнікаў зьяўляецца ідэалягічная, прапагандысцкая, палітычная. Рэспубліканскі суботнік – гэта дэманстрацыя падтрымкі цяперашняй палітыкі ўладаў. Быццам бы дзеля такой дэманстрацыі людзі з энтузіязмам гатовыя ахвяраваць сваім выходным.

Хоць мае месца і эканамічны чыньнік. Але з савецкіх часоў суботнікі былі адметныя махровым фармалізмам. З таго часу ў гэтым сэнсе сытуацыя яшчэ пагоршылася. Напэўна, у 1919 годзе, калі адбыліся першыя суботнікі, гэта сапраўды быў парыў масаў. За шмат гадоў першапачатковая ідэя вымылася. І цяпер у Беларусі гэта ператварылася ў такую прымітыўную ідэалягічную авантуру, якая паўтараецца з году ў год”.

Ці адпавядае правядзеньне суботнікаў беларускаму, міжнароднаму заканадаўству?

Карбалевіч: “Наколькі адпавядае правядзеньне суботніка ў тым фармаце, у якім ён праводзіцца, беларускаму заканадаўству, не гаворачы пра міжнароднае працоўнае заканадаўства? Тут жа ні пра якую добраахвотнасьць гаворка не ідзе”.

Сасноў: “Існуючая практыка не адпавядае ніякаму заканадаўству ўвогуле. Вось, недзяржаўную фірму райвыканкам прымушае выканаць нейкі аб’ём працы, напрыклад, па ўборцы сьмецьця альбо пералічыць грошы. У выпадку адмовы гэтую структуру чакаюць складанасьці. Гэта сьвядомае парушэньне гаспадарчага заканадаўства.

Калі казаць пра працоўнае заканадаўства, то пакажыце мне той працоўны кантракт, дзе замацавана, што чалавек павінен працаваць не на сваім працоўным месцы. Такіх няма. Але людзей прымушаюць у парушэньні заканадаўства.

Нават фармальна суботнікі цяпер не зьяўляюцца добраахвотнымі. Ва ўсіх установах і прадпрыемствах працаўнікам кажуць: вы павінны выканаць загад”.
А.Ярашук: “Прымусовая праца асуджаецца міжнародным заканадаўствам, Міжнароднай арганізацыяй працы”.
Ярашук: “Прымусовая праца асуджаецца міжнародным заканадаўствам, Міжнароднай арганізацыяй працы. У свой час аднаго сябра нашага прафсаюзу звольнілі з працы за тое, што ён адмовіўся прыняць удзел у суботніку. І гэты выпадак зафіксаваны ў Міжнародным бюро працы. Аб’яўленьне суботніка пастановай ураду не адпавядае не Канстытуцыі, не законам Беларусі, не міжнароднаму заканадаўству. Суботнікі ў Беларусі, у тым выглядзе, у якім яны праводзяцца – гэта адна з формаў прымусовай працы.

Калі сапраўды ёсьць людзі, якія хочуць у дабраахвотным парадку прынесьці карысьць Радзіме, навесьці нейкі парадак (бываюць і такія выпадкі), то гэта выключная справа асобных людзей ці калектываў. Калі ж гэта адбываецца у масавым парадку, прымусова, то гэта яшчэ адно пацьверджаньне, што мы маем справу з таталітарнай палітычнай сыстэмай”.

Як ставіцца насельніцтва да суботнікаў?

Карбалевіч: “Супрацоўнік нашага радыё правёў на гэты конт апытаньне на менскіх вуліцах. І вось як ставяцца да суботніку мінакі:

Спадарыня: “Добра стаўлюся да суботніка. Вельмі прыемна глядзець на горад пасьля суботніку. Ён такі чысты”.

Спадарыня: “Лічу, што гэта карысная вельмі справа. Карысна пратрэсьціся нашым жыхарам на прыродзе”.

Спадар: “Я нават ня ведаю, што такое суботнік”.

Спадар: “У суботніку ўдзельнічаць ня буду. І стаўлюся да яго дрэнна. Таму што для ўборкі ёсьць спэцыяльныя службы, якім за гэта плацяць грошы. А астатнія людзі павінны займацца сваёй справай, а не ўбіраць вуліцы”.

Карбалевіч: “Чаму беларускае насельніцтва маўкліва пагаджаецца з тым прымусам, які чыніць улада пры арганізацыі суботніка? Чаму няма актыўнага і масавага супраціву. Былі асобныя выпадкі, якія зьвязаныя ў асноўным зь дзейнасьцю свабодных прафсаюзаў – гэта тыя выключэньні, якія пацьвярджаюць правіла. У чым тут справа, у страху ці звычцы?”

Сасноў: “Тут ёсьць усё. Найперш, запалоханыя людзі, якія баяцца пазбавіцца працы, калі яны ня пойдуць на суботнік. Па-другое – а навошта пратэставаць, калі людзі працуюць абы як, прадукцыйнасьць працы вельмі нізкая. Таму людзі імкнуцца выкарыстоўваюць суботнікі дзеля адпачынку, закончыць працу выпіўкай”.

Карбалевіч: “Атрымоўваецца, што праўду кажуць дзяржаўныя мэдыі: суботнікі – гэта сьвята”.

Сасноў: “Сьвята, але ня працы”.
А.Ярашук: “Усе робяць выгляд, што гэта сьвята працы, але ўсе разумеюць, што гэта ня так”.
Ярашук: “Тут сапраўды дзейнічае шэраг прычынаў: аб’ектыўных, суб’ектыўных, псыхалягічных. Значная частка людзей баіцца рабіць дэманстратыўны выклік, каб не пазбавіцца працы.

Па-другое, мы маем справу зь сілай традыцыі, звычкі. Ужо некалькі пакаленьняў нашых людзей удзельнічаюць ў суботніках. На кароткі час у пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя традыцыя пачала адыходзіць. Але хутка ўсё вярнулася назад.

Па-трэцяе, існуе такая гульня. Народ гуляе з уладай, а ўлада гуляе з народам. Усе робяць выгляд, што гэта сьвята працы, але ўсе разумеюць, што гэта ня так. Людзі прыйшлі, адстаялі вахту і нават прыемна бавяць час, выпіваюць па 100 грамаў. Прычым, начальства нават патурае.

Былі толькі адзінкавыя выпадкі, калі асобныя людзі ці арганізацыі, найперш, дзе дзейнічаюць нашы арганізацыі, не пагаджаліся ўдзельнічаць у суботніку. Большасьць насельніцтва пакуль ня можа заявіць, што суботнікі – гэта ненармальная зьява і яна не павінна існаваць у краіне”.

Сасноў: “У час суботніку дырэктыва № 1 не прымяняецца”.

Карбалевіч: “Такім чынам, суботнікі – гэта вельмі яскравая зьява, якая характарызуе сутнасьць беларускага палітычнага рэжыму, мабыць, больш, чым многія іншыя факты і падзеі. Суботнікі магчымыя толькі ў межах той сацыяльнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі, зь велізарным дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару эканомікі, адсутнасьцю ўплывовых незалежных прафсаюзаў, аўтарытарным кіраваньнем. І зьнікненьне суботнікаў зь беларускага жыцьця будзе адной з важных прыкметаў пачатку дэмакратычных зьменаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG