Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі славяне». Як у расейскіх дзяржаўных тэндэрах дыскрымінуюць па расавай прыкмеце


Удзельнікі нацыяналістычнага маршу. Масква, лістапад 2019
Удзельнікі нацыяналістычнага маршу. Масква, лістапад 2019

Нягледзячы на ​​законы, якія забараняюць дыскрымінацыю пры прыёме на працу, расейскія дзяржаўныя структуры рэклямуюць вакансіі з патрабаваньнем, каб патэнцыйныя кандыдаты мелі «славянскую зьнешнасьць», паказала расьсьледаваньне Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

У траўні 2024 года маскоўскі суд забараніў некалькі аб’яў аб вакансіях у інтэрнэце, у якіх шукалі кандыдатаў «славянскай зьнешнасьці». Іх прызналі незаконнымі ў адпаведнасьці з расейскім працоўным заканадаўствам і палажэньнямі аб барацьбе з экстрэмізмам. Такія аб’явы суд назваў «незаконнымі і крымінальна каральнымі».

Судовая пастанова была ўхваленая пасьля аналягічнага рашэньня іншага маскоўскага суду ў тым жа годзе аб абʼявах з вакансіямі з надпісам «толькі для славян» — выключным патрабаваньні, якое часта зьмяшчаецца ў абʼявах аб нерухомасьці расейскіх арэндадаўцаў, якія шукаюць сабе арандатараў.

Але расейскія дзяржаўныя структуры працягваюць выкарыстоўваць падобную дыскрымінацыйныя фармулёўкі ў публічных тэндэрах, такую выснову зрабіла «Сыстэма», расейскамоўны падразьдзел Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, які выявіў у тым ліку, што такая фармулёўка выкарыстоўваецца і ўрадам буйнога расейскага прамысловага гораду.

«Мы бачым усё больш нападаў на людзей неславянскай зьнешнасьці, а на дзяржаўным узроўні замест барацьбы з ксэнафобіяй гучаць расісцкія выказваньні, — заявіла экспэрт аўтарытэтнага праваабарончага абʼяднаньня „Мэмарыял“ Стэфанія Кулаева.— Улады самі правакуюць гэтую нянавісьць заявамі чыноўнікаў і сілавікоў».

У горадзе Дзяржынску Ніжнегародзкай вобласьці Расеі сапраўды гарадзкія ўлады апублікавалі як мінімум чатыры тэндэры на паслугі па ўборцы, у якіх гаварылася, што патэнцыйныя падрадчыкі павінны быць «славянскай зьнешнасьці», адна з публікацый зьявілася ў мінулым месяцы, высьветліла «Сыстэма».


Тэндэр на клінінгавыя паслугі, апублікаваны Дзяржынскай гарадзкой адміністрацыяй, патрабуе ад кандыдатаў «славянскай зьнешнасьці».
Тэндэр на клінінгавыя паслугі, апублікаваны Дзяржынскай гарадзкой адміністрацыяй, патрабуе ад кандыдатаў «славянскай зьнешнасьці».

Маскоўская філія Фэдэральнага цэнтру гігіены ў лістападзе мінулага году абвясьціў тэндэр на клінінгавыя паслугі і таксама запатрабаваў ад кандыдатаў «славянскай зьнешнасьці».

Ні ў Дзяржынскай гарадзкой адміністрацыі, ні ў Маскоўскай філіі не адказалі на просьбу аб камэнтары да гэтай публікацыі.

«Рост расісцкага гвалту»

Расейскае заканадаўства наўпрост забараняе дыскрымінацыю па нацыянальнай або этнічнай прыкмеце, у тым ліку пры прыёме на працу. А ў канстытуцыі краіны ёсьць пункт, які гарантуе роўныя правы і свабоды грамадзян незалежна ад нацыянальнасьці і этнічнага паходжаньня.

Сам прэзыдэнт Уладзімір Пуцін рэгулярна рэклямуе разнастайны этнічны і рэлігійны склад краіны, хоць ён падтрымаў тое, што ён называе «дамінаваньнем расейскай культуры» сярод гэтых груп. Крытыкі абвінавачваюць яго ўрад у кааптацыі адкрыта ксэнафобскіх ультраправых груповак паводле прынцыпу палітычнай мэтазгоднасьці.

Паводле перапісу 2021 года, этнічныя расейцы складаюць у Расеі каля 72 працэнты насельніцтва, хоць сацыёлягі ставяць пад сумнеў яго дакладнасьць. Да карэнных неславянскіх этнічных груп адносяцца татары, калмыкі, бураты, чачэнцы і многія іншыя. Таксама ў Расеі пражывае каля 10 мільёнаў мігрантаў з Цэнтральнай Азіі.

У справаздачы, апублікаванай у мінулым месяцы, аўтарытэтны цэнтар барацьбы з экстрэмізмам Sova заявіў, што ў Расеі зь вясны 2023 года назіраецца «хуткі рост расісцкага гвалту».

Тым часам Human Rights Watch заявіла ў сваёй справаздачы на гэтым тыдні, што цэнтральнаазіяцкія працоўныя мігранты падвяргаюцца «ксэнафобскаму перасьледу, мове варожасьці і гвалту» пасьля сьмяротнага тэрарыстычнага нападу на канцэртную пляцоўку Crocus City Hall пад Масквой 22 сакавіка 2024 года.

Дыскрымінацыйная практыка прыёму на працу ня новая для расейскіх дзяржаўных структур. У 2018 годзе манаполія рытуальных паслуг ураду Масквы ў адказе патэнцыйнаму падрадчыку на ўстаноўку кандыцыянэраў заявіла, што заяўку павінны падаць «толькі этнічныя славяне».

У тым жа годзе арганізацыя пад эгідай Нацыянальнай гвардыі Расеі, вядомая як «Росгвардия», адкрыта заявіла ў тэндэры, што ўваход на яе аб’екты забаронены для замежнікаў і людзей «каўкаскай нацыянальнасьці» — агульнага тэрміна, які апісвае шматлікія этнічныя групы, якія насяляюць горны Каўкаскі рэгіён, які ахоплівае частку Расеі і яе паўднёвых суседзяў.

Сытуацыя ў Расеі мяняецца не заўсёды ў лепшы бок

Кулаева распавяла «Сыстэме», што сытуацыя з дыскрымінацыяй у Расеі мяняецца, але не заўсёды ў лепшы бок.

«Калі разглядаць сытуацыю ў цэлым, то забароны на працаўладкаваньне мігрантаў узмацняюцца, а дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце застаецца звычайнай практыкай працадаўцаў, — сказала Кулаева.— Гэтыя патрабаваньні супярэчаць заканадаўству, і тэарэтычна іх можна абскардзіць у судзе — калі ёсьць чалавек, якога не ўзялі на працу толькі з-за нацыянальнасьці».

Расізм у Расеі праяўляецца ня толькі ў кадравай палітыцы, але і ў побыце, сказала Кулаева.

Падпалкоўнік паліцыі Маскоўскай вобласьці — суб’екта фэдэрацыі, які атачае, але не ўключае ў сябе сталіцу — заявіў на брыфінгу з мясцовымі чыноўнікамі ў мінулым годзе, што галоўная задача міліцыі — «асьвятліць» рэгіён, «каб яго не ачарнілі, так бы мовіць, замежныя грамадзяне».

Ва ўмовах паўнавартаснай вайны Расеі супраць Украіны «і росту нацыяналізму нядзіўна, што нацыянальнае прафіляваньне стала нормай», сказала Кулаева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG