Чым тлумачацца ваганьні балянсу вонкавага гандлю?
— Белстат рэгулярна публікуе зьвесткі аб вонкавым гандлі таварамі, Нацыянальны банк — зьвесткі аб гандлі паслугамі. На наступным графіку паказаныя зьвесткі аб сальда гандлю таварамі і паслугамі і сальда ўсяго замежнага гандлю. Сальда — гэта розьніца паміж экспартам і імпартам, яно можа быць і адмоўным, калі імпарт перавышае экспарт.
На графіку бачная зьмена тэндэнцыяў. 2006–2010 гады — рэзкі рост дэфіцыту вонкавага гандлю. А ўжо ў 2012 годзе — істотнае станоўчае сальда.
Бліжэй да нашых дзён — супрацьлеглая тэндэнцыя: 2020–2022 гады — рэзкі рост прафіцыту, перавышэньня экспарту над імпартам. Як растлумачыць гэтыя ваганьні?
— Сальда тавараў і сальда паслуг маюць розную лёгіку. З сальда паслуг прасьцей. Мы экспартуемдзьве галоўныя паслугі — гэта наш транзыт і IT. Транзыт да 2022 году плаўна рос, ІТ-сфэра актыўна разьвівалася аж да 2021–2022 гадоў. Калі глядзець з 2004 году, то бесьперапынна расло станоўчае сальда гандлю паслугамі. У 2022 годзе ўжо адбіліся санкцыі, уведзеныя за 2020 год, плюс дадаліся санкцыі за саўдзел у вайне супраць Украіны. І гэта абрынула наш транзыт. Гэта працягваецца, новыя санкцыі яшчэ далей зьніжаюць даходы за транзыт. Цяпер фізычны аб’ём транзыту празь Беларусь на 60% меншы, чым быў у 2021 годзе. У грашах усё не настолькі дрэнна, не на 60% менш, але значна менш.
На ІТ не было ніякіх санкцыяў, але ІТ пацярпеў праз агульную сытуацыю, праз таксычнасьць Беларусі як юрысдыкцыі. Таму наш IT-сэктар таксама вельмі моцна скурчыўся ў 2022 годзе. Ён з тых часоў пачаў падрастаць, але даданая вартасьць IT усё яшчэ на 10% меншая, чым была ў 2021 годзе.
З таварамі ўсё больш складана. Тут ужо шмат фактараў, якія ўплываюць на сытуацыю. Спачатку аб росьце дэфіцыту вонкавага гандлю таварамі ў 2005–2010 гадах. Тады ў нас любілі трымаць штучны абменны курс. Досьвед іншых краін, у тым ліку і постсавецкіх, нічому не вучыў. Абменны курс нацыянальнай валюты рэгулюе гандлёвыя дысбалянсы. Калі абменны курс зафіксаваць, дык гандлёвыя дысбалянсы нішто ня будзе кампэнсаваць і яны будуць расьці. У нас тады курс зафіксавалі.
Трэба было адпускаць курс, што зрабіла б імпарт для нашых грамадзян даражэйшым, а наш экспарт для іншаземцаў таньнейшым.
А курс трымалі, што і прывяло да яго рэзкага абвалу ў 2011 годзе. Памятаеце тагачасныя набегі на абменьнікі? Калі ціск у катле нарастае і ён завараны, ён рана ці позна ўзарвецца. Што і адбылося ў 2011 годзе.
Курс зьнізіўся — і ў 2012 годзе адмоўнае сальда гандлю таварамі рэзка зьменшылася: у параўнаньні з 2010 годам амаль у 30 разоў.
«Цуд» у замежным гандлі ў 2019–2022 гадах
— Леў, а чаму гэтае сальда гандлю таварамі зьніжалася, і істотна, у 2019–2022 гадах?
— Спачатку пару словаў пра пэрыяд 2013–2018 гадоў. Гэта быў нармальны пэрыяд, адмоўнае сальда ў гандлі таварамі ў значнай ступені кампэнсавалася станоўчым сальда ў гандлі паслугамі. Тады ў нас быў нармальны збалянсаваны курс валюты.
А потым прыйшоў 2019 год. Гэта год праблемаў з нафтай. Калі памятаеце, тады Расея рабіла «падатковы манэўр», былі вялікія спрэчкі, ці будзе ён кампэнсаваны Беларусі. 2020–2021 гады — гэта COVID. У COVID нашая эканоміка паводзіла сябе зусім па-іншаму, чым у іншых краінах. Мы і падчас пандэміі працягвалі вырабляць. Гэта значыць, працягваўся імпарт, у прыватнасьці, прамежкавых тавараў, неабходных для вытворчасьці. А экспартаваць не было куды, іншыя краіны закрываліся на карантын.
У нас пачала назапашвацца куча тавараў на складах. Вытворчасьць працавала, а збыту не было.
Але ў 2021 годзе Беларусі пашанцавала. Сьвет пачаў выходзіць з пандэміі, пачаўся постковідны спажывецкі бум. І санкцыі яшчэ не былі ўведзеныя ці дзейнічалі не на поўную сілу.
— У 2022 годзе быў рэкордны прафіцыт вонкавага гандлю — больш за 4 мільярды даляраў.
— Так, гэта якраз спалучэньне постковіднага глябальнага спажывецкага буму і яшчэ невысокага санкцыйнага ціску.
2023–2025: ваганьні ці новая тэндэнцыя на пагаршэньне?
— Але з 2023 году назіраецца іншая дынаміка: рост адмоўнага сальда і гандлю таварамі і ўсяго вонкавага гандлю. Гэта тэндэнцыя — стабільнае пагаршэньне?
— Што да тавараў, у 2023 годзе сытуацыя была нармальная. Але тады ўжо працягнулася тэндэнцыя памяншэньня станоўчага сальда ў гандлі паслугамі.
А потым стаў адбівацца эфэкт перагрэву эканомікі. Перагрэў — гэта рост рэальных заробкаў больш высокімі тэмпамі, чым рост прадукцыйнасьці працы, чым рост ВУП. Гэта значыць, людзі зарабляюць усё больш і больш, але яны столькі не вырабляюць. І куды ідуць дадатковыя заробкі? На куплю імпарту.
Вядомы факт, што ў Беларусі, калі людзі багацеюць, яны спачатку пачынаюць спажываць больш айчынных тавараў, але ў нейкі момант пераключаюцца на імпартныя.
І таму імпарт тавараў расьце ўсьлед за ростам заробкаў, які перавышае рост прадукцыйнасьці працы.
Пэўны час быў на высокім узроўні і экспарт, асабліва ў Расею, але туды ўжо няма як экспарт павялічваць.
І ў 2025 годзе мы назіраем, што імпарт усё яшчэ працягвае расьці, а экспарт ужо пачаў падаць, бо ў Расеі ўжо астуджэньне эканомікі.
Адпаведна стала павялічвацца адмоўнае сальда гандлю таварамі. Памесячная дынаміка росту дэфіцыту гандлю таварамі ў 2025 годзе не надае аптымізму.
— А вось гэтая дынаміка — з 2023 па цяперашні момант — ваганьні або тэндэнцыя? Ці можа беларуская эканоміка зноў апынуцца ў сытуацыі, падобнай да пэрыяду 2005–2011 гадоў?
— Не, гэта пакуль што ня тое ж самае. Гэта значыць, поўнага паўтарэньня таго пэрыяду дакладна ня будзе, бо тады сытуацыя пагаршалася фіксаваным курсам рубля. Калі курс рынкавы, то выбуху не адбываецца і падзеі разьвіваюцца павольна, паступова. Гэта з добрых навінаў. Гэта значыць, мы не ідзем да выбуху, да абвалу.
Але куды мы ідзем? Перагрэў эканомікі выліваецца ў ціск на абменны курс. Перагрэў, які ў нас зараз ёсьць у заробках, будзе паступова зьдзімацца, у тым ліку за кошт зьмены абменнага курсу, за кошт таго, што абменны курс будзе паступова апускацца.
«2011 год не паўторыцца, калі не памяняецца манэтарная палітыка»
— Многія памятаюць 2011 год, катастрафічнае падзеньне курсу цягам некалькіх месяцаў. Такая «жорсткая пасадка» зараз немагчымая?
— У тэорыі ўсё магчыма. Але самы імаверны прагноз, што гэтага не адбудзецца. «Жорсткая пасадка» 14 гадоў таму адбылася праз упартасьць і неадэкватнасьць людзей, якія займаліся манэтарнай палітыкай. Ну і людзей, якія загадвалі гэтым людзям займацца манэтарнай палітыкай.
Цяпер у нас усё значна лепш. Той базавы факт, што ў нас пакуль рынкавае фармаваньне курсу рубля, абараняе нас ад такіх рэзкіх скокаў.
— Але ад паступовага зьніжэньня курсу не абараняе?
— Так, ад гэтага не абараняе. Але гэта нармальны рыначны мэханізм. І таму 2011 год не паўторыцца. Але калі Аляксандр Лукашэнка стане выказваць незадаволенасьць абменным курсам, скажа, што яго трэба кантраляваць і нават фіксаваць, то мы вернемся на 20 гадоў назад.
— З графіку відаць, што дэфіцыт у гандлі таварамі кампэнсуецца прафіцытам у гандлі паслугамі. А як, чым кампэнсуецца агульны дэфіцыт замежнага гандлю? Калі краіна, нацыя набыла больш, чым прадала, як яна фінансуе розьніцу? Запазычаньнямі? Дэвальвацыяй?
— У нармальнай сытуацыі — ашчаджэньнямі і запазычаньнямі. У адзін год дэфіцыт замежнага гандлю, выдаткавалі ашчаджэньні, у іншы — прафіцыт, аднавілі ашчаджэньні.
— Ашчаджэньні — гэта рэзэрвы Нацыянальнага банку?
— Так, пераважна гэта рэзэрвы.
— Ну, а калі дэфіцыт усяго вонкавага гандлю доўгачасовы, і год, і два, і больш? І што тады рабіць? Вы кажаце, што зараз курс валюты рынкавы, гнуткі. Але, мабыць, не настолькі гнуткі, каб выраўняць сальда замежнага гандлю ў нуль.
— Калі яго не чапаць, то ён выраўняе сальда.
— А ці даюць яму плаваць, як ён хоча?
— Пакуль так. Тут ніякіх адмысловых захадаў прымаць ня трэба. Рынкавае ўтварэньне курсу — гэта мэханізм самарэгуляцыі балянсу вонкавага гандлю.
Форум