Муджтаба Хамэнэі не зьяўляўся на публіцы з таго часу, як у пачатку сакавіка заняў пасаду свайго бацькі. У час ягонай адсутнасьці краінай фактычна кіруе група высокапастаўленых іранскіх службоўцаў.
Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які і раней быў дамінантным палітычным гульцом, цяпер стаў вызначальнай сілай у Іране, лічаць экспэрты. Рэфармісты і памяркоўныя сілы былі адсунутыя на палітычную пэрыфэрыю, што прывяло да больш жорсткай і ідэалягічна закрытай сыстэмы.
У так званай Ісламскай Рэспубліцы 3.0 зьявіліся новыя цэнтры ўплыву і ключавыя фігуры. Хоць многія зь іх салідарныя ў галоўных палітычных пытаньнях, паміж імі ўжо праяўляюцца расколіны, апавядае Радыё Фарда (Іранская служба Радыё Свабода).
Муджтаба Хамэнэі: новы найвышэйшы кіраўнік
Як найвышэйшы кіраўнік 56-гадовы Хамэнэі мае апошняе слова ўва ўсіх дзяржаўных пытаньнях. Але ягоны аўтарытэт быў падарваны ад самага пачатку.
Выбар Хамэнэі на пасаду найвышэйшага кіраўніка быў супярэчлівым. Гэты духоўны дзяяч ніколі не займаў дзяржаўных пасадаў, а некаторыя крытыкі казалі, што пераход да «спадчыннага кіраваньня» здраджвае антыманархічным караням Ісламскай рэвалюцыі 1979 году.
Падчас таго самага ізраільскага авіяўдару, у якім загінуў ягоны бацька, Хамэнэі атрымаў цяжкія раненьні. З часу свайго прызначэньня 8 сакавіка ён таксама не зьяўляўся на публіцы. Паводле кіраўніка пратаколу офісу найвышэйшага кіраўніка Мазахара Хусэйні, Хамэнэі атрымаў траўмы галавы, ніжняй часткі сьпіны і нагі, але цяпер «цалкам здаровы».
Амэрыканская выведка лічыць, што Хамэнэі адыгрывае прыкметную ролю ў распрацоўцы ваеннай стратэгіі і кіраваньні перамовамі з ЗША
Амэрыканская выведка лічыць, што Хамэнэі адыгрывае прыкметную ролю ў распрацаваньні ваеннай стратэгіі і кіраваньні мірнымі перамовамі з Злучанымі Штатамі. Але ў сыстэме, дзе найвышэйшы кіраўнік звычайна прысутнічае паўсюль — выступае з аўдыёзваротамі, відэапрамовамі і рэгулярна зьяўляецца на публіцы, каб дэманстраваць сваю ўладу, — ягоная адсутнасьць выглядае вельмі паказальнай.
«Пасьля сьмерці Алі Хамэнэі і завяршэньня ягонага 36-гадовага кіраваньня Іран увайшоў у пэрыяд пераходу», — сказаў Радыё Фарда іранскі палітычны аналітык з Вашынгтону Алі Афшары. «Гэта складаны этап, на якім вызначальным будзе пасьляваенны балянс сілаў».
Хусэйн Таэб: апаратчык за кулісамі
Жорсткі кансэрватыўны духоўны дзяяч Таэб 13 гадоў узначальваў выведку КВІР, пакуль у 2022 годзе яго не адправілі ў адстаўку ў рамках маштабнай перабудовы сыстэмы бясьпекі.
Таэб, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і Эўразьвязу за меркаваную ролю ў дзяржаўных рэпрэсіях, працаваў у офісе найвышэйшага кіраўніка перад тым, як у 2009 годзе быў прызначаны кіраўніком выведкі КВІР.
Даўні давераны чалавек малодшага Хамэнэі, Таэб лічыцца адной з ключавых фігураў за кулісамі. Экспэрты мяркуюць, што ён можа адыгрываць важную ролю ў выбудоўваньні адносінаў Хамэнэі з галоўнымі гульцамі ўнутры сыстэмы.
Ахмад Вахідзі: кіраўнік КВІР
КВІР, элітны аддзел ўзброеных сілаў Ірану, заўсёды адыгрываў важную ролю ў палітыцы. Але пасьля забойства Алі Хамэнэі Корпус стаў галоўнай палітычнай сілай у Ісламскай Рэспубліцы.
Гэта адбылося нягледзячы на тое, што Ізраіль і ЗША фактычна зьнішчылі значную частку кіраўніцтва КВІР, у тым ліку зьліквідавалі ягонага вайскавода Мухамада Пакпура.
Намесьнік Пакпура Ахмад Вахідзі, былы міністар унутраных справаў і абароны, узначаліў КВІР у пачатку сакавіка. Аднак экспэрты ня ўпэўненыя, ці стане яго ўплыву і аўтарытэту, каб аб’яднаць канкурэнтныя групоўкі ўнутры КВІР.
На думку экспэртаў, вайна і ўзмацненьне ролі сілавікоў у Іране пасьля сьмерці Алі Хамэнэі дазволілі КВІР заняць цэнтральнае месца ўва ўнутранай і вонкавай палітыцы краіны.
«Эпоха пасьля Алі Хамэнэі застаецца няпэўнай. Але адзін факт ужо відавочны: роля і ўплыў КВІР у кіраваньні Ісламскай Рэспублікай узрастаюць», — сказаў Радыё Фарда іранскі палітычны аглядальнік з Францыі Муджтаба Наджафі.
«Сёньня значная частка кіраваньня краінай знаходзіцца ў руках КВІР, — дадаў ён. — Мілітарызацыя эканомікі, палітыкі, культуры і грамадзтва таксама ўжо дасягнула сталай фазы».
Мухамад-Бакер Калібаф: пасярэднік
Калібаф — кансэрватыўны палітык і былы вайсковец, які дзесяцігодзьдзямі выбудоўваў сувязі з найвышэйшым кіраўніцтвам Ірану і КВІР.
Пасьля кар’еры, азмрочанай карупцыйнымі скандаламі і няўдалымі прэзыдэнцкімі кампаніямі, ён, магчыма, стаў самай уплывовай фігурай, што засталася ў Ісламскай Рэспубліцы.
Экспэрты апісваюць ролю Калібафа, які цяпер займае пасаду старшыні парлямэнту і адначасова стаў галоўным перамоўнікам ад Ірану з ЗША, як пасярэдніка паміж рознымі цэнтрамі ўлады ў Іране. Яго лічаць блізкім да новага найвышэйшага кіраўніка.
Да забойства ў сакавіку такую ролю адыгрываў Алі Лярыджані, уплывовы кіраўнік іранскай бясьпекі. Лярыджані аб’ядноўваў канкурэнтныя палітычныя групы і падтрымліваў трывалыя сувязі з КВІР, спэцслужбамі і духоўным істэблішмэнтам.
«Калібаф заўсёды быў пешкай, якую выкарыстоўвала кіраўніцтва», — сказаў Радыё Фарда палітычны аналітык зь Нямеччыны Хусэйн Разак.
«Сёньня, калі іншыя важныя пешкі зьліквідаваныя, ягоная роля ў сыстэме стала больш прыкметнай».
Мухамад-Бакер Зулькадр: кіраўнік бясьпекі
Былы камандзір КВІР Зулькадр зьмяніў Лярыджані на чале Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану — ключавога органу, які вызначае дзяржаўную палітыку.
Калі Лярыджані быў вядомы як хітры і прагматычны палітык, то Зулькадр — жорсткі прадстаўнік сілавога і вайсковага блёку.
Разак лічыць ягонае прызначэньне спробаю Хамэнэі падзяліць уладу паміж ляяльнымі кадрамі. На яго думку, гэты выбар таксама паказаў дамінаваньне КВІР у розных цэнтрах улады Ірану.
Масуд Пэзэшкіян: бясьсільны прэзыдэнт
Прэзыдэнт-рэфарміст ня ёсьць буйным палітычным гульцом, жорсткія кансэрватары ня бачаць у ім пагрозы.
Роля Пэзэшкіяна адміністрацыйная: ён кіруе штодзённай працай ураду. Але канчатковыя рашэньні ў галоўных пытаньнях, у тым ліку вайны і дыпляматыі, прымаюцца ў іншых цэнтрах.
Ён і міністар замежных спраў Абас Аракчы — адзіныя прадстаўнікі рэфармісцкага і памяркоўнага лягеру, якія захавалі прыкметную ролю ў новай сыстэме ўлады. Але, як і Пэзэшкіян, Аракчы не валодае рэальнай уладай прымаць рашэньні і выконвае загады зьверху.
Тым ня менш ужо зьявіліся рознагалосьсі паміж такімі фігурамі, як Пэзэшкіян і Аракчы, якія выступаюць за дыпляматыю, і генэраламі, што выступаюць супраць саступак Злучаным Штатам на перамовах аб спыненьні вайны.
Форум