Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі шпіён Рубцоў інфармаваў ГРУ пра дзейнасьць беларускай апазыцыі ў Варшаве, — Wyborcza


Павел Рубцоў. Архіўнае фота
Павел Рубцоў. Архіўнае фота

Агент ГРУ Павел Рубцоў (Пабла Гансалес), які быў удзельнікам абмену зьняволенымі паміж Захадам і Расеяй, шпіёніў за беларускімі дэмсіламі ў Варшаве: запісваў размовы, фатаграфаваў іх і памяшканьні, атрымаў пароль ад сеткі Wi-Fi у варшаўскім будынку, дзе знаходзіўся офіс апазыцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

У верасьні 2020 году Рубцоў перадаў падрабязную інфармацыю пра дзейнасьць беларускай дэмакратычнай апазыцыі пасьля стварэньня ў Варшаве Каардынацыйнай рады, піша Gazeta Wyborcza з спасылкай на свае крыніцы.

Шпіён, які выдаваў сябе за гішпанскага журналіста, меў зносіны зь беларускімі актывістамі, запісваў гэтыя размовы, фатаграфаваў іх і памяшканьні, атрымаў пароль ад сеткі Wi-Fi у варшаўскім будынку, дзе знаходзіўся іх офіс. Запісы, фатаздымкі і ўсю атрыманую інфармацыю Павел Рубцоў адправіў у цэнтральны офіс ГРУ.

Раней намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка паведаміў «Позірку», што Рубцоў прыходзіў да яго браць інтэрвію.

Рубцоў працаваў у Польшчы да лютага 2022 году і прадстаўляўся гішпанскім журналістам расейскага паходжаньня Пабла Гансалесам. Ён мае два пашпарты на два розныя прозьвішчы.

У СМІ паведамлялася, што Рубцоў-Гансалес быў затрыманы 28 лютага 2022 году па падазрэньні ў шпіянажы.

«Гансалес як мінімум двойчы прыходзіў у офіс НАУ, каб узяць у мяне інтэрвію для гішпанскіх выданьняў. У якасьці сьведкі па гэтай крымінальнай справе я даваў паказаньні», — сказаў палітык.

Дырэктар «Беларускага дому» ў Варшаве Алесь Зарэмбюк таксама паведаміў, што Рубцоў браў інтэрвію і ў яго.

Як паведамляў расейскі сайт «Агенцтва» ў лістападзе 2023 году, Пабла Гансалес, які пражываў у Краіне Баскаў (аўтаномная вобласьць Гішпаніі), быў затрыманы ў лютым 2022 году польскімі спэцслужбамі і абвінавачаны ў працы на Галоўнае выведнае ўпраўленьне (ГРУ) РФ. Гансалес (Рубцоў) да гэтага некалькі гадоў уваходзіў у асяродзьдзе дачкі забітага расейскага палітыка Барыса Нямцова Жанны і пісаў падрабязныя справаздачы пра яе саму, яе сяброў і калегаў. Гэтыя справаздачы сталі даступнымі польскім спэцслужбам.

Да абмену Гансалес (Рубцоў) знаходзіўся ў зьняволеньні на тэрыторыі Польшчы.

Летась пракуратура Польшчы завочна прад’явіла Паўлу Рубцову абвінавачаньне ў шпіянажы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG