Інкамунікада — поўная ізаляцыя, калі чалавека наўмысна пазбаўляюць сувязяў з навакольным сьветам, сваякамі й блізкімі. Найперш гэта тычыцца беларускіх палітзняволеных, якім адмаўляюць у ліставаньні і спатканьнях. Паходзіць тэрмін ад ангельскага слова incommunicado, гішпанскага incomunicado — з лацінскімі фармантамі in- ‘не’ і communicare (‘мець сувязь’).
Дарэчы, «інкамунікада» ў 2024 годзе стала «Беларускім словам году» сярод чытачоў сацыяльных сетак.
«Незаконны» тэрмін»
Паводле міжнародных стандартаў ААН, чалавек знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада, калі парушаюцца наступныя ягоныя правы:
— права на ліставаньне і карыстаньне іншымі сродкамі сувязі;
— права бачыцца зь сям’ёй;
— права на доступ да адваката;
— права на інфармацыю;
— права на гуманнае абыходжаньне.
У беларускім заканадаўстве тэрміну «інкамунікада» няма. Артыкул 85 Крымінальна-выканаўчага кодэксу называецца «Перапіска асуджаных да пазбаўленьня волі, адпраўленьне і атрыманьне імі грашовых пераводаў». У ім замацавана права зьняволеных атрымліваць карэспандэнцыю:
«Асуджаным на пазбаўленьне волі дазваляецца атрымліваць і дасылаць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня іх колькасьці».
Беларускія праваабаронцы вылучаюць тры складнікі рэжыму інкамунікада:
— адсутнасьць у блізкіх цягам трох месяцаў і больш сувязі з палітвязьнем, у тым ліку лістоў, званкоў, спатканняў;
— адсутнасьць доступу адваката, перашкода яму з боку адміністрацыі папраўчай установы;
— ізаляцыя палітвязьня ад іншых зьняволеных у месцы адбываньня пакараньня (зьмяшчэньне ў ШЫЗА — штрафны ізалятар, ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу).
Рэкардсмэн Знак
Былы адвакат Максім Знак быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. Ніякіх вестак ад яго няма зь лютага 2023 году — тады ў «чорны сьпіс» трапілі Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Мікола Статкевіч. Ціханоўскага і Лосіка вызвалілі, вывезшы за мяжу. Калесьнікаву і Бабарыку прынамсі паказалі ў тэлевізіі: Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам 12 лістапада 2024 году, а ў студзені 2025 году зьявілася відэа зь Віктарам Бабарыкам.
Такім чынам, ад Максіма Знака няма зьвестак ужо 1000 дзён.
Юрыстка зь міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill, зь якой Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, сьцьвярджае, што ў рэжыме інкамунікада шмат хто знаходзіўся і знаходзіцца цяпер.
«Максім Знак наагул зь лютага 2023 году ў такім рэжыме — яго, дарэчы, ніхто ніколі не паказваў. Таго ж Віктара Бабарыку, пра якога амаль 2 гады не было нічога вядома, у студзені 2025 году паказалі (да яго прыходзіў і выставіў відэа Раман Пратасевіч). І з таго часу зноў пра Віктара Бабарыку нічога невядома. Ад яго няма ні лістоў, ні званкоў сваякам.
Што тычыцца Міколы Статкевіча, які быў „вызвалены“ (у двукосьсі) і дэпартаваны зь Беларусі, на жаль, як апавядае ягоная жонка ў фэйсбуку, больш за 2 месяцы няма ніякіх зьвестак, невядома, дзе ён знаходзіцца. Мы будзем зноў пра гэта паведамляць ў Працоўную групу ў справах гвалтоўных зьнікненьняў ААН», — кажа юрыстка.
Справы аб гвалтоўных зьнікненьнях
Працоўная група ў справах гвалтоўных зьнікненьняў ААН (Working Group on Enforced or Involuntary Disappearances) — адмысловы орган, да якога можна зьвяртацца, калі на тэрыторыі якой-небудзь дзяржавы зьнікае чалавек і калі ёсьць падазрэньне, што зьнікненьне можа быць гвалтоўным, тлумачыць юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.
«Гэтая Працоўная група, калі ёсьць адпаведныя абставіны, пачынае справу і спрабуе камунікаваць зь дзяржавай, каб даведацца, што адбываецца з той ці іншай асобай. Respect-Protect-Fulfill слала звароты наконт Марыі Калесьнікавай і Міколы Статкевіча ў Працоўную групу. Што да Статкевіча, яшчэ раз акцэнтую ўвагу: мы рыхтуем новую заяву пра яго новае зьнікненьне».
Паводле юрысткі, магчыма, імёны ня ўсіх зьняволеных, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, вядомыя праваабаронцам і грамадзкасьці. Родныя і сваякі не заўсёды пра гэта паведамляюць, бо баяцца яшчэ больш пагоршыць умовы вязьняў.
Доўгі час не было ніякіх зьвестак пра зьняволеных Аляксандра Арастовіча, Дзяніса Сальмановіча, Яўгена Афнагеля — «Вясна» ўключала такіх палітвязняў у сьпіс інкамунікада цягам адпаведнага часу.
Фармальныя адказы
Летам 2025 году стала вядома, што больш за год няма ніякіх зьвестак ад 68-гадовай Алены Гнаўк, якую асудзілі спачатку на 3,5 году калёніі, а пазьней паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу ёй дадалі яшчэ 1 год за «непадпарадкаваньне».
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill зьвярнулася ў Працоўную групу ААН ў справах гвалтоўных зьнікненьняў у сувязі з сытуацыяй Алены Гнаўк.
«І Працоўная група ААН распачала гэтую справу ў дачыненьні да Алены Гнаўк, група камунікуе зь дзяржавай і запытваецца пра яе знаходжаньне.
Дзяржава адказвае Працоўнай групе, але гэтыя адказы — збольшага агульныя тлумачэньні крымінальнага заканадаўства, агульныя фразы пра ўмовы, у якіх знаходзіцца пазбаўлены волі чалавек… Але, на жаль, у тых фармальных адказах нічога не паведамляецца пра канкрэтную асобу.
У такім выпадку мы спрабуем неяк „тузаць“, „дзяўбці“ дзяржаву праз Працоўную групу ААН, каб дзяржава ведала, што міжнародная супольнасьць дбае пра беларускіх палітзьняволеных у ізаляцыі», — кажа юрыстка Respect-Protect-Fulfill.
Форум