Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здарыўся цуд!» Дасьледнік — пра знаходку ў Нямеччыне невядомага асобніка «Псалтыра» Скарыны

Псалтыр Скарыны, Праскае выданьне 1517 году
Псалтыр Скарыны, Праскае выданьне 1517 году

«Здарыўся цуд! У Эўропе знайшоўся невядомы асобнік Псалтыра (1522?) Францішка Скарыны!» — напісаў у сваім акаунце ў Фэйсбуку беларускі дасьледнік, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Аляксандар Паршанкоў.

Паводле яго, пра сваю знаходку на старонках Slavistica Vilnensis паведаміла Вольга Шутава, адміністратарка сайту Skaryna.com.

Шутава знайшла ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў нямецкім Ваймары невядомы дагэтуль асобнік «Псалтыра», выдадзенага Францішкам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Кніга хавалася ў фондах пад памылковым апісаньнем.

Свабода папрасіла гісторыка-скарыназнаўцу Аляксандра Паршанкова расказаць, у чым унікальнасьць знаходкі Шутавай.

— Апошні раз у нашай гісторыі новая кніга, неапісаны асобнік Скарынавых выданьняў быў знойдзены ў 2003 годзе ў нямецкім Гёрліцы, калі знайшлі канвалют (пераплецены камплект) праскіх выданьняў Скарыны. А вось віленскія невядомыя, неапісаныя выданьні — такога даўно ўжо не здаралася, і таму гэта, безумоўна, вельмі значная знаходка. 250 гадоў мы, скарыназнаўцы, займаемся апісаньнем спадчыны Скарыны. І здавалася, што немагчыма знайсьці ў Эўропе, у Нямеччыне, дзе столькі славістаў, нешта новае, невядомае. Але знайшлося.

Аляксандар Паршанкоў
Аляксандар Паршанкоў

— Гэтае выданьне ў бібліятэцы Ваймару і раней атрыбутавалася як выданьне Скарыны, але праскае і іншага году. Гэта так?

— Так. У каталёгу бібліятэкі было напісана, што гэта псалтыр праскі 1517 году. То бок бібліятэкары кнігу калісьці даўным-даўно знайшлі, запісалі і не разумелі, што яна мае большае значэньне, чым запіс у каталёгу.

— А колькі ў сьвеце такіх віленскіх «Псалтыроў» Скарыны 1522 году?

— Большасьць — у расейскіх сховішчах, «Псалтыр» 1522 году ўваходзіць у так званую «Малую падарожную кніжку». Яго ў свой час набыў Белгазпрамбанк, у іх ён ёсьць — у гэтай «Малой падарожнай кніжцы». Ёсьць у Маскве, у Санкт-Пецярбургу, таксама ёсьць асобнікі ў Славеніі, у Вялікай Брытаніі, у Польшчы.

— А ў Беларусі — толькі ў калекцыі Белгазпрамбанку?

— Так, «Малая падарожная кніжка» Скарыны і ў ёй «Псалтыр». Дзякуючы Віктару Бабарыку гэтае выданьне ў Беларусі ёсьць.

— А які будзе лёс выданьня, якое знайшла Вольга Шутава ў Ваймары?

— Цяпер «Псалтыр» правільна аформяць, навукоўцы сьвету будуць пра гэта ведаць. У бібліятэцы Акадэміі навук Літвы будуць ведаць, дзе знаходзіцца яшчэ адна ўнікальная кніга, выдадзеная ў Вялікім Княстве Літоўскім. Зь цягам часу, магчыма, ваймарскі асобнік будзе аблічбаваны. Таксама цікавая тэма дасьледаваньня — якім шляхам асобнік кнігі трапіў у Ваймар, гэта пакуль не да канца вядома.

— А ці можа гэтая кніга трапіць у Беларусь?

— Хіба што на выставу. Нямецкая бібліятэка, дзе была знойдзеная кніга, — дзяржаўная, яна не прадасьць яе. Але ў Беларусь могуць трапіць іншыя фрагмэнты выданьняў Скарыны, якія ў кастрычніку летась знайшоў я. Вось гэта цалкам імаверна.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG