У сьвяточным жывым эфіры мы паказалі, як адзначаюць Дзень Волі ў Вільні, Празе, Кіеве і за акіянам. Госьці эфіру — Павал Севярынец, Сяргей Навумчык, Крысьціна Шыянок, Уладзімер Мацкевіч, Франак Вячорка, Надзея Нортан ды іншыя.
Сягей Навумчык, намесьнік старшыні Рады БНР, пра тое, чаму важна, што людзі выйшлі на Дзень Волі:
— Мы бачым, якія падзеі ідуць у сьвеце. Ужо на поўным сур’ёзе гавораць пра верагоднасьць трэцяй сусьветнай вайны. Цалкам магчыма, што можа пачацца глябальны канфлікт — магчыма, з прымяненьнем ядзернай зброі. А што будзе зь Беларусьсю ў такой сытуацыі? Беларусь можа апынуцца ня проста пешкай на гэтай шахматнай дошцы, а ўвогуле зьнікнуць.
І тое, што ў Варшаве, Вільні, Празе, Нью-Ёрку, дзясятках іншых месцаў людзі выходзяць — гэта вельмі важна. Бо жыхары гэтых краінаў і палітыкі гэтых краінаў бачаць, што Беларусь жыве, і яе інтарэсы трэба ўлічваць.
Філёзаф і былы палітзьняволены Ўладзімер Мацкевіч:
— Трэба стаць моцнымі. Каб гэтую моц убачылі і простыя людзі ў Беларусі, і рэжым — што мы ня проста ўцекачы, што мы гатовыя да таго, каб вярнуцца ў краіну і пачаць пераўтварэньні. Мы павінны быць пільнымі і не рабіць тое, што чакае ад нас рэжым.
Франак Вячорка, старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, пракамэнтаваў сёньняшні візыт Лукашэнкі ў Паўночную Карэю:
— Ягоная мара збылася. Ён усё жыцьцё спрабуе будаваць Паўночную Карэю ў цэнтры Эўропы. Паўночная Карэя яго ігнаравала, недаацэньвала, носам крывіла, калі пра Лукашэнку ішла гаворка. А тут яго галоўны дыктатар сьвету запрашае ў госьці! Гэта паказвае прыроду лукашэнкаўскага рэжыму. Паўночная Карэя, зь якой ён бярэ прыклад, цяпер стала для яго рэальнасьцю.
Павал Севярынец, палітык і былы палітвязень, пра «Варту сьвятла» каля беларускага пасольства ў Вільні:
— Для тых чыноўнікаў, што працуюць у беларускай амбасадзе, павінны быць ясны сыгнал: беларускі народ нічога не забывае, не забывае тое зло, якое творыцца цяпер у Беларусі. Мы молімся і змагаемся за кожнага, хто зараз у лукашэнкаўскай турме. Рана ці позна давядзецца несьці адказнасьць за злачынствы. І рана ці позна мы будзем жыць у вольнай Беларусі. Усё гэта важна пачуць тым чыноўнікам, якія пакуль па нейкіх сваіх прычынах працуюць на гэты рэжым.
25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.
Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзіліся сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўлады ставіліся да гэтай даты ў розны час з рознай ступеньню варожасьці. Гэтая варожасьць асабліва ўзмацнілася ў апошнія гады, пасьля масавых пратэстаў 2020 году.
Форум