Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыйскія СМІ: грамадзяніна Індыі захапілі ў палон у Беларусі


Рохіт на відэа (справа) і ягоныя бацькі (зьлева)
Рохіт на відэа (справа) і ягоныя бацькі (зьлева)

Хлопец з індыйскага штату Хар’яна, які шукаў лепшае будучыні за мяжой, стаў ахвярай махлярскіх агентаў.

Рохіт з гораду Пэхова ў акрузе Курукшэтра адправіўся ў Італію, каб наведаць свайго брата, але быў узяты ў закладнікі пакістанцамі ў лясах Беларусі, піша індыйскае выданьне ETV Bharat.

Паліцыя паведаміла, што Рохіта трымалі ў закладніках ягоныя захопнікі, якія зьбілі яго і запатрабавалі выкуп у сям'і. Затым яны даслалі сям'і Рохіта відэа, на якім ён размаўляе на пэнджабі, апісваючы сваё становішча.

На відэа за ім бачныя людзі ў масках, якія пагражаюць хлопцу. Сям’я знаходзіцца ў страху і паніцы з моманту зьяўленьня відэа, паведаміла паліцыя.

Бацька Рохіта, Манодж Кумар, таксоўнік, сказаў: «Мы заключылі ўгоду зь мясцовым агентам, каб адправіць нашага сына ў Італію. Агент запэўніў нас, што адправіць яго непасрэдна ў Італію цягам месяца. Рохіт падаў свой пашпарт і дакумэнты 7 ліпеня, а 21 верасьня яго адправілі з Дэлі ў Дубай».

Сямейнікі Рохіта заплацілі агенту, частку — банкаўскім пераказам, астатняе — гатоўкай. Агент сказаў, што Рохіт дабярэцца да Італіі на працягу тыдня, але празь некалькі дзён прыйшла навіна, што ён затрымаўся ў Беларусі.

На відэа, дасланым яго сям'і, Рохіт выглядае напалоханым.

«Ён сьцьвярджае, што калі грошы ня будуць дасланыя, яго пакінуць блукаць па лесе», — сказаў Манодж.

Сям’я Рохіта сказала, што з-за страху яны спачатку пералічылі 400 амэрыканскіх даляраў, а потым яшчэ 900 даляраў. Гэтыя грошы былі дасланыя з Італіі ягоным старэйшым братам Аманам. Аднак захопнікі ўсё яшчэ патрабуюць 300 даляраў за вызваленьне Рохіта, сказаў ягоны бацька.

«Мы даўно ведалі агента, таму давяралі яму. Але цяпер ён не бярэ слухаўку і ня зьвязваецца з намі. Мы падалі скаргу ў адпаведны аддзел у Курукшэтры», — сказаў бацька закладніка.

Прэс-сакратар паліцыі штату Хар’яна Нарэш Кумар пацьвердзіў атрыманьне скаргі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG