Івонка Сурвіла: не дазвольце нашым адвечным ворагам зьдзекавацца з вас
У звароце да беларускай нацыі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла прывітала людзей зь вялікім нацыянальным сьвятам 25 Сакавіка і адзначыла, што ў гэты дзень у 1918 годзе «наш народ, пасьля амаль паўтара стагодзьдзя няволі, абвясьціў сьвету, што ён „скідае з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якую гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край“».
«Хачу прыпомніць тут, што наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі ўжо на паўстагодзьдзя раней папярэджваў наш народ, што зажыве ён свабодна, толькі калі маскаля над ім ня будзе. Гэтыя словы нашая гісторыя пацьвярджае. Менавіта бальшавіцкая Расея патапіла ў крыві незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта з Масквы ішлі загады на зьнішчэньне ў Курапатах нацыянальнай творчай і навуковай эліты, на ліквідацыю працавітага сялянства».
Івонка Сурвіла заявіла, што памкненьні беларусаў да свабоды і незалежнасьці свайго краю нязьменна душылі камуністы.
«Нам даводзілася цярпець і ад фізычнага, і ад духоўнага Чарнобылю. А нядоўгі час нацыянальнага Адраджэньня быў спынены стаўленікам Масквы Лукашэнкам. На жаль, пасьля ледзь не стагодзьдзя акупацыі і хітрай прапаганды з боку тае самае Масквы сьвет забыўся пра беларусаў, пакуль наш народ не прыпомніў яму у 2020-м годзе пра нашае існаваньне! Толькі дзякуючы Вашаму гераізму і адвазе сотняў тысяч Беларусаў, якія выйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на вуліцы Беларусі, мы аджылі! Калі б зноў не ўмяшалася Масква, магчыма, мы ўжо жылі б у нашым вольным краі».
Сурвіла адзначыла, што беларусы, каб не маскоўская дапамога Лукашэнку, не змагаліся б сёньня за вызваленьне тысячаў палітычных вязьняў, якія яшчэ ўсё сядзяць за кратамі ў Беларусі.
«Дарагія мае суродзічы Беларусы, не дазвольце нашым адвечным ворагам зьдзекавацца з вас толькі таму, што гэта выгадна аднаму чалавеку! Не давайце нікому называць вас агрэсарамі супраць суседняй краіны. Мы стары эўрапейскі народ — нашае месца ў дэмакратычнай Эўропе — і толькі тады, калі мы станемся незалежнымі ад так званага „старэйшага брата“ — толькі тады мы зоймем тое пачэснае месца між цывілізаванымі народамі сьвету, на якое маем поўнае права! Хочацца верыць, што тады ні Масква, ні тэрор ня згасяць тае паходні, якую мы будзем несьці шчыльнымі радамі наперад.
Дарагія мае Сябры, прашу тых з Вас, хто яшчэ не далучыўся да змаганьня за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны, каб памяталі, што будучыня наша залежыць ад кожнага і кожнае з нас! Так, як нашыя продкі ў 1918 годзе, разам мы вызвалім наш мілы і чароўны край! Дык памажы нам Божа!
Жыве Беларусь!»
Алесь Бяляцкі: Мы даб’емся незалежнасьці
Праваабаронца, былы палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі павіншаваў беларусаў з Днём Волі:
«Я ўпэўнены, я перакананы, я вельмі спадзяюся, што ў рэшце рэшт усе мы агульнымі намаганьнямі даб’емся незалежнасьці, дэмакратычнасьці, свабоды для беларускага народу і для нашага краю. Жыве Беларусь!»
Зянон Пазьняк: толькі ў Беларусі наш дом, толькі там нашае шчасьце
Са зваротам з нагоды Дня Волі да беларусаў зьвярнуўся й кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк.
«Дарагія беларусы. Надыходзіць 25-ы Сакавік. Сьвята абазначае перамогу Беларускай нацыянальнай ідэі. Усе тыя паўстаньні ХІХ стагодзьдзя, уся тая барацьба, усе тыя ахвяры, якія былі аддадзеныя за волю і незалежнасьць Беларусі — яны ўвянчаліся посьпехам 25 сакавіка 1918 году. Усё, што зьвязана зь незалежнасьцю Беларусі, мы, беларусы, павінны сьвяткаваць ва ўсім сьвеце».
Пазьняк адзначыў, што Дзень Волі яднае беларусаў незалежна ад таго, да якіх партыяў яны належаць. Палітык падкрэсьліў, што расейскія бальшавікі пазбавілі тады, у 1918-м, магчымасьці разьвіцца беларускую незалежнасьць, яны напалі на краіну.
Асаблівым чынам Зянон Пазьняк зьвярнуўся да беларусаў, якія ваююць за волю Ўкраіны.
«Расейская чума павінна быць зьнішчана. Яна пагражае Беларусі, Украіне, пагражае ўсёй Эўропе. Змагайцеся, браты, змагайцеся, і перамога будзе за намі!»
На заканчэньне выступу Пазьняк падкрэсьліў, што нават многія гады, праведзеныя на чужыне, не перашкаджаюць марыць пра вяртаньне ў Беларусь.
«Толькі там, у Беларусі, сьвеціць наша сьвятая зорка, толькі там наш дом, там нашае шчасьце. І таму набліжайма гэтае шчасьце, змагаймася за яго. І памятайма, што толькі там наша будучыня. Жыве Беларусь! Жыве вечна!»
Сьвятлана Ціханоўская: Воля — гэта кожнае нашае дзеяньне, якое робіць краіну лепшай
Да беларускага народу з нагоды сьвята зьвярнулася лідэр беларускіх дэмакратычных сілаў, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская.
«Воля — гэта кожнае нашае дзеяньне, якое робіць краіну лепшай. Гэта праца беларускіх грамадзянскіх ініцыятываў і валянтэрскіх супольнасьцяў. Гэта праца ў мэдыя і падтрымка палітвязьняў. Гэта служба ў шэрагах ЗСУ і добраахвотніцкіх фармаваньнях ва Ўкраіне. Кожны і кожная з вас робіць сваю частку вялікай працы — зь Беларусьсю ў сэрцы.
Я ведаю, як стамляе доўгая дарога. Як хочацца, каб нарэшце стала спакойна. Каб можна было працаваць, плянаваць жыцьцё, кахаць, расьціць дзяцей бяз страху ў сваёй краіне. Каб ня трэба было азірацца на вуліцы, баяцца груку ў дзьверы, баяцца за блізкіх. Каб дом зноў быў месцам бясьпекі.
Але нават калі бывае цяжка, у нас ёсьць тое, што не забраць ніколі і нікому: нашая гісторыя, нашая памяць, нашая такая моцная беларуская годнасьць. І ёсьць мы адно ў аднаго.
Беларусь будзе вольнай. І мы абавязкова будзем сьвяткаваць гэты дзень дома».
Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі напярэдадні сьвята правёў новае ўзнагароджаньне Крыжам Свабоды, мэдалямі Францішка Скарыны, «Гонар і Годнасьць», «За плённую працу на карысьць Беларусі», «Няскораных» (Ларысы Геніюш).
Кабінэт пастанавіў:
1. Узнагародзіць Крыжам Свабоды:
Алеся Бяляцкага — беларускага грамадзкага дзеяча, праваабаронцу, вязьня сумленьня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру.
2. Узнагародзіць мэдалём Францішка Скарыны:
Аляксандра Мілінкевіча — беларускага навукоўца, грамадзкага і палітычнага дзеяча, канцлера «Вольнага Беларускага Ўнівэрсытэту».
3. Узнагародзіць мэдалём «Гонар і Годнасьць»:
Сяргея Багукальца — грамадзкага актывіста, вайскоўца, дзяржаўнага дзеяча.
4. Узнагародзіць медалём «Няскораных» (Ларысы Геніюш) за асабістую адвагу, стойкасьць:
Марыю Калесьнікаву.
5. Узнагародзіць мэдалём «За плённую працу на карысьць Беларусі»:
Ігара Кізіма — украінскага дыплямата, Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара першай клясы, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ўкраіны ў Беларусі.
Яўгена Магду — украінскага палітоляга, гісторыка, журналіста, дырэктара Інстытуту сусьветнай палітыкі.
Алега Турыя — украінскага царкоўнага гісторыка, дырэктара Інстытуту гісторыі Царквы Ўкраінскага каталіцкага ўнівэрсытэту, віцэ-рэктара ў стратэгічнай супрацы УКУ, загадчыка катэдры гісторыі Царквы.
Сьвятлану Курс — беларускую пісьменьніцу, журналістку.
Яўгена Орду — вайсковага капэляна ПЦУ, ігумена гарнізоннага храму сьвятога мучаніка Яна, мітрафорнага протаярэя.
Караліну Мацкевіч — беларускую і брытанскую біблістку, доктарку біблістыкі, дзяячку беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі.
Крысьціну Дробыш — беларускую тэатральную акторку, акторку дубляжу фільмаў і аўдыякніг.
Ігара Сігова — актора тэатру і кіно.
Валярыну Куставу — беларускую паэтку, літаратарку, вядоўцу.
Сяргея Чуба — беларускага актора, вядоўцу.
Мікола Статкевіч: Гісторыя вучыць. Важна крытычна ацэньваць яе ўрокі
З Днём Волі беларусаў павіншаваў экс-палітвязень, палітык Мікола Статкевіч.
«108 гадоў таму Статутнай граматай Рады БНР наша нацыя заявіла аб сваім жаданьні і праве на незалежнасьць, на сваю дзяржаву. Бяз гэтай заявы не было б ні БССР, ні, хутчэй за ўсё, Рэспублікі Беларусь. Не было б, гледзячы па мэтанакіраванай імпэрскай палітыцы русыфікацыі, і самой нашай нацыі. Рада БНР скарыстала свой гістарычны шанец, але, на жаль, не да канца. У той крывавы час выжываньне новай дзяржавы, нават яе дыпляматычнае прызнаньне моцнымі дзяржавамі залежалі ад наяўнасьці ў яе істотнай вайсковай сілы.
На жаль, бацькі-заснавальнікі БНР ня здолелі арганізаваць такую сілу. Не атрымалася перакінуць на Радзіму з румынскага фронту беларускі корпус, сфармаваны ў складзе Расейскай арміі зь беларусаў, якія ў ёй ваявалі. Гісторыя вучыць. Важна крытычна ацэньваць яе ўрокі і рабіць зь іх правільныя высновы. Каб Беларусь ня зьнікла, каб наша краіна жыла.
Я ўпэўнены — Беларусь будзе вольнай!
Са сьвятам, сябры!»
Форум