Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: Лукашэнка не павінен унікнуць адказнасьці за парушэньне правоў беларусаў і ўкраінцаў


Міністэрства замежных справаў Украіны. Архіўнае фота
Міністэрства замежных справаў Украіны. Архіўнае фота

У Міністэрстве замежных справаў Украіны спадзяюцца, што вызваленьне беларускіх палітвязьняў, якое адбылося 13 сьнежня, наблізіць пераход Беларусі да дэмакратыі і сапраўднай незалежнасьці.

«Верым, што вызваленьне палітвязьняў наблізіць і вызваленьне Беларусі як краіны — яна шмат гадоў знаходзіцца пад васальным кіраваньнем Масквы і ў няволі рэжыму Лукашэнкі, які, у тым ліку, выкарыстоўвае людзей як жывы тавар для абмену на палітычныя індульгенцыі», — адзначаецца ў камэнтары МЗС Украіны.

Украінскія дыпляматы мяркуюць, што вяртаньню Беларусі да дэмакратыі дапамогуць і вызваленыя грамадзяне — ад ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, грамадзкіх і палітычных дзеячоў да звычайных вальналюбных людзей.

«Аляксандру Лукашэнку і ўсім датычным да масавых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ня ўнікнуць адказнасьці за ўсе ўчыненыя злачынствы як супраць беларускіх грамадзян і Беларусі, так і супраць Украіны і ўкраінскага народу», — адзначылі ў замежнапалітычным ведамстве Ўкраіны.

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 чалавекі — палітычных зьняволеных. 114 вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну і 9 — у Літву.

У калёніях, турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі трымаюць больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG