Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як супрацоўнікі КДБ Беларусі кантактавалі з былым намесьнікам кіраўніка спэцслужбы Малдовы, асуджаным за шпіянаж

Александру Бэлян (справа) падчас канваяваньня ў Румыніі
Александру Бэлян (справа) падчас канваяваньня ў Румыніі

На судзе ў Бухарэсьце таксама назвалі іх імёны. Паводле матэрыялаў справы, беларускія чэкісты сустракаліся з малдаванінам некалькі разоў. Сустрэчы адбываліся ў Будапэшце, абмяркоўвалі там, імаверна, зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне зьвесткі.

Дэталі аб хадзе судовага працэсу апублікавала Малдоўская служба Радыё Свабода. Паводле матэрыялаў справы, былы намесьнік дырэктара Службы інфармацыі і бясьпекі (СІБ — галоўная дзяржаўная спэцслужба Малдовы. — РС) Александру Бэлян ведаў асобы як мінімум сямі таемных супрацоўнікаў Румынскай службы інфармацыі (галоўная спэцслужба Румыніі. — РС).

Румынскія сілавікі арыштавалі Александру Бэляна ў верасьні 2025 году. У Малдове Бэляну завочна прысудзілі 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Пасьля прысуду Румынія перадала Бэляна ў Кішынёў для адбыцьця пакараньня, але за кратамі ён правёў усяго месяц. У красавіку 2026 году Александру Бэляна вызвалілі і перадалі ў Менск у рамках абмену з удзелам ЗША, пасьля якога на волю выйшаў Анджэй Пачобут. 24 чэрвеня 2026 году прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду пазбавіла Бэляна малдоўскага грамадзянства — у яго застаецца румынскае.

Адзін зь першых здымкаў Анджэя Пачобута (справа) пасьля вызваленьня.
Адзін зь першых здымкаў Анджэя Пачобута (справа) пасьля вызваленьня.

Цяпер былога высокага малдоўскага спэцслужбіста завочна судзяць ужо ў Румыніі. Падчас гэтых паседжаньняў сталі вядомыя падрабязнасьці яго сустрэчаў і кантактаў з супрацоўнікамі КДБ Беларусі.

Напрыклад, на судзе высьветлілася, што 5 красавіка 2025 году Бэлян набіраў у Google Maps адрас на поўначы Будапэшту: 27 Szövetség utca — вуліца Сёвэтшэг, 27. Ён не шукаў праз пошукавік «жыльлё ў Будапэшце», не параўноўваў прапановы і не цікавіўся цэнамі. Хутка зрабіў рэзэрвацыю на выдуманае імя, аднак падаў рэальныя дату нараджэньня і нумар свайго пашпарта. За рэзэрвацыю былы намесьнік дырэктара Службы інфармацыі і бясьпекі Рэспублікі Малдова заплаціў 150,75 эўра з карты з апошнімі лічбамі 3822, аформленай на фальшывае імя. Праз два дні, 7 красавіка 2025 году, Бэлян сеў у аўтобус, зарэгістраваны ў Малдове. У 18:11 ён заехаў у Румынію праз мытны пункт Альбіца, паказаўшы малдоўскі пашпарт. За ноч аўтобус перасек Румынію, і на наступны дзень, 8 красавіка, Александру Бэлян прыбыў у Будапэшт. Ён засяліўся ў апартамэнты № 3 комплексу NovaCity.

Сустрэча зь беларускімі агентамі

У той жа дзень на аўтамабілі Hyundai Tucson з чэскімі дыпляматычнымі нумарамі ў Вугоршчыну заехалі тры супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. У крымінальнай справе ў Румыніі, згодна зь якой Александру Бэляна абвінавачваюць у шпіянажы, згадваюцца іх імёны. Румынскія службы атрымалі іх ад сваіх калег з Вугоршчыны і Чэхіі. Ідзецца пра Ўладзімера Варажбітава (Uladzimir Varazhbitau), Уладзімера Ярмака (Uladzimir Yarmak) і Мікалая Дукшту (Mikalai Dukshta).

У верасьні 2025 году, адразу пасьля затрыманьня Бэляна ў Румыніі, чэскія ўлады паведамілі аб выкрыцьці беларускай шпіёнскай сеткі і высылцы аднаго супрацоўніка, імя якога не называлі. Паводле інфармацыі Свабоды, ім мог быць Мікалай Дукшта.

Александру Бэлян працаваў у малдоўскіх спэцслужбах каля 25 гадоў.
Александру Бэлян працаваў у малдоўскіх спэцслужбах каля 25 гадоў.

Згаданы ў матэрыялах справы Уладзімер Ярмак афіцыйна знаходзіўся на дыпляматычнай працы як мінімум з пачатку 2010-х. Ён таксама працаваў у амбасадзе Беларусі ў Чэхіі. На сайце Міністэрства замежных справаў Беларусі можна знайсьці паведамленьне аб тым, што дарадца амбасадара Ўладзімер Ярмак разам з кіраўніцтвам амбасады Беларусі ў Празе ў 2013 годзе прымаў удзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных Дню перамогі над нацысцкай Нямеччынай.

Зьвестак пра Ўладзімера Варажбітава на афіцыйных старонках МЗС знайсьці не ўдалося.

Сустрэча ў красавіку 2025 году для Бэляна была ня першым кантактам зь беларускімі спэцслужбамі. Беларускія шпіёны ўжо сустракаліся з былым намесьнікам СІБ у красавіку 2024 году і таксама ў Будапэшце, сьцьвярджаецца ў матэрыялах справы.

9 красавіка 2025 у 11:17 трое беларускіх шпіёнаў прыбылі ў комплекс, дзе спыніўся Бэлян. Унутр зайшоў толькі Варажбітаў, які не выходзіў амаль 11 гадзін. Паводле матэрыялаў справы, у той момант за падзеямі ўжо сачылі вугорскія спэцслужбы. З абвінаваўчага акту вядома, што ў першы дзень, калі Бэлян знаходзіўся ў апартамэнтах з Уладзімерам Варажбітавым, былы намесьнік СІБ атрымаў 512 апавяшчэньняў на тэлефон. Яны прыходзілі ў мэсэнджарах Telegram, Signal, WhatsApp, Facebook.

Бэлян наагул не карыстаўся мабільным тэлефонам цягам гэтых 11 гадзін. Ён уключыў яго толькі бліжэй да поўначы, калі адправіў паведамленьне ў Signal кантакту, захаванаму як Prod. Ён набраў у паведамленьні толькі адзін эматыкон 💥.

У Беларусі Александру Бэляна сустракалі з кветкамі. Фота гэтага моманту апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА
У Беларусі Александру Бэляна сустракалі з кветкамі. Фота гэтага моманту апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА

Назаўтра пасьля гэтай сустрэчы Бэлян пайшоў у кавярню, дзе падключыўся да Wi-Fi, каб пазваніць невядомай асобе. Румынскія пракуроры заўважылі, што за дні, праведзеныя ў Будапэшце, Александру Бэлян 36 разоў падключаў свой тэлефон да публічных сетак Wi-Fi, хоць ягоны смартфон меў доступ да сетак мабільных апэратараў.

Пасьля сустрэчаў зь беларускімі службістамі Бэлян наведаў некалькі пунктаў абмену валюты ў Будапэшце. У адным зь іх ён абмяняў 1500 эўра. Гэта, на думку румынскіх уладаў, «сьведчыць, што ён атрымаў узнагароджаньне ад супрацоўніка КДБ». 11 красавіка Бэлян абмяняў яшчэ 1400 эўра і сеў на самалёт да Брусэлю. У той жа час з Вугоршчыны праз Аўстрыю зьехалі і беларускія афіцэры.

Румынскія пракуроры абвінавачваюць Бэляна ў тым, што на дзьвюх сустрэчах зь беларускімі шпіёнамі, якія адбыліся ў красавіку 2024 і красавіку 2025 году, ён перадаў ім дзяржаўную таямніцу.

Як Бэлян перадаваў інфармацыю

Няма інфармацыі пра тое, ці ведаюць румынскія ўлады дакладна, пра што гаварыў Бэлян з афіцэрамі КДБ, пакуль яны знаходзіліся ў будапэшцкай кватэры. Аднак дакумэнты, знойдзеныя на электронных прыладах былога намесьніка СІБ, дазваляюць зрабіць высновы аб гэтым. Бэлян і агенты, зь якімі ён быў на сувязі, мелі паролі да агульных адрасоў электроннай пошты. Дакумэнты з гэтых скрыняў не адпраўляліся, а захоўваліся там у чарнавіках.

Гэта значыць, Бэлян захоўваў дакумэнт у чарнавіках паштовай скрыні, а яго крыніцы знаёміліся зь ім там. У ліпені 2025 году, пасьля сустрэчы ў Будапэшце, у тэчцы чарнавікоў аднаго з такіх адрасоў зьявіліся інфармацыйныя справаздачы па-расейску з пазнакамі Geo, Kiev 1, Kiev 3, Despre odes (Пра Адэсу), Odesblog.

Александру Бэлян прадстаўляў Малдову на міжнародным узроўні. На здымку ён на Канферэнцыі аб бясьпецы ў рэгіёне Чорнага мора
Александру Бэлян прадстаўляў Малдову на міжнародным узроўні. На здымку ён на Канферэнцыі аб бясьпецы ў рэгіёне Чорнага мора

Акаўнт, празь які яны мелі быць прачытаныя, быў адкрыты і выдалены з IP-адрасу ў Беларусі 8 верасьня 2025 году, празь некалькі гадзін пасьля таго, як інфармацыя пра затрыманьне Бэляна зьявілася ў мэдыя.

Вось што канкрэтна зьмяшчалі некаторыя дакумэнты, знойдзеныя ў чарнавіках:

• Файл Geo апісваў, як завязваўся кантакт з крыніцай, якая мела зьвесткі аб палітычных падзеях у рэгіёне Паўднёвага Каўказу;

• Kiev 1 апісваў крыніцу ва Ўкраіне, вайскоўца ўкраінскай арміі, які меў зьвесткі аб падзеях ваеннага характару;

• Kiev 3 апісваў яшчэ адну вайсковую крыніцу ва Ўкраіне;

• «УКР» апісваў завязаньне кантакту з крыніцай ва Ўкраіне, магчыма, дзейнай у СБУ (украінскай спэцслужбе. — РС) і ў арміі, ад якой нібыта была атрыманая інфармацыя для фабрыкацыі матэрыялу пра прэзыдэнтку Малдовы Маю Санду для міжнародных мэдыя.

Акрамя дакумэнтаў у чарнавіках, румынскія пракуроры выявілі іншыя сакрэтныя дакумэнты ў дзевяці тэлефонах, чатырох ноўтбуках і шматлікіх прыладах захоўваньня зьвестак, знойдзеных у дамах Бэляна. На іх фактычна і грунтуецца абвінавачаньне ў Румыніі.

Адзін з дакумэнтаў — гэта нататка Службы вонкавай інфармацыі Румыніі на адрас СІБ Малдовы ад 24 жніўня 2015 году з грыфам «Дзяржаўная таямніца», якая зьмяшчае зьвесткі аб дзейнасьці некаторых асобаў на тэрыторыі Румыніі. Імёны гэтых асобаў ня згадваюцца. Іншы дакумэнт — PDF-файл з назвай 34-I-043-G-15, які зьмяшчаў інфармацыю тыпу «Дзяржаўная таямніца».

Бэлян пасьля арышту ў Румыніі, 9 верасьня 2025 году
Бэлян пасьля арышту ў Румыніі, 9 верасьня 2025 году

Паводле зьвестак Румынскай службы інфармацыі, гэты дакумэнт «зьмяшчае імёны і прозьвішчы дзейных афіцэраў Румынскай службы інфармацыі і паказвае на наяўнасьць супрацоўніцтва з службамі іншых дзяржаваў.

Той факт, што Александру Бэлян, магчыма, ведаў асобы некалькіх сакрэтных румынскіх агентаў, вынікае і зь іншага дакумэнту, знойдзенага на яго прыладах. Назва файла паказальная: mutre (1) 2013 (твары (1) 2013) — файл Word, у загалоўку якога напісана «Супрацоўнікі SRI 2013». Пад гэтым загалоўкам зьмешчаныя сем фота тайных агентаў.

Імёны не пазначаныя. Аднак у судовых дакумэнтах, зь якімі азнаёмілася Свабода, адзначаецца, што «Бэлян ведае іх асобы, афіцыйны статус, сфэру кампэтэнцыі і ўдзел у сумеснай дзейнасьці зь СІБ Малдовы». Перадача гэтых зьвестак КДБ Беларусі кваліфікуецца «як уразьлівасьць для SRI».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG