Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барацьба з дармаедамі: для Лукашэнкі ідэальнае грамадзтва, дзе ўсе без выключэньня працуюць, — Кавалкін


Паседжаньне «дармаедзкай» камісіі ў Касьцюковічах у РАУС. Фота: Касьцюковіцкі райвыканкам
Паседжаньне «дармаедзкай» камісіі ў Касьцюковічах у РАУС. Фота: Касьцюковіцкі райвыканкам

Сьцісла

  • Улады рэзка падвысілі плян збору штрафаў на 2026-ы год.
  • Яны разганяюць практыку, якая вельмі падобная да савецкай — палітычнага кантролю і прымусовага папаўненьні працоўнай сілы.
  • Галоўная палітычная прычына — ідэалягічны кантроль, каб грамадзтва не расслаблялася.
  • Чалавек, які не мае матывацыі працаваць — знойдзе магчымасьць не працаваць.

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін называе галоўную прычыну таго, чаму ўлады зноў актывізавалі барацьбу з «дармаедамі» і тлумачыць, чаму гэтая барацьба ня мае эканамічных посьпехаў і не прынясе істотных грошай у бюджэт.

— У Беларусі міліцыя працягвае змагацца з «дармаедзтвам» — непрацаўладкаваных выклікаюць на паседжаньні камісій і прыцягваюць да грамадзкай працы. Некаторыя з тых, хто адмовіўся зьявіцца на такія мерапрыемствы, патрапілі пад адміністратыўнае пакараньне. Якія галоўныя прычыны гэтай працяглай барацьбы ўладаў супраць людзей, якіх яны называюць «дармаедамі»?

— Гэта найперш справа палітычнага кантролю плюс спроба павялічыць паступленьне падаткаў. Як вядома, з-за таго, што шмат людзей зьяжджае зь Беларусі, збор падаткаў падае. Таму зараз улады рэзка падвысілі плян збору штрафаў на 2026-ы год.

То бок, фактычна яны разганяюць практыку, якая вельмі падобная да савецкай, — практыку палітычнага кантролю і прымусовага папаўненьні працоўнай сілы.

Тут таксама можа прысутнічаць і задача стымуляваць выезд непажаданых людзей.

— Ці існуе ў гэтых дзеяньнях уладаў эканамічны рэзон? Пры ідэальных умовах, калі ўсе іхнія пляны наконт «дармаедаў» ажыцьцявяцца, колькі яны ад гэтага змогуць атрымаць у бюджэт?

— Атрымаюць вельмі няшмат. Хтосьці здагадаецца ўладкавацца на афіцыйную працу, на мінімалку ці на чвэрць заробку, напрыклад. І плаціць, адпаведна, мінімальны падатак. Шмат на гэтым улады ў бюджэт не спагоняць. Хутчэй нават страцяць больш на міліцыю і чыноўнікаў, якія будуць гэта кантраляваць.

Але, паўтаруся, тут галоўнае — палітычная прычына, патрэба ідэалягічнага кантролю, каб грамадзтва не расслаблялася, не рэляксавала. Каго ў выніку ўлады «вылавяць»? Алькаголікаў, асацыяльных элемэнтаў. А што ты з імі будзеш рабіць на прадпрыемстве? Ён як не працаваў і піў, так і на прадпрыемстве ня будзе працаваць і будзе піць. Ад яго яшчэ больш праблем будзе, бо зломіць штосьці, скрадзе штосьці і гэтак далей.

Чалавек, які ня мае матывацыі працаваць, знойдзе магчымасьць не працаваць. Гэтая барацьба з асацыяльнымі тыпамі ўвогуле ня мае ніякага сэнсу.

— Як зараз выглядае сытуацыя з так званым «шэрым» бізнэсам, «шэрымі» заробкамі, якія абыходзяць падаткі? Ва ўмовах фактычна дыктатарскай краіны — якая доля «шэрага», не афіцыйнага бізнэсу захоўваецца ў беларускай эканоміцы?

— Яна, відавочна, не надта вялікая. Тыя, хто хочуць зарабляць «шэрыя» заробкі — ім прасьцей у Расею паехаць і там зарабляць штосьці. І дарэчы, бачна, шмат беларусаў зьяжджае ў Расею зарабляць на будоўлі, дзесьці яшчэ. Як ты іх адлоўліваць будзеш? Яны ж не ў Беларусі. Рэсурсы на гэта будуць страчаны больш, чым магчымы матэрыяльны вынік.

— Улады ўжо прызнаюць публічна, што ў беларускай эканоміцы ёсьць недахоп кадраў, вельмі вялікая нястача працоўнай сілы. Яны ня думаюць, што сваёй барацьбой з так званымі дармаедамі могуць дабіцца адваротнага эфэкту — людзі зьедуць у Расею ці на Захад?

— Чалавек, які ня хоча працаваць, працаваць ня будзе. Як я ўжо казаў, больш кемлівыя ўладкуюцца на чвэрць ад мінімалкі, а асацыяльныя асобы — калі яго і прывязуць на прадпрыемства, што ты зь ім рабіць будзеш?

— Працоўныя лягеры можна стварыць, дзе асацыяльных асобаў будуць прымушаць працаваць фактычна прымусова.

— Такія лягеры даўно ёсьць для алькаголікаў — ЛПП называюцца (лячэбна-працоўны прафілякторый). Які зь іх прыбытак? Ніякага. На ЛПП эканоміку не пабудуеш. То бок, гэта выключна ідэалягічная тэма, ня больш таго.

— Дык калі няма вялікіх эканамічных выгадаў ад барацьбы з «дармаедамі», навошта ўсё ж улады траціць на гэта сілы і рэсурсы?

— Лукашэнка вакол гэтай тэмы колькі гадоў ужо носіцца, бо яна яму ідэалягічна падабаецца. Але з гледзішча эканамічнага яна проста не працуе, таму што выдаткі на тое, каб прымусіць чалавека ў такім рэжыме працаваць, вышэйшыя за тыя грошы, якія можна сабраць у бюджэт.

Гэта спроба кантраляваць грамадзтва, а не спроба на рынак працы прыцягнуць новыя рукі, галовы, мазгі і гэтак далей.

Але гэта не спрацуе, таму што калі чалавек працаваць ня хоча, ты яго не прымусіш. У іншых краінах чалавек можа атрымліваць дапамогу па беспрацоўю, якой хапае на нармальнае жыцьцё, паесьці, апрануцца. А ў Беларусі зарэгістраваным беспрацоўным плацяць 40 рублёў, і яшчэ трэба кудысьці хадзіць вуліцу падмятаць.

Паўтаруся, галоўная прычына «барацьбы з дармаедамі» — ідэалягічная. Лукашэнка хоча рабіць так, як яму падабаецца, у яго ўяўленьні ідэальнае грамадзтва, якое ён будуе, — гэта такое, дзе ўсе без выключэньня працуюць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG