Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аплацілі рэтрыт, ніхто не сышоў. У BySol расказалі, як жыве фонд пасьля сыходу Андрэя Стрыжака


Качака з лягатыпам BySol на канфэрэнцыі "Новая Беларусь". Вільня, Літва, 4 жніўня 2024 году
Качака з лягатыпам BySol на канфэрэнцыі "Новая Беларусь". Вільня, Літва, 4 жніўня 2024 году

У Фондзе беларускай салідарнасьці BySol расказалі, як жыве фонд пасьля сыходу сузаснавальніка Андрэя Стрыжака: адной з пацярпелых жанчын аплацілі рэтрыт, зборы не праселі крытычна, ніхто з каманды ня звольніўся.

Зборы не праселі крытычна

Зборы фонду пасьля скандалу са Стрыжаком моцна не праселі, адзначыла апэрацыйная дырэктарка BySol Ганна Дапшэвічуце. Яна заяўляла пра сыход з фонду пасьля скандалу з Андрэем Стрыжаком, аднак потым засталася працаваць на сваёй пасадзе.

Ганна Дапшэвічутэ
Ганна Дапшэвічутэ

Колькасьць данатаў і прыватных донараў, якія данацяць праз плятформу сайта, за паўтара месяцы пасьля сыходу Стрыжака не зьмянілася крытычна. За апошні квартал з чэрвеня па верасень сума данатаў паменшылася прыкладна на 18% у параўнаньні з папярэднім кварталам. Ніякія праграмы і кірункі дапамогі за гэты час не закрылі, дадала Дапшэвічуце.

«Мы ня бачым крытычнай прасадкі. Хаця гэта не ідэальная дынаміка, зь якой мы плянавалі выйсьці на канец году але гэта не прасадкі, якія давалі б зразумець, што здарылася нешта, што нельга выправіць», — сказала Ганна Дапшэвічуце.

BySol выплаціў грошы амаль усім беларусам зь вялікай групы вызваленых у верасьні палітвязьняў, адзін чалавек адмовіўся праз сваю добрую фінансавую сытуацыю. Вызваленыя іншаземцы з гэтай групы па выплаты не зьвярталіся. Чальцы BySol далей шукаюць іхнія кантакты, каб прапанаваць ім дапамогу. Калі да канца году гэтага не атрымаецца зрабіць, то суму, якая засталася ад экстранага вялікага збору, падзеляць паміж усімі іншымі ўдзельнікамі збору, якія ўжо атрымалі выплаты, патлумачыла непублічная фінансавая дырэктарка фонда BySol.

За кастрычнік закрылі 16 збораў на суму амаль 35 тысяч эўра. Працягваюцца выплаты палітвязьням у памеры 1000 эўра. У кастрычніку такія выплаты атрымаў 21 чалавек. Служба эвакуацыі апрацавала 16 зваротаў і арганізавала пяць выездаў з краіны, адзначыла Дапшэвічуце.

Кіраўнік каманды збораў BySol Аляксандар Кухта анансаваў неўзабаве традыцыйны вялікі дзіцячы калядны збор для сем’яў палітвязьняў. Ён таксама адзначыў, што ў камандзе рыхтуюцца да патэнцыйнага вызваленьня новай вялікай групы палітвязьняў.

Страцілі месца ў Міжнародным гуманітарным фондзе

Пасьля скандалу з рассылкай Андрэем Стрыжаком непрыстойных фота жанчынам супрацоўніцтва з BySol спынілі ўсе іхнія партнэры, у тым ліку самы буйны — Міжнародны гуманітарны фонд (МГФ). Але пасьля сыходу Стрыжака ўсе партнэры заявілі, што гатовыя далей супрацоўнічаць з BySol, цяпер ідуць перамовы зь імі.

Фонд падаў заяўку ў МГФ у верасьні, рашэньня па ёй яшчэ няма. Раней BySol уваходзіў у склад кіраўніцтва МГФ, цяпер ён страціў гэтую ролю і падаваў заяўку як гасьцявая арганізацыя.

«Мы спадзяемся, што цягам некалькіх месяцаў у нас атрымаецца вярнуць вялікую частку фінансавай падтрымкі», — заўважыла прадстаўніца фонду.

Дапшэвіцуче таксама адзначыла, што чальцы каманды не пацярпелі ад скандалу са Стрыжаком у пляне заробкаў.

Аплацілі рэтрыт адной пацярпелай

Жанчынам, пацярпелым ад дзеяньняў былога сузаснавальніка фонду, BySol прапанаваў кампэнсаваць шкоду. Як расказалі ў фондзе, да іх зьвярнулася толькі адна пацярпелая жанчына. Яна папрасіла аплаціць ёй рэтрыт, BySol кампэнсаваў ёй затраты на гэта з уласных сродкаў фонду.

Андрэй Стрыжак, студзень 2025
Андрэй Стрыжак, студзень 2025

Як адзначыла Ганна Дапшэвічуце, усе пацярпелыя ананімныя, супрацоўнікі фонду кантактуюць зь імі не наўпрост, а праз іншых людзей, у тым ліку праз фэмактывістку Насту Базар. Прапанова BySol аб кампэнсацыі шкоды адкрытая і далей. Прадстаўнікі фонду кажуць, што арыентуюцца на запыт саміх пацярпелых. Кампэнсацыяй шкоды можа быць грашовая выплата, псыхалягічная падтрымка або нешта іншае.

Супрацоўнікі каманды BySol прайшлі курс навучаньня па антыхарасмэнце, адзначылі ў фондзе. Цягам месяца BySol плянуе правесьці шэраг мерапрыемстваў па антыхарасмэнце для ўсіх ахвотных.

Ніхто не сышоў з каманды

Віталіюс Моцкус
Віталіюс Моцкус

Пасьля таго, як Стрыжак не захацеў звальняцца з BySol пасьля рэкамэндацыі дырэктарату, з фонду вырашылі сысьці шэсьць чальцоў, у тым ліку трое прадстаўнікоў дырэктарату. Аднак аказалася, што ў выніку з фонду не сышоў ніхто, акрамя Андрэя Стрыжака, паведамілі ў BySol. На сваіх пасадах засталося ўсё кіраўніцтва. Зьмяніўся толькі заснавальнік — ім у верасьні стаў Віталіюс Моцкус. Новыя людзі да каманды не далучаліся, бо цяпер у арганізацыі няма вакансій.

Ганна Дапшэвіцуче адзначыла, што ў фондзе ідзе праца, скіраваная на тое, каб сузаснавальнікаў стала тры, а не адзін. Яна дадала, што цяпер у фондзе ня бачаць магчымасьці, каб Андрэй Стрыжак вярнуўся ў BySol.

Што здарылася раней

Сузаснавальніка фонду BySol Андрэя Стрыжака сёлета ў ліпені абвінавацілі ў харасмэнце з-за рассылкі ім непрыстойных фота жанчынам. У выніку ўнутранага разьбіральніцтва дырэктарат BySol парэкамэндаваў Стрыжаку сысьці з фонду. Аднак той не пагадзіўся і зладзіў у калектыве галасаваньне. У выніку яму прапанавалі застацца на некіроўнай пасадзе ў фондзе яшчэ на паўгоду. Аднак пасьля таго, як Стрыжак застаўся працаваць у BySol, Міжнародны гуманітарны фонд і іншыя партнэры адмовіліся ад супрацы зь ім. 29 верасьня Андрэй Стрыжак цалкам сышоў з фонда BySol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG