Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Вэнс абвінаваціў Эўразьвяз ува ўмяшаньні ў вугорскія выбары

Дж. Д. Вэнс і Віктар Орбан, Будапэшт, 7 красавіка 2026 году
Дж. Д. Вэнс і Віктар Орбан, Будапэшт, 7 красавіка 2026 году

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс сёньня прыбыў у Вугоршчыну з двухдзённым візытам для сустрэчы зь дзейным прэм’ер-міністрам краіны Віктарам Орбанам. Вэнс абвінаваціў Эўразьвяз ува «ўмяшаньні ў выбары» ў Вугоршчыне.

Пра гэта паведамляе DW.

Паводле словаў віцэ-прэзыдэнта ЗША, сваім візытам ён хацеў бы «паслаць сыгнал усім, асабліва бюракратам у Брусэлі».

«Яны зрабілі ўсё магчымае, каб здушыць вугорскі народ, бо ім не падабаецца прэмʼер-міністар, які сапраўды абараняе інтарэсы вугорскага народу», — сказаў Вэнс пра Орбана.

На сумеснай з Орбанам прэсавай канфэрэнцыі Вэнс заявіў, спасылаючыся на «нядаўнія паведамленьні амэрыканскай выведкі», што Ўкраіна, «магчыма, умяшалася ў амэрыканскія выбары, дапамагаючы дэмакратам».

«Таксама стала вядома, што ўкраінская выведка разглядае Вугоршчыну як апэрацыйную зону. Якая палітычная матывацыя можа стаяць за атакамі Ўкраіны на кансэрватыўныя патрыятычныя палітычныя сілы як у ЗША, гэтак і ў Вугоршчыне?» — спытаў Вэнс.

Дж. Д. Вэнс падкрэсьліў, што яму «здаецца сьмешным, калі людзі абвінавачваюць прэзыдэнта ЗША ў прарасейскіх поглядах».

«Мой прэзыдэнт зрабіў больш, чым хто-небудзь іншы ў сьвеце, каб дапамагчы Эўропе з энэргіяй і звадкаваным прыродным газам, што аслабляе Расею. Мы хочам, каб нашы хаўрусьнікі і сябры мелі разумную энэргетычную палітыку, каб іх спажыўцы маглі плаціць менш грошай, але таксама, калі, барані Божа, узьнікне канфлікт, яны маглі разьлічваць на нас, а не на іншую краіну, у пытаньнях энэргіі, якая ім патрэбная», — сказаў віцэ-прэзыдэнт ЗША.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня раз заяўляў, што Ўкраіна не дапускала і не дапусьціць умяшаньня ў выбарчы працэс у ЗША. Украінскія ўлады падкрэсьліваюць важнасьць захаваньня дзьвюхпартыйнай падтрымкі з боку ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней выказваў «поўную падтрымку» прэмʼер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану перад парлямэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне, якія адбудуцца 12 красавіка.

Шэраг лідэраў краін ЭЗ і вугорская апазыцыя разглядаюць візыт Вэнса ў Будапэшт перад выбарамі як наўпроставую падтрымку Орбана на заключным этапе перадвыбарчай кампаніі.

Пэтэр Мадзяр, лідэр апазыцыйнай партыі «Тыса», галоўнага канкурэнта партыі FIDESZ Орбана, рэзка скрытыкаваў візыт віцэ-прэзыдэнта ЗША. «Ніводнай замежнай краіне не дазваляецца ўмешвацца ў вугорскія выбары! Гэта наша краіна. Вугорская гісторыя пішацца не ў Вашынгтоне, Маскве ці Брусэлі, а на вугорскіх вуліцах і плошчах», — заявіў Мадзяр.

Перад выбарамі сваю падтрымку Орбану выказалі кіраўнікі ўрадаў Чэхіі і Славаччыны Андрэй Бабіш і Робэрт Фіца. Падчас перадвыбарнай кампаніі Орбан заяўляў, што ўкраінцы пагражаюць яго сямʼі.

Вугоршчына заблякавала вылучэньне Ўкраіне раней узгодненага крэдыту Эўразьвязу ў 90 мільярдаў эўра, а таксама прыняцьцё 20-га пакету санкцыяў супраць Беларусі і Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG