Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свая Масква». Чаму Лукашэнка найперш адзначае 9 траўня ў Расеі

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2026 году
Аляксандар Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2026 году

Сьцісла

  • Вайна Расеі супраць Украіны ўсё больш уплывае на фармат сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Маскве.
  • Прысутнасьць Аляксандра Лукашэнкі на парадзе ў Маскве — традыцыя апошніх гадоў.
  • «Рабочы візыт» Лукашэнкі стаў проста дэманстрацыяй ягонай ляяльнасьці Маскве.

Сёлетні парад у Маскве прайшоў у скарочаным выглядзе праз пагрозу ўкраінскіх атак. Пасьля 2020 году Аляксандар Лукашэнка на 9 траўня штогод езьдзіць на ўрачыстасьці ў расейскую сталіцу. Бо цяпер дэманстрацыя ляяльнасьці Расеі ёсьць неабходнай умовай ягонага палітычнага выжываньня.

Вайна прыйшла ў Расею

Вайна Расеі супраць Украіны ўсё больш уплывае на фармат сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Маскве. Чым даўжэй яна ідзе, тым большыя жарсьці выклікае тэма вайсковага параду ў Маскве 9 траўня. Прэзыдэнты Расеі, Украіны, ЗША абвесьцілі перамір’е на пэрыяд сьвяткаваньня Дня Перамогі з рознымі датамі, аднак яно не выконваецца.

Галоўная перамена, якая адбылася апошнім годам у Расеі, — расейскія грамадзяне адчулі, што іх краіна знаходзіцца ў стане вайны. Дасюль абываталі ўспрымалі яе як «спэцыяльную ваенную апэрацыю», якая адбываецца дзесьці за межамі РФ. А цяпер шмат што памянялася. Людзі рэальна адчуваюць праблемы ў эканоміцы і разумеюць, што яны ёсьць вынікам вайны. Украінскія баявыя дроны наносяць удары па усёй эўрапейскай частцы Расеі, скідваючы выбухоўку. Адключаецца інтэрнэт, як тлумачаць улады, у мэтах бясьпекі.

І скарачэньне фармату сьвяткаваньня культавага для РФ сьвята ў Маскве і іншых расейскіх гарадах, непрыхаваны страх уладаў, каб раптам не прыляцелі ўкраінскія дроны, — даволі важная прыкмета таго, як разьвязаная Расеяй вайна ўплывае на жыцьцё гэтай краіны. Дайшло да таго, што Ўладзімір Пуцін зьвярнуўся да Дональда Трампа з просьбай дапамагчы бясьпечна правесьці парад. А Ўладзімір Зяленскі патроліў Расею, выдаўшы ўказ, якім «дазволіў» правядзеньне параду на Краснай плошчы.

Паколькі сёлета адзначаецца ня круглая дата з моманту заканчэньня вайны, шмат замежных гасьцей не чакалася. Зь лідэраў краін СНД гэтым разам наведалі Маскву прэзыдэнты Казахстану і Ўзбэкістану Касым-Жамарт Такаеў і Шаўкат Мірзіёеў. І, вядома, Аляксандар Лукашэнка. Прыехалі таксама прэзыдэнт Лаосу і найвышэйшы кіраўнік Малайзіі. А яшчэ кіраўнікі падкантрольных Расеі і прызнаных фактычна толькі ёю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца на парад не пайшоў, хоць і прыехаў напярэдадні ў Маскву.

Зьмена традыцыі

Варта зазначыць, што прысутнасьць Аляксандра Лукашэнкі на парадзе ў Маскве 9 траўня — традыцыя апошніх гадоў. Да падзеяў 2020 году гэты дзень ён звычайна сьвяткаваў дома, у Менску. Прычым нават юбілеі.

Лукашэнка тлумачыў сваю адсутнасьць на ўрачыстасьцях у Маскве 9 траўня тым, што ён павінен адзначаць гэтае сьвята дома, разам з сваім народам. На той час гэта для яго было пытаньнем прынцыпу. Выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе 29 красавіка 2015 году, ён казаў: «У сьвеце засталося дзьве краіны, якія сьвята шануюць Вялікую Перамогу як здабытак нашага народу. І калі Расея, успомніце, дзесьці яшчэ вагалася ў 90-я гады — вы ж гэта памятаеце, ніхто парады не праводзіў — мы заўсёды ішлі гэтым шляхам… Мы дамовіліся: у нас свой парад, у нас свае тыя ж мерапрыемствы, як і ў Маскве, у Расеі. Нават шырэй, па ўсёй краіне. Ня дзеля паказухі».

Калі перакласьці гэты сьпіч на зразумелую мову, то зь дзьвюх краін у сьвеце, «якія сьвята шануюць Вялікую Перамогу», сапраўдным і пасьлядоўным спадкаемцам яе зьяўляецца Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

А пасьля 2020 году ўсё памянялася. Прынцыпы зьмяніліся. Застаўся галоўны — захаваньне ўлады за ўсякую цану. Без падтрымкі Расеі гэта стала нерэальным. І таму Лукашэнка вымушаны кожны год 9 траўня прысутнічаць на парадзе ў Маскве. Гэта стала неабходным рытуалам. А ўрачыстасьці ў Менску даводзіцца пераносіць на вечар гэтага дня.

Лукашэнка ў Маскве

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна анансавалі загадзя. Акцэнтавалася ўвага, што гэта важная складовая частка паездкі ў Маскву. Адпаведна наведваньне Лукашэнкам расейскай сталіцы назвалі «рабочым візытам».

Увогуле ж у двухбаковых адносінах назапасілася не «паўтара пытаньні», як сказаў Лукашэнка, а значна больш.

Найперш — абедзьве краіны перажываюць эканамічныя цяжкасьці, і тут варта шукаць нейкае выйсьце.

Асобная тэма — перамоўны працэс Беларусі і ЗША. Рыхтуецца «вялікая ўгода», Менск неўзабаве чакае візыту спэцыяльнага прадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта Джона Коўла. Вядуцца размовы пра магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША. Масква, падобна, глядзіць на ўсё гэта з асьцярогай. Таму Лукашэнку важна было супакоіць Пуціна, каб ён не пярэчыў гэтаму працэсу. Наколькі гэта атрымалася, сказаць цяжка.

Аднак перамовы Лукашэнкі і Пуціна працягваліся нядоўга. Пачаліся яны а 21:15 вечарам 8 траўня. А ўжо а 22:15, паводле прэсавай службы прэзыдэнта Расеі, ён сустракаўся з кіраўніком Казахстану Такаевым. То бок адна гадзіна на вырашэньне ўсіх праблем. Публічныя заявы Лукашэнкі і Пуціна перад камэрамі былі рытуальнымі, рабіць зь іх нейкія высновы пра зьмястоўную частку перамоваў наўрад ці варта.

На парадзе Лукашэнка з сынам Колем сядзелі на трыбуне фактычна побач з Пуціным. На Лукашэнку была прышпіленая не георгіеўская стужка, а «яблыневая» бутаньерка.

З самога мерапрыемства хіба нечым новым было тое, што асобнай калёнай на парадзе прайшлі вайскоўцы з Паўночнай Карэі, якія ваявалі супраць Украіны.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2026 году
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на парадзе ў Маскве. 9 траўня 2026 году

Сьвяткаваньне ў Беларусі

Сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Беларусі гэтым разам прайшло адносна сьціпла. На ўрачыстым сходзе 6 траўня з прамовай выступіў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. У былыя часы гэтую ролю браў на сябе сам Лукашэнка.

Як і мінулымі гадамі, улады не дазволілі акцыю «Несьмяротны полк» у Менску, бо за ягонай арганізацыяй стаялі адкрыта прарасейскія структуры. Аднак у абласных гарадах Беларусі прарасейскім актывістам удалося далучыць шэсьце «Несьмяротны полк» да афіцыйнай акцыі «Беларусь памятае». У гэтай акцыі актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі пасольства Расеі, расейскай структуры «Россотруднечество», госьці з Масквы. Але беларускія дзяржаўныя мэдыя пра гэта ня згадвалі.

Удзел Лукашэнкі ў сьвяткаваньнях у Беларусі адбываецца паводле рэшткавага прынцыпу. Галоўныя ўрачыстасьці для яго цяпер, як ён кажа, «у сваёй Маскве».

З часоў Пятра Машэрава на 9 траўня была закладзена традыцыя шэсьця па галоўным праспэкце Менску да плошчы Перамогі. Доўгі час і Лукашэнка трымаўся гэтай традыцыі. Аднак апошнімі гадамі яна была парушана. Мала засталося вэтэранаў, якія маглі б ісьці, дый самому Лукашэнку ўжо цяжка рухацца. Таму асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца наўпрост на плошчы Перамогі.

Як і мінулымі гадамі, падчас ускладаньня вянка Лукашэнку спадарожнічалі ягоныя сыны. І толькі затым ішлі іншыя дзяржаўныя кіраўнікі. Усе павінны бачыць гэтую дыстанцыю і добра яе разумець.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG